З'яўляючыся безнадзейным аптымістам, я заўжды імкнуся сам сабе адказаць на гэтае пытанне так: "Не дачакаецеся!".
Набярыцеся, калі ласка, цярпення, і прачытайце гэты мой трохі даўгаваты пост да канца. Ён сёння актуальны. І, прачытаўшы, самастойна дайце сабе адказ на пытанне, пастаўленае ў загалоўку.
Бо ў мяне, безнадзейнага аптыміста, як бачыце, пэўнага адказу на яго пакуль няма.
Пра светлую будучыню.
"Светлая будучыня" -- кароценькі тэкст з сумнай ды горкай канстатацыяй праўды ад Уладзіміра Някляева пра сённяшнія рэаліі ў Расіі і Беларусі.
Паспрабую ўслед за Паэтам і ад сябе нешта дадаць. Бо, як кажуць, накіпела.
Маю надзею, што сёй-той з сённяшняй абоймы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў гэты тэкст пачытае. Потым прызадумаецца і спытае ў самога сябе: "А ці патрэбен я буду тады, калі "рускі мір" канчаткова паглыне Беларусь? І дзе будуць служыць і за што паміраць мае дзеці і ўнукі?".
Літаральна ўсё для рэалізацыі такога жахлівага для Беларусі сцэнару Аляксандр Лукашэнка ўжо падрыхтаваў. Лукашэнка сёння пакуль што пантуецца перад Пуціным, бо не хоча заўчасна памерці пры рэалізацыі сцэнару з мяккай інкарпарацыяй Беларусі ў склад Расіі.
За 25 гадоў свайго аднаасобнага панавання сённяшні начальнік беларускага чынавенства і "усяе Беларусі" ўгнаіў беларускую глебу бацыламі "рускага міру" так, што беларускага гною ў ёй амаль не засталося.
Сёння ў Расіі амаль усе палітыкі пасля ўсяго, што зрабіў з Беларуссю і беларусамі Лукашэнка, ужо адкрыта кажуць: " Беларусь(Белоруссия) -- это искуственное образование", што "это исконно русская земля, где все говорят по-русски".
Услед за Лукашэнкам у Расіі тлумачаць лукашэнкаўскі тэзіс пра беларусаў як "русских со знаком качества". Маўляў , сам Лукашэнка, "не умея разговаривать на западно-русском диалекте, фактически признал, что белорусского языка( мовы) и белорусов как нации не существует" .
Ня мае сэнсу болей цытаваць прыніжальныя і ганебныя для сапраўднага беларуса выказванні Лукашэнкі пра беларусаў і беларускую мову, гэтаксама як і высновы наконт Беларусі і беларусаў ідэолагаў так званага "рускага міру".
Я сёння ўпэўнены ў адным: калі Беларусь захаваецца як дзяржава, у гісторыю Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўвойдзе як няўдалы расійскаімперскі праект Крамля.
Самаўлюбёны невук.
Сам па сабе А. Лукашэнка -- абсалютна нікчэмная асоба. Звычайны калгасны хам, нягоднік і дробны злодзей, што , будучы дэпутатам, абакраў у самалёцё сцюардэсу, што...
Зрэшты, пра яго столькі ўжо сказана, што, здаецца, няма чаго й дадаць. І ўсё ж...
У адрозненне ад многіх палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў, я ніколі не называў нашага калгаснага "правадыра" паважліва, г.зн. па імені і па-бацьку. На мой погляд, стасоўна з такімі паняццямі, як "адукацыя", "навука" і "культура" імя і асоба Аляксандра Лукашэнкі як чалавека ніяк не карэлюецца.
Асобу А. Лукашэнкі вельмі трапна ахарактарызаваў напярэданні прэзідэнцкіх выбараў у чэрвені 1994г. адзін з лідараў БНФ, эканіміст Станіслаў Гусак(ужо нябожчык).
У артыкуле на рускай мове ў газеце Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў "Добры вечар" Станіслаў Гусак ахарактарызаваў тады кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку як "самовлюблённого неуча".
У тым адмыслова рускамоўным артыкуле, які захоўваецца ў маім архіве, Станіслаў Гусак прасіў нават у Бога напярэданні выбараў "спослать беларусскому народу прозренье". Але пан Бог той заклік, відаць, не пачуў.
Асоба Аляксандра Лукашэнкі як чалавека несумяшчальная з паняццем "культура". Мне, напрыклад, брыдка глядзець тэлерэпартажы БТ, дзе Лукашэнка на чарговай нарадзе звяртаецца да сваіх міністраў як да халопаў, па-руску: "Мужики!".
А тыя міністры, як сапраўдныя халопы, схіліўшы галовы долу і баючыся гневу гаспадара, крэмзаюць нешта у сваіх нататніках. Крэмзаюць, вядома ж, па-руску, бо іх гаспадар рускамоўны, і па-беларуску ён размаўляць ня ўмее. Хіба што кідацца асобнымі беларускімі зняважлівымі словамі і выразамі, скіраванымі ў бок апазіцыі, "свядомых" і г.д.
Яго прымітыўны, досыць часта вульгарны "льющийся поток сознания", старанна канспектуюць чыноўнікі. І часам асобныя перлы той "плыні лукашэнкаўскай свядомасці" трапляюць ў прэсу, з іх робяць калажы, фотажабы, інтэрнет-мемы і г. д. Узгадаем, напрыклад, такое: "тёлки на заднем сидении"... Гэта ўзровень калгаснага брыгадзіра, які Лукашэнка так і не перасягнуў.
Такі вось стыль размоваў і ўзаемаадносінаў паміж вярхоўным начальнікам і яго падначаленымі( па сутнасці,халопамі )унутры сённяшняй лукашэнкаўскай улады. Стыль ня новы, запазычаны з Усходу, з Візантыі і Расійскай імперыі часоў прыгоннага права.
Сумна, але надзвычай трусьлівыя беларускія чыноўнікі, здаецца, гэткі калгасны стыль паводзінаў свайго начальніка прынялі. Прынамсі, пасля 1996г. не назіралася выпадкаў, каб нехта яму запярэчыў.
І пакуль А.Лукашэнка моцны, беларускія чыноўнікі будуць глядзець свайму найвышэйшаму начальніку, як кажуць, ў дупу. І час ад часу будуць папраўляць пад ёй фатэль(крэсла).
Ну і, вядома ж, маляваць патрэбныя яму працэнты на "яго выбарах". І так, мабыць, будзе да самага скону Лукашэнкі, які, як мне падаецца, ужо не за гарамі. Спадзявацца ж на тое, што ў Крамлі вырашаць зняць Лукашэнку з пасады, пакуль што не выпадае.
Бо каб хацелі -- ўжо б даўно знялі. І замянілі на кагосьці іншага. Але ж пакуль ніяк ня могуць знайсці патрэбную кандыдатуру для завяршальнага этапу інтэграцыі -- інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі. У Крамлі спадзяюцца завяршыць інтэграцыю/інкарпарацыю Беларусі, як кажуць, бяз шуму і пылу. З Лукашэнкам або без яго ў недалёкай будучыні.
А зараз пакуль што падобна на тое, што Крэмль яшчэ трохі папужае Лукашэнку, адцісне чарговыя ласыя для расійскіх алігархаў беларускія эканамічныя актывы -- і выпіша яму ўзамен ярлык на царства ў Беларусі на чарговую пяцігодку.
Кажу сёння ўсім маім чытачам, ўсім палітыкам і аналітыкам: сёння без папярэдняга дазволу Уладзіміра Пуціна Лукашэнка ніколі не наважыцца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. У сённяшняй сітуацыі, у якую Лукашэнка сам сябе загнаў, ён усведамляе, што любы такі крок азначае для яго непрызнанне яго "выбараў" Крамлём.
Непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі з боку Крамля і яго гаспадара Уладзіміра Пуціна -- гэта ня толькі палітычная, але, з вялікай верагоднасцю, і фізічная смерць Лукашэнкі.
Мой безнадзейны аптымізм.
Я невыпадкова ўжыў супярэчлівы тэрмін "безнадзейны аптыміст". Бо цалкам цвяроза гляджу на сённяшнія рэаліі.
Тыя падзеі паталагічнага кшталту, што адбываюцца ў суседняй Расіі, выклікаюць трывогу. Там, здаецца, іхні прэзідэнт Уладзімір Пуцін услед за нашым калгасным недарэкам таксама вырашыў стаць пажыццёвым царом.
Я цалкам цвяроза спрабую глядзець на сённяшнія трывожныя палітычныя рэаліі, якія тычацца найперш Расіі, Беларусі і Украіны. Каб зрабіць як мага больш дакладны прагноз падзеяў ня толькі на бліжэйшую будучыню, але й на перспектыву.
І як беларускі палітык і палітычны аналітык, я назіраю за людзьмі, найперш за моладдзю і дзецьмі, і іх паводзінамі. І што ж я бачу і назіраю ледзь не на кожным кроку свайго жыцця?
Калі казаць шчыра, без ілжыва-аптымістычнага пафасу, дык назіраецца ўсё больш сумная з кожным днём карціна. А менавіта: татальная моўна-культурная дэградацыя насельніцтва сённяшняй Беларусі як вынік усёй папярэдняй палітыкі Лукашэнкі.
Прыслухоўваюся часам да дзіцячых размоваў. Слухаю, як шчабечуць паміж сабой дзеці ў ледзь не адзінай на ўвесь Мінск беларускамоўнай гімназіі, дзе навучаецца і мая дачка. І бывае так, што пасля падслухоўвання дзіцячых размоваў ахоплівае роспач. Ад адчування нейкай безнадзейнасці.
Бо амаль ня чуецца ў тых дзіцячых размовах нашых, між іншым, лепшых беларускіх дзетак нашай беларускай мовы! І нават трасянкі ня чуецца! У маім маленстве і юнацтве(1980-я гады ХХ ст.), калі я прыехаў на вучобу ў Мінск, такога і блізка не было.
Шмат хто з нас гаварыў тады па-беларуску або на трасянцы. Прычым нашая трасянка была з большага беларускай, а не спрэс рускай з беларускім акцэнтам, як у Лукашэнкі. Часам нас, юнакоў і дзяўчат з вёсак, цвялілі, у жарт называлі "дзярэўняй"...
Так, з нас кпілі, мы крыху крыўдзіліся за гэта. Але ж мова тады яшчэ жыла.
І зусім нядзіўна, што напачатку 90-х, калі моўныя карані яшчэ не былі засушаныя, назіраўся ўздым, які пацягнуў за сабою стварэнне Беларукскага Народнага Фронту і Беларускае нацыянальнае Адраджэнне.
Дастаткова згадаць, што на пачатак 1995г. больш за 80% беларускіх навучальных устаноў ужо працавала па-беларуску. Беларускі Парламент -- Вярхоўны Савет, а таксама чыноўнікі ўсіх узроўняў мусілі і, з большага, імкнуліся выконваць Закон аб мовах 1990г.
Праз год пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі(1995г.) працэс беларусізацыі Беларусі гвалтоўным чынам быў спынены. А яшчэ праз год, у лістападзе 1996г. у выніку дзяржаўнага перавароту, учыненага ўладнай групоўкай Лукашэнк пры фактычнай падтрымцы Крамля , ў Беларусі была канчаткова ўсталяваная антыбеларуская дыктатура, якая трывае й дагэтуль.
Сёння ў 2020м годзе з горыччу мушу канстатаваць, што беларуская мова ў Беларусі амаль знікла. Нават у вёсках яна або ўжо памерла, або дажывае свой век у вуснах нашых бабуляў і дзядуляў.
Дзеля аб'ектыўнасці зазначу, што рэшткі жывой беларускай мовы дзе-нідзе яшчэ спрабуюць адрадзіцца. І ў маленькіх тусовачках і асяродках у гарадах і мястэчках Беларусі яе часам можна пачуць.
Але такіх тусовак няшмат. З большага беларуская мова амаль памерла. А разам з мовай памірае і дзяржава.
І вось так, паступова, крок за крокам, год за годам, дзень за днём Беларусь канае. Памірае на чале з калгасным вар'яцеючым камуна-савецкім правадыром з мінулага стагоддзя.
За якой моладдзю будучыня?
Кажуць, што будучыня -- за моладзьдзю. Гэта цалкам лагічна, і гэта, безумоўна, так.
Але задамо сабе пытанне: "Якое пакаленне моладзі вырасла ў Беларусі за 25 гадоў панавання Лукашэнкі?". А стрыжнем ягонай палітыкі, нагадаю, была і застаецца татальная русіфікацыя беларускага насельніцтва замест яго беларусізацыі.
Калі шчыра і, адначасова, дыпламатычна, дык мой адказ, за рэдкім выключэннем, будзе такі: "НІЯКАЕ".
То бок, мы маем сёння загубленае, культурна і моўна пакалечанае пакаленне людзей, якія нарадзіліся і выраслі пры Лукашэнку ва ўмовах татальнай русіфікацыі, несвабоды і суцэльнай хлусні. За невялічкім, у некалькі працэнтаў(адсоткаў) ад агульнай колькасці, выключэннем.
Калі і ёсць у Беларусі будучыня, дык яна за тымі невялічкімі купкамі моладзі, што гуртуюцца сёння пад "Пагоняй", бела-чырвона-белымі сцягамі і дзе размаўляюць па-беларуску.
Сённяшнюю канфармісцкую брсмаўскую моладзь, якая складае, на жаль,пераважную большасць і якая маша на стадыёнах і пад час рэжымных святаў лукашысцкімі сімваламі камуністычнай эпохі, патрэбна сур'ёзна лячыць. Бо яна інфікавана гібрыдам своеасаблівага каронавірусу, які ўвабраў у сябе жывёльны страх і "рускі мір" у адным флаконе.
Пры будучых узрушэннях і забурэннях разлічваць на такую моладзь, як сведчыць вопыт крымска-данбаскай часткі Украіны, бессэнсоўна. Яна бараніць Беларусь не будзе, і хутчэй схаваецца ў бульбу ці, нават, здрадзіць Беларусі і стрэліць ёй у спіну.
Дэградацыя ў музычнай сферы.
У музычнай сферы жыцця сённяшняга беларускага грамадства (а музыка, як і мова -- душа народа) назіраецца вельмі небяспечны трэнд з арсеналу "рускага міру".
У моду уваходзіць амаль спрэс "русскоязычный" электронна-музычны прымітывізм брыдотнага зместу.
Якое "музло"( які красамоўны тэрмін!) пераважна слухае сённяшняя моладзь? І што ў ім яна чуе? Маецца на ўвазе як расійская, так і ў значнай ступені ,беларуская моладзь. Адказ на гэтыя пытанні знайсці няцяжка: дастаткова зазірнуць на рэкламныя афішы, пагугліць у інтэрнэце і падзівіцца колькасці праглядаў відэакліпаў таго або іншага расійскага так бы мовіць, музыкі(спевака) або музычнага гурта.
Хай мяне палічаць "эстэтам і рэтраградам", але я катэгарычна не прымаю многія сённяшнія "творы" топавых , суперпапулярных у моладзі(і ня толькі) расійскіх гуртоў і асобных выканаўцаў.
Возьмем, напрыклад, "русскоязычную" папсу, рок, шансон або супермодны сёння музычны стыль -- рэп. І што ж бачым, што чуем?
Сёння ў моладзі ў трэндзе ўсялякія "воровайки", "шнуровы, элджеи и прочие бузовы". А ў тэкстах твораў таго ж гурта "Ленинград" з салістам Шнуравым, або ў песнях суперпапулярнага рэпера Элджэя -- амаль спрэс прымітывізм і так званы "русский мат". Які, дарэчы, ўжо стаўся ў Расіі амаль што нормай "современного русского языка".
Забараніўшы пасля прыходу да ўлады ў сярэдзіне 90-х ХХст. беларускую мову, нацыянальныя сімвалы і ўсё беларускае ў Беларусі, Лукашэнка і ягоная хеўра пасялілі ў галовы і душы беларусаў замест беларускай мовы і беларускай трасянкі "великий и могучий русский язык".
А разам з экспансіяй у Беларусь "русского языка" прыйшоў і так званы "русский мир" замест беларускага.
Сёння ў "русскоязычной" маладзёвай мас-культуры пануе прымітывізм. Часам грубы, брыдкаслоўны. Прымітывізм, які апелюе да агульных інстынктаў "хома-недасапіенса", г.зн. чалавека-неандэртальца ці, хіба што, краманьёнца.
І ўсё ж пра мой аптымізм.
Пакуль вось усё пра безнадзейнасць пісаў. "А дзе ж пра аптымізм?", -- запытаецца чытач.
Мой аптымізм палягае на тым, што Лукашэнка, Пуцін і ім падобныя персанажы, на шчасце, ня вечныя. Яны даволі старыя і ўжо хутка сыйдуць.Карацей, памруць. Ды й чалавечае жыццё, яго развіццё і ўсе жыццёвыя працэсы сёння больш імклівыя, чым яшчэ некалькі гадоў таму.
А з павышэннем правасвядомасці людзей у цывілізаваных краінах, з'яўленне такіх істотаў ва ўладзе станецца немагчымым.
Мне як чалавеку, які яшчэ не надта стары, і які быў сведкам распаду "непарушнай" імперыі зла -- СССР, хацелася б пад старасць усё ж застаць тыя працэсы, якія ўжо выспяваюць. І якія непазбежна адбудуцца на абшарах сённяшняй Расіі і маёй Беларусі.
Я веру ў навуку. Я веру ў гістарычныя заканамернасці і працэсы развіцця чалавека і чалавечага грамадства. І з гэтых пазіцыяў магу сцвярджаць, што будучыня -- за палітычнымі нацыямі. І сярод якіх мусіць быць і беларуская. (Пра недасфармаваную беларускую нацыю і працэс яе палітычнага афармлення ўсё яшчэ збіраюся больш грунтоўна напісаць).
Я спадзяюся на тое, што ў выніку, верагодна, драматычнага сыходу дыктатараў-цемрашалаў -- іхняга гэбістага і нашага калгасніка, у Расіі і Беларусі не пральецца мора крыві. Хаця яе ўжо й так пралілося шмат: рэкі крыві цякуць ў нашай братняй суседняй Украіне.
І адбылося гэта ў выніку экспансіі "рускага міру", ідэолагі і носьбіты якога ментальна хворыя і ня лічаць ані беларусаў, ані ўкраінцаў за нацыі.
Але гэта ўсё ж пакуль ня мора крыві. Прынамсі, ня столькі, як падчас першай ці другой сусветных войнаў.
Нездарма кажуць, што гісторыя увесь час рухаецца па спіралі. І паўтараецца, але на новым вітку.
І з новымі людзьмі, якія мусяць быць разумнейшымі за сваіх папярэднікаў.