Да Міжнароднага Дня роднай мовы: Віктар Цой па-беларуску.
Каб мова нашая жыла, трэба ня толькі паўсядзённа на ёй размаўляць. Але й таксама спяваць.
Трэба ствараць свае беларускамоўныя хіты. А таксама спяваць па-беларуску знакамітыя, найперш, рускамоўныя хіты культавых асобаў, гуртоў і выканаўцаў.
Гэта не я сказаў. Прыкладна гэтак казаў у 1992-м на адной са студэнцкіх тусовак адзін з маіх колішніх сяброў( згадка аб ім -- у тэксце).
Сёння увазе маіх сяброў у Фэйсбуку і чытачоў майго блога на “Беларускім партызане” – адзін з маіх сціплых ўнёскаў у накірунку стварэння і ўмацавання беларускага свету. Да Міжнароднага Дня роднай мовы – адзін з хітоў культавага спевака Віктара Цоя па-беларуску.
Залішне й казаць, што сёлета Дзень роднай мовы -- 22 лютага 2021г., прайшоў неяк зусім сціпла. Гэты Дзень, па сутнасці, прамінуў Беларусь -- на фоне брутальных рэпрэсій і судзілішчаў лукашэнкаўскай улады над беларускім народам. Мае спадзяванні на канчатковую перамогу Трэцяй і, відаць, апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння Беларусі найперш звязаныя з сённяшняй нашай моладдзю. Той, якая адчайна выходзіць за Беларусь пад нацыянальным і дэ-юрэ дзяржаўным бела-чырвона-белым Сцягам і Гербам "Пагоня".
З гісторыі першага беларускага перакладу верша-песні Віктара Цоя.
Упершыню мы, студэнты БДУ, згуртаваныя ў арганізацыю Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў(ЗБС) заспявалі Віктара Цоя па-беларуску неўзабаве пасля ягонай трагічнай гібелі . І адбылося гэта ў сценах галоўнага корпуса Белдзяржуніверсітэта на плошчы Незалежнасці. Там, на другім паверсе, месціліся два пакоі былога камітэта камсамолу БДУ: яны і былі аддадзеныя пад патрэбы нашай арганізацыі.
У тых пакоях мы збіраліся і абмяркоўвалі ўсялякія пытанні студэнцкага жыцця і дзейнасці ЗБС. А на нефармальную частку нашых пасяджэнняў заставаліся тыя, хто любіў ня толькі чарку каўтнуць, але й паслухаць і паспяваць песні пад гітару. Спявалі, з большага , па-беларуску. Але й , вядома, што і па-руску таксама.
Вялкай папулярнасцю карысталіся песні Віктара Цоя і групы “Кино”. А пасля таго, як лідар гурта “Кино» Віктар Цой 15 жніўня 1990г. трагічна загінуў у аўтакатастрофе, яго вобраз і постаць набылі культавы характар . У Мінску, як і амаль ва ўсіх буйных гарадах былога СССР, з’явіліся так званыя “сцены Цоя”, якія праіснавалі шмат гадоў. А дзе-нідзе існуюць і цяпер.
Дакладна памятаю імя і прозвішча таго студэнта БДУ, які ўпершыню на нефармальнай частцы таго пасяджэння нашай тусоўкі ЗБС “паправіў” мяне па-беларуску : пры выкананні пад гітару прыпева песні Віктара Цоя «Пачка сигарет» -- Алег Бабінок. Ён у прыпеве замест “ Но если есть в кармане пачка сигарет» зацягнуў па-беларуску: «А калі ёсць ў кішэні пачак цыгарэт…".
Тым зімовым вечарам 1992-га( то бок, недзе ў студзені-лютым --ужо пасля распаду СССР) нас нефармальна “засядала” пяць ці шэсць чалавек . У памяці прыгадваю: студэнт Алег Бабінок (факультэт не памятаю) сядзеў побач з маім сябрам Юркам Скрыганом -- здаецца, унукам нашага паэта. (Неўзабаве пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі , калі ўсё беларускае ў Беларусі пачало вынішчацца, Юрка Скрыган, як і шмат хто з маіх сяброў, з’ехаў з Беларусі за мяжу -- у ЗША).
Вось так, ва ўжо далёкім цяпер 1992-м годзе, на хвалі Беларускага нацыянальнага Адраджэння, невялічкая купка беларускіх студэнтаў ўпершыню заспявала Віктара Цоя па-беларуску. Цешу сябе тым, што і я быў у іх шэрагу. І зрабіў з падачы студэнта Алега Бабінка першы беларускамоўны мастацкі пераклад верша-песні Віктара Цоя.