ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Першы зьезд РСДРП


Вось ужо сто гадоў камуністычныя лідэры, заходнія палітолягі, студэнты-гісторыкі й аналітыкі ЦРУ, спрабуючы асэнсаваць сусьветны выбух савецкага камунізму, штораз вяртаюцца да яго пачатковага пункту. Увесь сьвет са зьдзіўленьнем ды жахам разглядае непрыкметны драўляны дамок у Менску па-над Сьвіслаччу, дзе 1 – 2 сакавіка 1898 года сабраўся падпольны I Зьезд Расейскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі.

Ва ўмовах царскага палітычнага сыску разрозныя групы сацыял-дэмакратаў з усёй Расеі даслалі сюды сваіх прадстаўнікоў для ўтварэньня агульнай партыі й прыняцьця маніфэсту. Менск выбралі і як скрыжаваньне паміж галоўнымі рэвалюцыйнымі цэнтрамі – Масквой, Вільняй, Кіевам, Піцерам, Варшавай – і як самы зацішны заходні горад імпэрыі. Іх было дзевяцёра: кіеўляне Барыс Эйдэльман, Натан Відгорчык і Павал Тучапскі, Сьцяпан Радчанка зь Пецярбургу, масквіч Аляксандр Ванноўскі, екацярынаславец Казімір Петрусевіч, а таксама бундаўцы Аляксандр Крэмэр, Шмуел Кац і Абрам Мутнік. Маніфэст расейскай сацыял-дэмакратыі, напісаны піцерскім марксістам Пятром Струвэ, быў падпольна аддрукаваны ў Бабруйску.

Тым, хто вывучаў "Кароткі курс гісторыі КПСС", і тым, хто прывёў эўрапейскую сацыял-дэмакратыю да трыюмфу канца XX ст., і тым, хто вывучаў Імпэрыю зла як ворага, было б цікава даведацца, што зь дзевяцёх заснавальнікаў РСДРП пяцёра мелі беларускае паходжаньне. Ніводзін з удзельнікаў I Зьезду так і ня стаў нават сярэдняй рукі кіраўніком рэвалюцыйнага руху. Ніводзін зь іх ня мае ў сваёй далейшай біяграфіі якіх-небудзь гістарычна значных падзеяў. Большасьць расчаравалася ў рэвалюцыі й стала звычайнымі абывацелямі. Але велізарная сіла, спароджаная імі, ужо разгортвалася, мяняючыся, набываючы жахлівыя абрысы й небывалую разбуральнасьць, ахоплівала мільёны ва ўсім сьвеце. Дзеля таго, каб амаль праз стагодзьдзе пацярпець гістарычны крах – на тым жа месцы, дзе й нарадзілася.

Інтэлігенты, вальнадумцы, змагары за правы чалавека (якія сьветлыя, чыстыя намеры!) ўпершыню сабраліся разам дзеля вызваленьня рабочага клясу. Чым гэта скончылася – добра вядома. І паказальна, што скончылася менавіта ў Беларусі. Іхні першы зьезд дзеля кансьпірацыі зьбіраўся пад выглядам застольля: на стале – гарэлка, пад сталом – “Капітал” Маркса. Праз 70 гадоў у парткамах усё будзе наадварот: на стале Маркс, а пад сталом гарэлка.

Сюды, у цэнтар Менску, да калыскі савецкае сыстэмы, у домік сярод чарэшняў і клёнаў, у часы росквіту камуністычнае імпэрыі абавязкова прыяжджалі галоўныя таварышы з усёй плянэты: францускі генсэк Морыс Торэз, кіраўнік ГДР Ульбрыхт, кубінскі лідэр Фідэль Кастра. Гэтаму доміку пакланяліся як храму паў-сьвету. І паў-сьвету яго праклінала.

Госпад Бог прыводзіць чалавецтва ў гэтую краіну вельмі часта. З асаблівай настойлівасьцю й значэньнем. І з кожным наведваньнем мы асэнсоўваем усё больш балюча й ясна, наколькі важна тое, што мы тут.

Сёньня маленькі домік па-над Сьвіслаччу атачаюць спаруды камуністычнай эпохі. Будынак Штабу Беларускай Вайсковай Акругі, у якой Саветы рыхтавалі армаду для ўварваньня на Захад. Гіганцкая тэлевежа, што паўстагодзьдзя тлуміла беларускія галовы бальшавіцкай прапагандай. Радыёвышка, якая колісь глушыла "Свабоду", а цяпер абслугоўвае пэйджары. Знакавы абэліск Перамогі з чырвонай зоркай, пастаўлены тут, быццам мат менскай гісторыі, афіцыйным сымбалем гораду. Вуліцы, помнікі, будынкі скрозь па ўсёй Беларусі захоўваюць амаль некранутую краіну разьвітога сацыялізму – такую ж цьмяную, правінцыйную й забытую, як і драўляны шэра-зялёны, у стылі хакі, домік-музэй I Зьезду РСДРП.


З кнігі "Люблю Беларусь"

30.03.18 12:39

Павел Севярынец