Прэч ідэалогію з яе ідэолагамі

Прэч ідэалогію з яе ідэолагамі

У ХХ-м стагоддзі ідэалогія праявіла сябе, як варожая з’ява. Менавіта тады выкрылася ўся сутнасць падзелу людзей па розных прызнаках. «Калі ты ліберал/кансерватар, нам не па дарозе». Прыкладна такім чынам дзейнічае ідэалогія. Чаму гэта дрэнна? Як пазбегчы ідэалагізацыі?..

Адразу вызначымся з паняткам. Ідэалогія — гэта комплекс усёабдымных і ўнутрана звязаных адну з адной ідэй. У адпаведнасці з імі ўсякая сацыяльная група ўспрымае і ацэньвае свет. Ідэалогія павінна даваць: а) тлумачэнне, якім чынам тыя ці іншыя рэчы сталі такімі, якімі яны ёсць; б) указанне накірунка развіцця гэтых з’яў (інструкцыя да дзеяння); в) крытэрыі адрознення праўды ад хлусні, дзейсных аргументаў і неістотных.

Першае, што кідаецца ў вочы — абгрунтаванне перавагі аднаго комплекса ідэй над другім. Напрыклад, існуюць такія пары: капіталізм — камунізм, улада — анархія, кансерватызм — лібералізм і гэтак далей. Прыхільнікі ўсіх гэтых ідэалогій узвышаюць свой светапогляд над астатнімі. І гісторыя прад’яўляе нам шмат прыкладаў. Прыгадайце фашызм, які часта з’яўляецца крайняй формай ідэалогіі нацыяналізму.

З-за барацьбы ідэйных праціўнікаў у ХХ-м стагоддзі адбыліся дзве сусветныя вайны. Дый шмат розных канфліктаў узнікала менавіта на гэтай глебе. А ўсё таму, што ідэалогія сама праз сабе нясе варожасць. Яна дае пастулат, што ёсць такія з’явы, якія трэба вынішчаць. Напрыклад, камунізм прадугледжвае вынішчэнне прыватнай уласнасці. І мы бачылі, як гэта ажыцяўлялася ў Савецкім Саюзе.

Прыкладна, такім чынам выглядае ідэалагічная вайна.

Што можа дапамагчы пазбавіцца лятальнага ўплыву гэтай з’явы? Сістэма каштоўнасцяў. Гэта сукупнасць сфармаваных у людзей меркаванняў пра значэнне ў іхнім жыцці рэчаў і з’яў, якія сустракаюцца ў прыродзе і грамадстве. У адрозненні ад ідэалогіі каштоўнасці ўскладаюць адказнасць на індывідуум. Напрыклад, возьмем такую каштоўнасць, як «мужнасць». Ёсць мужныя абаронцы сваёй айчыны і таксама — агрэсары. Можна мужна абараняць сям’ю ад хуліганаў, а можна быць мужным бандытам.

То бок тое, якім чынам індывід ажыццяўляе свае каштоўнасці, ускладае на яго поўную адказнасць за зробленае. Таму калі з’яўляецца варожасць, то прычына не ў сістэме светапогляду. Таму каштоўнасці дысцыплінуюць людзей. Яны ўскладаюць на кожнага абавязак адказнасці. А гэта цягне за сабой іншыя прыемныя наступствы.

Яўген Глаголеў-Васьковіч

30.01.18 8:49