З беспрасветнай імглы -- на край бездані! 12.07.2019

Дваццаціпяцігоддзю прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прысвечаны гэты доўгі  для фармату блога тэкст.


Я ня стаў яго скарачаць і разбіваць на часткі. Ён атрымаўся даволі  цікавым. Таму хай застанецца для гісторыі такім, як ёсць, з усімі выкладзенымі фактамі, важнымі акцэнтамі, якія можа недзе паўтараюцца, маімі думкамі, развагамі ды пачуццямі.


Пры напісанні  тэкста, каб даць яму самы трапны  загаловак, ўвесь час узгадваўся вялікі артыкул выдатнага палітолага, які трагічна загінуў у аўтакатастрофе, Анатоля Майсені.


Артыкул  Майсені быў надрукаваны ў газеце "Народная Воля" незадоўга да сумнавядомага рэферэндума па Канстытуцыі,  ўвосень 1996г. пад назовам "Беларусь во мгле". Рэкамендую усім яго пачытаць, бо тэкст Анатоля Майсені 25-гадовай даўніны дагэтуль актуальны.



Чорны ўрок даўжынёй у чвэрць стагоддзя.


25 гадоў таму група маладых і амбітных палітыкаў на чале з Віктарам Ганчаром і Дзмітрыем Булахавым прывяла на вяршыню ўлады ў Беларусі дырэктара саўгасу Аляксандра Лукашэнку.


З нагоды гэтага сумнага юбілею варта яшчэ раз нагадаць, што ж тады, у 1994-м, сапраўды адбылося. Успомніць пра тую лёсавызначальную для Беларусі падзею, якая і праз 25 гадоў не дае беларусам спакою.


Бо  гістарычны персанаж і галоўны ўдзельнік той далёкай падзеі дагэтуль жывы. Болей за тое, ён дагэтуль уладарыць у Беларусі. І  ягоная  ўлада   неабмежаваная аніякімі законамі.


Галоўны персанаж той падзеі і ягоныя памагатыя завялі Беларусь у тупік, знішчыўшы за чвэрць стагоддзя амаль усё беларускае ў Беларусі.


Таму сёння і кожны дзень, пакуль ён ва ўладзе, трэба  памятаць, хто ж намі кіруе, што ён нарабіў, і дзе шукаць выйсце.


Трэба каб гісторыя з ягоным абраннем на вышэйшую дзяржаўную пасаду нас хоць  нечаму   навучыла.


Трэба, каб кожны, хто яшчэ пакуль круціцца ў ледзь жывой беларускай палітыцы з адным і адзіным(па-руску "единственным") рэальным палітыкам, хто мае намер увайсці ў будучым(калі яно яшчэ будзе?) у вялікую беларускую палітыку, дзейнічаць ў  ёй і рухаць Беларусь наперад, вывучыў гэты ўрок напамяць.



Пра некаторыя важнейшыя моманты прыходу да ўлады Лукашэнкі.


Дагэтуль ёсць моманты, звязаныя з прыходам да ўлады Лукашэнкі, пра якія  ніхто ня ўзгадвае. Бо сучасныя гісторыкі-вучоныя, даследчыкі і палітолагі ці баяцца, ці саромеюцца аб гэтым пісаць. А мо яны дагэтуль не разумеюць, што і як насамрэч тады адбывалася?


Антыкарупцыйная сага 1993- пачатку 1994гг. дадала вядомасці  сіпатаму скандальнаму дэпутату і дырэктару саўгаса з прозвішчам Лукашэнка. Усе называюць лічбу 20-30% -- і я з гэтым не спрачаюся.


Але ж астатнія 60%, якія "сіпаты" дадаў у другім туры на выбарах прэзідэнта Беларусі 10 ліпеня 1994г.? Адкуль яны узяліся?  


На гэта ёсць мой пэўны адказ: гэта ўласная заслуга Віктара Ганчара. І толькі ў невялічкай ступені -- астатніх персанажаў, што складалі тады каманду "маладых ваўкоў" для абрання першым прэзідэнтам Беларусі скандальнага эксцэнтрычнага дырэктара саўгаса з прозвішчам Лукашэнка.


І Віктар Ганчар у маіх шматлікіх гутарках з ім у 1997-1999гг. гэтакія высновы не адмаўляў.  


А калі дадаць тое неймавернае, што зрабіў  Ганчар дзеля таго, каб Лукашэнка мог балатавацца, дык заслуга Ганчара як асобы, што зрабіла Лукашэнку прэзідэнтам, складае недзе пад 90%. Але пра гэта доўга пісаць.


Дый  тэкст  можа атрымаецца не для фармата блогу,  а для цэлай кніжкі  мемуараў, якія я пісаць не збіраюся . Таму мяркую,  што мае тэксты ў блогу дапамогуць даследчыкам падаць падзеі найноўшай гісторыі Беларусі, звязаныя з асобай Аляксандра Лукашэнкі такімі, якімі яны былі ў рэальнасці.  


Улетку  1995г. мне нардэп  Скарынін(з  Вярхоўнага Савета 12-га склікання, адзін з кіраўнікоў буйнейшай праўрадавай фракцыі "Беларусь") шмат чаго распавёў. Размова з ім была вельмі шчырай, бо ён хоць і быў камуністам і маім ідэйным апанентам, але мяне паважаў.  


Скарынін некалькі гадзін за гарбатай падрабязна распавядаў, што і як рабіў Ганчар у Вярхоўным Савеце і ў  кулуарах. Ня ведаю, можа Скарынін ужо тады адчуваў будучыя трагедыі жыццёвых лёсаў тых, хто прывёў пачвару( Скарынін казаў па-руску "чудовище") на вяршыню ўлады ў Беларусі?  


А можа самое прозвішча  дэпутата парламента 12 склікання Скарыніна, сугучнае з прозвішчам выдатнага нашага першадрукара і асветніка Францішка Скарыны, падштурхнула  яго да шчырай размовы са мной -- самым маладым  дэпутатам  парламента 13-га склікання, абраным  ад апазіцыі?

Як бы там ні было, але Скарынін вельмі дакладна і выразна ў той размове акрэсліваў тое, што зрабіў  персанальна Булахаў ды іншыя персанажы з каманды "маладых ваўкоў" дзеля таго, каб зрабіць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.


Згодна расповяду Скарыніна роля, напрыклад, Анатоля Лябедзькі -- члена лукашэнкаўскай каманды "маладых ваўкоў", была зусім невялікай. Хоць ён намінальна і лічыўся "прадстаўніком прэзідэнта ў Вярхоўным Савеце". Але такой пасады, па словах Скарыніна, афіцыйна не існавала, за яе не плацілі, і ўсе аб гэтым ведалі.


І хаця Валеры Костка -- экс-памочнік намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Генадзя Карпенкі, са мной не зусім згодны, я ўсё ж  болей веру  неангажаванай і дасведчанай першакрыніцы, г.зн. дэпутату Скарыніну.


І Анатоль Лябедзька, і Аляксандр Фядута, іншыя  палітыкі, што прывялі Лукашшэнку на ўладны Алімп у Беларусі -- асобы ангажаваныя. І таму яны, як дарэчы і ня вельмі дасведчаныя даследчыкі ды палітолагі -- кожны па-свойму, часам вельмі  суб'ектыўна, скажаюць гісторыю ўзыходжаня саўгаснай, як высветлілася, "пачвары" на вяршыню ўлады ў Рэспубліцы Беларусь.  


Пра прозвішча сіпатага дэпутата.


Ітак, на момант старту прэзідэнцкай кампаніі 1994г. наш народ гудзеў пра карупцыю. Узгадвалі паўсюль Кебіча і, што  вельмі дзіўна(!),  Шушкевіча(пра скрадзеную скрыню цвікоў для будаўніцтва "шыкоўнай" дачы). Ну а паколькі навокал наменклатура будавала палацы-катэджы, якія мулялі вочы і раздражнялі людзей, дык у свядомасці простага чалавека сціплая дача Шушкевіча паўставала менавіта такім палацам.


І тут аўтары антыкарупцыйнага даклада для дэпутата Лукашэнкі паліттэхналалагічна, як кажуць, патрапілі ў самую кропку.
І прэвентыўна, на самым старце фактычна  "вырубілі" Шушкевіча з будучай прэзідэнкай гонкі. І не пакінулі яму, нядаўняму спікеру парламента і кіраўніку дзяржавы, аніводнага шанцу.


Я й дагэтуль не разумею, чаму гэтага  не разумелі тыя з кіраўніцтва партыі БСДГ, што падтрымлівалі  ідэю з вылучэннем у  кандыдаты ў Прэзідэнты Беларусі Станіслава Шушкевіча?  Яны што, жылі на Месясяцы, далёка ад народа? А можа  сапраўды спадзяваліся,  што  такім чынам падвысяць рэйтынг  партыі БСДГ?


Пытанні, якія засталіся без адказу.


У мяне й дагэтуль яшчэ  шмат пытанняў да лідараў тагачаснай апазіцыі адносна тых падзеяў 1994 году.  Пытанняў, якія, праўдападобна, назаўжды застануцца без адказу.

Бо і зараз прызнаць трагічнасць, проста катастрафічнасць палітычных памылак зробленых лідарамі тагачаснай беларускай апазіцыі ў 1994-м азначае ўзяць на сябе частку гістарычнай адказнасці за тое, што адбылося.


Я перакананы: нават абранне Кебіча было для Беларусі значна меншым злом, чым абранне Лукашэнкі. Бо Кебіч, прынамсі, не змагаўся б і не знішчаў беларускую мову і не забараняў нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі.



Ці разумелі тады лідары парламенцкай апазіцыі БНФ і партыі БСДГ  тое, што рэгістрацыя кандыдата Лукашэнкі азначае яго аўтаматычную перамогу на тых выбарах?  Праўдападобна, што не. А, між іншым,  кандыдату ў прэзідэнты Беларусі А. Лукашэнку са здадзенымі ў яго падтрымку амаль спрэс туфтовымі намаляванымі подпісамі  павінны былі, як сёння кажуць, забаніць рэгістрацыю.  Бо  ўсе законныя падставы для гэтага былі!  Трэба было толькі рашуча патрабаваць  рэальнай праверкі  спрэс туфтовых подпісаў, здадзеных  у  Цэнтрвыбаркам у падтрымку ягонага вылучэння.


Але ні штаб кандыдата Пазьняка, ні штаб кандыдата Шушкевіча асабліва й не дамагаліся зняцця кандыдата Лукашэнкі з выбараў. І гэта была яшчэ адна велізарная памылка апазіцыйных кандыдатаў і іх штабоў..  Ня бачылі, ня чулі пра спрэс туфтовую падпісную ліпу за Лукашэнку?  Аб якой, дарэчы, я неяк ужо падрабязна распавядаў раней.  


І няўжо на самай справе ў штабах Пазняка і Шушкевіча верылі рэйтынгам сацыёлагаў у 1994-м аб тым, што столь(г.зн. "потолок" -- для тых чытачоў, хто не зразумеў) народнай падтрымкі Лукашэнкі вагаецца ў межах 30-35% ?


Праўдападобна, што так, верылі.  Бо гэта азначала, што любы з кандыдатаў, уключна з дзеючым прэм'ерам Кебічам, ў другім туры  перамагае "калгасніка" Лукашэнку.


І Вячаслаў Кебіч, па словах узгадага дэпутата Скарыніна, у гэта верыў. Таму й не зняўся ў другім туры з выбараў,  не сарваў іх. І  дапусціў абранне "пачвары" на вышэйшую прасаду ў дзяржаве. Нягледзячы на прапанову "зняцца і валіць другі тур".


Такая прапанова, як распавядаў Скарынін, паступіла ад БНФ. І гэта пацвердзіў у сваіх успамінах аб тых падзеях Сяргей Навумчык.


Чаму ж тады Кебіч не прыслухаўся да прапановы ад БНФ зняцца ў другім туры і валіць тыя выбары? Ня толькі таму, што Кебіч наіўна верыў у сваю перамогу.  Але й  таму, што ён, Вячаслаў Кебіч, як лідар наменклатуры, перад другім турам атрымаў гарантыі сваёй недатыкальнасці ад каманды Аляксандра Лукашэнкі.


У Лукашэнкі ў выпадку  яго абрання на пасаду прэзідэнта Беларусі не было ані каманды(апроч купкі "маладых ваўкоў"), ані праграмы дзеянняў...


І Лукашэнка зрабіў асноўную стаўку на старую камуністычную партнаменклатуру, што адпавядала ягонаму нутру і палітычным поглядам.


І таму пар ад электаральнай беларускай рэвалюцыі 1994г. быў спушчаны ў свісцёлку. Чым і скарысталася камуністычная наменклатура, застаўшыся разам з Лукашэнкам пры ўладзе.


Калі Беларусь застанецца суверэннай і незалежнай, ў постлукашэнкаўскі перыяд для эфектыўнага правядзення рэформаў і руху наперад  спатрэбіцца даволі жорсткі варыянт Закона аб люстрацыях.


Пра барацьбу з карупцыяй і "рэйтынгавую столь" кандыдата Лукашэнкі.


Пра барацьбу з карупцыяй нейкага сіпатага дэпутата, пра з'едзеныя гіперінфляцыяй і ўшчэнт абясцэненыя  ўклады ў  савецкіх рублях у Ашчадбанку гаманілі паўсюль! Народ гудзеў, бы пчаліны вулей!


Якая можа быць у такіх умовах рэйтынгавая столь?! Ды ў атмасферы народнай нянавісці да "лупатага" прэм'ера-карупцыянера Кебіча, алергіі да няўцямнага "разбуральніка нядаўняга раю -- СССР"  і таксама карупцыянера Шушкевіча( пра вобраз Пазняка крыху пазней) -- пры такім раскладзе народ прагаласуе за любога! Абы не яны, узгаданыя вышэй персанажы Шушкевіч ды Кебіч.


А вось лідар апазіцыі БНФ Зянон Пазняк, пра што і казаў дэпутат Скарынін (і што ёсць насамрэч амаль чыстай праўдай), тады перамагаў толькі ў пары з Вячаславам Кебічам. Настолькі вось народ не любіў тагачаснага Прэмер-міністра Кебіча!


Гістарычная праўда ў тым, што надта скажона, праз трэція вушы ў штабах апазіцыйных кандыдатаў Пазняка і Шушкевіча чулі пра высокі народны рэйтынг сіпатага дэпутата Лукашэнкі. Але ж чулі,не маглі ня чуць!


Як і не маглі ня  ведаць пра тое, што  антыкарупцыйная сага Лукашэнкі   ўжо змяшала ў адно "г..ўно" Шушкевіча з Кебічам.  


І вось у такой сітуацыі дзеля вылучэння безнадзейна непрахаднога Шушкевіча фракцыя БСДГ(Грамады) у Вярхоўным Савеце 12-га склікання вырубае з прэзідэнцкай гонкі самага моцнага з антыўрадавай, антыкебічаўскай апазіцыі! І самага падрыхтаванага да прэзідэнцай пасады чалавека -- Генадзя Карпенку. Гэта сапраўды трэба было пастарацца, гэта гістарычная ганьба.


А па факту гэта азначала распісацца ў  сваёй поўнай палітычнай прафнепрыдатнасці.


"Воны ж розгоняць гэту махфію!"


Так, сапраўды, нават палітычна цікаўныя  людзі дакладна не ведалі прозвішча сіпатага дэпутата -- змагара з карупцыяй. Ня кажучы ўжо пра людзей цёмных, як мая цётка ў палескай вёсцы.  


Яна, памятаю, казала : "Паўле, а гэтого з колхозу як ёго, Лукашэвіч  ці як?  За ім жэ молодые, Гончар ды другіе розумнікі! Воны ж розгоняць гэту махфію, шчо всэ разокрала", --  амаль дакладная цытата размовы з  маёй цёткай у чэрвені 1994г.  


Я гэта да таго, што цёткі і дзядзькі нават на сяле, ня кажучы ўжо пра горад,  больш ведалі прозвішча Ганчара, чым Лукашэнкі. Я быў  тады ў камунікацыях вельмі блізкі да народу. Лепш за  любога сацыёлага мне быў вядомы  рэальны стан думкі электарату: як  вясковага, так і  гарадскога.  


Як выкладчык БДУ, гарадскі і, адначасова, вясковы хлопец,  я камунікаваў з  усімі пластамі беларускага грамадства. Так што  мая выбарка рэспандэнтаў і субяседнікаў была вельмі шырокай. І яна адлюстроўвала рэальныя  настроі  ўсяго насельніцтва Беларусі. І таму пагрэшнасць маёй выбаркі была блізкая да нуля.  


Ну, вось, напрыклад,  можна  апісаць тую карціну, якую ня толькі я, але й кожны  беларус  бачыў па тэлебачанню і чуў па радыё ледзь не штодня.


Уявіце сабе пасяджэнне  сесіі Вярхоўнага Савета  Беларусі 12-га склікання. Яно транслюецца па тэлебачанню і радыё. Падыходзіць да мікрафона малады, статны дэпутат і кажа:  "Депутат Гончар". Далей можна было б і ня тлумачыць. Але трэба.


А далей гучыць  чэканны і непаўторны голас Ганчара, яго выразныя юрыдычныя фармулёўкі і аргументы... І гэты голас Ганчара  так  гучаў,  што  заварожваў,  пераконваў  ўсіх: ад дэпутатаў  у Авальнай зале да непісьменнай бабулькі ў вёсцы.  Гэта ў палітыцы называецца харызмай.


І вось гэта амаль пяць год гучала  з усіх тэлевізараў  і радыёкропак, што былі тады ў кожнай вясковай хаце і гарадской кватэры!


Галасы Ганчара і Пазняка ў той час ўздзейнічалі на людзей магічна. Бо гэтыя галасы выдзяляліся, і за пяць год літаральна прасвярлілі  вушы беларускаму электарату, уключна  да апошняй бабулі ў глухой беларускай вёсцы!


Палітычнае знішчэнне Зянона Пазняка.


Пазняка, у адрозненне ад Ганчара, напачатку "ліхіх 90-х" кебічаўская  ўрадавая прапаганда паспяхова і паслядоўна палітычна знішчала, змяшваючы яго імя з фашызмам. А ў той час, нагадаю, яшчэ жыло шмат ветэранаў, і ўсе яны актыўна, па-савецку і амаль пагалоўна галасавалі на выбарах.


Памятаю, выпусцілі амаль мільённым тыражом лістоўку з намаляванай карыкатурай на Пазняка.


На адмысловай невялічкай улётцы(палова фармату А-4) намаляваны насаты твар  карыкатуры на Зянона Пазьняка з  бела-чырвона-белаю павязкаю паліцая са свастыкай на руцэ. І гэты твар  дыхаў вогненнымі маланкамі-стрэламі, што сыходзілі з носу, роту і вачэй. І гэтыя вогненныя стрэлы былі скіраваныя ў людзкі натоўп.


Упэўнены: гэтая улётка-страшылка спрацавала вельмі эфектыўна. Так, што многія й дагэтуль яе памятаюць. І   баяцца Зянона, гэткага "фашыста-нацыяналіста". Вось ён, яскравы прыклад контрагітацыі і прафесійнай працы  паліттэхнолагаў!


Прама супрацьлеглым дысанансам да галасоў Ганчара і Пазьняка гучаў голас нейкага сіпатага дэпутата па прозвішчу Лукашэнка.


Сіпаты голас таксама звяртаў на сябе ўвагу. Але да галасоў Ганчара   і Пазняка  сіпаты голас Лукашэнкі яўна не дацягваў. І Ганчара, і лідара апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Пазняка да выбарчай кампаніі 1994г. нашмат болей ведалі, чым сіпатага дэпутата  Лукашэнку.


Але пасля антыкарупцыйнага дакладу  сіпаты голас сталі распазнаваць паўсюль. А з ім і пачалася сапраўдная раскрутка прозвішча яго носьбіта.


Лукашэнка і Зяленскі як прадукты паліттэхналогій.


У 1994-м у Беларусі, каб не казалі, што народу ў якасці будучага прэзідэнта-правадыра падсоўваюць непадрыхтаванага дурачка-калгасніка, у народ запусцілі чутку, што кіраваць краінай насамрэч будуць маладыя і разумныя. Тое ж самае запусцілі ва Украіне, калі казалі пра будучага прэзідэнта-коміка Зяленскага. І нават параўноўвалі яго з самім Рональдам Рэйганам!


І вось такім няхітрым чынам увялі ў зман электарат. У нас дэпутат, а потым і кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка паабяцаў галоўнае, што хацелі ад яго пачуць людзі ў 1994-м, а менавіта: усім  вярнуць савецкія ўклады, адабраўшы дзеля гэтага ў наменклатуры катэджы-палацы. Ну і ў дадатак   запусціць заводы і г.д. Прычым пік такіх чутак  прыйшоўся акурат на прэзідэнцкую кампанію 1994г.


У звязку з антыкарупцыйным дакладам Лукашэнкі такія чуткі -- выдатны, вырашальны паліттэхналагічны крок.  Падобнае  назіралася і на нядаўніх  прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне.


Ва Украіне падкантрольныя Расіі і алігархам і апазіцыйныя да прэзідэнта Парашэнкі  тэлеканалы папярэдне, амаль за 2 гады да прэзідэнцкіх выбараў- 2019 пачалі ўсяляк палітычна знішчаць, мачыць дзеючага прэзідэнта. І гэта на фоне вайсковага канфлікту і гібрыднай вайны з пуцінскай Расіяй.


І вось у такі  няхітры спосаб украінскім алігархам, а заадно і расійскай уладнай пуцінскай вярхушцы,  удалося літаральна  змяшаць Парашэнку з "г..ўном" і карупцыяй яшчэ да выбараў.


І лепшы ў гісторыі Украіны прэзідэнт стаў выглядаць у вачах электарата як сквапны злодзей-алігарх, марадзёр і карупцыянер у адным флаконе.


А паралельна са знішчэннем вобраза Парашэнкі на самым папулярным тэлеканале Украіны  паліттэхнолагі раскруцілі альтэрнатыву. Як? Ды вельмі проста: усё падобна да антыкарупцыйнай сагі ў стылі "а-ля Лукашэнка -1994".


У прайм-тайм на самым папулярным тэлеканале Украіны пракруцілі тэлесырыял "Слуга народа". У якім просты настаўнік "з народа" Галабародзька(ён жа актор Зяленскі) стаў народным прэзідэнтам Украіны.


Вось вам і альтэрнатыва! Так Беларусь у 1994-м і Украіна ў 2019-м паказалі: усё геніяльнае даволі простае. І яно працуе! І дакладна ўздзейнічае на электарат ва ўмовах дэмакратыі.

Але каб да такога простага дайсці, патрэбны аналітычны розум. І калі гэты розум ёсць, калі сцэнар будучых выбараў пішуць высокакваліфікаваныя  прафесійныя паліттэхнолагі -- тады і дасягаецца поспех.


Высокакваліфікаваныя паліттэхнолагі вельмі уважліва адсочваюць народныя чаканні і настроі. І падбіраюць пад гэтыя чаканні  адпаведных персанажаў,  будуючы на іх свае пераможныя выбарчыя кампаніі і зарабляючы велізарныя грошы.


Аб розніцы паміж Зяленскім і Лукашэнкам.


Але ж ёсць і істотная розніца паміж абраннем Лукашэнкі ў 1994-м у Беларусі і Зяленскага ў 2019-м ва Украіне. Яна палягае ў падборы персанажаў на прэзідэнцкую пасаду.


Аляксандр Лукашэнка ўзору 1994году --  малаадукаваны палітрук, наскрозь савецкі "нищеброд" і дэмагог( "Я -- нішчый", -- загаловак з выказвання Лукашэнкі аб сабе, газета "Свабода", 1994г.).

І вось у гэтым катастрафічна няўдалым падборы персанажа на прэзідэнцкую пасаду і палягае фатальная памылка Віктара Ганчара і ягонай каманды "маладых ваўкоў".  


А вось Уладзімір Зяленскі на момант свайго абрання прэзідэнтам Украіны   (у адрозненне ад свайго кіношнага вобразу з тэлесерыялу, што выстаўляўся на продаж электарату), быў багатым і паспяховым даляравым мільянерам.


Зяленскі -- даволі адукаваны актор-комік і менэджэр вядомай ва Украіне невялікай медыйнай кампаніі "95 квартал". Ён хоць і рускамоўны, але зараз паўсюль гаворыць па-украінску. Адчуйце, як кажуць, розніцу!


Выснова.

А выснова з вышэйпададзенага такая: на 90%  прэзідэнцтва Лукашэнкі -- гэта "заслуга"( на жаль, у двукоссі) Віктара Ганчара.


Ганчар спачатку, падчас прыняцця Канстытуцыі 1994г. з наяўнасцю абавязкова моцнай пасады Прзідэнта, сам меціў стаць прэзідэнтам( 1993-пачатак 1994гг.). Таму і зрабіў усё магчымае і немагчымае для таго, каб такая пасада ў Канстытуцыі Беларусі абавязкова з'явілася.


Але потым Ганчар адклаў свой намер. Як ён мне казаў, "на цэлую пятилетку". Адклаў таму, што адчуў велізарную персанальную адказнасць за краіну, за сябе і свой асабісты лёс, за  народныя настроі і чаканні...

І ў дадатак да усяго Ганчар адчуваў на сабе выразнае непрыняцце як з боку наменклатуры, так і апазіцыі БНФ.  


І менавіта па гэтай прычыне Ганчар прадаў сваё імя і рэпутацыю сіпатаму дэпутату і дырэктару саўгаса.


Віктар Ганчар тады яшчэ не разумеў, што баларуская мова -- падмурак, фундамент Беларускай дзяржавы і ўсёй беларускай  палітыкі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Потым, калі ён гэта зразумеў, было ўжо позна.


Чаму Лукашэнка знішчыў Ганчара?


Аляксандр Лукашэнка у 1999г. знішчыў  таго, каму абавязаны амаль усім -- Віктара Ганчара. Менавіта таму і знішчыў, што Ганчар быў нашмат разумнейшы за яго.


Зараз Лукашэнка панічна баіцца нават  ўзгадваць імя Ганчара. А калі і ўзгадае, дык ад страху публічна ставіць яго гвалтоўнае таемнае выкраданне і забойства  ў адзін шэраг са знікненнямі іншых людзей(уключна з бамжамі).


Дыктатары як асобы псіхапатычнага й дэспатычнага  складу  характару і паводзінаў, як правіла,  знішчаюць тых, каму яны найбольш абавязаныя ў сваім жыцці. Бо ўвесь час страшэнна, паранаідальна іх баяцца.    


І фраза самога Віктара Ганчара, якую ён мне ў 1999-м сказаў і аб якой я ўжо неяк пісаў, яскрава пацвярджае гэта. Але мушу яшчэ раз яе нагадаць. Фраза гэтая з класікі, з аповесці Мікалая Гогаля "Тарас Бульба", і гучыць так: "Я его породил, я его и убью".


Крыху аб тым, хто і што складае астатнія 10%, дзякуючы якім Лукашэнка перамог у 1994-м. На гэта адкажу коратка: ўсе іншыя ўзгаданыя(і не ўзгаданыя) ў  гэтым тэксце персанажы. А таксама фактар вялікага электаральнага незадавальнення імклівасцю пераменаў, якія суправаджаліся рэзкім спадам у эканоміцы і збядненнем людзей.


Такое рэзкае збядненне народа прывяло ў 1994-м да велізарнага незадавальнення народа дзеючай уладай. І спарадзіла у беларускай грамадскай думцы сітуацыю, калі эмоцыі цалкам засланілі розум. Так бывае і ў асобнага чалавека ў выпадках сляпога й неразумнага закахання(так дакладней, бо сапраўдным каханнем разумовую слепату назваць цяжка).


Мне й дагэтуль асабліва балюча за тое, што эмоцыі тады, у 1994-м засланілі розум Віктару Ганчару і Дзмітрыю Булахаву.   Іншых, яшчэ жывых прадстаўнікоў тагачаснай маладой беларускай эліты ўзгадваць не буду -- не хачу іх зноў пакрыўдзіць.


Такім чынам, Віктар Ганчар фактычна  зрабіў Лукашэнку прэзідэнтам.


І штосьці мне падказвае, што ў кашмарных снах, якія перыядычна сняцца Аляксандру Лукашэнку, паўстае вобраз расстралянага "іменем прэзідэнта"  Віктара Ганчара.  


Што не магу дагэтуль дараваць Віктару Ганчару.


Ёсць адна падзея, якую я дагэтуль не магу дараваць Віктару Ганчару. Усё дараваў, а вось гэта -- не!


На старце той прэзідэнцкай кампаніі 1994г., недзе напрыканцы красавіка  ў 1994г. Віктар Ганчар адмыслова выступіў на беларускім радыё. Выступіў ў самай папулярнай радыёпраграме, якую слухалі мільёны -- радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" з яе незабыўнымі дагэтуль стваральнікамі і вядоўцамі Жаннай Літвіной, Віталем Сямашкам...


У сваім выступе Ганчар, як заўсёды, чэканнымі фразамі абгрунтаваў свой выбар на карысць прэзідэнцтва вясковага дэпутата Лукашэнкі. Абгрунтаванне Ганчара аб народных чаканнях было праўдзівым, а вось падбор персанажа для рэалізацыі гэтых чаканняў выклікаў у мяне пачуццё жаху і роспачы.



Дагэтуль памятаю тое шчымлівае пачуцце  трывогі і нейкай безнадзейнасці, якое мяне тады апанавала.


У маіх вушах быццам бы зазвінеў агідны сіпаты голас. А перад вачыма паўстаў фрэнч  з чырвона-зялёным значком народнага дэпутата Беларускай ССР...


Той выступ Ганчара, асабліва ў асяроддзі свядомай беларускай моладзі, меў эфект  выбуху бомбы! Не магу дагэтуль пра гэта забыцца!


Мабыць, то і быў крах усіх маіх мараў, надзеяў і спадзяванняў , якія ўжо ніколі не спраўдзяцца у маім жыцці. Надыходзячы хуткі крах маіх мараў і штурхнуў мяне пайсці ў вялікую палітыку.


Хацелася хоць неяк супрацьстаяць таму ўсеагульнаму ачмурэнню, якое імкліва пакрывала ўсю Беларусь.


Да таго выступу Ганчара я яшчэ верыў, што Беларусь як дзяржава адбудзецца, што яе фундамент -- беларуская мова, на якой я выкладаў ў Беларускім дзяржаўным універсітэце міжнароднае права, запануе паўсюль.


Цяпер я ў гэта ўжо не веру. Бо разумею: пры маім жыцці наўрад ці ўжо паўсюль запануе беларуская мова і заквітнее Беларусь.  


Я не збіраўся ісці ў вялікую палітыку, бо мне вельмі падабалася мая праца ў БДУ, гутаркі з моладзьдзю і сівымі мудрымі прафесарамі... Але ж прыйшлося.  


Памятаю, што да таго выступу Віктара Ганчара па радыё мне здавалася, што хутка  буду прачынацца пад словы і музыку сапраўднага беларускага гімна, што "Магутны Божа" ці "Пагоня"  вось-вось  загучаць замест абрыдлага камуна-савецкага...


Ну а пра тое, што літаральна праз год, у 1995г. Лукашэнка знішчыць і фактычна забароніць дзяржаўныя бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" -- аб гэтым нават і падумаць не мог!


Я шмат разоў быў сведкам тыповых размоваў бабулек, жанчын і мужчын сталага веку -- гульцоў у даміно ля пад'ездаў перад выбарамі 1994г. Амаль  ўсе яны балбаталі пра выбары,  пра тое, што за " нашым Лукашэначкам з колхоза ёсць  Ганчар, Булахаў... і другія маладыя і разумныя дэпутаты".


Няўжо пра гэта ня ведалі і ня чулі ў штабах Пазняка ды Шушкевіча? І якім жа неразумным і недалёкім аказаўся тады Віктар Ганчар! Ну як жа можна было зрабіць стаўку на калгаснага палітрука-дэспата, якая аказалася для Віктара цаною ў жыццё!


І крый Божа, каб і Беларусь не заплаціла за яе такую ж цану!



Беларусь чакае расплата за памылку 1994г.


Віктар Ганчар і Дзмітрый Булахаў заплацілі за сваю жахлівую памылку 1994г. ўласным жыццём.


А дзяржава Беларусь пакуль што яшчэ плаціць. Плаціць прагнаму імперскаму суседу з Усходу за халяўныя нафту/газ. Плаціць так званай  доўгай "інтэграцыяй" з Расіяй.  


Або, прасцей кажучы, тым, што рукамі Лукашэнкі іягоных памагатых ва ўгоду імперскай Расіі ўжо амаль дашчэнту знішчаная і працягвае знішчацца беларуская мова --  падмурак, фундамент, на якім  трымаецца Беларуская дзяржава.


У дадатак да мовы Лукашэнка часова забараніў  і нацыянальныя  і дэ-юрэ дзяржаўныя сімвалы беларусаў -- бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". І гэты фактар хоць і меней за мову, але таксама садзейнічае выраджэнню недасфармаванай беларускай нацыі.


Лукашэнка ніяк ня ўцяміць, што людзям, якія машуць на ягоных "святах незалежнасці", на стадыёнах і г.д. чырвона-зялёнымі палотнамі савецкіх часоў(для мяне яны проста анучы), усё роўна, чым махаць. Дай гэтым людзям заўтра ў рукі расійскі трыкалор -- і ім яны таксама будуць махаць.  


Будзем змагацца!


Зараз склалася такая сітуацыя, што Лукашэнку і ягоным памагатым застаецца хіба што падняць рукі ўгору перад інтэграцыйным націскам Крамля.


Ня думаю, што Крэмль даруе Лукашэнку шматмільярдныя укладанні. Наўрад ці ў Крамлі будуць чакаць лукашэнкавай  смерці.  


Таму мне падаецца, што Лукашэнка бліжэйшым часам будзе здаваць Беларусь па кавалках, разлічваючы на літасьць Крамля. Можа, напрыклад, пайсці на увядзенне  расійскага рубля ці на нешта іншае...  


Але й такая "хітрая" і паэтапная здача суверэнітэту Беларусі ўжо не ўратуе  Аляксандра Лукашэнку, ягонае сямейства  і ягоную хеўру . А гісторыя ўжо пасылае праклён!  


Сапраўдныя беларусы, спадзяюся і веру ў гэта, у бліжэйшай гістарычнай перспектыве будуць змагацца. Будуць ваяваць. Мусяць змагацца і ваяваць за Беларусь.


За Беларусь без Лукашэнкі. І, крый Божа, каб у будучым Беларусь зноў не сутыкнулася з падобнага кшталту палітычнымі персанажамі на ўладным Алімпе.


Гэта помста Зянону Пазняку і БНФ. 06.04.2019

Курапацкім  крыжаломам напярэданні галоўнага свята ўсіх прыхільнікаў
хрысціянства -- Вялікадня(Пасхі), Аляксандр Лукашэнка хацеў адпомсціць Зянону Пазняку і ўсім тым, хто ствараў Беларускі Народны Фронт.


Але па факту Лукашэнка адпомсціў усяму беларускаму народу. На старасць гадоў у беларускага дыктатара працягвае  "ехаць дах". Ён паступова вар'яцее, і неўзабаве ўпадзе ў старэчы маразм.



У артыкуле "Бегство Лукашенко" я распавядаў, як Лукашэнка ўцякаў на "Месэдэсе" ад уласнай аховы ў 1995-м, бо яго ахапіў страх з-за факта прадастаўлення Злучанымі Штатамі  Амерыкі  палітычнага прыстанішча Зянону Пазняку і Сяргею Навумчыку.


У кожным  гістарычным злачынстве, якое ўчыняе ўсяўладны дыктатар, трэба заўсёды шукаць матыў.


Як юрыст, як знаўца спецыфічных, асаблівых характарыстык Аляксандра Лукашэнкі як усяўладнай асобы, мушу паведаміць беларускім праваахоўным органам, якія будуць расследаваць учыненнае ў Курапатах злачынства, пра галоўны матыў, якім кіраваўся Лукашэнка, аддаючы загад на знос Курапацкіх крыжоў.


Гэта помста. Даўняя, шматгадовая, паталагічная помста   Пазняку  і  ўсім  гэтым  "свядомым"  як матыў   зараз, у перыяд веснавога абвастрэння, рухала  думкамі  дэспатычнай  псіхапатычнай натуры  Лукашэнкі .  Так,  ён   вырашыў проста  паказальна  адпомсціць   "Позняку и всем этим "свядомым нацменам".   Гэта і ёсць галоўны матыў вычварнага   вандалізму  ў Курапатах, здзейсненага па загаду Лукашэнкі.  Масква і  Крэмль з амбасадарам  Бабічам  тут ні пры чым.



Чаму Лукашэнка помсціць?



Таму  што помслівасць --гэта ня толькі рыса  характару Лукашэнкі.  Гэта яго генатып. Генатып чалавека-тырана, дэспата ў сям'і і, наогул, ў любым калектыве.


Курапацкі крыжалом напярэданні Вялікадня(Пасхі) -- гэта асабістая помста Аляксандра Лукашэнкі Зянону Пазняку  як палітычнаму лідэру і як археолагу, з імем якога звязанае адкрыццё Курапат.


Курапацкі крыжалом -- гэта помста ўсім тым, хто ствараў  Беларускі Народны Фронт і падтрымаў у якасці яго лідара Зянона Пазняка.


Многія, але, мабыць, яшчэ далёка ня ўсе ведаюць, што саўгасны дырэктар і дэпутат Вярхоўнага Савета Лукашэнка напачатку 90-х ХХ стагоддзя ўсяляк імкнуўся быць навідавоку. Ён імкнуўся тады адціснуць убок самога Зянона Пазняка і ўзначаліць апазіцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання.


У 1991-м Лукашэнка напрасіўся ў асістэнты да двойчы героя СССР, касманаўта і дэпутата Кавалёнка, каб урачыста ўнесці ў Авальную залу Вярхоўнага Савета Беларусі дзяржаўны бела-чырвона-белы сцяг. Такім крокам Лукашэнка разлічваў замалявацца і засведчыць сябе ў якасці аднаго з галоўных лідараў апазіцыі.



Але разлікі Лукашэнкі ня спраўдзіліся. З-за паталагічнай ляноты і нежадання працаваць, з-за недахопу розуму і памкнення падвучыць беларускую мову, каб вольна ўмець на ёй размаўляць, Лукашэнка так і ня стаў ані лідэрам апазіцыі БНФ, ані, тым больш, лідэрам беларускай нацыі.




Крыжалом у Курапатах як гістарычнае злачынства.


Знос Курапацкіх крыжоў -- гістарычнае злачынства Лукашэнкі і яго рэжыму. Яно стаіць у адным шэрагу з іншымі найбольш жахлівымі злачынствамі рэжыму: увядзеннем спецназа ў парламент і збіццём дэпутатаў апазіцыі  12 красавіка 1995г., учыненнем дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996г., вынікам якога стала канчатковае ўсталяванне дыктатуры.


У гэтым жа шэрагу -- арганізацыя палітычных выкраданняў і таемных забойстваў  у 1999-2000гг.,  жорсткае падаўленне мірных пратэстаў   грамадзянаў супраць фальсіфікацый выбараў у 2006-м і 2010м. Усе пералічаныя злачынствы  пасля падзення рэжыму Лукашэнкі абавязкова будуць расследаваныя.



Як і Лукашэнка, я не з'яўляюся адэптам хрысціянскай ці іншай рэлігіі, бо я -- агностык.


Але, ў адрозненне ад Лукашэнкі, я шаную беларускую гісторыю з усімі яе трагічнымі старонкамі.


Я шаную   беларускую мову і штодзённа на ёй размаўляю. Я шаную беларускія традыцыі і звязаныя з імі гістарычныя і па-ранейшаму дэ-юрэ дзяржаўныя сімвалы  Беларусі -- бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня"...


Усё вышэйпералічанае Аляксандр Лукашэнка зняважыў  і, фактычна, забараніў. Цяпер у гэты спіс дадаліся й Курапаты.


Лукашэнка й дагэтуль, мабыць, думае, што ён такім чынам помсціць Зянону Пазняку і Беларускаму Народнаму Фронту. А насамрэч, як выраджэнец, ён ужо помсціць беларускаму народу.



Ланцужок здзейсненага злачынства.



Лукашэнкаўскія чынушы (Качанава ды іншыя) па ланцужку давялі загад свайго начальніка Лукашэнкі ў Мінлясгас. І, вядома ж, у МУС. І так па ланцужку аж да Бараўлянскага спецлясгаса  і бульдазерыста, што зносіў крыжы.


Умоўныя качанавы ды іх памагатыя даводзілі, што Курапаты, маўляў, гэта "бэнээфаўшчына і несанкцыянаваныя могілкі, якія павінны быць знесеныя".


Мяне зараз здзіўляе хіба што тое, чаму лукашэнкаўскі загад ня быў выкананы да канца? Чаму ня знеслі ўсе крыжы, а толькі тыя, што абазначалі мяжу ўрочышча? Мабыць, чагосьці яшчэ баяцца?  

Курапацкі крыжалом, здзейснены  5 красавіка 2019 года -- яшчэ адна чорная старонка беларускай гісторыі. Яна вызначае глыбіню маральна-культурнага падзення лукашэнкаўскай улады і ўсяго беларускага грамадства.  



Постскрыптум: "Исчадие ада".


У мяне назаўсёды ў памяці засталася размова з Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Яна адбылася неўзабаве пасля  70-гадовага юбілею Народнага паэта на прыступках Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці ў Мінску.


Я запытаўся ў Ніла Сымонавіча: " Як Вы ахарактарызуеце Аляксандра Лукашэнку як асобу і лукашызм  як з'яву ў беларускім грамадстве?"


Ніл Сымонавіч Гілевіч задумаўся і потым, пасля паўзы, адказаў: "Ведаеце, мне нават цяжка падабраць адпаведныя словы ў беларускай мове. Гэта нейкае "исчадие ада".


Курапацкім крыжаломам Лукашэнка плюнуў у твар усяму беларускаму народу. Лукашэнка ня ёсць беларус! Лукашэнка -- выраджэнец, мутант,  кандовы савок.


Няма сумневу ў тым, што Аляксандр Лукашэнка неўзабаве сыйдзе з гэтага зямнога жыцця.  


Гэта пра яго, Лукашэнку,  пра  выраджэнцаў-здраднікаў, што зносілі Курапацкія крыжы,  Народны паэт Беларусі Ніла Гілевіч  напісаў   прарочыя словы:  

" І здраднікаў косці адрыне Зямля,
І іх парасцягнуць сабакі".


Патаемныя мары і спадзяванні А. Лукашэнкі. 31.10.2018

"Сэрца болей нішто супакоіць не можа,
Аднаго кожны дзень я жадаю ў жыцці.
Каб за Сонцам услед мне...".   Пятрусь Броўка


"...Застацца прэзідэнтам да самай смерці сваёй",- прыкладна так рыфмуюцца ў падсвядомасці Аляксандра Лукашэнкі яго патаемныя мары і спадзяванні. А пасля мяне хоць патоп.



Ніякіх  іншых мараў, іншых жыццёвых планаў і спадзяванняў у імкліва старэючага Аляксандра Лукашэнкі ўжо няма і быць ня можа. Яго насамрэч ужо не хвалюе не толькі лёс нашай краіны -- Беларусі, але й лёс уласных дзяцей. Па цалкам аб'ектыўных, так бы мовіць, фізіялагічных прычынах.


Бараніць уладу любой цаной.


Сярод звычайных, эгацэнтрычных, не абцяжараных па жыццці аніякай ідэяй і бязьмерна цынічных людей, да якіх, безумоўна, адносіцца і Лукашэнка, у старасці няма і ня можа быць іншае мары, апроч клопату пра самога сябе.  


Лукашэнка цудоўна разумее, што з моманту ўчынення ім дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996г. і зруйнавання ўсіх дзяржаўных інстытутаў (інстытуту выбараў, падзелу уладаў і г.д.) адносную бяспеку яму можа забяспечыць  толькі неабмежаваная ўлада над іншымі людзьмі.


Лукашэнка ўсведамляе, што значная частка людзей ужо амаль чвэрць стагоддзя  сніць і марыць хутчэй пабачыць яго калі не ў жалезнай клетцы на лаве падсудных, дык хаця б у труне.


І  менавіта таму ён, Аляксандр Лукашэнка, калісьці народжаны па-за шлюбам просты сялянскі хлопец, у маленстве і ў падлеткавым узросце безбацькоўшчына з крыўднымі мянушкамі, выпадкова дарваўшыся да вяршыні ўлады ў Беларусі ў 1994-м, цяпер, праз чвэрць стагоддзя,  ужо проста мусіць бараніць сваю неабмежаваную ўладу. Бараніць любой цаной, не зважаючы ні на што.


Сёння толькі ўлада над людзьмі на гэтым кавалку зямлі пад назовам Беларусь здольная захаваць яму жыццё. Ніхто і нішто, нават  умоўны Сусветны страхавы поліс ужо не можа гарантаваць ягонай бяспекі! Такую гарантыю дае толькі магчымасць да самай смерці  кіраваць людзьмі і распараджацца іх лёсамі на гэтым кавалку Зямлі.


Спроба самаідэнтыфікацыі А.Лукашэнкі.


Як чалавек з невысокім інтэлектам, народжаны ў савецкай Беларусі, якому з маленства не прывілі любоў да сваёй мовы, нацыянальную свядомасць і пачуццё прыналежнасці да беларускай нацыі(хай сабе і недасфармаванай), Аляксандр Лукашэнка так і не ўсвядоміў сябе беларусам.


І таму ён з самага маленства адчуваў такі вось комплекс непаўнавартасці. І ўвесь час  спрабуе сябе самаідэнтыфікаваць у якасці   "рускага са знакам якасці". З-за гэткага комплексу непаўнавартасці Аляксандр Лукашэнка амаль чвэрць стагоддзя знішчаў усё беларускае ў Беларусі.


І ўжо ў старасці зразумеў, што дайшоў да мяжы,  за якой -- бездань і страта  краіны.


Страта краіны пад назвай Рэспубліка Беларусь, якой пакуль што кіруе Аляксандр Лукашэнка, азначае і страту ягонае ўлады. А страта ўлады  азначае для яго смерць. Такая вось узаемасувязь.


Адсутнасць прасторы для лавіравання



У Лукашэнкі ўжо няма ніякай прасторы для лавіравання. Ён нават не кантралюе цалкам сваю ахову, у якой амаль кожны другі -- яшчэ і агент ФСБ. Што ж  датычыць урада Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ягонай  адміністрацыі -- там  сітуацыя  пакуль што няпэўная. І цяжка сказаць, каго там болей: прадстаўнікоў "рускага міра" і агентаў ФСБ  ці ўсё ж беларусаў-дзяржаўнікаў.


Нікога ўжо не здзівіла тое, што  нават перад прэзідэнтам Украіны  П.Парашэнкам падчас нядаўняй "тусоўкі" ў Гомелі А.Лукашэнка  ці то па загаду  з Масквы, ці то па ўласнай ініцыятыве нёс агідную для Украіны нуду  пра "дружбу на траіх".  Знаходзячыся на ўтрыманні мацнейшага ва ўсім  "брата", нельга паводзіць  і пачуваць сябе  вольна. Крок  улева-управа ці ўбок -- і можна датэрмінова апынуцца на набёсах.  Пасля Солсберы Лукашэнка гэта асабліва адчуў.


Беларусь -- гэта ўжо не дзяржава дэ-факта, а кавалак зямлі, падкантрольнай Крамлю. На якой, як мяркуюць у Крамлі, жывуць  тыя  ж "рускія", ну, можа з невялікімі хібамі.  Гэтыя хібы можна будзе  выправіць пры вострай патрэбе.  Напрыклад, напярэданні 2024г., калі трэба будзе канстытуцыйна замацаваць статус пажыццёвага прэзідэнта Расіі для Уладзіміра Пуціна.


І  найлепшым варыянтам для Крамля тут бачыцца далучэнне да Расіі гэтага нібыта "беларускага" кавалка "рускай" зямлі па крымскаму варыянту. Вядома, што Крэмль зробіць усё так, каб не атрымаўся "Данбас-2". І таму паспрабуе загадзя дамовіцца  на гэты конт з Захадам.

 
Размен Данбаса на Крым.


Пакуль што пра такі размен у палітычных колах Еўропы гучна не гавораць. Але расійскія лабісты ва ўсім свеце працуюць у гэтым накірунку.

Паспрабуем ўявіць найгоршае, а менавіта:  сапраўды адбываецца такі размен. Ён прадугледжвае вывад расійскіх войск з Данбаса з усталяваннем на ўсёй яго тэрыторыі украінскага кантролю і суверэнітэту. А  ўзамен Захад  паступова здымае з Расіі санкцыі і прызнае  Крым за Расіяй.


Калі так здарыцца, дык увогуле  далучэнне Беларусі да Расіі па крымскаму варыянту стане  ўжо непазбежным. І гэткі аншлюс адбудзецца хаця б як імперская тэрытарыяльная кампенсацыя за адданы назад Данбас.


Лукашэнка жахліва баіцца такога сцэнару развіцця падзей. І ад страху сам сябе заспакойвае: маўляў, усё гэта лухта і трызненне, такога проста быць не можа. Ну не можа, і ўсё!


Таму варта яшчэ раз выразна падкрэсліць: Лукашэнка за 25 гадоў панавання і знішчэння ўсяго беларускага ў Беларусі ўжо дайшоў да краю. Мы з'яўляемся сведкамі  таго, што Лукашэнка не можа нават з паперкі прамаўляць па-беларуску. І не таму, што развучыўся і пад старасць зусім здурнеў. А таму, што страшэнна баіцца, што ў Крамлі ня так зразумеюць.


У цяперашні час існаванне Беларусі дэ-юрэ як дзяржавы залежыць  выключна  ад падзеяў вакол Украіны і міжнароднай кан'юнктуры.


Лукашэнка ўжо баіцца выступаць на мове 22.04.2014 12

Мэтай гэтага артыкула не ёсць каментаванне чарговага паслання А. Лукашэнкі свайму кішэннаму “парламенту”. Каментаваць яго чарговае бла-бла-бла будзе занадта вялікім гонарам для беларускага правіцеля ад аўтара гэтых радкоў. Як юрыст і спецыяліст у галіне міжнароднага права я ніколі без крайняй патрэбы не ўжываў слова “прэзідэнт” у адносінах да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І адначасова тлумачыў, чаму, заўжды захоўваючы юрыдычную дакладнасць і карэктнасць фармулёвак. Але гаворка сёння пойдзе не аб тым. Пагаворым і паспрабуем зразумець, чаму за дваццаць(!!!) гадоў кіравання Лукашэнка так і не стаў карыстацца мовай свайго народа. Народа, які калісьці ў далёкім 1994-м абраў яго на вышэйшую службовую пасаду ў дзяржаве  - пасаду Прэзідэнта краіны. На жаль, не ацаніў Лукашэнка гэты народны давер. Не дапамаглі яго перавыхаванню і тыя палітыкі—“маладыя ваўкі”, якія прывялі яго да ўлады. Хаця, памятаецца, у першыя гады прэзідэнцтва знакавыя выступы Лукашэнкі былі на беларускай мове. І тады яшчэ ў некаторых было нейкае спадзяванне, што вось-вось Лукашэнка вывучыць мову ўласнага народа, і беларуская мова стане і яго мовай – рабочай мовай Прэзідэнта Беларускай дзяржавы. Але гэтага не адбылося па розных прычынах. Сярод гэтых прычын, на мой погляд, трэба выдзеліць дзве асноўныя. Першая – гэта глыбокая крыўда на апазіцыю Беларускага народнага фронта ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання і асабіста на яе лідэра—Зянона Пазнняка. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка ўсяляк імкнуўся ўзначаліць апазіцыю БНФ у тым Вярхоўным Савеце. Нягледзячы на тое, што не меў дастатковага аўтарытэту, не мог выступаць па-беларуску, ды й увогуле выглядаў у вачах дэпутатаў неяк пацешна. А ўсе памкненні і намаганні дырэктара саўгаса “Гарадзец” са шклоўшчыны і адначасова дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліць апазіцыю БНФ у парламенце былі неяк спынены фразай Зянона Пазняка: “Не чапайце гэтага юродзівага!” ( Пра гэты выпадак мне калісьці распавёў былы дэпутат таго парламента Лявон Дзейка). Прымаючы да ўвагі злапамяцтва і помслівасць як рысы характару А.Лукашэнкі няцяжка зрабіць лагічную выснову, што грэблівае, амаль ненавіснае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да БНФ і да беларускай мовы як “мовы БНФ” бярэ свой пачатак недзе з тых пост-перабудовачных часоў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Пад час адной з гутарак Віктар Ганчар прыводзіў мне прыклад, што напачатку, здавалася б, удалося пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці карыстацца мовай свайго народа, каб, як выказаўся Ганчар, “не позориться перед миром”. І ўрачыты выступ А.Лукашэнкі на Дзень незалежнасці 27 ліпеня 1994г. (і некаторыя пазнейшыя выступы) прагучалі на добрай беларускай мове, хоць з паперкі. Але на гэтым усё і скончылася. І вось тут, як мне падаецца, неабходна выдзеліць другую прычыну грэблівага стаўлення А.Лукашэнкі да беларускай мовы. Яна крыецца ў савецкім выхаванні Лукашэнкі, вясковага хлопца, які размаўляў на "калгаснай” мове, трасянцы. І вось гэтае імкненне “пазбавіцца калгаснасці” падчас навучання ў горадзе Магілёве, службы ў войску і на ўсіх далейшых пасадах згуляла з Аляксандрам Лукашэнкам вельмі злы жарт. І падобна на тое, што вось гэты другі чыннік, што дыктуе грэблівае стаўленне да мовы свайго народа, згуляе вырашальную ролю ў далейшым трагічным палітычным і жыццёвым лёсе Аляксандра Лукашэнкі. Тое, што Аляксандра Лукашэнку чакае трагічны жыццёвы, палітычны, і, што бясспрэчна, гістарычны лёс – у гэтым у мяне няма ніякага сумневу. Колькі чакаць?—запытаецеся вы. Адкажу банальна: гэта ведае Бог, але гэта можа здарыцца ў любы момант. Цяпер, калі на фоне расійскай экспансіі ва Украіне выяўляецца, што Беларусь – квазі-дзяржава, а фактычна—расійскі пратэктарат, падаецца, што А.Лукашэнка не толькі не можа, але ўжо і баіцца карыстацца беларускай мовай.
Бо гэта ўжо можа выклікаць яго неадкладнае зліцце Крамлём “ва утыль”. Ён, як раб Крамля, ужо нават у гэтым, здавалася б, неад’емным праве чалавека карыстацца мовай свайго народа, не адчувае сябе самастойным. Ня кажучы ўжо аб тым, каб прымаць будзь-якія самастойныя рашэнні без узгаднення з Масквой. І толькі ў такім стане ён патрэбны Пуціну і яго хаўруснікам. І абсалютна мае рацыю расійскі палітык-дысідэнт Валерыя Навадворская і некаторыя расійскія журналісты ( Г.Пасько і інш.), якія сцвярджаюць, што толькі такі Лукашэнка, г.зн. раб Крамля, “не будет снят Кремлём с довольствия».
Страницы: 1
Читать другие новости