У Бабруйску адбылося абмеркаванне барацьбы з імперыялізмам

У Бабруйску адбылося паседжанне «маладафронтаўскага» антыімперскага «Клуба Яна Хадкевіча». Прайшло яно якраз 27 ліпеня — на дзень 28-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Тэмай мерапрыемства стала «Барацьба супраць імперыялізму». Прысутнічалі сябры розных арганізацый.

Мерапрыемства адбылося на офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Акрамя сябраў «Маладога фронту» ў дыскусіі клуба прынялі ўдзел прадстаўнікі АГП, прафсаюзу РЭП, «Гавары праўду» і звычайныя грамадскія актывісты.


У першую чаргу мы вызначыліся, у якім фармаце бедзем весці дыскусію: агучылі каштоўнасці нашага клубу. Потым усе ўдзельнікі паседжання вызначыліся з азначэннем імперыялізму, пасля чаго абмеркавалі моцныя і слабыя бакі гэтай з’явы. Сярод моцных выявілі пачуццё абароненасці, рост эканомікі, культурны ўплыў, цывілізацыйнае развіццё. Таксама дыспутанты абазначылі, што імперыя з’яўляецца карыснай для эксплуататарскага класу, а падманваць грамадзян пры такой дзяржаўнай форме значна лягчэй.

Сярод мінусаў адзначылі знікненне і нават наўмыснае вынішчэнне іншых культур, моваў, самаідэнтыфікацый і да ўсяго іншага — народаў. Папоўнілі спіс мінусаў і такія акалічнасці, як цяжкасць кіравання вялікімі тэрыторыямі і агрэсіўная, мілітарысцкая палітыка.

Аднак пры вызначэнні дыспутантамі спосабаў барацьбы з імперыялізмам узнікла цяжкасць: не ўдалося знайсці ніякіх прыдатных захадаў. Былі выказаны толькі агрэсіўныя варыянты супрацьстаяння, як напрыклад, імперыялізмам адказваць на імперыялізм і да таго падобнае.

На завяршэнне мы абмеркавалі новую з’яву сучаснасці — гібрыдны імперыялізм. Аднак дасканала сфарміраваць новы тэрмін на паседжанні не ўдалося. Паспрабую вызначыць яго тут (калі што — дапамагайце).

Гібрыдны імперыялізм — гэта форма знешнепалітычнай дзяржаўнай экспансіі, пры якой панаванне метраполіі ўсталёўваецца на эканамічным і інфармацыйным полі аб'екта ўздзеяння без уключэння яго ў склад цэнтральнай дзяржавы, а таксама праз кантроль ключавых пасадаў краіны-ахвяры.

Гэта першае паседжанне па дадзенай тэме. Чальцы «Клуба Яна Хадкевіча» плануюць правядзенне новых дыскусій па тэматыцы барацьбы з імперыялізмам.

Фота Галіны Смірновай

16.08.18 16:41

Яўген Васьковіч