АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Референдум Белгазпромбанк Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис

Александр Федута: Голос свободы из-за решетки 1

В Антологии "Голас волi з-за кратау" объединены тексты и судьбы людей, которые придерживаются различных политических взглядов, но одинаково любят свободу и верят в идеалы демократии (бел.).

Ідэя гэтай Анталогіі ўзнікла ў 2011 годзе, калі яе ўкладальнік сам знаходзіўся ў зняволенні пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Беларусі 19 снежня 2010 года. У адзіночнай камеры цяжка знайсці суразмоўцу, а суразмоўца быў вельмі патрэбны, каб не звар’яцець. І я пачаў пісаць вершы – як у юнацтве. Спачатку адрасаваў іх жонцы, пасля – сябрам.

Затым я пачаў пісаць успаміны пра горад свайго дзяцінства. І калі мне ўсё ж далі адносную свабоду – замянілі маленькую камеру-адзіночку вялізнай камерай, у якой жывуць амаль дзесяць мільёнаў беларусаў, – я зразумеў, што не для аднаго мяне актуалізавалася падчас няволі праблема суразмоўцы. Трэба было падзяліцца з кім-небудзь тым, што цябе хвалюе, пагаварыць. І найпрасцей было гэта зрабіць якраз на паперы.

Спачатку я хацеў сабраць толькі вершы. Я ўяўляў сабе нашую няздзейсненую рэвалюцыю як рэвалюцыю паэтаў. Нездарма кандыдатам, якога я падтрымліваў, быў сапраўды выдатны паэт Уладзімір Някляеў. Але высветлілася, што вершы ў турмах пісалі далёка не ўсе. Вабіла проза. Нехта пісаў успаміны, нехта – апавяданні.

І шмат хто працягваў пісаць, апынуўшыся, як і я, па той бок кратаў. Турэмны досвед стаўся запатрабаваным у чытачоў. Таму што многія з іх падзялялі нашыя погляды і перакананні – і, хоць і баяліся сабе ў гэтым прызнацца, разумелі: яны могуць падзяліць і наш лёс.

Таму першапачатковую ідэю амаль адразу давялося скарэкцiраваць. У кнігу мусілі ўваходзіць не толькі вершы, але і іншыя тэксты, у якіх аўтары рэпрэзентавалі сябе, сваю краіну, свой час. І тэксты не толькі тых, хто пацярпеў за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.

Палітзняволеныя з’явіліся ў найноўшай беларускай гісторыі ў 1996 годзе, калі паэт Славамір Адамовіч быў арыштаваны за верш «Убей президента», а палітыкі Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык – за ўдзел у масавай акцыі «Чарнобыльскі шлях».

У 1997 годзе прайшла першая «справа журналістаў»: здымачная група карэспандэнцкага пункта Грамадскага расійскага тэлебачання была арыштаваная за сваю прафесійную дзейнасць. Арышт Паўла Шарамета і Дзмітрыя Завадскага

выклікаў шырокі рэзананс: праблему вырашаў на міждзяржаўным узроўні прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын.

Тады ж была здзейснена расправа з аграрыямі, якія не дагадзілі кіраўніку беларускай дзяржавы. Былі асуджаныя заслужаны кіраўнік аграрнага прадпрыемства, ветэран Другой сусветнай вайны, праслаўлены яшчэ ў савецкую эпоху, Васіль Старавойтаў і міністр Васіль Лявонаў, які спрабаваў рэфармаваць сельскую гаспадарку ў Беларусі.

У тым жа 1997 годзе адбыліся суды над першымі непаўналетнімі апазіцыянерамі: гэты лёс выпаў Вадзіму Лабковічу. Ён, а таксама ягоны паплечнік па моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Аляксей Шыдлоўскі былі асуджаныя за антыпрэзідэнцкія графіці.

У 1998 годзе адбылася расправа над яркім і самабытным палітыкам Андрэем Клімавым. У мінулым паспяховы бізнесмен, Клімаў, абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, наважыўся падаць голас за імпічмент прэзідэнту і быў пакараны. Яго тройчы асуджалі да розных тэрмінаў зняволення і кожны раз пераконваліся, што зламаць яго немагчыма.

У 1999 годзе арыштавалі былога рэктара Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта прафесара Юрыя Бандажэўскага, які меў магчымасць казаць праўду пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Гэта быў акт высокай

грамадзянскай мужнасці: улады сцвярджалі, што небяспекі няма, што можна вырошчваць хлеб і жывёлу на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і пасля ўжываць атрыманую харчовую прадукцыю.

Прыкладна ў той жа час за ўдзел у апазіцыйнай акцыі, скіраванай на абранне прэзідэнта Беларусі паводле Канстытуцыі 1994 года, незаконна скасаванай у 1996 годзе, быў асуджаны былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Рэпрэсіі закранулі практычна ўсю ягоную сям’ю: у выніку былі асуджаныя і жонка Юлія, і сын Аляксандр.

У 2002 годзе асуджаны вядомыя журналісты і грамадскія дзеячы Віктар Івашкевіч, Мікалай Маркевіч і Павел Мажэйка – ім інкрымінавалі паклёп на кіраўніка дзяржавы, хоць доступу да патрэбнай інфармацыі, якая магла б праліць святло на ісціну, прадстаўнікі недзяржаўных медыя не атрымліваюць у Беларусі з 1996 года.

У 2004 годзе былі зняволеныя актывісты прадпрымальніцкага прафсаюза з Гродна Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў. Ім інкрымінавалі знявагу да асобы прэзідэнта Беларусі ў ананімных улётках, аўтарства якіх, па сутнасці, так і не было пацверджана належным чынам.

У той жа час, у 2004 годзе, асуджаны вядомы дыпламат і палітык Міхаіл Марыніч, які вылучыў сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта падчас выбараў 2001 года. Гэта было публічнае цкаванне знанага дзяржаўнага дзеяча, які паспеў пабываць і мэрам Мінска, і міністрам, а таксама абіраўся дэпутатам парламента. Суд над Міхаілам Марынічам засведчыў: ніякія мінулыя дасягненні не могуць перашкодзіць уладам зацкаваць чыноўніка, калі ён пяройдзе ў апазіцыю.

У 2006 годзе была арыштаваная па абвінавачванні ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі група моладзевых актывістаў, якая каардынавала незалежнае назіранне на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

У тым жа годзе быў зняволены экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Былога рэктара галоўнага ўніверсітэта Беларусі прафесара Казуліна асудзілі да пяцi з паловай гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю мірнай акцыі супраціву. У

знак пратэсту Казулін 53 дні трымаў галадоўку. У часе зняволення памерла ягоная жонка. Мужная жанчына, Ірына Казуліна з аднолькавай адвагай змагалася з ракам і з уладамі: хвароба забірала яе жыццё гэтаксама, як улада забрала ў яе

мужа свабоду. Аляксандра Казуліна вызвалілі на час пахавання жонкі, якое ператварылася ў сапраўдную маніфестацыю. Адразу пасля гэтага экс-кандыдата ў прэзідэнты вярнулі ў калонію.

У тым жа 2006 годзе распачалася справа валкавыскага прадпрымальніка, актывіста руху ветэранаў афганскай вайны Мікалая Аўтуховіча. Пад прэсінгам міжнароднай су польнасці ўладам давялося вызваліць баявога афіцэра-ардэнаносца, аднак пасля ён зноў быў арыштаваны і асуджаны.

2007 год зноў прайшоў пад знакам пераследу актывістаў Маладога фронту. Шмат каго з іх арыштавалі, асудзілі да штрафаў і адміністратыўнага пакарання. Вялікі рэзананс атрымала справа школьніка з г. Салігорска Івана Шылы: яму не далі скончыць навучанне ў сярэдняй школе, нягледзячы на добрыя адзнакі. Іван Шыла быў адлічаны, калі яму заставалася здаць усяго адзін іспыт. Пратэстуючы супраць такога беззаконня, звольнілася дырэктарка школы Вольга Сянькова, што стала адзіным на сённяшні дзень вядомым фактам, калі настаўнік падтрымаў вучня, якога пераследуюць за палітычныя погляды.

2008 год улады прысвяцілі барацьбе з прадпрымальнікамі. Рэзананснаю сталася «справа чатырнаццаці» – асудзілі чатырнаццаць актывістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі падтрымкі прадпрымальнікаў. Актывісты, якія вучыліся ў ВНУ, былі адлічаныя без права заканчэння навучання. У тым жа годзе зняволены актывіст прадпрымальніцкага руху з Віцебска, афіцэр міліцыі ў адстаўцы Сяргей Парсюкевіч, абвінавачаны ў расправе і спробе расправы з супрацоўнікам міліцыі.

Пасля выбараў 19 снежня 2010 года арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус (затрымліваліся таксама, але былі неўзабаве вызваленыя кандыдаты Рыгор Кастусёў і Яраслаў Раманчук), а таксама кіраўнікі і актывісты іх перадвыбарных штабоў. Большасць з іх была асуджаная да розных тэрмінаў зняволення, у некаторых выпадках – да ўмоўнага альбо адтэрмінаванага пакарання. Агулам за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 снежня затрымалі больш за 800 чалавек.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч і сёння знаходзіцца ў калоніі, нягледзячы на актыўныя патрабаванні міжнароднай супольнасці аб ягоным вызваленні.

За два дні да выбараў былі арыштаваныя актывісты Маладога фронту Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Ім быў інкрымінаваны ўдзел у бойцы. «Пацярпелыя», бясспрэчна, былі міліцыянтаўскімі правакатарамі і нават не наважыліся адкрыта сведчыць падчас суда.

Судовая машына выносіла прысуды цягам усяго 2011 года. Акрамя ўдзельнікаў акцыі 19 снежня былі асуджаныя некалькі груповак моладзевых актывістаў, якія належалі да розных анархісцкіх плыняў: яны мелі мужнасць выступіць супраць КДБ і прадэманстраваць гэта публічна. Асуджаны журналіст Андрэй Пачобут, актывіст польскага нацыянальнага руху ў Беларусі. Арыштаваны і трымаў доўгатэрміновую галадоўку актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага народнага фронту Сяргей Каваленка: ён выказаў свой пратэст тым, што вывесіў на гарадской навагодняй ялінцы ў Віцебску нацыянальны сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі да 1995 года.

Нарэшце, у 2011 годзе быў зняволены лідар праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратар і грамадскі дзеяч Алесь Бяляцкі. Яму інкрымінавалі ўхіленне ад выплаты падаткаў, хоць улады не хавалі таго, што пераследуюць Бяляцкага з той прычыны, што праз «Вясну» ажыццяўляецца найбольш істотная падтрымка ўсіх палітычных зняволеных.

Суд над Бяляцкім атрымаў сусветны рэзананс яшчэ і таму, што паказаў усёй міжнароднай супольнасці: аўтарытарны рэжым выкарыстоўвае кожную законную магчымасць для пераследу сваіх палітычных апанентаў. У выпадку з Бяляцкім следства грунтавалася на дакументах, якія былі перададзеныя беларускім уладам дзяржструктурамі Літвы і Польшчы.

Гэты спіс не з’яўляецца вычарпальным, як ад пачатку не задумвалася вычарпальнай і нашая Анталогія. Шэраг аўтараў з той ці іншай прычыны адмовілiся змясціць свае тэксты. Нехта папросту не паспеў іх перадаць. Пра некаторыя тэксты мы даведаліся тады, калі праца над кнігай была збольшага скончаная. Чыесьці кнігі выйшлі дастаткова вялікімі накладамі зусім нядаўна і даступныя шырокаму чытачу ў інтэрнэце.

У гэтай Анталогіі аб’яднаныя тэксты і лёсы людзей, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў, але аднолькава любяць свабоду і вераць у ідэалы дэмакратыі.

Гэта – галоўнае.

На жаль, няма падстаў сцвярджаць, што падобныя кнігі ў Беларусі не будуць з’яўляцца ў далейшым. Беларускі ПЭН-Цэнтр і Радыё «Свабода» нават заснавалі прэмію імя аднаго з першых беларускіх палітзняволеных савецкага часу пісьменніка і грамадскага дзеяча Францішка Аляхновіча, які пакінуў пасля сябе кнігу ўспамінаў «У капцюрох ГПУ» – турэмны тэкст таго часу. Але няма сумневу ў іншым: беларускія ўлады заўсёды будуць саромецца таго, што падобныя кнігі з’яўляюцца, а таму будуць пераследаваць зноў і зноў іх аўтараў і выдаўцоў.

У Анталогію ўвайшлі вершы, успаміны, дзённікі, апавяданні і публіцыстычныя артыкулы тых асоб, якія зведалі рэпрэсіі. Некаторыя аўтары пастановамі міжнародных праваабарончых арганізацый вызнаваліся палітычнымі зняволенымі, некаторыя маюць статус вязняў сумлення.

Кожны аўтар мог асабіста альбо праз давераных асоб (сваякоў і сяброў) перадаць для Анталогіі тэксты на мове напісання, на ўласны выбар. Аб’ём, прапанаваны кожнаму, быў абмежаваны пяццю аўтарскімі аркушамі. Выключэнне было зроблена для дзённікаў Паўла Шарамета, бо яны ўтрымліваюць падрабязную інфармацыю пра арышт здымачнай групы, аднаго з членаў якой – Дзмітрыя Завадскага – верагодна, ужо няма сярод жывых. Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года пры загадкавых абставінах і паводле рашэння суда быў абвешчаны мёртвым.

Усе аўтарскія правы на тэксты належаць аўтарам і іх спадчыннікам. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра трагічна загінулага неўзабаве пасля вызвалення Арцёма Грыбкова. Ягоная жонка Святлана чакала дзіця; нарадзіўся сын, Яраслаў, які ніколі не пабачыць свайго бацьку.


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту [email protected] для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».