13 снежня, 18.00 - "Нацыянальная ідэя" на лідэрскіх курсах 10.12.2018


У чацьвер 13 снежня на лідэрскіх курсах Паўла Севярынца - тэма "Беларуская нацыянальная ідэя":

-Псіхалогія, індывідуальная
-Псіхалогія масавая
-Псіхалогія нацыянальная
-Што такое народ
-Што такое нацыянальная ідэя
-Беларуская нацыянальная ідэя
-Тэсты і выпрабаванні

13 снежня, 18.00, Магілёўская, 2/2, прастора "Тартак". Далучайцеся - уваход вольны!


6 сьнежня - "Посьпех" і Андрусь Кім на лідэрскіх курсах 03.12.2018


У чацьвер 6 сьнежня на лідэрскіх курсах Паўла Севярынца - тэма "Посьпех":

-Што значыць посьпех ва ўмовах Беларусі?
-Крытэры посьпеху лідэра
-Як посьпех мяняе асобу?
-Праблема посьпеху для лідэра
-Пасьпяховыя беларусы
-Адмыслова запрошаная зорка - Андрусь Кім
-Тэсты і выступы

6 сьнежня запрашаем а 18.00 у прастору "Тартак" (Магілёўская, 2/2). Прыходзьце з сябрамі - уваход вольны.





29 лістапада, 18.00 - "Маё пакліканьне" на лідэрскіх курсах 28.11.2018

У чацьвер 29 лістапада на лідэрскіх курсах Паўла Севярынца - тэма "Маё пакліканьне":
-Чаму я нарадзіўся менавіта ў Беларусі?
-Беларускія таленты
-Як вызначыць уласнае пакліканьне?
-Што я магу? Хачу? Мушу?
-Пакліканьне лідэра
-Тэсты і выступы
29 лістапада запрашаем а 18.00 у прастору "Тартак" (Магілёўская, 2/2). Прыходзьце з сябрамі - уваход вольны.

22 лістапада, 18.00 - на лідэрскіх курсах тэма "Камандная праца ў Беларусі" 13.11.2018


У чацьвер 22 лістапада на лідэрскіх курсах Паўла Севярынца - тэма "Камандная праца ў Беларусі":

- што такое каманда і як гэта працуе ў Беларусі
- беларускія каманды сусьветнага ўзроўню
- лідэр каманды
- правілы каманднай працы
- тэсты і выступы

Менск, вул. Магілёўская, 2/2 (прастора "Тартак"), 22 лістапада, 18.00. Уваход вольны. Далучайцеся!



8 лістапада, 18.00 - "Тэхналогія лідэрства ў Беларусі" 31.10.2018


8 ЛІСТАПАДА, 18.00: ТЭХНАЛОГІЯ ЛІДЭРСТВА Ў БЕЛАРУСІ


На бясплатных лідэрскіх курсах у Менску ў чацьвер 8 лістапада - тэма "Тэхналогія лідэрства ў Беларусі":


- Як правільна выступаць перад людзьмі


- Вочы, рукі, голас, пастава, вопратка


- Ідэальны выступ


- Майстар-клас Зьмітра Дашкевіча


- Тэсты і выступы "Пасланне да Беларусі"


Запрашаем далучацца! 18.00, прастора "Тартак" - Магілёўская, 2/2.


Уваход вольны.


Бясплатныя лідэрскія курсы 18 кастрычніка 17.10.2018

18 КАСТРЫЧНІКА 18.00 - ПАЧЫНАЕМ РАБІЦЬ ЛІДЭРАЎ


18 кастрычніка, у чацвер а 18.00 у Менску пачынаюцца бясплатныя лідарскія курсы Паўла Севярынца.
Заняткі - працяг вядомых "Курсаў дыджэяў Адраджэння", якія праводзіліся ў 1999-2016 гадах. Нагадаем, што сярод выпускнікоў гэтых курсаў - вядомыя грамадскія лідэры Андрэй Кім і Алесь Мазанік, Зміцер Хведарук і Наста Палажанка-Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Алег Корбан, Вольга Кавалькова і Дзяніс Садоўскі, Вікторыя Чаплева і Павел Дзюсекаў, Віталь Зыблюк і Барыс Гарэцкі, ды многія іншыя - агулам больш як 120 чалавек.

На працягу трох месяцаў шточацвер, з 18.00 да 20.00 пройдзе дзевяць тэарэтычных і тры практычных заняткі ў галіне лідарства, масавай і індывідуальнай псіхалогіі, тэорыі і практыцы шоў, працы са СМІ, блогінгу, эфектыўнага менеджменту ў беларускім руху.
Як правільна выступаць, як адстойваць свой пункт погляду перад аўдыторыяй, як гуртаваць людзей і як працаваць у камандзе - у беларускіх умовах. Спачатку - тэст на беларускі ІQ. Рэйтынг дадаецца на кожным занятку. Затым - тры выпрабаваньні (практыка).
12 найлепшых паводле рэйтынгу ўдзельнікаў атрымаюць дыпломы пераможцаў, яшчэ 12 здольных - сертыфікаты менеджараў.
Выкладчыкі - вядомыя дзеячы нацыянальнага руху.
18 кастрычніка - пачатковы тэст (100 пытанняў).
Час: 18.00.
Месца - прастора "Тартак" (вул. Магілёўская 2/2, за гандлёвым цэнтрам "Мост", ст. метро "Інстытут Культуры"). Партнёр: кампанія "Будзьма беларусамі!"
Уваход вольны.
Для папярэдняй рэгістрацыі тэлефануйце 80295160861 (Павел).
Далучайцеся!

Беларуская гаспадарка. Бульба 29.09.2018


Бульба ў Беларусі афіцыйна прыраўнаваная да хлеба. Беларус бяз бульбы нікуды. Саджаць або капаць бульбу – для беларуса пара году."Бульба ёсьць – не памрэм". "Праца – як бульбу выбіраць". А калі што – "Хавайся ў бульбу!"Бульба, завезеная ў Эўропу з Новага Сьвету ў сярэдзіне XVI ст, ужо ў XVII ст пачала ўрабляцца ў Беларусі. Апошнія, самыя цяжкія стагодзьдзі, у часы бесперапынных войнаў і акупацыяў бульба выратоўвала ад голаду ўсю нацыю.Ня так ужо шмат існуе сфэраў, дзе Беларусь – першая ў сьвеце. Дык вось, Беларусь – абсалютны лідэр па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва. Каля 1 тоны! Беларуская бульба – гэта 800 тысячаў гектараў ворыва і 5% сусьветнага збору. Мы маем лепшыя за ўсіх землі, клімат і, вядома ж, людзей для вырошчваньня бульбы. Калі ператварыць беларускія калгасы ў фэрмэрскія гаспадаркі й забясьпечыць ураджайнасьць на ўзроўні Нідэрляндаў, Беларусь стане галоўным экспарцёрам бульбы ды чыпсаў і для Захаду, і для Усходу.Беларуская бульба – белая. У краінах Заходняй Эўропы й Амэрыкі ядуць "жоўтую" бульбу зь мякацьцю, што зьмяшчае шмат каратыну, а ў Беларусі ды ў суседзяў – белую, багатую на крухмал.Беларуская бульба – Адрэта, Аксаміт, Агеньчык, Дзецкасельская, Лошыцкая, Ласунак, Раньняя. Гатункі, вядомыя сэлекцыянэрам ды аграномам з усёй Эўропы. Лепшая беларуская бульба вырошчваецца на Наваградчыне, Случчыне, Стаўпеччыне – у легендарнае Літве, нашым залатым колцы зь Мірам, Нясьвіжам і Налібокамі.Бульба дабрэнная – у беларуса ўвесь год ураджайны; бульба ня родзіць – усенароднае гора. Бульба – справа сямейная: яе выбіраюць такім жа сваяцкім парадкам, якім сядзяць у карчы самі клубні. Бульбіны выкопваюць, як самародкі. Улетку, калі Беларусь партызаніць на прысядзібных участках, лецішчах і "сотках", галоўным ворагам нацыі робіцца каларадзкі жук.Бульба? Ці булькае яна ў чыгунку, ці скварыцца на патэльні, ці томіцца ў духоўцы – беларус заўжды прадчувае маленькае сьвята.Бульба, родная бульба!— вараная, рассыпістая ад крухмалістае рахманасьці з солькаю ды сальцом – м-мм!...— смажаная, у кіпеньні тлушчу, з расчырванелай ад жару хрусткай скарынкай, з гарачымі скваркамі!...— залацістая, налітая алейным сокам, нарэзаная й спражаная "саломкай-фры”!— пюрэ, або камяк, скажам, зь ялавічнай тушанінай, на малацэ ды яшчэ з масьліцам, так і тае, так і млее на мыску языка!...— клёцкі, бабка, галянікі з халоднай сьмятанкай!...— А дранікі! Сапраўдныя беларускія дранікі, сакаўныя, пякучыя, мядзяныя, з такіх пахам на ўсю хату, ад якога сам падрумяньваесься й наліваесься сокам!..."Бульба" – найбольш папулярная мянушка беларуса сярод суседзяў. Чаму? Ды вы толькі вазьміце ў рукі бульбіну й прыгледзьцеся ўважліва. Пазнаеце? Гэта ж сам беларус і ёсьць! Просты, сьціплы, круглявы земляны клубень з прымружанымі вочкамі – але ж мацак, пругкі ад спажыўнага рэчыва, напяты, як бомба, канцэнтрацыяй белага-белага крухмалу. Наш зямляк!Беларусь, быццам бульба, да пары глыбока стоеная. Але надыходзіць час, бульбу дастаюць – і яна займае на стале галоўнае месца.Капаць, чысьціць і нават есьці бульбу – найпрасьцейшыя практыкаваньні нацыянальнай ідэі. З ўсёй яе руплівасьцю, цярплівасьцю й самазабыўнасьцю.
З кнігі "Люблю Беларусь"Працяг будзе

Беларуская гаспадарка. БМЗ 15.09.2018


Бэ-эМ-Зэ – жалезны доказ беларускае магутнасьці.

БМЗ – найбуйнейшы ў Эўропе камбінат па вытворчасьці мэталякорду. Высокатэхналягічны гігант чорнае мэталюргіі, гонар сучаснае Беларусі, прадукцыю якога закупаюць вядучыя сусьветныя вытворцы.

У абрэвіятуры “БМЗ” зьмяшчаецца цэлы горад Жлобін, 15 тысячаў працуючых і 600 млн. даляраў экспарту. Замежныя зоркі сьмела прыяжджаюць сюды даваць канцэрты – беларускія мэталюргі могуць дазволіць сабе квіткі па сусьветных коштах. Статус падкрэсьліваецца нават у назве “БМЗ”: завод ня “Жлобінскі”, а Беларускі.

БМЗ выплаўляе для сёньняшняй Беларусі той самы мэтал, які даў пачатак капіталізму: менавіта кавальства калісьці падарвала натуральную гаспадарку, прывяло да тавараабмену, а чаканка манэты, выраб зброі й вытворчасьць машынаў забясьпечылі трыюмф бліскучай і цяжкай індустрыяльнай цывілізацыі.

Для краіны, якая вырабляе 200-тонныя грузавікі, трактары, аўтацягнікі, лесавозы, станкі ды кормаўборачныя камбайны, БМЗ – фундамэнтальная база. Больш таго, сталь у зьлітках, кручаны дрот і пруткі зь легіраванае й вугляродзістае сталі у БМЗ купляюць практычна ўсе сусьветныя эканамічныя лідэры: ЗША, Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Карэя, Італія, Тайвань, Нідэрлянды, Ізраіль, Швэдзія (чытай: “БМВ”, “Фальксваген”, “Крайсьлер”, “Вольва”...).

Беларускія сталёвыя нэрвы, вырабленыя на БМЗ, працінаюць нават канструкцыі амэрыканскіх спэйс-шатлаў і балідаў “Формулы-1”.

Увогуле, выплаўка сталі й пракату – справа цяжкая, дарагая й чорная. Але Беларусь можа справіцца і з чорнай мэталюргіяй. БМЗ працуе на мэталаломе з паловы былога СССР: так Беларусь пераплаўляе колішняе грандыёзнае мілітарысцкае жалезьзе Савецкага Саюзу ў звышсучасны мірны прадукт.

Беларускія кавалі яшчэ 1000 гадоў таму гартавалі мячы ды аралы для Полацку, рыцарскія збройнікі часоў Вітаўта выкоўвалі латы для пагоняў, людвісары ВКЛ выраблялі гарматы (гэта яны стварылі знакамітую Цар-пушку для Крамля), а канвісары адлівалі званы для беларускіх храмаў. Так што Беларусь гучыць натуралёва і з мэталям у голасе: запытайце ў нашых нефармалаў-мэталістаў, замерце колькасьць жалеза ў  беларускіх грунтовых водах або паглядзіце тэлефонны даведнік на прозьвішча “Кавалёў”!

Беларусь бліскучая, звонкая, сталёвая, аж да цяжкага набатнага гулу – вось што такое Беларускі Мэталюргічны Завод.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

Беларуская гаспадарка. "Беларуськалій" 31.08.2018


“Беларуськалій” – самае вялікае прадпрыемства Беларусі. “Беларуськалій” – здабываючы камбінат сусьветнага значэньня. “Беларуськалій” – бюджэтаўтваральная структура беларускай гаспадаркі.

“Беларуськалій” дае да 10% усіх даходаў Беларусі, прычым у цьвёрдай валюце. Беларускі калій – гэта заробак настаўнікам па ўсёй краіне, газ і цяпло ў кожным доме, імпартовая фармацэўтыка й варштаты друкарні, зь якой выйшла вось гэтая самая кніга.

“Беларуськалій” – гэта 100-тысячны Салігорск з шахцёрскім насельніцтвам, самымі высокімі заробкамі й самым масавым незалежным прафсаюзам у Беларусі.

ВА “Беларуськалій” распрацоўвае радовішчы калійнае солі на 4-х рудаўпраўленьнях. Белую пароду з чырвонымі праслоямі здабываюць у шахтах, падымаюць на паверхню, абагачаюць да стану дробназярністага й грануляванага KCl, і 3,5 млн.т. грузяць для адпраўкі ў 54 краіны сьвету – праз чыгунку й порты Балтыкі ды Чорнага мора.

Нароўні з Канадай, Расеяй і Ізраілем Беларусь зьяўляецца сусьветным лідэрам у вытворчасьці калійных угнаеньняў. Беларускім каліем жывяцца аграрныя комплексы самых густанаселеных краінаў плянэты – Кітаю, Індыі, Бразыліі, ЗША, Украіны – а толькі ў іх жыве каля 3 мільярдаў чалавек!

У чыстым выглядзе калій, ключавы пажыўны элемэнт для расьлінаў – мяккі серабрыста-белы шчолачны мэтал. Хімічна актыўны. У сплаве з натрыем – цепланосьбіт у ядравых рэакцыях. Калій каталізуе твае біяхімічныя абмены, адыгрывае ключавую ролю ў плазьме тваёй крыві, працуе ў цябе ў страўніку, нырках, мышцах і ў самым сэрцы.

Калійная соль – мінэральнае ўгнаеньне №1 для сельскай гаспадаркі. Падвышае ўраджайнасьць у некалькі разоў. Што цікава, найлепшы эфэкт калій дае менавіта на беларускіх дзярнова-падзолістых, пясчаных і тарфяных глебах: ён асабліва патрэбны нашай бульбе, лёну, цукровым буракам, бабовым і сланечніку.

Беларускі калій насычае галодныя краіны трэцяга сьвету, праблісквае ў электрычных імпульсах лепшых мазгоў Азіі й Амэрыкі, і падаецца на сэрвіраваных сталах знакамітых рэстаранаў Эўропы. Беларуская бел-чырвона-белая соль, расьсеяная па сьвеце, скрозь працінае часьцінкі глебы, сокі расьлінаў і мігціць, пераліваецца ў жылах мільярдаў людзей.

“Беларуськалій” – моцны й іскрысты брэнд з гарачай дзесяткі вобразаў нацыянальнай ідэі.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

Беларуская гаспадарка. БелАЗ 17.08.2018


БелАЗ – наш адказ стэрэатыпу “маленькай і ціхай рэспублікі”. Здымак БелАЗу надае пагрозьлівае важкасьці любому беларускаму даведніку, прэзэнтацыйнаму буклету ці рэклямнаму выданьню.

БелАЗ – цэлы замак на колах, шэдэўр прыгожае магутнасьці.

Памеры й моц уражваюць чалавека зь дзяцінства. Дзеля гэтага ходзяць глядзець на слана й задзіраюць голаў на хмарачосы. Грузападымнасьць у 80, 120, 200 і нават 220 тонаў, рухавік да 2200 конскіх сілаў, кола вышынёю з двухпавярховы дом – безумоўна, аргуманты ўнушальныя. Толькі ЗША, Нямеччына, Японія, Швэдзія й Беларусь могуць дазволіць сабе выпускаць машыны такіх габарытаў.

Выраб вялікагрузных кар’ерных самазвалаў пачаўся на заводзе ў Жодзіне ў 1958 г. Праз 30 гадоў вытворчасьць БелАЗаў перавысіла 10 тысячаў – і зараз дазваляе Беларусі кантраляваць 30% сусьветнага рынку ў гэтай галіне. Апроч гіганцкіх грузавікоў для горназдабываючае прамысловасьці БелАЗ пачаў выпускаць шлакавозы й аэрадромныя цягачы.

БелАЗ, як і беларуская цяжкая атлетыка, як і магутнасьць магнатаў ВКЛ – вобраз велічы й неверагоднае цягавітасьці беларуса. БелАЗ-беларус штогод перавозіць мільярды тонаў рудаў па ўсім сьвеце. БелАЗ працуе ў кар’ерах Сібіры, Далёкага Усходу, Афрыкі, Індыі. У краінах, якія жывуць за кошт тых кар’ераў. Там, дзе найцяжэй.

БелАЗ – гэта сапраўдны беларускі пад’ём цяжару. За сваю гісторыю Беларусь трывала такія непадымныя тоўшчы, столькі пакутаў, жаху й прыгнёту, вытрымлівала падаўляючыя акупацыі й войны – горы гора! На зямлі ёсьць такія грузы й маштабы, якія пад сілу толькі нашаму БелАЗу. Зь БелАЗам Беларусь, паводле біблейскага выразу, здольная і горы перасоўваць.

Калі вы сумняецеся, што Беларусь можа быць вялікай – паспрабуйце забрацца ў кабіну БелАЗу, ацаніць адтуль панараму і аберуч узяцца за руля. Дастаткова пачуць той мэгатонны роў і ўбачыць, як дрыжыць дарога перад захапляючым тытанічным хараством – пачынаеш верыць, што ў беларусаў стане сілаў і ўзьняць з балота сваю нацыю, і ўзяць на сябе палову Эўропы, і перамяніць Расею.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

Беларуская гаспадарка 28.07.2018


"Новая зямля" беларусаў, новая краіна... Якой сілы й велічы вобразы разгортваюцца ва ўяўленьнях новага пакаленьня! Беларусь – інфармацыйны, тэхналягічны і фінансавы цэнтар сусьветнага ўзроўню – такі, як Бэнілюкс, Ганконг ці штат Каліфорнія.

Новая Беларусь ХХІ ст – гэта пляцдарм высокаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі – грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гіпэрмаркеты й выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, "сіліконавыя даліны" хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор'ем дае ўнікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фарміраваньнем восі ўласных фінансавых, тэхналягічных і гандлёвых інтарэсаў. Рэалізацыя надзвычай выгоднага эканоміка-геаграфічнага становішча, плюс кампактная канфігурацыя ўжо існуючай інфраструктуры, плюс распрацоўка ледзь кранутых прыродных рэсурсаў, памножаныя на вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаныя з адвечнай беларускай працавітасьцю – і ўсё наша стоенае багацьце гатова выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам!

Пачатковы інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: апэратыўная распрацоўка адпаведнае заканадаўчае базы; зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных; перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар'яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую; манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру, прывязка яго да эўра (ці даляру), празрыстая прыватызацыя ад дробнага да буйнога; перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгортваньне буйных мытных ды экспартных праектаў. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі пры адпаведнай пастаноўцы пытаньня абернецца на карысьць. Інфармацыйная "раскручанасьць" краіны – патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць "–" на "+", каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое "чорнае дзіркі Эўропы".

Ёсьць толькі адно "але". Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народа няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя падставовыя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Кожны прафэсійны спэц-рэфарматар у курсе, што для грамадзтва як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя ньюмэны раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям у вочы. Без глябальнага духовага апірышча са страшным трэскам правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы, бо унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя зьнешне бліскучыя праекты. Яшчэ раз, гэта вельмі важна: посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх правядзеньне, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духовая атмасфэра ў самім грамадзтве.

І вось яшчэ што: Новай Беларусі патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, інавацыйных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі – "эканомікі абслугоўваньня". Вельмі важна зразумець, наколькі сур'ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкай сьвядомасьці. Гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне – паняцьце, супрацьлеглае саўковаму рабству, дзе за пахлёбку даводзіцца ўкалываць то на ВПК, то на фонд Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня "сэрвіснай эканомікі" – гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне Місіі Служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.

Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня – ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры – і ў Амэрыцы, і ў Эўрапе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі – гэта любоў да бліжняга свайго.

Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, ўсёй душой, усімі сіламі тваімі – і тады любоў да бліжняга стане сутнасьцю твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог дабраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові – і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркета, і ў сям'і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.

акім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору "эканоміка служэньня" Беларусі, гасьцінная, з глыбокай культураю дачыненьняў, павінна мець масавае апірышча моцнае хрысьціянскае сьвядомасьці. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Лічыце гэта прароцтвам – але калі будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію – усе цудоўныя мроі аб Беларусі пойдуць прахам.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

Страницы: 1 2 3 4 5 ... 10 След.
Читать другие новости

Павел Севярынец