АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия

Зміцер Завадскі: У Курапатах


Зміцер Завадскі
Зміцер Завадскі

Але нічога не кажуць пра Курапаты, пра тое, што прымусіла іх у гэтае паскуднае надвор'е, ноччу, быць тут. А я скажу. За сябе.

Майго прадзеда забілі. "Антысавецкая агітацыя". Арыштавалі быццам на 5 гадоў, але ён не вярнуўся. Па заканчэнні тэрміну, прыйшла такая паперка: "памёр ад хваробы; адразу пасля вызвалення; дадому, нажаль, не даедзе". Такія часта дасылалі і сем'ям тых ахвяраў, каго расстралялі і адразу ж пасля арышту. Таму я ня ведаю, дзе ён пахаваны. Можа недзе ў Расеі, дзе павінен быў адбываць тэрмін, можа на роднай Магілёўшчыне, а можа дзе яшчэ... Ёсць два месцы, дзе памяць пра яго асабліва блізка кладзецца сваім святлом і боллю на маё сэрца. У роднай вёсцы і тут, у Курапатах. Пару месяцаў таму я купіў стары, амаль разбураны, домік, у той вёсцы. Можа калі-небудзь пастаўлю там хату і буду пісаць вам кнігі - пра сям'ю, пра вёску, пра Беларусь. Як Андрусь Горват. Які таксама стаіць тут, непадалёк ад бочкі. Са сваім сябрам.

А я нікога тут ня ведаю, хаця твары амаль усе знаёмыя, з навінаў. Ну толькі што з Zmitser Dashkevich, было, пазнаёміўся, на апошняй Плошчы. З таго часу, бывае, перасякаемся тэлефоннымі гутаркамі, па працы. Але зараз з ім не пагаворыш - яго няма каля вогнішча. Ён робіць Справу. Цяпер нешта абмяркоўвае з сябрамі, якія таксама амаль да нас не падыходзяць - патрулююць дарогі да бочкі, да сцягоў, да нас… А калі і падыдзе хто з іх, то і не гаворыць нічога. Пагрэе сабе рукі над вогнішчам, паслухае, паглядзіць і зноў ідзе ў снег, які так хутка студзіць нашы кубкі з гарбатамі і прыглушае вогнішча. Без якога я б тут і гадзіны не пратрымаўся. Але ўсё адно раніцай людзей зусім не застанецца - хто пешшу, хто на таксоўцы, хто з першымі аўтобусамі паедзе дадому. І я таксама буду чакаць на восьмую гадзіну, якую ўжо сам сабе адмераў, каб нарэшце выбрацца з гэтага холаду, каб легчы ў сваю цёплую пасцелю. Нягледзячы на тое, што а восьмай толькі пачнецца сапраўдая барацьба. На тое, што нехта з сапраўдных абаронцаў папросіць мяне застацца даўжэй. На тое, што толькі яны і будуць трымаць гэтую праклятую тэхніку, будаўнікоў і адбівацца ад супрацоўнікаў у цывільным. Тыя, хто, здаецца, могуць лёгка абыйсціся і без гэтага вогнішча, і без цёплай пасцелі.

Здаецца. Таму што раніцай да бочкі падыдзе адзін з іх. Ён будзе так моцна, скурчыўшыся, калаціцца ад холаду, што, хіба, зараз страціць прытомнаць. Я правяду яго ў цёплую прагрэтую машыну аднаго з удзельнікаў, але не вытрымаю і залезу грэцца і сам. За нейкіх паўгадзіны абаронца паспее сагрэцца і выспацца, і вернецца да Справы, а я паеду дадому. Бо я так не магу. Бо я так ня ўмею. Як прачнуся, ў першых навінах зноў убачу гэтага хлопца. Ён прычэпіць сябе да МАЗу і закрые сабой магілы дзядоў. Будзе бараніць маю сям'ю, маю краіну, мой народ.

Але гэта будзе потым. А пакуль што я стаю тут, грэюся каля бочкі і мне здаецца, што раблю тое самае. І што заўтра трэба абавязкова напісаць пра гэта ў "фэйсбуку" і "кантакце".


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту [email protected] для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».