Школа, дзеці і чэрці

Школа, дзеці і чэрці


Ну сябры, у мяне ўжо заканчваюцца прыстойныя словы. Чэрці. Натуральныя рагатыя бесы акапаліся ў Гомельскіх абласных і калінкавіцкіх раённых чыноўных кабінетах.
Бітва за беларускую школу ў Каплічах ў Дзень ведаў перайшла ў фазу адкрытай вайны.
Нагадаем, вось ужо тры гады незалежная дэпутатка Роза Стрэльчанка змагаецца за рамонт школы для больш як 100 дзяцей у аграгарадку Каплічы. Школа зачыненая з-за працёку даху, і замест рамонту дзяцей возяць за дзясяткі кіламетраў у вёску Шыічы: за гэты час на падвоз вучняў з бюджэту выдаткавана ў дзесяць разоў больш грошай, чым патрабуе рамонт.
"На прынцып" пайшлі гомельскія чыноўнікі, якім не спадабалася рашучая пазіцыя Розы Стрэльчанкі, падтрымка бацькоў і асвятленне сітуацыі з боку "Белсата". Супраць Розы Стрэльчанкі здзяйсняюцца правакацыі: "невядомыя" тэлефануюць ёй, напрыклад, з тэлефона у Гомельскім аблвыканкаме(!) і пагражаюць псіхушкай і расправай. Міліцыя, канечне, не можа знайсці вінаватых.
І вось 2 верасня 2019 года, на Дзень ведаў, на лінейцы ў Шыіцкай школе і на сайце калінкавіцкай раёнкі абвяшчаецца, што школу "замініравалі" званком ад імя жыхаркі Каплічаў (вядома, каб настроіць бацькоў супраць Стрэльчанкі). Дзяцей эвакуіруюць і размяшчаюць у іншых будынках, а да Розы Стрэльчанкі прыяжджаюць сапёры - даследваць і апісваць яе хату ды канфіскаваць кампутар.
Зразумела, Роза Стрэльчанка нікуды не званіла. Гэта ведаюць усе, у тым ліку і міліцыя - у лютым гэтага года падобная гісторыя ў Каплічах ужо была, міліцыя абшуквала дом Стрэльчанкі, забірала комп, тэлефон, нічога не знайшла і "вінаватых не ўстанавіла". А дзе і ў якім кабінеце хаваецца падонак, які прыдумаў такі нятанны блокбастэр у Дзень ведаў - думаю, мы даведаемся пасля змены ўлады.
У сваю чаргу Роза Стрэльчанка абівае парогі Мінадукацыі і адпаведных установаў. Паколькі там не дапамагаюць - звярнулася ў Сусветны банк, які падтрымаў рамонт і мадэрнізацыю вясковых беларускіх школаў на 90 мільёнаў еўра. Каплічы, якія мусілі быць у спісе за №1, там увогуле адсутнічаюць. Сусветны банк (філія ў Беларусі) прыслаў адказ: мы гатовыя, калі Мінадукацыі не супраць.
А Мінадукацыі маўчыць.
Якімі ж трэба казламі быць, каб так гнабіць свой уласны народ! Госпадзе, прабач - але проста не хапае галавы асягнуць: што за сатаністы правяць бал на 26-ым годзе цара Ірада!
У выніку Роза Стрэльчанка і бацькі капліцкіх дзяцей адкрылі рахунак у "Беларусбанку", каб сабраць грошы на рамонт таго няшчаснага даху.
Паведамляю рэквізіты рахунка - і прашу ўвагі праваабаронцаў і журналістаў.
BY95 AKBB 3134 0000 1587 9332 0313 BYN
10.09.19 21:44

Павел Севярынец