Станіслаў Суднік

Суднік Станіслаў Вацлававіч нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці. Скончыў Менскую вышэйшую зенітную ракетную навучальню Войскаў СПА краіны ў 1977 годзе, Цвяркую камандную акадэмію імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава ў 1992 годзе. З 1977 па 1983 год служыў у зенітна-ракетных дывізіёнах на Урале, з 1983 па 1992 на палігоне СПА у Казахстане. Прымаў удзел у больш за 300 баявых пускаў ракет. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” (за першыя 100 пускаў) і ордэнам “За службу Радзіме”. Апошняя пасада ў Казахстане - першы намеснік начальніка палігона, вайсковае званне - падпалкоўнік. У 1988 годзе ўзначаліў беларускі нацыянальны рух у Прыазёрску. У жніўні 1990 года ў Прыазёрску выйшла газета “Рокаш”, першая беларуская газета ў СССР за межамі Беларусі, выходзіла штомесяц да верасня 1992 года. У верасні 1990 г. у Прыазёрску пачала працу беларуская нядзельная школа, працавала да снежня 1992 года. У 1992 годзе сумесна з Вікенціем Чорным заснаваў беларускую нядзельную школу ў Цвяры. Дзейнічала паўгода. У 1992 годзе пераведзены ў Беларусь. Камандаваў зенітна-ракетным дывізіёнам у Мастах і Росі. Звольнены ў запас у 1994 годзе. З 1994 года ў Лідзе. Старшыня Лідскай гарадской арганізаці ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”. Старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне”. Сябар Рады ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны. З 1995 па 1997 год карэспандэнт газеты “Пагоня”. Са жніўня 1997 года да сёння рэдактар часопіса “Лідскі летапісец”, выйшла 50 нумароў. З лістапада 1997 года да сёння рэдактар газеты ТБМ “Наша слова”, газета пайшла на другую тысячу нумароў. Выдаваў газету “Тэлескоп”, незарэгістраваныя газеткі “Голас з Ліды” і “Голас Ліды”, літаратурна-мастацкі часопіс “Ад лідскіх муроў”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выдаў “Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік”, “Расейска-беларускі вайсковы слоўнік” на 8000 слоў (сумесна з С. Чыславым), “Шыхтовы статут Беларускага войска” (сумесна з І. Супаненкам). Выдаў першы ў свеце падручнік стэнаграфіі на беларускай мове. Выдаў кнігі вершаў “Пагоня за мову”, “Мой Грунвальд”, “Лідскія скрыжалі”. Апублікаваў шэраг паэмаў і перакладаў твораў гістарычнай тэматыкі. Камітэтам ушанавання ўганараваны медалём Браніслава Тарашкевіча “За абарону роднай мовы”. На стэле “Змагарам за родную мову” у прыватным музеі А. Белага ў Старых Дарогах у 2005 годзе ўстаноўлены бронзавы барэльеф С. Судніка. Галоўная мара - дабіцца адкрыцця Лідскага дзяржаўнага універсітэта.