Роздум пра Беларусь і беларусаў.

Роздум пра Беларусь і беларусаў.

Беларусы -- запозненая, недасфармаваная нацыя.


Такая вось сумная, але, мяркую, аб'ектыўная выснова, якую я мушу зрабіць сёння, напярэданні трывожнага 2020-га года.



Тост-мем ад сябра Алеся.


Цалкам натуральна і ўжо зусім нясмешна прагучаў прыкольны калядны тост майго даўняга сябра Алеся.


Седзячы за калядным сталом, я наліў Алесю з прыгожага шклянога жбану паўкелішка чырвонага  кактэбельскага "Мускату" ураджаю 2007-га году,  які колісь прывёз з яшчэ неакупаванага Крыму. І папрасіў на заканчэнне, так бы мовіць, "на пасашок", коратка прамовіць тост пра самае важнае і актуальнае для яго асабіста і для ўсіх нас, беларусаў.


Алесь устаў, крыху падумаў, узняўшы келіх. І  прамовіў усяго два словы: "За дэзінтэграцыю!".


Мяркую, гэтыя словы Алеся і ёсць той самы актуальны ў сённяшніх умовах тост-МЕМ для  Беларусі і беларусаў.  І яго варта сёння падтрымаць кожнаму свядомаму беларусу напярэданні новага  2020-га года. Бо словы і думкі ж таксама рэч матэрыяльная. Яны з цягам часу пераўтвараюцца ў нешта большае, у канкрэтныя дзеянні на карысць незалежнай Беларусі.  
 

Беларусы як недасфармаваная нацыя.


З-за свайго геаграфічнага становішча паміж нацыямі з імперска-налаштаванымі мазгамі, беларусы сёння ёсць памяркоўныя і баязлівыя(трусаватыя) у параўнанні з усімі суседнімі нацыямі. Гэта -- вынік трагічнага гістарычнага працэсу, з-за якога беларуская нацыя недасфармавалася. Лепшыя, самыя адважныя і смелыя сыны Беларусі гінулі ў паўстаннях і войнах за долю і волю,  ійшоў  адмоўны генетычна-селекцыйны адбор.  Але, тым ня менш,  беларусы паспелі  ўскочыць у апошні вагон, апярэдзіўшы тых жа каталонцаў, шкотаў(шатландцаў), валійцаў ды інш.



Што такое нацыя, народ і народнасць?  Што ляжыць у падмурку, фундаменце кожнага з гэтых паняццяў? Ці магчыма спыніць працэс фармавання беларускага народу ў палітычную  нацыю? Ці  могуць беларусы растварыцца  паміж суседзямі, пераважна рускімі, палякамі ды ўкраінцамі?


Ці выжыве дзяржава Беларусь і беларусы як народ(запозненая нацыя) пасля краху (у чым няма сумневу)  антынацыянальнай, антыбеларускай дыктатуры  Лукашэнкі? Якая палітыка павінна праводзіцца пасля сыходу Лукашэнкі дзеля выжывання Беларусі як дзяржавы і беларусаў як недасфармаванай нацыі?  Што ў першую чаргу трэба зрабіць дзяржаве, каб працэс фармавання беларускай палітычнай нацыі паспяхова завяршыўся?


Усе вышэйпрыведзеныя пытанні -- вельмі няпростыя. І ўсе яны патрабуюць пэўнага адказу. Бо маюць дачыненне да кожнага з тых жыхароў Беларусі, хто лічыць сябе беларусам. Хто дбае не толькі ўласна пра сябе, пра сваю сям'ю і яе дабрабыт, але і пра Беларусь. Пра Беларусь як дзяржаву, а не  так,  як  Лукашэнка -- толькі як кавалак зямлі, на якой ён  і яго сямейка жыве і ўладарыць.  


Тыя з беларусаў (г.зн. этнічных  літвінаў/русінаў),  хто выжыў пасля канчатковай ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага(ВКЛ) і Рэчы Паспалітай(1794-1795гг.),  войн і паўстанняў (Касцюшкі 1794г., Каліноўскага 1863г., Слуцкага  збройнага чыну 1920г.) -- прыстасоўваліся. І мусілі служыць і служылі любой акупацыйнай уладзе: расійска-імперскай(да1917г.),  нямецкай і савецка-бальшавісцкай(1918-1921),   расійска-савецка-бальшавісцкай  і польскай адначасова ( у выніку падзелу Беларусі ў 1921-1939гг.), савецка-бальшавісцкай(1939-1941), зноў нямецкай(1941-1944), зноў  расійска-савецкай (1944-1991)...і,  урэшце, зноў фактычна,  расійска-імперскай(з1994г. па сённяшні час).


Як бачым,  у  гэтым пераліку  выпадае толькі кароткі перыяд (1991-1994), калі быў закладзены падмурак сённяшняга існавання дэ-юрэ ўсё яшчэ незалежнай Беларускай дзяржавы.  І  звязаны ён з уласна беларускай уладай, якую узначальвалі  тады першы і другі кіраўнікі незалежнай Беларусі: Станіслаў Шушкевіч (жнівень 1991- студзень 1994г.) і  Мечыслаў Грыб(студзень 1994 -- ліпень 1994г.).


Зараз няма сэнсу спрачацца па назве  "Беларусь" і вытворным  ад яе слове  "беларусы". Трэба проста памятаць  гісторыю ўзнікнення і ўкаранення ў дачыненні да нашага этнасу назвы  "Беларусь".  І  ўсвядоміць, што касцяк сённяшняга беларускага народу складаецца пераважна з былых ліцвінаў і русінаў -- галоўных насельнікаў тых тэрыторый былога ВКЛ, што складаюць сённяшнюю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.



У маёй галаве каторы ўжо год сядзіць думка -- напісаць глабальны артыкул пра тое, як ідзе працэс фармавання беларускай палітычнай нацыі.


Анонс даўняе задумы.


Даўно збіраюся накрэмзаць( ці, мо  так дакладней -- наклацаць)  нешта глабальнае, з лагічнымі і зразумелымі кожнаму пісьменнаму беларусу адказамі на пастаўленыя вышэй пытанні. Але ж  пакуль з-за занятасці і натуральнай ляноты ўсё ніяк не збяруся з думкамі.


Маючы дэ-юрэ клас і статус дзяржаўнага служачага і дэпутата апошняга легітымнага парламента Беларусі -- Вярхоўнага Савета, у мяне дэ-факта  -- "воўчы білет". І таму шмат часу мушу траціць на банальнае зараблянне грошай. Каб, як і большасць сумленных беларусаў, проста неяк выжыць тут, у Беларусі, ва ўмовах антынацыянальнай калгаснай дыктатуры Лукашэнкі.


І ня толькі выжыць, але й выканаць сваю прыродную функцыю -- належным чынам у сённяшніх ўмовах антыбеларускай дыктатуры выхаваць сваіх дзяцей.


Тым ня менш, ужо ёсць анонс задумкі. І гэта ўжо добра. Бо зараз галоўным лічу тое, каб было потым каму усё гэта чытаць.


25.12.19 22:30

Павел Знавец