Сакрэтны візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь

Сакрэтны візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь

Можна было б падумаць, што сродкі масавай інфармацыі ўзялі на ўзбраенне новую стратэгію - ігнараваць Патрыярха Кірыла і яго візіт у Беларусь у бліжэйшыя выходныя. Аднак маўчаць не толькі сродкі масавай інфармацыі, пра гэты візіт не паведамляюць і афіцыйныя крыніцы - ні Рускай Праваслаўнай Царквы, ні Беларускай Праваслаўнай Царквы. І толькі ў невялічкім роліку на ютубе на 2:26 прот. Віктар Белякоў, настаяцель Свята-Пакроўскага храма як бы паміж іншым, распавядаючы пра парадак святакавання прастольнага свята Пакрова 14 кастрычніка паведамляе: "А 9-й гадзіне мы з Вамі сустракаем Патрыярха Кірыла ўсе Русі, першасвяціцеля. З Вамі тут сустракаем Патрыярха," - і па-змоўніцку абводзіць вачыма прыхаджанаў.


І працягвае: "Госпад так судзіў, што ўпершыню за 400 год існавання храма нашага ў нас будзе здзяйсняць служэнне Патрыярх у саслужэнні 16-ці архіярэяў і мноства простых святароў...  Значыць, здзяйсняецца служэнне ў нас Патрыярха з сонмам архіярэяў, а потым адразу пасля адпусту Патрыярх гаворыць вітальнае слова і з'яжджае. Ён тут знаходзіцца з працоўнымі візітам. А т.я. святар не можа заставацца без богаслужэння ў святочныя дні, Госпад управіў яго выбраць наш храм. Нагода ёсць вядома, Пакроў і 400 год. Калі Бог не зменіць свайго рашэння, то мы сустракаем Патрыярха".

Са словаў прот. Вікатара вынікае, што візіт не прымеркаваны да 400-годдзя храму, а носіць працоўны характар. Нагодай для выбару храму магло стаць не толькі прастольнай свята і ўрачыстасці, але і блізкасць храма да рэзідэнцыі Прэзідэнта ў Драздах. Блізкасць настолькі вялікая, што калі Прэзідэнт выбраўся на галасаванне 23 верасня, то служба бяспекі замуравала людзей у храме ў час літургіі, ніхто не мог ні зайсці, ні выйсці.

Сустрэча Патрыярха з 16-ці архіярэямі, з іх, як можна меркаваць, усімі беларускімі, таксама падзея вялікай значнасці, асабліва ва ўмовах нямогласці Прадстаяцеля БПЦ Мітрапаліта Філарэта. Як паведамляе партал "Царква", апроч удзелу ў літургіі вядома, што Патрыярх наведае прыход Усіх Святых і асвеціць там помнік свайму папярэдніку Патрыярху Аляксію ІІ. Настаяцелем гэтага прыходу з'яўляецца прот. Фёдар Поўны, адзін з самых уплывовых дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, блізкі да Прэзідэнта Лукашэнкі, на загад якога дзеля будаўніцтва аб'ектаў прыходу Ўсіх Святых - Дома міласэрнасці і аднайменнага храма-помніка выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі, храм, у які сам Лукашэнка эксклюзіўна і наведваецца апошнім часам, дзе сустракаецца з Сінодам і епіскапамі БПЦ.

Чаго чакаць ад гэтага візіту? Пра гэта можна хіба здагадвацца. Але падзея абяцае быць цікавай, таму, спадарства журналісты, не праспіце, падрыхтуйцеся.
 
09.10.12 16:57