АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Итоги года Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия

Виталий Станишевский: "Гаўбец", или Знайте меру с языковыми выкрутасами (бел.) 6

Сегодняшним неофитам надо признать, что белорусский язык для них лингвистически неродной.

Виталий Станишевский
Виталий Станишевский
Праблема сапраўды ёсць. Праблема неафітаў, якія, па-першае, палічылі, што беларушчына цалкам памерла (навокал адна расійшчына, а прыроджаныя беларускамоўныя толькі ў эміграцыі), па-другое, вырашыла, што гэта падстава пераствараць усё з нуля. Неафіты, якія першапачаткова ведалі добра расійшчыну, як свае пяць пальцаў, у выбары беларушчыны, карысталіся простым прынцыпам “абы не па-руску”. 

Лягчэй арыентавацца на знаёмую расійшчыну, ідучы ў адваротным ад яе кірунку. Калі ёсць на выбар два варыянты – падобнае да расійскай ці непадобнае – выбар будзе на карысць непадобнага. У нашай сітуацыі неафіты, паводле аналогіі, як рэпатрыянты, якія вярнуліся з чужыны, каб убачыць і пачуць чагось адрознага ад той іншай асіміляцыйнай культуры.

І раптам аказваецца, што навокал не сустрэць тых, хто б з імі паразмаўляў, а газетам і радыё веры няма – бо гэта не жывыя людзі. І вось, гуляючы на адной пляцоўцы, рэпатрыянты бачаць іншых рэпатрыянтаў, якія спрабуюць размаўляць на мясцовай мове і думаюць: вось жа, гэта і ёсць супольнасць носьбітаў. Не глядзяць, што яны такія ж нованавучаныя. Новапрыбылыя размаўляюць з новапрыбылымі і думаюць: дык гэта ж жывое развіццё мовы. Калі ўлічыць тое, што ў большасці гэта не майстры лінгвістыкі, то усё адбываецца павярхоўна. Га? Нехта сказаў “прышпільны”? Нехта сказаў “цішотка”? Дык няйнакш жывое народнае слова! Гэтак утвараюцца піджыны, валапюкі і жаргоны.

Неафіты. Гэта не проста хлопчыкі-дзяўчынкі бунтарскага складу. Неафіцкі кірунак мове быў зададзены у майстроўска-талакоўскія часы гэткімі ж нованавучанымі, былымі расійскамоўнымі. Слоўнікі Свабоды і да т. п. Чулі звон, не ведалі дзе ён.

Прачыталі пра рэформу 1933, пра русіфікацыйныя захады, прачыталі крытыку эмігрантаў. Зрабілі высновы, простыя як граблі: усё цяпер існае – сталінская, савецкая норма, ачышчайма! Нованавучаныя, без пяці хвілін беларускамоўныя сталі разважаць пра правільнасць беларускай мовы.

У чым грунтоўная хіба – у тым, што гэтак тагачасная мова стала разглядацца як абстрактны масіў тэкстаў і словаў, якім калісь маніпулявалі бальшавікі, і якую, маўляў, цяпер мы адбяром у іх, каб маніпуляваць ёю ў добры бок. Пры гэтым жывыя людзі, якія размаўлялі на гэтай “савецкай” норме, вучыліся ў беларускамоўных школах, пісалі ў беларускамоўныя раёнкі і чыталі іх – мякка кажучы, недаацэньваліся, калі не ігнараваліся. А якраз для гэтых людзей гэта і было роднай мовай не проста ў сэнсе этнічнай мовы, а ў канкрэтным лінгвістычным сэнсе – першая мова, тая, на якой лягчэй гаварыць.

Парадаксальны і самазнішчальны падыход. З аднаго боку жаліцца на тое, што мова знікае, з другога – ва ўпор не бачыць жывых носьбітаў, ігнараваць іх дзеля канструявання сваіх лінгвістычных ідэалаў, адштурхоўваць іх. Ніхто не адмаўляе факта русіфікацыі і патрэбу вяртаць гарманічнае і самастойнае развіццё беларускай мове. Толькі вось выйшла ўсё гэта нашмат далей. Выкідаюцца і дыскрымінуюцца словы, якія настолькі ж расійскія, колькі і беларускія, прыдумляюцца без патрэбы ўласныя наватворы, выкопваюцца ў немаведама-якім-чарговым-слоўніку чарговыя экзатычныя словы, так што не магчыма зразумець, не перапытаўшы або не пагартаўшы слоўнік ці ўсю іх калекцыю; запазычваюцца ўкраінізмы і нават багемізмы (чэшскія запазычанні).

Да гэтага трэба дадаць, што кожны, хто знайшоў чарговую “ісціну”, абавязкова цябе паправіць і скажа, што ў цябе памылка. У выніку карыстанне беларускай мовай ператвараецца ў суцэльны стрэс і сама мова губляе прыдатнасць у якасці сродку зносін, бо робіцца спрэс спрэчным сродкам зносін. Праз гэтае змаганне з расійскімі ведзьмамі атрымліваецца, што з вадой выліваюць дзіця.

Устоянасць, унармаванасць мовы – важны яе здабытак, які спрыяе паразуменню, утварае базіс для камунікацыі. Цяпер яна разбураецца. Пры перакладах на замежную мову, каб вызначыць, як правільней сказаць, што лепей выбраць з вялікага набору слоў у слоўніку, звяртаюцца да практыкі супольнасці носьбітаў: як яны кажуць. А ў нас сённяшнія нованавучаныя абыходзяцца без іх – кампіляваннем слоўнікаў на свой густ або перапытваннем адзін у аднаго. Тыя сталыя людзі, у асноўным інтэлігенцыя, якія з’яўляецца носьбітамі, іх не цікавіць – яны “савецкія”. Тыя слоўнікі, якія ў асноўным адлюстроўваюць маўленне гэтых носьбітаў, таксама “савецкія”.

Спытаеце: у чым праблема? Калі нованавучаным беларускамоўным гэта падабаецца і пры гэтым яны размаўляюць па-беларуску, можа, і добра тое, мова адраджаецца? Праблема ёсць. Праблема ў тым, што колькасць гэтых “савецкіх” беларускамоўных носьбітах ў гэты час памяншаецца, бо яны старэюць і паміраюць. Іх грамада і неафіцкая грамада не стала адной грамадой. Эмігранты са сваёй, для кагосьці ідэальнай мовай, таксама не прылятаюць назад у Беларусь і не шыраць сваю, для кагосьці ідэальную мову. Праблема таксама ў тым, што ёсць простыя расійскамоўныя, якія могуць спазнаваць мову ў школах, па радыё і ТВ, і для іх вывучанае – проста норма. Калі замест гэтай, вядомай і ўнармаванай мовы, яны сутыкаюцца з чыімсьці чарговым выкрунтасам і разумнічаннем, калі немагчыма паразмаўляць на звычайную тэму, каб не захраснуць у абмеркаванні словаў – паверце, ахвота размаўляць знікне хутка. Агулам – праблема ў недалучэнні шырэйшага кола.

Як аўтар артыкула напісаў – беларускамоўныя самі шкодзяць беларускай мове. Гэта пачалося даўно, як я ўжо сказаў. І пачалося са змешвання мовы з палітыкай. І дрэнна тое, што гэта ўсё адбывалася пад палітычным соусам, моўныя пытанні пачалі разглядацца праз палітычную прызму.

І памылка была ў тым, што агітацыя за адхіленне ад афіцыйна прынятых нормаў, адрасавалася першапачаткова русіфікаванымі людзьмі якраз русіфікаваным людзям – тым, якія не выхоўваліся ў беларушчыне і для якіх яна ў любым выпадку новая і нязвычная, так што яны гатовыя браць усё нязвычнае аж да чужога. У супольнасцях з нармальнай моўнай сітуацыяй роднасць мовы – гэта лінгвістычная роднасць, то-бок звычнасць, вядомасць. Памылка была і ў тым, што была закладзена дрэнная мода не прызнаваць аўтарытэтаў (у выглядзе афіцыйнага мовазнаўства, хаця ў ім і ёсць хібы) і ўяўленне пра тое, што пры адсутнасці такога аўтарытэту кожны можа ствараць свае тэорыі, сінтэзаваць і камбінаваць.

У людзей, для якіх мова была лінгвістычна няродная (няпершая, вывучаная) нельга было пасяляць такія думкі. Неафіты мусілі вучыцца шляхам ад простага да складанага, а ўсе лінгвістычныя тонкасці мусілі б абмяркоўвацца ў колах спецыялістаў. Кажуць, што шмат у чым такія захады па ачышчэнні былі створаныя для папулярызацыі мовы, каб пазбавіць яе іміджу каравай мовы або пераробкі з расійскай (трасянкі). Логіка ў гэтым ёсць, але паўтаруся: ўсё разумна ў меру.

Перагібы гэтай палітыкі – хаос (калі адно і тое ж паняцце называюць самымі рознымі словамі), малая вядомасць слоў (хтось выкопвае экзотыку), выдумкі (цішоткі), памылковыя і міфічныя словы (гаўбец замест балкона, гл. http://by-mova.livejournal.com/1089959.html) .Можна зрабіць мову прывабнай для адной катэгорыі – неафітаў, шукальнікаў экзатычнага – нерасійскага – і пры гэтым адвабіць яе астатніх праз меншую зразумеласць або праз невыносную спрэчнасць і неўнармаванасць.

У пытанні дэрусіфікацыі мовы ўсё трэба рабіць акуратна, без суб’ектыўных і дылетанцкіх захадаў, з навуковым падыходам. Падсумоўваючы: трэба захоўваць баланс гарманічнай беларускасці, вядомасці і ўстоянасці.
Асобна трэба сказаць пра Станкевіча. Гэта вядомы арыгінал. У сваіх творах ён крытыкуе русізмы, у яго слоўніку самабытныя словы. Неафіту чытаць Станкевіча – бальзам на раны, столькі расійшчыны выкрывае, столькі непаўторных слоў адкрывае. Толькі вось трэба ведаць, што ўдзячную аўдыторыю Станкевіч набыў якраз сярод русіфікаваных неафітаў, якія імкнуліся “абы не па-руску”. Сярод сваіх сучаснікаў, тады яшчэ прыроджаных носьбітаў яшчэ не такой русіфікаванай Беларусі, і, што галоўнае, сярод мовазнаўцаў, ён не каціраваўся. Яго і яго мову не разумелі, яго фантазіі крытыкавалі. Пачытайма: “Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны” С. Запрудскага: http://bha.knihi.com/10/zapr10.htm.

Асобна варта спыніцца на аспекце пошуку экзотыкі. Гэта не толькі моўны аспект, а аспект датычны ўсяго нацыянальнага адраджэння. Шмат хто ў Беларусі першапачаткова жыў расійскай культурай у расійскамоўным асяроддзі. Большасць прызвычаілася, але для некаторых прыйшло ўсведамленне: нешта не так, мы не расійцы, а беларусы. І вось далей можа развіцца проста імкненне ўцячы ад усяго расійскага, знайсці ў беларушчыне тое, што будзе нагадваць расійшчыну як мага менш. Мова, яе лексіка – толькі частка.

Вось некаторыя з праяў імкнення быць нерасійскім:
- была ў Беларусі лацінка – давайце пісаць лацінкай;
- расійскія праваслаўныя скасавалі ўніяцтва, якое калісьці было ў большасці – значыць праваслаўе ёсць расійшчына, даеш уніяцтва;
- русіфікацыя часта абгрунтоўваецца славянскім адзінствам, а тут мы даведаліся пра балцкія карані, значыць, беларусы – балты, асіміляваныя славянскай мовай;
- Рэч Паспалітая – гэта добра, раўнапраўная краіна палякаў і беларусаў, і польская мова не чужая для беларуса;
- Беларусь – шкодная назва, з-за якой мы русіфікаваліся, трэба называцца выключна Літвой...

Тыя хто шукае кантраст з расійшчынай, той яго і выбірае. Пытанне толькі ў тым, наколькі кантраснае адносна расійшчыны супадае з беларушчынай.

Гэта важна і дзеля гістарычнай справядлівасці і дзеля бягучага моманту. Бо у простых, пасіўных беларусаў, могуць быць іншыя ўстаноўкі і разуменне Беларусі, нейкія межы і прынцыпы, а не голае “не хачу быць расійцам”; у іх можа быць вобраз даволі-такі беларускай Беларусі, альбо купалаўскай, або БССРаўскай часоў нэпа, або БССРаўскай часоў песень “Пах чабаровы” і часопіса “Вожык”, з прыманнем праваслаўя, кірыліцы, прыналежнасцю да славянскай групы народаў і г.д., або для іх межы іх вобразаў і ўстановак могуць пасунуцца, калі новыя межы неяк можна вывесці адносна зыходных. Таму варта імкнучыся не тупа да кантрасту адносна расійцаў – бо можна атрымаць і кантраст адносна беларусаў – а трэба імкнуцца да беларушчыны.

Таксама існуе стаўленне да беларушчыны як да музея – калі кожны выбірае з мінуўшчыны тое, што яму даспадобы, і адраджае. У выніку мы бачым цэлы паноптыкум беларушчыны, калі кожны адрадзіў сваё ўпадабанне. Замест гэтага варта шукаць пункты бліжэйшай пераемнасці, не лічыць усё загінулым і не імкнуцца пераствараць з нуля.

Сённяшнім неафітам трэба прызнаць, што беларуская мова для іх лінгвістычна няродная. Не трэба падманваць сябе. І адпаведна ставіцца да яе з асцярогай, правяраючы значэнні слоў (напрыклад, па тлумачальных слоўніках), не выдумляючы новых без патрэбы. Так, як пры перакладзе на замежную мову. Дзеля эфектыўнасці зносін не варта цурацца гаварыць простымі, агульназразумелымі словамі. Імкненне бліснуць новавывучаным словам часта на шкоду. Што можна зрабіць. Шмат было сказана пра неафітаў, але галоўнае слова павінны сказаць якраз прыроджаныя беларускамоўныя. Яны дзесьці ёсць, але нібыта ў паралельнай рэальнасці. Магчыма, яны – аўдыторыя газет “Звязда”, “ЛіМ”, раённых газет, магчыма яны не карыстаюцца рэсурсамі “Укантакце” і “Фэйсбук”.

Але хтосьці павінен зрабіць крок адно насустрач аднаму. Ідэальна, каб прыроджаныя носьбіты зрабілі гэта, выступіўшы ў “прагрэсіўных” і “несавецкіх” выданні кшталту “Нашай Нівы”, заявіўшы пра сябе, паставіўшы сябе ў цэнтр працэсу адраджэння беларускай мовы, як гэта павінна быць. Магчыма хтось на мяжы гэтых аўдыторый, можа паспрабаваць звесці іх. Калі яны не зробяць першы крок, магчыма, іх трэба паклікаць. Калі ж не адгукнуцца, што ж, тады сапраўды, давядзецца прызнаць, што прыроджаных носьбітаў не засталося, змірыцца з перастварэннем мовы і цярпець, чакаючы, пакуль з хаосу ўтворыцца парадак.

«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту [email protected] для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».