Выбух у Гомелі адбыўся сёння

Выбух у Гомелі адбыўся сёння

Менавіта выбуховай стала сёння інфармацыя пра спачын аднога з найстарэйшых (не датычна ўзросту, але датычна становішча) праваслаўных архіярэяў - архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Арыстарха (Станкевіча). Кіраўнік Гомельскай епархіі адыйшоў ва ўзросце 71-га году (хаця некалі сам у сваёй біяграфіі адзначаў, што год яго нараджэння - 1938, а 1941 пачаў фігураваць пры паваенным запісе "па наружнаму выгляду"), таму найбольш імаверна арх. Арыстарху было 74 гады, узрост паважны і зусім блізкі да таго, калі паводле Статуту падаюць на спачын па ўзросце. Здавалася, Бог даваў архіярэю дадатковыя гады, аднак у нечакана для многіх спачын уладыкі стаў вечным.

Сайт Гомельскай епархіі публікуе цяпер мноства рознай інфармацыі, і ўсе, хто жадае пазнаёміцца з асобай спачылага архіярэя, могуць прайсці па спасылцы: там і ўспаміны, і фотаальбомы, і відэазвароты. Асабліва цікавай з'яўляецца згаданая біяграфія-інтэрвію, дадзенае ў 2000 г. Многія гомельскія праваслаўныя шчыра адчуваюць смутак ад нечаканай сённяшняй навіны, і мне не хацелася б гэты смутак парушаць сваімі ўспамінамі пра асобу архіепіскапа Арыстарха. Адзначу толькі, не даючы ацэнак, што з жыцця праваслаўнай Гомельшчыны пры ўладыку мне запомніліся два моманты, звязаныя з дзейнасцю ў Беларусі праваслаўнага брацтва, якое ўваходзіць у Садружнасць малых праваслаўных брацтваў, кіраўніком якога з'яўляецца святар Георгій Качаткоў (Масква). У пачатку 2000-х святар, які духоўна стырнаваў брацтва, быў забаронены ў служэнні за сувязь з памянёным маскоўскім святаром; а ў 2007 г. на брацтва ажыццявіла налёт КГБ.

Архіепіскап Арыстарх, хаця і паходзіў з Усходней Беларусі, дзе царкоўная традыцыя была перапыненая савецкімі ганеннямі, з ранняга дзяцінства - праз свайго старэйшага брата-манаха быў звязаны з царкоўнасцю. Ён быў з пакалення пасляваенных савецкіх архіярэяў, быў узрошчаны ў манастырскім кантэксце. З таго пакалення, якое паціху адыходзіць.

У чым жа выбуховасць інфармацыі? У кадравым плане Беларуская Праваслаўная Царква апошняе дзесяцігоддзе была збалансаваная. Усе прызначэнні на вышэйшыя пасады адбываліся досыць прадказальна і паступова, як з боку Беларускага Экзархату, так і з боку Маскоўскага Патрыярхату. Карту з архіепіскапам Арыстархам з картачнага дамку вынялі занадта нечакана, і гэты дамок можа пачаць разбурацца. Супрацьстаянне ў Сінодзе БПЦ у момант неабходнасці вырашэння - хто зойме кіраўнічую пазіцыю ў епархіі - скрайне абцяжарвае сітуацыю. Апроч таго, нядаўні канфлікт у самой Гомельскай епархіі, у ваколіцах Рэчыцы, в. Коззе, звязаны са спробай змены настаяцеля і пратэстамі прыхажанаў, стаўся не вельмі прыемнай кропкай заканчэння служэння спачылага архіепіскапа. Інтрыга вакол Гомельскай кафедры можа мець наступствы, якія выходзяць па-за межы адной епархіі. Калі яе зойме адзін з цяперашнях вікарных, ці дапаможных, епіскапаў (у Гомельскай епархіі гэта епіскап Леанід), то адзін з іх атрымае новы статус і членства ў Сінодзе, здолеўшы паўплываць на расклад сілаў у Сінодзе, а гэта значыць, на працэс падзелу епархіяў. Ніводзін чалавек з "кадравага рэзерву" - архімандрытаў - пакуль не можа прэтэндаваць адразу на статус кіруючага, прычым такой значнай епархіяй. Але рукапалажэнне кагосьці з іх усё ж магчымае, і гэта прывядзе да з'яўлення новай статуснай асобы ў Беларускай Праваслаўнай Царкве. Яшчэ адным варыянтам можа стаць прызначэнне епіскапа Масквой - і не з Беларусі. У такім выпадку гэта будзе сведчыць як пра ўзрастанне ўплыву Маскоўскага цэнтра на становішча ў БПЦ пры адсутнасці скансалідаванай пазіцыі яе епіскапату, так і пра магчымую "маскоўскую" кандыдатуру для ўзначальвання ў будучым усяго Беларускага Экзархату (архіярэя проста ўвядуць у склад епіскапату Беларусі, каб ён змог акліматызавацца тут пакуль, набрацца досведу, усталяваць кантакты, і не быць адразу "чужым" у якасці кіраўніка). Тое, як будуць развівацца падзеі вакол будучага Гомельскай епархіі, падкажа нам, чаго чакаць у будучым для Беларускай Праваслаўнай Царквы ў цэлым. Ці знойдзе беларускі епіскапат сілы дзеля кансалідацыі ці асобныя епіскапы будуць імкнуцца выкарыстаць сітуацыю для павелічэння свайго ўплыву (праз прасоўванне на кафедру сваіх хаўруснікаў, пры дапамозе і ўплыве Масквы)? Ці выкарыстае сітуацыю Масква для павелічэння ў Беларусі свайго ўплыву? Што адбудзецца з сітуацыяй у самой Гомельскай епархіі? Не ўсё залежыць ад волі чалавека. Здараюцца і форс-мажоры. Часам бомбы выбухаюць зусім не там, дзе іх заклалі.
24.04.12 0:42