Да нас едзе рэвізор: праваслаўныя прэс-службы блытаюцца ў паказаннях

Да нас едзе рэвізор: праваслаўныя прэс-службы блытаюцца ў паказаннях

Журналісты ўнялі закліку ў маім блогу "Сакрэтны візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь", і пачалі звяртацца да прэс-службаў, каб пацвердзіць ці абвергнуць хуткі і нечаканы візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла на тэрыторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы. І як высветлілася, прэс-службы пакуль не гатовыя казаць ні пра прычыну візіту, ні пра яго праграму, хаця да Пакрову застаецца пару дзён.Кіраўнік прэс-службы Мінскай епархіі прот. Сергій Лепін, каментуючы падзею для Радыё "Свабода", паспрабаваў зняць напружанне: "Ніякай сакрэтнасьці няма, і было б дзіўна, каб б патрыярх прыехаў сакрэтна. Справа ў тым, што пакуль яшчэ ня ўзгодненая праграма, бо візыт даволі кароткі, але зьмястоўны. Трэба ўзгадніць меркаваны графік з усімі яго ўдзельнікамі. І пакуль поўнага ўзгадненьня ня будзе, ніякіх анонсаў аб праграме таксама ня будзе. То бок тут няма ніякай сакрэтнасьці, тут проста ёсьць звычайныя бюракратычныя затрымкі. І зусім магчыма,што ўжо сёньня вечарам будуць гатовыя адпаведныя прэс-рэлізы". Калі з удзельнікамі трэба ўзгадняць, то гэтыя ўдзельнікі яўна не ніжэйстаячыя за Патрыярха, бо тым трэба было проста давесці куды і калі з'явіцца. Значыць, удзельнікі гэтыя - альбо прадстаўнікі іншых цэркваў, напрыклад, нунцый К. Гуджэроцці альбо архіепіскап Т. Кандрусевіч, альбо прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. І калі з імі трэба ўзгадняць, значыць у сустрэчы зацікаўлены сам Патрыярх, а "іншыя ўдзельнікі" яшчэ думаюць, ці ім гэта трэба.
А вось інфармацыя, якую падае расейскі бок - кіраўнік патрыяршай прэс-службы дыякан Аляксандар Волкаў: "Чакаецца, што ў дзень свята Пакрова Божай Маці, у нядзелю Свяцейшы Патрыярх наведае Мінск і здзейсніць Боскую літургію ў Пакроўскім храме сталіцы Беларусі". Паводе ягоных словаў, асноўная мэта першасвятарскага візіту - супольная малітва з духавенствам і веруючым народам.
Сам настаяцель Пакроўскага храму ў памятным запісе з ютубу быў не вельмі ўпэўнены, што Патрыярх адмыслова прыяжджае памаліцца на Пакроў. Візіт Патрыярха ён назваў "працоўным", а прысутнасць у Пакроўскім храме - прынагоднай.Сюжэт закручваецца, здаецца, яшчэ трохі - і закруцяцца гайкі.
Тым часам афіцыйны сайт РПЦ анансуе 11 кастрычніка Патрыяршае служэнне ў Пакроўскім манастыры ў Хоцькава. Пра візіт у Беларусь сайт маўчыць.
10.10.12 21:29