Владимир Некляев: О едином и единстве 6

Президентские выборы 2015 года действительно ставят белорусскую демократическую оппозицию перед выбором.

Владимир Некляев
Владимир Некляев
Прэзідэнцкія выбары 2015 года сапраўды ставяць беларускую дэмакратычную апазіцыю перад выбарам: альбо яна ўдзельнічае ў гэтай палітычнай кампаніі на прапанаваных ёй умовах і ў чарговы раз публічна прызнае тым самым сваё бяссілле перад сістэмай татальнай фальсіфікацыі, створанай беларускім рэжымам, альбо спрабуе актыўна рэжыму супрацьстаяць. Спосабам такога супрацьстаяння падчас выбараў традыцыйна з'яўляецца беларуская Плошча, якая ў сённяшняй палітычнай сітуацыі стварае перадумовы не толькі для ўнутраных рэпрэсій, але і для вонкавага ўмяшання. 

Што рабіць у такіх умовах беларускай дэмакратычнай апазіцыі? Дзеля захавання «стабільнасці», змяншэння рызыкі страты незалежнасці краіны кансалідавацца, як прапаноўваюць адны, з уладай? Не прымаць у выбарчай кампаніі, як прапануюць іншыя, ніякага ўдзелу? Маўляў, лепш абыйсці гэты рызыкоўны, небяспечны адрэзак нашага гістарычнага шляху неяк бокам, перацярпець, перамаўчаць гэты час, а далей паглядзем... 
Баюся, што нічога добрага не ўбачым. 

На гістарычным шляху Беларусі не было не рызыкоўных, бяспечных адрэзкаў. Адзін з іх якраз і пачаўся з прыходу да ўлады Лукашэнкі, з усталявання цяперашняга рэжыму, з глумлення над нацыянальнай ідэяй, на падмурку якой пачынала будавацца незалежная Беларусь. Адмова ад духоўных прыярытэтаў, адвечных нацыянальных каштоўнасцяў, якія ва ўсе часы вызначалі сутнасць кожнага народа, прывяла грамадства да маральнаму распаду, крызіснана стану. І толькі спыніўшы гэты распад, змяніўшы стан грамадства, можна разлічваць на тое, што Беларусь захаваецца як незалежная дзяржава, а грамадзяне гэтай дзяржавы - як беларускі народ. 

Каб перамагчы, трэба змагацца. Не за саміх сябе, не за задавальненне асабістых амбіцый, а за ідэю. За абвешчаныя прынцыпы. За свабоду, дэмакратыю, правы чалавека, што пакуль для бальшыні нашага грамадства - пустыя слова. Задача апазіцыі - напоўніць гэтыя словы зместам.

Як? Толькі праз дзеянні. Таму важна - ХТО будзе адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі, але яшчэ важней - ШТО, прадстаўляючы апазіцыю, ён будзе рабіць? І паколькі абмеркаванне гэтага ключавога пытання відавочна зацягнулася, я прапанаваў на нядаўняй сустрэчы лідэраў апазіцыйных структур два сцэнары ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Альтэрнатыўныя, бо ў апазіцыйным асяродку відавочна выяўленыя два падыходы: удзел і байкот. Апошні не можа даць ніякага выніку ў ягоным «канапным» варыянце, як было на парламенцкіх выбарах 2012 года. Вынік магчымы толькі пры варыянце актыўным, а гэта значыць, што ўсё ж праз удзел - і вось сцэнар такога ўдзелу. 

Для большасці нашага грамадства пустыя, бязважкія не толькі словы свабода, дэмакратыя, але і слова мараль, напоўніць зместам якое можна толькі праз маральныя ўчынкі. Менавіта такім учынкам у тых абставінах, якія сёння склаліся, можа быць вылучэнне адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл таго палітыка, чыя адданасць названым прынцыпам несумнеўная. Грамадяніна, які дзеля свабоды Беларусі ахвяруе асабістай свабодай. Чалавека, не зламанага шматгадовым зняволеннем і вартага не толькі нашай павагі, але і нашых дзеянняў, якія павагу нашу даказваюць. Палітвязня Мікалая Статкевіча. 
Асноўнае пярэчанне супраць гэтага: ЦВК не зарэгіструе такога кандыдата. Хутчэй за ўсё - так. Але ЦВК не зможа перашкодзіць правядзенню палітычнай кампаніі за рэгістрацыю Статкевіча. 

За вызваленне палітвязняў і свабодныя выбары. 

Як гэтую кампанію праводзіць, хто за яе павінен адказваць? З досведу ведаю: калі ўсе, значыць - ніхто. Для эфектыўнага правядзення такой кампаніі апазіцыя павінна вызначыцца з яшчэ адным кандыдатам, "дублёрам" Статкевіча. Менавіта праз яго павінна быць даведзеная ўмова рэжыму: альбо вызваленне палітвязняў і свабодныя выбары, альбо актыўны байкот выбараў дэмакратычнай часткай грамадства. Такім "дублёрам" для ўдзелу ў выбарчай кампаніі можа быць любы апазіцыйны палітык, які прэтэндуе на ролю адзінага кандыдата. Аднак мандат ягоны ў якасці кандыдата мусіць быць абмежаваны. Пры рэгістрацыі Мікалая Статкевіча другі кандыдат павінен адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах, а пры адмове ў рэгістрацыі Мікалая Статкевіча - правесці агітацыйную кампанію з заклікам да актыўнага байкоту і таксама зняць сваю кандыдатуру да пачатку датэрміновага галасавання. Гэта трэба прапісаць, замацаваць у рашэнні Кангрэсу - і ўсе ўдзельнікі выбараў павінны прызнаць дырэктыўнасць, абавязковасць такога рашэння. 

Зразумела, прапанаваны сцэнар удзелу ў выбарах патрабуе поўнай кансалідацыі, ўзгодненасці дзеянняў усіх апазіцыйных структур. Гэта азначае, што беларускія дэмакратычныя сілы мусяць, забыўшыся на ўсе рознагалоссі, стварыць нарэшце рэальна дзейную сістэму маніторынгу парушэнняў заканадаўства, назірання за ходам галасавання і кантролю за падлікам галасоў. Калі ўлада хоча выйграць - хай выйграе сумленна, у прысутнасці назіральнікаў, якія маюць права патрабаваць адкрытага пераліку галасоў. Пры выкананні гэтых умоў дэмакратычная апазіцыя будзе абавязаная прызнаць перамогу любога кандыдата: як свайго, так і кандыдата ўлады. І гэта таксама павінна быць запісана ў рашэннях Кангрэсу. 

Свабодныя выбары, як нішто іншае, могуць паспрыяць умацаванню суверэнітэта краіны. Яны рэзка змяншаюць, практычна здымаюць магчымасць развіцця падзей па ўкраінскім сцэнары. Фальсіфікацыя ж вынікаў выбараў стане не толькі нагодай для іх непрызнання ў свеце, але і падштурхне саму ўладу ў рукі найнебяспечнага сёння праціўніка, які прыкідваецца верным сябрам. 

Уладзе даецца магчымасць узважыць: што чаго варта? .. 

Зрэшты, апазіцыі таксама.

На нядаўнім з’ездзе партыі БНФ старшыня руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што «адзіны кандыдат – не панацэя». У гэтым я з ім згодны. Важней за адзінага – адзінства. Дзеля адзінства дэмакратычных сіл я гатовы адмовіцца ад прэтэнзій на ролю адзінага кандыдата, пра што й заявіў на тым жа з’ездзе партыі БНФ. Мы проста абавязаны паступацца асабістымі амбіцыямі дзеля дасягнення агульнай мэты -  гэта не такая ўжо вялікая ахвяра. А вось мэта ў нас сапраўды вялікая: свабодная, незалежная, дэмакратычная Беларусь. 


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту belpartisan@gmail.com для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».