Патрыярх спазніўся з-за туману?

Патрыярх спазніўся з-за туману?

Праваслаўныя прэс-службы блыталіся ў паказаннях, блыталіся, ды не выблыталіся. Хаця першасна мэтай візіту пазначылі такі прыезд Патрыярха для таго, каб памаліцца на свята Пакрова ў Свята-Пакроўскім храме, бо менавіта "к 400-летию явления Крупецкой иконы Божией Матери візіт быў "приурочен". Прэс-сакратар Мінскай епархіі прот. Сергій Лепін упэўніваў мяне асабіста, што такая версія з'яўляецца "своечасовай" і "правільнай", а я яму не верыла.
А Пакроўскі храм рыхтаваўся да візіту. Менавіта настаяцель храма прот. Віктар Белякоў і быў першым, хто праз ролік на ютуб паведаміў пра радасную нагоду, але яшчэ тады выказаўся трохі з сумневам: "Калі Бог не зменіць свайго рашэння, то мы сустракаем Патрыярха". А вось на форуме праваслаўнай моладзі праваслаўная моладзь з заміраннем сэрца абмяркоўвае візіт Патрыярха, і шкадуе, што ўваход у Свята-Пакроўскі прыход, каб памаліцца з Патрыярхам, будзе магчымы толькі па запрашальніках. Толькі вось прэс-служба самога Патрыяраха яшчэ 12 кастрычніка не зусім упэўнена паведамляе, што "як чакаецца", візіт Патрыярха адбудзецца.
І, выглядае на тое, што Бог змяніў сваё рашэнне, бо да Свята-Пакроўскага храму і сонму 16 архіярэяў Свяцейшы Кірыл так і не дабраўся. Ахутаны суцэльным туманам атрымаўся візіт, і туман ярам, туман даліною, туман ярам - самалёт не змог сесці ў аэрапорце Мінск-2. Як паведамлялася ў смі, ажно два рэйсавыя самалёты "Астана-Мінск" і "Дамадзедава-Мінск" таксама не змаглі сесці і былі адпраўлены - адзін на пасадку ў Гомель, другі назад у Дамадзедава.


Воляй лёсу я сёння таксама прылятала ў Мінск-2, які сустрэў мяне ясным сонечным надвор'ем, аўтаказакамі і як мінімум паўсотняй міліцыянтаў. Бачыла і шэранькі самалёцік Патрыярха. Той, дарэчы, на сустрэчы з Прэзідэнтам на надвор'е не скардзіўся: "Каждый раз, когда приезжаю в Беларусь, я вижу что-то новое, что меня очень радует. Сегодня еще день такой - радостный и светлый, почти что весенний: много солнца, голубого неба".


Калі раней мы задаваліся пытаннем "а был лі мальчык?", то цяпер спытаем у сябе, а ці быў туман і калі? Разлічым, калі Патрыярх павінен быў прызямляцца, калі б сапраўды меў на мэце наведаць Пакроўскі прыход. Сустрэча павінна была адбыцца а 9-й раніцы, ад аэрапорта Мінск-2, пакуль выйдзеш з самалёту, туды-сюды, па кальцавой, нават з сінімі вядзёркамі трэба хвілін сорак, гэта значыць прызямленне павінна было адбыцца каля 8-мі раніцы. Цяпер паглядзім, калі ж не змаглі сесці самалёты з Астаны і Дамадзедава. Калі расклад авіярэйсаў не маніць, то нядзельны самалёт з Астаны прылятае ў Мінск-2 у 10:25 раніцы, а ранішні самалёт з Дамадзедава у 10:35. А вось у 9:40 раніцы - час прылёту самалёты з Шэрамецьева, які я не чула, каб не змог прызямліцца. Значыць, калі Патрыярху туман і замінаў, то ў небе над Мінскам кружыў ягоны авіялайнер каля 10-ці раніцы, выходзіць у мяне. Ці такі з 8-мі да 11:30, як выходзіць у тых, хто верыць у туманную версію, кружыў над Мінскам паветраны экіпаж Патрыярха, тры з паловай гадзіны лішніх, траціў паліва, а на альтэрнатыўны аэрадром прысесці таксама не захацеў?


Дык чыім было рашэнне - Бога, які праз неспрыяльныя ўмовы надвор'я не дазволіў Патрыярху служыць Пакроўскую літургію ў сонме 16 архіярэяў; Божай Маці, якая пакрыла на гэты час горад Мінск пачэсным сваім амафорам, ці самога Свяцейшага Патрыярха, які ехаў у горад Мінск па справах, а прэс-службы, напускаючы туману, спрабавалі навязаць Патрыярху незапланаваную праграму?
14.10.12 19:34