Аб важнай падзеі для Украіны і Беларусі.

Аб важнай падзеі для Украіны і Беларусі.

У гэтыя калядныя дні ўсе шчырыя і свядомыя беларусы віншуюць Украінскую Праваслаўную Царкву з падпісаннем томаса аб аўтакефаліі!

Па філасофіі свайго жыцця я -- агностык. І не магу пэўна і безапеляцыйна сцвярджаць пра існаванне або адсутнасць Бога. Але як палітыку і як грамадзяніну Беларусі, які крыху ведае гісторыю і трошкі знаёмы з кананічным(царкоўным) правам, мне падаецца, што вышэйзгаданая падзея -- супольная для Украіны і Беларусі.  Падзея, якая значна мацуе нашую палітычную і, так бы мовіць, духоўна-культурную незалежнасць.


Рэлігія заўсёды была часткай вялікай палітыкі. Рэлігійныя дзеячы па-ранейшаму маюць моцны ўплыў на насельніцтва. Яны часткова фармуюць светапогляд і успрыняцце свайго зямнога жыцця значнай часткай людзей у любой дзяржаве. І Беларусь тут не з'яўляецца выключэннем.


Беларусь і беларусы па ранейшаму знаходзяцца ў культурна-духоўным рабстве і залежнасці ад вялікага усходняга суседа з імперскімі амбіцыямі. Але гэта -- часовы стан.


Бо галоўнае зроблена: сапраўдныя гістарычныя русіны і нашыя найбліжэйшыя суродзічы -- украінцы, дамагліся не толькі палітычнай, але й духоўна-культурнай незалежнасці ад спадкаемцаў з Залатой Арды -Масковіі.


І хоць вайна паміж Украінай і Расіяй усё яшчэ працягваецца, ужо няма сумневу ў тым, што ў ёй пераможа Украіна. Бо на баку Украіны не толькі ўвесь цывілізаваны Свет, але й Бог!


Аднаўленне ва Украіне адзінай памеснай  праваслаўнай царквы, несумненна, істотна наблізіла і Беларусь да стварэння адзінай памеснай Беларускай праваслаўнай царквы.


Беларускія праваслаўныя вернікі дасюль пазбаўленыя сваёй Царквы. Беларускі аддзел (экзархат) Рускай Праваслаўнай царквы, які зараз незаконна дзейнічае ў нашай краіне - апошні экзархат Маскоўскага Патрыярхату, які застаўся з савецкіх часоў.


Прадстаўнік маскоўскага патрыярха Кірыла(Гундзяева) у Беларусі экзарх Павел(Панамароў) схлусіў, што  «для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — смерць». Бо кожны грамадзянін Беларусі, які дбае пра сваю краіну і яе незалежнасць, ужо зразумеў, што толькі аўтакефалія здольная адрадзіць сапраўдную Беларускую праваслаўную Царкву.


Беларускі аддзел(экзархат) Рускай праваслаўнай царквы(РПЦ) ў Беларусі -- гэта ня ёсць Беларуская праваслаўная царква. Гэта, так бы мовіць, філіял РПЦ у Беларусі, кіраўнік якога самачынна прызначаецца з Масквы.


Пры прызначэнні ў Беларусь мітрапаліта Паўла(Панамарова) -- царкоўнага чыноўніка з расійскай глыбінкі(г.Разань), кіраўнік РПЦ Кірыл(Гундзяеў) нават не ўзгадняў яго кандыдатуру з беларускім праваслаўным духавенствам. Ня кажучы ўжо пра палітычнае кіраўніцтва Беларусі на чале з нашым самаўладным прэзідэнтам-дыктатарам Лукашэнкам.


Сённяшні  кіраўнік філіялу РПЦ у Беларусі мітрапаліт Павел(Панамароў)  на момант свайго прызначэння ў Беларусь нават ня меў беларускага грамадзянства! Ня кажучы ўжо пра тое, што ён дагэтуль не валодае беларускай мовай! Гэта -- плявок у бок Беларусі і яе кіраўніцтва, гэта -- ганьба для беларускага народа! Нездарма ж за некаторыя непрыстойныя выказванні экзарха Паўла за ім ў Беларусі замацавалася мянушка "чарнобыльскі кранік".

 
 
Аддзел(экзархат) РПЦ у Беларусі на чале з мітрапалітам з Разані Паўлам(Панамаровым), бадай,  - апошні ў незалежнай краіне, які яшчэ жыве і які яшчэ не памёр. Але як памрэ - дык беларусы  плакаць не стануць!


Бо тады ўслед за Украінай для ўсіх праваслаўных вернікаў Беларусі паўстане свая сапраўдная памесная Беларуская Праваслаўная Царква.


07.01.19 15:10

Павел Знавец