АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Итоги года Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия
Як Беларусь павінна вярнуцца да канстытуцыйнай законнасці?

Як Беларусь павінна вярнуцца да канстытуцыйнай законнасці?

Доктар юрыдычных навук, прафесар і суддзя апошняга легітымнага складу Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў на сайце https://naviny.by/ выказаў свае думкі аб тым, як нам уладкаваць Беларусь .


Міхаіл Пастухоў для мяне -- ўзор сумленнага чалавека, юрыста-прафесіянала. Я як палітык-дэпутат апошняга складу легітымнага Парламента Беларусі, як палітычны аналітык і як юрыст таксама ня бачу іншага шляху вяртання краіны ў канстытуцыйнае рэчышча, апроч безумоўнага абвяшчэння Канстытуцыі 1994г. у першапачатковай рэдакцыі як Асноўнага Закона Беларусі. Папраўкі і дадаткі будзем уносіць потым, Вярхоўным Саветам або Канстытуцыйным сходам.

Але толькі безумоўнае вяртанне да палажэнняў Канстытуцыі -1994 і ёсць той адзіна легітымны шлях да таго становішча, калі ў Беларусі зноў і ўжо назаўсёды ўсталюецца канстытуцыйная законнасць. Іншы шлях -- гэта шлях у нікуды. Бо без вяртання легітымнай Канстытуцыі-1994 аніякая іншая законнасць ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства будзе проста немагчымая.


Такі шлях вяртання да канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь адразу пасля крушэння дыктатуры Лукашэнкі стане узорам вяршэнства ПРАВА. Такі шлях пакажа, што Беларусь -- гэта Еўропа, гэта краіна, якая проста часова -- на 25 год. і не без дапамогі РФ апынулася пад уладай камуна-савецкага дыктатара-цемрашала.


Адразу пасля адхілення Лукашэнкі ад улады ўсе рэальныя палітычныя партыі Беларусі( БНФ, КХП/БНФ, БСДП(Грамада), АГП, Партыя левых "Справядлівы свет" і некаторыя іншыя) сумесна з новаабраным прэзідэнтам абвяшчаюць аб тым, што ў Беларусі дзейнічае Канстытуцыя, прынятая Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994г.

Неадкладна склікаецца апошні легітымны парламент -- Вярхоўны Савет 13-га склікання. У тым складзе дэпутатаў, якія ёсць жывыя і засталіся вернымі Канстытуцыі і законнасці. Жывых Дэпутатаў парламенту 13-га склікання, што засталіся вернымі Канстытуцыі і Закону, папярэдне новаабраны Прэзідэнт павінен прадставіць да дзяржаўнай узнагароды( гэта можа быць ордэн Францішка Скарыны), а тых з іх, хто сыйшоў з жыцця -- узнагародзіць пасмяротна.


І дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання ў прысутнасці новаабранага Прэзідэнта (ён, хто б гэта ні быў, на маю думку, проста абавязаны прысутнічаць на такім гістарычным пасяджэнні легітымнага Парламента) прымаюць адпаведны Закон аб выбарах у парламент па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме ( закон даўно распрацаваны і чакае свайго часу), а таксама адпаведную Пастанову "Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 14-га склікання".

Каб не было рэзкіх зрухаў у грамадстве, спекуляцыяў і г.д. лічу, што пасаду Прэзідэнта трэба пакінуць. Але так, каб потым ні ў каго з новаабраных Прэзідэнтаў больш не было нават спакусы зноў пачаць ламаць легітымную Канстытуцыю. У тым ліку і праз рэферэндумы( як , дарэчы, зараз Пуцін спрабуе ў Расіі). Прызначэнне рэферэндумаў павінна стаць выключнай прэрагатывай Парламента.

Будучыя папраўкі ў Канстытуцыю павінны абмежаваць уладу Прэзідэнта. І найперш трэба перадаць Парламенту права абрання на пасаду УСІХ кіраўнікоў сілавых структур( кіраўніка МУС, Міністра абароны, кіраўніка Службы бяспекі Рэспублікі Беларусь-- замест сённяшняга КДБ, Гененральнага пракурора, Старшыню Кантрольнай Палаты). І вось тады дзяржаўных пераваротаў з усталяваннем дыктатуры адной асобы ў Беларусі больш ніколі не паўторыцца.


  • Нравится




12.06.20 21:08
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Павел Знавец