Вялікі спорт і палітыка: мае развагі і прагнозы.

Зімовая Алімпіяда-2018 у паўднёвакарэйскім П'ёнчхане -- адна з двух галоўных спартовых падзеяў гэтага году.  Другой, не менш(калі не больш) важкай такога кшталту  падзеяй  2018 году  мае быць чэмпіянат свету па футболу.

Напрыканцы мінулага году ў інтэрвію карэспандэнту  "Народнай Волі"  Алесю Сіваму я выказаў некаторыя свае думкі і меркаванні адносна згаданых найбуйнейшых спартовых падзеяў 2018 году. Сёння падзялюся выказанымі думкамі і прагнозамі са сваімі чытачамі. Тым больш, што першая частка майго прагнозу адносна адхілення расійскай зборнай ад удзелу ў  Алімпіядзе-2018  з-за допінгавага скандалу ўжо збылася.

У тым інтэрвію я выказаў меркаванне, што Міжнародны  Алімпійскі Камітэт(МАК) дазволіць асобным незаплямленным ва ўжыванні допінгу расійскім спартоўцам прыняць удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях.  Але тое, што расійскую каманду як суб'ект міжнароднага  Алімпійскага руху не дапусцяць да Алімпіяды, забароняць выкарыстанне расійскімі спартоўцамі  дзяржаўнага сцяга, герба, гімна Расіі,  іншай атрыбутыкі і надпісаў,  што ўказваюць на прыналежнасць  спартоўцаў і спартовых каманд  з Расіі да расійскай зборнай на маючай адбыцца Алімпіядзе -- гэтае пытанне мне падавалася вырашаным канчаткова.

Але ж якім было маё здзіўленне, калі Міжнародны спартыўны арбітраж у Лазане(Швейцарыя) нечакана апраўдаў і зняў санкцыі і дыскваліфікацыю амаль з 30 расійскіх спартоўцаў!?

Такі нечаканы паварот падзеяў паверг у шок увесь міжнародны алімпійскі рух. Няўжо Расія, допінгавыя лабісты, фармацэўтычныя кампаніі перамаглі? Няўжо велізарныя расіскія грошы, кінутыя дзеля ўратавання палітычнага іміджу Расіі паклалі на лапаткі МАК і прынцыпы чысціні спорту, закладзеныя заснавальнікам Алімпійскага руху П'ерам дэ Кубертэнам?

Не! Усё ж апошняе слова засталося за адносна незаангажаванымі і, адпаведна, амаль непадкупнымі прадстаўнікамі спартыўнага Арбітражнага Суда тых краін, дзе лабісцкія пазіцыі Расіі  выглядаюць ня вельмі моцнымі.  А менавіта: Канады, Аўстраліі і Швейцарыі. Суддзі Міжнароднага спартыўнага арбітражу менавіта з гэтых трох краін літаральна ўратавалі прынцыпы Алімпійскага руху.

Я ўжо неяк распавядаў, што Міжнародны Алімпійскі Камітэт, кіраўнік спецкамісі Міжнароднага антыдопінгава агенцтва(WADA) Рычард Макларэн прадставілі жалезабетонныя доказы таго, што ў Расіі шмат гадоў існавала дзяржаўная праграма падтрымкі допінгу ў  спорце, якую курыраваў Урад Расіі і яе спецслужбы. Адзін дзённік экс-кіраўніка расійскага аддзелу Міжнароднай антыдопінгавай асацыяцыі сп.Родчанкава чаго варты! У ім ледзь не пахвілінна распісана ўсё, што ён і яго падначаленыя рабілі для накачкі допінг-прэпаратамі амаль усіх спартоўцаў  расійскай зборнай напярэданні і падчас Алімпійскіх гульняў у Сочы.

А ізюмінкай на торце стала патаемная дзірка ў сцяне антыдопінгавай лабараторыі ў Сочы, якую сканструявалі па загаду з ФСБ Расіі  і скарысталі дзеля падмены допінг-проб расійскіх спартоўцаў падчас правядзення Алімпіяды.
.
І тым не менш, нягледзячы на такія праколы і разбураную ўшчэнт рэпутацыю, вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расіі на чале з Уладзімірам Пуціным працягвала настойваць на палітычным характары дыскваліфікацыі алімпійскай зборнай Расіі. І Расія кінула ўсе свае лабісцкія і фінансавыя рэсурсы дзеля ўратавання сітуацыі.

І ледзь не дабілася перамогі! Што яшчэ раз даказвае тое, што ў сучасным свеце ўсё прадаецца і купляецца. І канчатковае вырашэнне таго або іншага пытання шмат у чым залежыць ад прапанаванай сумы.

Тым не менш, вяртаючыя да свайго інтэрвію Алесю Сіваму, яшчэ раз пацвярджаю другую частку дадзенага мной прагнозу. Яна тычыцца пазбаўлення Расіі права правядзення чэмпіянату па футболу. Як тады, гэтак і зараз я даволі высока асцэньваю шанцы і верагоднасць таго, што Расію ўсё ж такі адхіляць ад правядзення футбольнага сусветнага першынства.

Нягледзячы на шматгадовую падрыхтоўку ўсёй спартовай інфраструктуры, шматмільярдныя ўкладанні і г.д. я па-ранейшаму лічу, што Расія, якая вядзе вайну ва Украіне і падтрымлівае гомафобныя настроі з'яўляецца небяспечнай пляцоўкай для правядзення футбольнага Мундыялю.

І таму мой прагноз аносна пераносу правядзення сусветнага футбольнага першынства з Расіі ў адну з еўрапейскіх краін(Англію, Францыю або Германію) застаецца ранейшым.

Нагадаю, што і ў інтэрвію А.Сіваму, і зараз шанцы такога павароту падзеяў, як  пазбаўленне Расіі права на правядзенне футбольнага чэмпіянату свету я расцэньваю як 50 Х 50.

Што ў рэшце рэшт пераможа: прынцыповая і ўзгодненая палітычная пазіцыя  вядучых футбольных дзяржаваў свету,  якая грунтуецца на ачышчэнні спорту ад допінгу і карупцыі ў міжнародных спартовых структурах?   Ці  ўсё ж лабісцкія высілкі Расіі і бізнес-інтарэсы  міжнародных карпарацый, дзеючых у галіне спорту высокіх дасягненняў?

Адной з найбуйнейшых спартовых арганізацый свету з'яўляецца FIFA -- Міжнародны саюз футбольных асацыяцый.  Членамі(сябрамі)  FIFA   з'яўляюцца  200  з гакам краінаў свету.  Як вядома, гэтую арганізацыю сатрасалі буйнейшыя за ўсе часы карупцыйныя скандалы, у тым ліку звязаныя з фактычнай купляю сусветных футбольных першынстваў Расіяй ў 2018г. і Катарам у 2022-м.  

Карупцыйныя скандалы ўрэшце прывялі да змены кіраўніцтва FIFA, якую ўзначаліў прадстаўнік Італіі Джані Інфанціна. Але ж карупцыйныя сувязі і схемы, мабыць, засталіся?

Канчатковы адказ на пытанне: "Ці адбяруць у Расіі права правядзення чэмпіянату свету па футболу  2018 г.?"  мы атрымаем ужо даволі хутка.

Вясною, калі пацяплее, абудзіцца і зазелянее прырода. А таксама трава на футбольных арэнах і на падстрыжаных  газонах ля сядзібаў  і  дамоў еўрапейскіх чыноўнікаў ад спорту і палітыкі.

Прафесійны спорт, спорт высокіх дасягненняў заўжды быў, ёсць і будзе адной з асноўных складовых частак вялікай палітыкі.


10.02.18 13:33

Павел Знавец