Наталля Васілевіч

Маю два афіцыйныя пасведчанні - кіроўцы аўтатранспартных сродкаў катэгорыі “В” і народнага засядацеля, пры гэтым ні разу не сядзела за рулём і не засядала ў судзе на подыюме. На абліччы і дыскурсе - адпячатак Беларускага гуманітарнага ліцэя. Дыплом палітолага-юрыста дазволіў мне выкладаць правы чалавека, канстытуцыйнае права і іншае па дробязі ў адным прыватным ВНУ, але адтуль мяне звольнілі, рэзонна палічыўшы, што аднаго Васілевіча ў нашай краіне для канстытуцыйнага права хопіць. Пішу разнажанрава: скаргі ў дзяржаўныя органы, каменты ў “Нашу ніву”, дысертацыю, артыкулы ў часопіс “Палітычная сфера”, для партала “Царква”, аналітыку на рэлігійную тэматыку і допісы ў блогі. Калі б у мяне былі хаця б зачаткі музычнага слыху, то спявала б у царкоўным хоры. Замест гэтага - вывучаю замежныя мовы і стараюся служыць традыцыйнай Царкве нетрадыцыйнымі для жанчыны спосабамі. Кананічны статус у Беларускай Праваслаўнай Царкве - “прыватная асоба”.