Гугл-транслейт: абарона кананічнай тэрыторыі РПЦ

Гугл-транслейт: абарона кананічнай тэрыторыі РПЦ

Пакуль мы чакаем з Разані новага мітрапаліта Мінскага і ўсяе Беларусі Паўла, Усясветны Патрыярх Варфаламей заявіў у сваёй навагодней казані: ''Το Οικουμενικό Πατριαρχείο είναι η Μητέρα Εκκλησία του Σλαβικού κόσμου'', што значыць, "Усясветны Патрыярхат з'яўляецца Царквой-Маці для славянскага свету". Гэтыя словы Ўсясветнага Патрыярха, хоць і сказаныя пра сувязь з Праваслаўнай Царквой Чэхіі і Славакіі, якая перажывае не лепшыя часы, гучаць у піку Маскве, асабліва пасля Сіноду 25-26 снежня, дзе акрамя прызначэння новага беларускага мітрапаліта быў прыняты таксама дакумент, у якім аспрэчваліся прэтэнзіі (рэальныя ці прыдуманыя) Усясветнага Патрыярхату на першынство ў праваслаўным свеце - Позиция Московского Патриархата по вопросу о первенстве во Вселенской Церкви, а тым больш кранае пытанне "Рускага свету", які нястомна прапаведуе Патрыярх Кірыл. Апошні нагадаў сёння Мітрапаліту Паўлу, пасылаючы яго ў Беларусь, што задача новага беларускага Мітрапаліта - "в хранении единства исторической Руси, которая, несмотря на многие слабости и разорения, в том числе века ХХ-го, продолжает оставаться великой духовной и цивилизационной силой современного мира".

Жаданне прадстаўніка славянскага свету прачытаць словы пра ролю ў ім Усясветнага Патрыярхату, салодкія для кожнага, хто ўжо жадае ў Канстанцінопальскі Патрыярхат, але які грэцкую мову яшчэ не вывучыў, прыводзяць да неабходнасці выкарыстоўваць гугл-транслейт. І тут высвятляецца цікавая рэч. Калі ўвесці пазначаную фразу "Το Οικουμενικό Πατριαρχείο είναι η Μητέρα Εκκλησία του Σλαβικού κόσμου", то ў акенцы з рускай мовай (беларускі пераклад таксама адбываецца праз рускую мову) яна пераўтвараецца ў  тэкст наступнага зместу: "Русская Православная Церковь является Церковью-Матерью славянского мира'', перакладаючы "Усясветны Патрыярхат" як "Русская Православная Церковь". Тут табе і кананічная тэрыторыя славянскага свету, і прэтэнзія на першынство ў свеце праваслаўным. Такі вось "Трэці Рым" на прасторах гугла.

upd. Пры апытанні высветлілася, што дадзеную фразу гугл перакладае па-рознаму. Камусьці, як мне, выдае "Русскую Православную Церковь", камусьці правільны "Вселенский Патриархат".
03.01.14 22:49