АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия

Алексей Нарейко: Классическое правописание - это национальная ценность (бел.) 7

Классическое правописание следует принять за образец, потому что сегодня именно оно наилучшим образом отражает звучание и образ нашего языка.

Алексей Нарейко
Алексей Нарейко

Носьбіты мовы (прыкладам, дзеці ў вясковых школах), якіх яшчэ не да канца навучылі пісаць «наркамаўкай», пішуць менавіта так, як гавораць – зь мяккімі знакамі – «клясычным правапісам». Вось і адказ на ўсе спрэчкі, які правапіс найлепшы: канешне той, што найбліжэйшы да самое мовы.

Нажаль, цяпер даводзіцца чуць крытыку, што, маўляў, носьбіты клясычнага правапісу робяць памылкі. А хто іх ня робіць? Толькі той, хто ня робіць нічога. Носьбіты ўсіх моваў сьвету і ўсіх правапісаў таксама робяць памылкі, таму гэта не падстава адмаўляцца ад мовы ці ад правапісу. Выдумляюць словы? Калі ласка, бо гэта заўсёдны працэс, гэта праца, гэта жыцьцё, якое бяжыць наперад. У часе працы і выдумляць можна, і шукаць старыя адпаведнікі – хай будуць памылкі, але гэта шлях у сваім накірунку.

Таксама кажуць, што нібыта так мова «апалячваецца». Аднак часам гэта погляд прасьцяцкі, бо адбываецца не апалячваньне, а вяртаньне ў мову элемэнтаў, якія былі ёй уласьцівыя – сваіх беларускіх. Пры гэтым беларускія элемэнты часта маюць аналягі ў суседніх «заходніх» мовах (латышская, польская, летувіская), або ў іншых славянскіх мовах (чэская, сэрбская і г.д.). Таму такая крытыка – нібыта пра «апалячваньне» – часам сьведчыць пра вузкую лінгвістычную абазнанасьць, пра тое, што чалавек уяўляе мову толькі ў выглядзе: або а-ля польская, або а-ля расейская. У той жа час сынтакса, фанэтыка ды і правапіс нашае мовы маюць рысы, якія ўласьцівыя ня толькі польскай, але і ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, і балтыйскім мовам. Дык што, можа кожны раз вяртаньне свайго называць «абгішпаньваньнем»? Не, проста вяртаецца сваё, на што б яно ні было падобным.

Прыкладам, у беларускай мове расаўсюджанае выкарыстаньне творнага склону замест расейскай канструкцыі «для + назоўнік». Беларускай мове болей ўласьціва: «кніга прызначаецца чытачу», а расейскай: «книга предназначается для читателя». Першы тып канструкцыі ўласьцівы і польскай, і латышскай, і летувіскай мове, як і беларускай. Дык што ж, цяпер казаць, што адбываецца «аблатышваньне»? ці «аблетувіньне»? ці «апалячваньне»? Канешне, не – адбываецца вяртаньне свайго.

Таксама недарэчна выглядаюць развагі пра тое, што нібыта «наркамаўскі» правапіс шырока прыняты, таму яму трэба аддаць перавагу. Па-першае, гэта няпраўда, бо ні адным, ні другім правапісам не карыстаецца шырокая маса жыхароў Беларусі – яны карыстаюцца іншай мовай увогуле. Па-другое, гэта было б здрадай нацыянальнай каштоўнасьці – мове. Каб абвергнуць тэзу пра «прынятасьць» наркамаўскага правапісу, прывядзем прыклад з уласнае практыкі:

За некалькі год існаваньня кампанія «Праўны пераклад» абслужыла мноства кліентаў. Кліентам не задавалі пытаньня, якім правапісам яны хочуць карыстацца, а проста перакладалі на клясычны правапіс. Перакладаліся дакумэнты самых розных роўняў – ад рэклямы і надпісаў на таварах да дакумэнтаў, якія пазьней траплялі на стол высокім чыноўнікам. За ўвесь час да кампаніі не паступіла ніводнае прэтэнзіі да правапісу.

Прычыны відавочныя: з аднаго боку, неабазнанасьць у правапісах асноўнай масы людзей, з другога – абыякавасьць да пытаньня.

Варта заўважыць, што тут людзі «галасавалі» за правапіс не «лайкамі» і не «пастамі» ў форумах, а рэальным рублём, таму вынікі такога «галасаваньня» гавораць самі за сябе: перамога будзе за тым правапісам, за якім «павядуць».

І апошняе: пра пераход на клясычны правапіс. Відавочна, што самая кароткая адлегласьць між пунктамі – гэта прамая лінія, таму пераход на клясычны правапіс мусіць быць зроблены адразу, без прамежкавых крокаў.

Некаторыя прапаноўваюць адрубаць хвост часткамі: спачатку перавесьці грамадзтва на «наркамаўскі» правапіс, а потым займацца пераводам на клясычны. Так думаць памылкова, бо тады колькасьць прыхільнікаў «наркамаўкі» стане значна перавышаць частку колькасьць прыхільнікаў «клясыкі». Пераканаць іх будзе ўжо значна цяжэй, і вельмі імаверна, што большасьць перацягне і застанецца на зрусіфікаваным «наркамаўскім» варыянце з прычыны звычайнай чалавечай ляноты.

Сёньня, пакуль гэтае пытаньне хвалюе толькі інтэлектуальную эліту, і колькасьці прыхільнікаў клясыкі і «наркамаўкі» параўнальныя, можна прыняць і такі шлях, і такі. Далей абыякавая частка грамадзтва пойдзе за тымі, хто перамог.

Таму інтэлектуалам важна цягнуцца не да абыякавай масы, дзе пануе лянота ды баязьлівасьць, а да тае часткі грамадзтва, дзе на першым месцы нашая нацыянальная каштоўнасьць – беларуская мова, а клясычны правапіс – ейная неад’емная частка.

У такім разе эліта павядзе грамадзтва ў адным накірунку і, як можна здагадацца, грамадзтва пасьледуе – тым болей, што за клясычны правапіс стаяць носьбіты мовы – і ў Беларусі (прыгадайма вясковых дзетак), і ў эміграцыі.

Напрыканцы заўважым, што шляхоў дасягнуць адзінства ў грамадзтве можа быць шмат, але нацыянальныя каштоўнасьці – у тым ліку мова зь яе натуральным правапісам – яны для нацыі супольныя.


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту [email protected] для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».