Беларуская мова – чыннік, што адрознівае незалежную дзяржаву ад федэральнай акругі

2 красавіка ў Беларусі ўзгадваюць ўтварэнне сумнеўнай квазідзяржаўнай адзінкі – так званай, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Вядома, з палітычнага пункту гледжання, гэты “Саюз” — яшчэ больш мёртвае ўтварэнне, чым СНД, і збольшага толькі цешыць нязбыўныя мары маргінальных прыхільнікаў “русского мира”.

Але нават тут, пры падпісанні Статута “дзяржавы”, беларуская мова была дыскрымінаваная. Гэта паказвае, што дыскрымінацыя дзяржаўнага статусу беларускай мовы ў Беларусі знайшла адлюстраванне і ў сферы міжнароднай палітыкі. У праекце Статута Саюза Беларусі і Расіі, які быў падпісаны 2 красавіка 1997 г., прадугледжвалася зрабіць рабочай мовай органаў Саюза рускую мову. Такое вызначэнне моўнага пытання выклікала незадавальненне і крытыку з боку беларускай грамадскасці. У канчатковы варыянт Статута, што быў падпісаны 23 траўня 1997 г., увайшоў арт. 38, паводле якога афіцыйнымі мовамі Саюза з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Тым не менш, ў якасці рабочай мовы органаў Саюза выкарыстоўваецца руская мова. Больш за тое, у 1998 г. падчас сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі міжнародныя дакументы, у тым ліку, Дагавор аб роўных правах грамадзян і Пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб'ектам гаспадарання, падпісаныя ў двух экземплярах на рускай мове. Гэта парушэнне агульнапрынятай дыпламатычнай практыкі падпісання міждзяржаўных дакументаў на дзяржаўных мовах краін-удзельніц.


Нават з улікам дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі трэба мець на ўвазе, што беларуская мова з’яўляецца мовай тытульнага этнасу, і звычайна яна выкарыстоўваецца для падпісання дамоў і пагадненняў з замежнымі краінамі. Для параўнання можна прывесці арт. 14 Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое ад імя незалежнай Беларусі падпісаў яе першы кіраўнік Станіслаў Шушкевіч, дзе прапісана, што згаданае Пагадненне здейснена ў Мінску 8 снежня 1991 г. у трох асобніках, кожны на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, прычым тры тэксты маюць аднолькавую сілу.

У сувязі з вышэйсказаным варта заўважыць, што, як адзначае былы старшыня Канстытуцыйнага Суда Рыгор Васілевіч, рускія не з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю, што пражывае ў Беларусі працяглы час, як, напрыклад, татары і яўрэі, што жывуць у Беларусі больш за 600 гадоў. Ад сябе пазначым, што, нягледзячы на гэта, мова рускіх у Беларусі з’яўляецца дзяржаўнай і дамінуе ў Беларусі, пры тым, што больш за 80 % насельніцтва краіны – беларусы. Больш за тое, апрача Беларусі, руская мова з’яўляецца дзяржаўнай толькі ў Расійскай Федэрацыі – дзяржаве, этнічнай асновай якой выступаюць рускія. У Расіі пражывае не нашмат менш беларусаў, чым рускіх у Беларусі, але беларуская мова ў Расіі не з’яўляецца дзяржаўнай.



Выпадак з падпісаннем Статута Саюзнай дзяржавы не адзіны, калі моўнае пытанне не дастаткова дасканала рэгулюецца ў сферах, што так ці інакш закранаюць міжнароднае права і міждзяржаўныя стасункі. Напрыклад, арт. 14 Закона “Аб грамадзянстве” вызначае як адзін з крытэрыяў прыёма ў грамадзянства веданне адной з дзяржаўных моў Беларусі у межах, неабходных для зносін. Пункт 21 Палажэння аб парадку разгляду пытанняў, якія звязаны з грамадзянствам кажа аб тым, што валоданне адной з дзяржаўных моў вызначае службовая асоба органа ўнутраных спраў, аб чым робіцца запіс у анкеце таго, хто хоча атрымаць грамадзянства Беларусі. Парадак гэтай працэдуры Палажэнне не прадугледжвае. Патэнцыяльныя кандыдаты не ведаюць на падставе чаго вызначаецца такое валоданне, а сама такая працэдура вызначэння ступені валодання дзяржаўнай мовай робіцца суб’ектыўным фактарам. Трэба дакладна вызначыць, якія дакументы пацвярджаюць валоданне дзяржаўнай мовай у мэтах атрымання грамадзянства, а таксама праводзіць экзамен на валоданне дзяржаўнай мовай у адносінах да асоб, якія не маюць адпаведных дакументаў. Акрамя гэтага, узровень валодання супрацоўнікамі органаў унутраных спраў дзяржаўнымі мовамі, асабліва беларускай мовай, застаецца ў шматлікіх выпадках надзвычай нізкім.

Беларускае МЗС папракнула пасла Расіі Бабіча ў тым, што ён “за кароткі час працы ў Беларусі не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай”. Але чаму здзіўляцца з паводзін прыезджага госця з Усходу, калі гэту розніцу не заўжды разумее сама Беларусь. Пакуль дзяржава не зразумее, што беларуская мова – падмурак дзяржаўнасці, і не пачне яе выкарыстоўваць на належным узроўні, нельга чакаць, што нашу дзяржаўнасць і незалежнасць будуць паважаць і ўспрымаць сур’ёзна іншыя суб’екты міжнароднага права.

Аўтары: Ігар Случак і Аліна Нагорная

02.04.19 22:15

Ігар Случак