Уладзімір Станкевіч: імя ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Уладзімір Станкевіч: імя ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Сумная навіна: пайшоў ад нас у лепшы свет дэпутат Незалежнасці з Вярхоўнага Савета 12-га склікання Уладзімір Станкевіч.


Уладзімір Станкевіч адносіцца да той кагорты людзей, што назаўсёды прарочымі словамі і залатымі літарамі ўпісалі сваё імя ў найноўшую гісторыю Беларусі. Уладзіміра Станкевіча  нашыя нашчадкі будуць памятаць не толькі як дэпутата Незалежнасці і намесніка старшыні  парламенцкай Камісіі па заканадаўству.  Але і ў тым ліку дзякуючы адной гісторыі, аб якой і пойдзе гаворка.


Неабходная прадмова.


Я ёсць дэпутатам апошняга сапраўднага парламента Беларусі  -- Вярхоўнага Савета 13-га склікання, і быў знаёмы з Уладзімірам Станкевічам, як кажуць, шапачна.  Тым не меней, ён назаўжды застанецца ў маёй памяці. З яго імем звязана, бадай самая смешная, а цяпер, адначасова, і сумная гісторыя, якую мне распавялі колісь дэпутаты Незалежнасці Лявон Баршчэўскі (мой афіцыйны памочнік у 1996г.) і Барыс Гюнтэр.


У 1998-м на вялікім мітынгу ля Опернага тэатра я распавёў пра гэтую гісторыю ў сваім выступе.  І тысячы людзей з ліку слухачоў тады рагаталі так, што рэха ад смеху было чутно, мусіць, за кіламетр.


І той рогат, мабыць, пачулі, у чырвоным доме на К.Маркса, 38.  Ну, там, дзе месціцца й па сённяшні час адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. На мяне тады за той выступ  нават крымінальную справу  завялі ў пракуратуры  Цэнтральнага раёна г.Мінска.  За, быццам бы, "паклёп на прэзідэнта"!  Нават выклікалі па павестцы  для "дачы паказанняў"(следчы  Круглікаў). Але справу гэтак жа хуценька і закрылі.


У адміністрацыі Лукашэнкі тады зразумелі, што раскручваць такую справу з мноствам сведкаў-дэпутатаў вельмі небяспечна. А крымінальны пераслед мяне як дэпутата легітымнага парламенту за праўдзівы расповяд аднаго з эпізодаў лукашэнкавага дэпутацтва будзе мець уласна для Лукашэнкі проста катастрафічныя наступствы ў плане яго далейшага знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе.


Страчаная Беларусь: чаму не прыслухаліся да словаў У.Станкевіча?


Мабыць, так  ужо ўладкаваны чалавечы мозг у  большасці людзей. І звычайна большасць людзей, калі  пачуе трапны, вясёлы і востры адказ на недарэчнае пытанне ці прапанову, што прагучала  ад  фрыка(несур'ёзнага чалавека) -- дык толькі пасмяецца. Бо большасць  амаль заўжды не ўспрымае фрыка ўсур'ёз.


Акрамя, хіба што, тых "шыбка разумных", што плануюць выкарыстаць фрыка дзеля пабудовы ўласнай палітычнай ці іншага кшталту кар'еры.


Наша гісторыя здарылася недзе напачатку 1994г. І тычыцца асобы тады яшчэ дэпутата  Аляксандра Лукашэнкі. Пераважная большасць дэпутатаў ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання ставілася да Лукашэнкі пацешна,  лічыла  яго фрыкам, "Шурыкам-дурыкам" і г.д.


Вясёлую і ўжо, адначасова, сумную гісторыю, аб якой пойдзе гаворка, павінны памятаць усе, хто яе чуў ці быў сведкам тых падзеяў. Бо такое немагчыма забыць!



З улікам наступстваў для ўсёй Беларусі і, асабліва, для тых, скажу мякка, неабачлівых дэпутатаў-"разумнікаў" з ліку "маладых ваўкоў" (В.Ганчар, Дз.Булахаў ды інш.), што крыху пазней прывялі на вяршыню ўлады Аляксандра Лукашэнку, тая некалі вясёлая гісторыя ўжо набыла трагічнае, чорнае адценне.

А прыслухаліся б тады Віктар Ганчар, Уладзімір Булахаў ды іншыя "разумнікі"  з кагорты "маладых ваўкоў" да  словаў Уладзіміра Станкевіча -- і маглі б і зараз жыць. А нашая Беларусь разам з краінамі Балтыі яшчэ напачатку 2000-х уступіла б у Еўрасаюз. І аніякай пагрозы нашай незалежнасці ўжо б даўно не існавала. Бо менавіта такімі былі тады планы і знешнепалітычны курс Беларусі.


Нагадаю, што яшчэ 6 сакавіка 1993г. тагачасны Міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка заявіў, што Беларусь, адмовіўшыся ад ядзернай зброі, узяла стратэгічны курс на ўступленне ў Еўрасаюз.


Гістарычны факт: на вышэйзгаданым вялікім брыфінгу для беларускіх і замежных журналістаў, да арганізацыі і падрыхтоўкі якога як практыкант-стажор Міністэрства замежных спраў Беларусі я  меў непасрэднае дачыненне,  Пётр Краўчанка агучыў меркаваныя даты прыняцця Беларусі ў Еўрасаюз. А менавіта: 2003-2005 гг.


Ды што цяпер казаць, на каго наракаць... Але ж і зараз, пакуль Беларусь на паперы яшчэ ёсць незалежнай дзяржавай, усім дзеючым палітыкам і ўсім грамадзянам Беларусі варта прыслухацца да тых словаў  дэпутата Незалежнасці, ужо, на вялікі жаль, нябожчыка Уладзіміра Станкевіча.


Уласна гісторыя. У.Станкевіч пра А.Лукашэнку.


І вось цяпер, пасля неабходнай уступнай часткі -- сама гісторыя.


Уявіце: авальная зала пасяджэнняў Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Дэпутат А. Лукашэнка, адчуваючы канстытуцыйныя змены і ўвядзенне пасады прэзідэнта, ужо носіцца з ідэяй стварэння ўласнай партыі. Мабыць, з разлікам на тое, каб перамагчы на дэмакратычных выбарах ўсемагутнага галаву  тагачаснага  ўрада Беларусі  Вячаслава Кебіча, заадно раскалоўшы дэмакратаў  і, ўвогуле, апазіцыю БНФ.


І вось, сутыкнуўшыся позіркам з дэпутатам Уладзімірам Станкевічам, што сядзеў у супрацьлеглым сектары авальнай залы,  дэпутат Аляксандр Лукашэнка натужным сіпатым голасам,  крыху гучней, чым звычайна падчас разносаў "нерадивых чиновников", крыкнуў: "Володя, давай создавать партию!".


Адказ дэпутата Уладзіміра Станкевіча на прапанову Аляксандра Лукашэнкі быў проста выдатны! Ягоны адказ -- прыклад  вельмі трапнай, бліскучай  і лаканічнай сатыры.  Такі адказ варты таго, каб ўвайсці  як прыклад  з  гістарычнай рэальнасці  ва ўсе  падручнікі па судовай псіхіятрыі нават у тым выпадку,  калі Аляксандра Лукашэнку ня будуць судзіць, і яму  ўдасца  сыйсці з  жыцця іншым чынам.    


Пасля тых словаў  Уладзіміра Станкевіча прагучаў, бадай, самы гучны і бурлівы ў найноўшай гісторыі Беларусі смех у авальнай зале Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.


Цяпер, з улікам далейшых сумных і трагічных падзеяў, звязаных з асобаю А.Лукашэнкі і ягоным  ужо 25-гадовым(!) аднаасобным кіраваннем нашай краінай, якое можа быць яшчэ і падоўжана, той адказ усім адказным(а, можа, і безадказным таксама?) людзям Беларусі трэба вывучыць напамяць!  

Словы  Уладзіміра Станкевіча прагучалі па-руску моцным грамавітым басам. Нешта кшталту  "а-ля Левітан"  "от Советского информбюро" часоў 2-й Сусветнай вайны. Уладзімір Станкевіч хоць і ў жартаўлівай форме, але цалкам сур'ёзна адпавёў на просьбу дэпутата Аляксандра Лукашэнкі прыблізна(амаль даслоўна) так:


"Слушай, Шурик! Круглую площадь знаешь? Так вот, садись на 18-й маршрут и дуй до конечной. Записывай там всех пациентов в свою партию -- и будешь Генсеком!"


P.S.  Круглая площадь -- это площадь Победы(Плошча Перамогі) в г.Минске. 18-й маршрут -- это с незапамятных времён минский городской автобусный маршрут "Плошча Перамогі--пасёлак Навінкі".


Посёлок Новинки (ныне уже микрорайон г.Минска) с советских времён известен далеко за пределами Беларуси своим знаковым обьектом -- Республиканской клинической психиатрической больницей(РКПБ).


05.01.20 1:28

Павел Знавец