Патрыярхі "прызямляцца" ў Менску

Патрыярхі "прызямляцца" ў Менску

У Беларусь едзе пакуль не Папа (хаця і Папа таксама - такі тытул носіць грэцкі Патрыярх Александрыі), але цэлы шэраг праваслаўных патрыярхаў і прадстаяцеляў паместных праваслаўных цэркваў. Апроч Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, у праграме анансаваныя і Патрыярхі, якія паводле свайго ганаровага рангу займаюць больш высокія за Патрыярха Русі, 1025-годдзе Хрышчэння якой уласна і святкуецца: Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор (акрамя таго, што ён носіць тытул Папы, ён яшчэ і "Трынаццаты апостал", і "Суддзя сусвету") і Патрыярх Іерусалімскі Феафіл; апроч на літургіі на Мінскім замчышчы чакаюцца: Патрыярх Грузінскі Ілля, Патрыярх Сербскі Ірыней, Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом, Мітрапаліт Варшаўскі Сава, і Мітрапаліт Ціхан, які ўзначальвае Праваслаўную Царкву ў Амерыцы.

Летась Патрыярх Кірыл прылятаў у Мінск на Пакроў, аднак, відаць, памятаючы свае лётныя прыгоды, калі ён ніяк не мог прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце г. Мінска, з-за чаго вымушаны быў адмяніць першую частку праграмы, а ўласна, візіт у Пакроўскі храм г. Мінска, у гэтым годзе быў абраны менш рызыкоўны спосаб перамяшчэння - цягніком. І здавалася б, гэтым разам Пакроўскі храм не дарма рыхтуецца да прыезду такіх высокіх гасцей, бо менавіта адтуль павінен быў пачацца ў панядзелак 29 ліпеня хрэсны ход да Минскага замчышча, пра што ва ўсе храмы была накіраваная інфармацыя з Мінскай епархіі, а некаторыя з іх размясцілі гэтую інфармацыю ў інтэрнэце: вось барысаўскі храм у гонар Дзмітрыя Данскога збірае прыхажан на хрэсны ход ад "Свято-Покровского храма г.Минска (пр-т Победителей, 82)", вось Гродненская епархія збіраецца дастаўляць прыхажан на аўтобусах да Пакроўскага храма а 6-30 раніцы. Вось мінскі чыжоўскі прыход запрашае прыхажан на тое ж месца - у Пакроўскі храм, адкуль хрэсны ход і плануецца пачаць.

Калі я ўпершыню прачытала інфармацыю, што чакаецца тысяч 50 народу, што да Пакроўскага храму будуць дзясяткамі пад'яжджаць аўтобусы з усёй Беларусі, то ў мяне, апроч радасці ад свята праваслаўнай веры, узнік невялікі неспакой адносна ўсёй падзеі, і ніяк не верылася, што ўсяго толькі за некалькі сотняў метраў ад рэзідэнцыі Прэзідэнта ў Драздах, і за некалькі дзясяткаў метраў ад "урадавага мястэчка" дазволяць сабрацца калі не 50-ці тысячам, дык хаця б дзесяці тысяч праваслаўных людзей.

І інтуіцыя не падманула. У новай праграме як ні ў чым ні бывала, ужо ніводным словам не згадваецца Пакроўскі храм, а хрэсны ход пачынаецца ад храма Марыі Магдаліны (вул. Кісялёва, 42), які ад месца святкавання літургіі знаходзіцца ў адлегласці 3 км. Спадзяюся, як і летась, атрымаецца дабіцца ад прэс-службы Беларускай Праваслаўнай Царквы яснасці: куды і а якой гадзіне праваслаўным вернікам прыбываць, каб паўдзельнічаць у хрэсным ходзе?


24.07.13 15:29