Цвікі ў труну або ці адбудзецца інкарпарацыя Беларусі?

"Мы хочам жыць, нашыя суседзі хочуць, каб мы памерлі. І гэта пакідае вельмі мала прасторы для кампрамісу".
                                                                                         Голда Меір,Прэм'ер-міністр   Ізраіля(1969-1974гг.)


Прыведзеныя ў якасці эпіграфа да тэмы словы Голды Меір ёсць яскравай характарыстыкай таго стану, у якім сёння апынулася Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.


Беларусь як незалежная дэ-юрэ дзяржава ўступіла ў перыяд няпэўнасці свайго існавання. Дэ-факта гэта ўжо не дзяржава, а калонія Расіі.  Палітычная нацыя беларусаў -- у стадыі фармавання.


Калі нам пашанцуе і Расія разваліцца раней, чым Крэмль канчаткова вырашыць беларускае пытанне -- тады Беларусь жыве! Ну а калі не...



Але ж надзеі на тое, што Беларусь захаваецца і беларусы ня знікнуць як нацыя, ёсць. Сёння яны ў асноўным скіраваныя, на жаль, выключна на знешнія фактары, а не на саміх беларусаў.



Ускочыць у апошні вагон.



Як гэта ні парадаксальна прагучыць для некаторых палітолагаў і аналітыкаў, але ў любым выпадку патрэбны як мага хутчэйшы сыход Лукашэнкі з беларускай палітычнай сцэны. Такі сыход патрэбны найперш для неадкладнага запуску на  дзяржаўным узроўні працэсу татальнай беларусізацыі насельніцтва Беларусі.



Пры Лукашэнку з-за яго савецкіх комплексаў гэта  не будзе зроблена ніколі! І хай трохі марудней, але ж  па інерцыі зараз працявацца працэс русіфікацыі беларусаў. І гэты працэс русіфікацыі зайшоў ужо настолькі далёка, што ў хуткім часе беларусы ўжо не змогуць у сваёй большасці   ідэнтыфікаваць  сябе як асобная нацыя. І канчаткова пазбавяцца сваёй мовы,  а з ёй   --  і права на самастойную дзяржаву.


 
Беларусы, якія нейкім цудам  выжылі паміж двумя монстрамі -- Расіяй і Польшчай, і стварылі  сваю дзяржаву, павінны яшчэ паспець ускочыць у апошні вагон  гістарычнага цягніка.  


У  гэтым цягніку кожны вагон  сімвалізуе сабой паўнавартасную палітычную нацыю. Тую нацыю, якая не растварылася сярод іншых нацыяў. Нацыю, якая стварыла і здольная захаваць сваю дзяржаву, сваю мову, культуру, сімвалы і традыцыі -- г.зн. усё тое, што Лукашэнка фактычна забараніў.



Невялікая нацыянальная дзяржава можа існаваць пад бокам вялікай суседняй дзяржавы-метраполіі толькі тады, калі на яе тэрыторыі ёсць нацыя, якая мае сваю моўна-культурную адрознасць ад суседзяў.


Беларусы за гады антынацыянальнай дыктатуры Лукашэнкі гэтую адметнасць у значнай ступені страцілі. Страцілі настолькі, што сітуацыя выглядае проста катастрафічнай.



Цвікі ў труну.



Сёння кожны дзень кіравання Лукашэнкі -- гэта яшчэ адзін цвік у труну беларускай дзяржавы і супольнасці беларусаў як недасфармаванай палітычнай нацыі. І тое, што наш дыктатар захваляваўся і загаманіў пра незалежнасць -- гэта нікога не павінна ўводзіць у зман. Бо гэта ў яго выключна ад страху страціць уладу, а з ёй і жыццё.



Недзе на інстынктыўным ўзроўні Лукашэнка пачынае разумець, што згаданыя цвікі будуць забітыя не толькі ў труну Беларусі, але і ў яго ўласную труну.



25 гадоў таму Лукашэнка, выступаючы з трыбуны Вярхоўнага Савета ў якасці змагара з карупцыяй, абвінаваціў першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча ў незаконным прысваенні скрыні цвікоў для будаўніцтва лецішча. Сёння выглядае на тое, што тая скрыня цвікоў сімвалічным бумерангам вярнулася да  самога "змагара" с карупцыяй. І тых цвікоў, мабыць, хопіць на драўляныя касцюмы для ўсяго лукашэнкавага сямейства.



Лукашэнка, як вядома,  прайшоў па галовах усіх, хто свядома або несвядома расчысціў яму шлях да неабмежаванай улады.  Частка тых сімвалічных гістарычных цвікоў са скрыні Шушкевіча па волі "змагара з карупцыяй" Лукашэнкі знікла. І ўжо закапаная, або растварылася ці пакрылася іржой у тых мясцінах зямлі, дзе знаходзяцца  парэшткі або прах  целаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага...



Перапіс як паказнік самаідэнтыфікацыі.


     

Адным з важных паказнікаў,  які паўплывае на рашэнне Крамля, стануць вынікі маючага адбыцца перапісу насельніцтва Беларусі.  Наколькі пагоршылася за гады кіравання Лукашэнкі сітуацыя з нацыянальнай самасвядомасцю і самаідэнтыфікацыяй беларусаў?  Колькі  працэнтаў жыхароў  Беларусі рэальна лічаць беларускую мову сваёй роднай? Колькі на ёй размаўляюць дома і на працы?   Атрыманыя  рэальныя адказы на гэтыя пытанні могуць скарэктаваць планы Крамля па канчатковаму вырашэнню беларускага пытання.


Нагадаю: 20 гадоў таму беларусскую мову за сваю родную прызнавалі 80% насельніцтва, а 10 год таму -- толькі 56%.  Працэнтны паказнік тых, хто карыстаецца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, па майму суб'ектыўнаму назіранню, ужо ўвогуле  знаходзіцца ў межах статыстычнай пагрэшнасці.



Яшчэ некалькі гадочкаў  лукашызму -- і можна будзе канстатаваць,  што  ў  Беларусі, жывуць не беларусы, а рускія.


І вось тады Крымскі сцэнар інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі будзе ўжо гарантаваны.



Мае надзеі і спадзяванні.



У адрозненне ад некаторых палітыкаў, палітолагаў і экспертаў(Арцём Шрайбман, Алег Трусаў, Ігар Барысаў ды інш.), якія лічаць, што інкарпарацыя Беларусі ў склад Расіі амаль немагчымая, я так не лічу.


А на пытанне аб шанцах ажыццяўлення такой інкарпарацыі ў мяне заўсёды адзін адказ: 50%/50 %, або фіфці-фіфці.


Не буду доўга тлумачыць, чаму  сёння менавіта такі расклад, чаму настолькі высокая верагоднасць паглынання Беларусі Расіяй.  Бо гэта зойме не адну старонку тэкста, у якім кожны прыведзены мной аргумент аб пагрозе інкарпарацыі будзе мець сваё лагічнае абгрунтаванне.  



У мяне даўно ўжо няма ніякіх спадзяванняў на беларускі народ. Няма веры ў тое, што ён масава,  са зброяй у руках будзе бараніць сваю незалежнасць. Як і няма спадзяваняў  на далейшае разгортванне шырокага партызанскага і падпольнага руху ў выпадку інкарпарацыі Беларусі ў  склад Расіі.



Бо, у адрозненне ад Украіны, у Беларусі пакуль не існуе галоўнай перадумовы для гэтага -- існавання паўнавартаснай палітычнай беларускай нацыі.



Але ж я, тым не менш, аптыміст-рэаліст. І  жыву  ў гэтым рэальным свеце з  надзеяй на тое, што Лукашэнка ўжо хутка памрэ.  І што  гэта непазбежна!  І што яго месца не зойме такі ж або нават горшы яго клон.


Я лічу, што два працэнты тых актыўных  беларусаў, якія заўсёды ў гісторыі вырашаюць ход далейшых гістарычных падзей, не паўтораць больш жахлівай памылкі "маладых ваўкоў", што прывялі Лукашэнку да ўлады ў 1994-м.


Я спадзяюся, што Расія пачне развальвацца раней, чым паглыне Беларусь.


Яшчэ раз падкрэслю: у сённяшніх умовах для Беларусі надзвычай важнымі з'яўляюцца знешнія фактары, найперш фактар супрацьстаяння Расіі з  Украінай і знешнім светам.


 
На пытанне, пастаўленае ў загалоўку, ня можа быць пэўнага адказу. Таму хай кожны  самастойна пашукае на яго свой адказ, са свайго пункту гледжання і назірання за тымі працэсамі, што адбываюцца сёння ў Беларусі і вакол яе.


А мае ўласныя высновы на сёння такія:


-калі Лукашэнка хутка сыйдзе(палітычна або фізічна) ў нябыт;
-калі Украіна выстаіць  і пераможа ў вайне з Расіяй;  
-калі санкцыі супраць Расіі, прынамсі, не аслабнуць --

Беларусь захаваецца як дзяржава, а беларусы ня знікнуць як нацыя.

20.01.19 2:35

Павел Знавец