"Крыніца" - не піва, "Крыніца" - праўда. 13.08.2019


Споўнілася 5 гадоў з часу афіцыйнага запуску хрысціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info. 6 жніўня 2014 года, у гадавіну выхаду з друку Бібліі Скарыны, міжканфесійная інфармацыйная пляцоўка з шэрагам сервісаў і медыяпраектаў перайшла ад тэставай версіі да працоўнай – і пачала выходзіць на ўзровень сродка масавай інфармацыі.

За гэты час былі ў “Крыніцы” і ўзлёты, і падзенні. Былі і тысячы штодзённых наведнікаў, і шматлюдная рэдакцыя, былі спонсары і канкурэнты, былі і часы, калі каманда апыналася ў даўгах і месяцамі цягнула працу без капейкі. Зараз Krynica.info– валанцёрскі медыяпраект, які робяць некалькі веруючых энтузіястаў усіх трох хрысціянскіх канфесіяў. Бруіць, як і належыць крыніцы інфармацыі, абнаўляецца, чытаецца, а значыць – жыве.

Найперш, гэта ўнікальны агрэгатар хрысціянскіх навінаў з усёй Беларусі на двух мовах. Панарама для тых, хто хоча бачыць не частку карцінкі, а ўсю прастору.

Гэта пасты і блогі самых вядомых апініён-мэйкераў беларускай хрысціянскай супольнасці - бацюшкаў, ксяндзоў, пастараў, актыўных вернікаў.

Гэта навіны сусветнага хрысціянскага руху.

Нарэшце, гэта чытачы - ад шараговых вернікаў да іерархаў, ад палітычных экспертаў да тых, хто шукае Бога.

"Крыніца" адкрытая да валанцёрскай супрацы на прынцыпах "Вікіпедыі".

Далучайцеся!

https://krynica.info/be/

Спыніць татальную высечку беларускага лесу! 24.07.2019


Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, на працягу некалькіх гадоў назіраем па ўсёй тэрыторыі краіны барбарскую вырубку лесу. Вырубка імкліва паскорылася ў апошнія месяцы. Лес, які яшчэ не дасягнуў спеласці, татальна высякаюць, пакідаючы толькі кромкі вакол дзялянак.


Больш таго, вясной 2019 года ў Беларусі была адмененая забарона на вываз круглага дрэва – і вырубка лесу набыла сапраўды катастрафічныя маштабы.


Беларусы за валюту набываюць гатовую прадукцыю з драўніны (паперу, тару, піламатэрыялы, мэблю), вырабленую за мяжой з беларускай сыравіны!


Лясгасы не паспяваюць высаджваць лес на ўсіх вырубленых дзялянках, многія з іх зарастаюць падлескам і забалочваюцца. Але нават і там, дзе паспяваюць – лісцёвым пародам патрэбна 40-50 гадоў для дасягнення спеласці, а хваёвым – 70-80 гадоў.


Мы патрабуем:


1. Адмовіцца ад выкарыстання суцэльных высечак, якія знішчаюць экасістэму, у лясах Рэспублікі Беларусь.

2. Увесці мараторый на вырубку ў дубровах, як у большасці выпадкаў рэдкіх біятопаў, які цяжка і часам не магчыма ўзнавіць раней, чым праз 100 гадоў.

3. Забараніць вываз кругляка на экспарт за мяжу.

4. Прыпыніць будаўніцтва новых дарог у лясах заказнікаў і іншых ААПТ, у прыватнасці, Альманскім, і просекаў для ЛЭП БелАЭС.

5. Спыніць падсочку хвоі ў рэгіёнах, дзе назіраецца развіццё караедаў.

6. Прадугледзець абавязковы ўдзел грамадскасці ў абмеркаваннях праектаў лесаўпарадкавання лясгасаў.

7. Стварыць грамадскую раду пры Мінлясгасе з удзелам прадстаўнікоў і экспертаў ад грамадскіх арганізацый.


Падпісаць петыцыю ў Мінлясгас і Адміністрацыю можна тут: https://petitions.by/petitions/2727


Бацюшка, ксёндз і пастар разам сьпяюць па-беларуску! 13.07.2019


Сябры!
Мы сабралі ўжо больш як 20% патрэбнай сумы на праект "Беларусізуем 3000 цэркваў праз сьпевы!"
Шмат хто са сьвятароў і вернікаў кажа нам: "Мы б і рады, но нечего петь по-белорусскі. Нету такіх белорусскіх хрістіанскіх песен, чтобы душа развернулась..."
Ну, вы разумееце. І сьпяваюць гімны па-царкоўнаславянску, па-расейску, па-польску, па-ангельску...
Ёсьць у нас, беларусаў, такая рыса: стварыць шэдэўр і не паказваць нікому. Хіба сваім. Нават суседнія цэрквы могуць ня ведаць, што ў вашым хоры - беларускамоўныя хіты сусьветнага ўзроўню.
За 11 гадоў мы перабралі тысячы(!) беларускамоўных хрысьціянскіх сьпеваў з усіх цэркваў, касьцёлаў, малітоўных дамоў, рэгіёнаў, фэстаў, канцэртаў, гуртоў...
Выдалі 8 альбомаў "Беларускі хрысьціянскі хіт": найлепшых гімнаў, сьпеваў праслаўленьня, велікодных, на Раство, бардаўскіх, пілігрымскіх, патрыятычных, рокавых. ХІТОЎ!
Цяпер 150 найлепшых хочам выдаць на мр3-дысках, закачаць на флэшкі, рыхтуем для загрузкі ў сеціва, каб кожны сьвятар, дыякан, кіраўнік хора, рэгент, вернік ведаў: ЁСЬЦЬ! Трымайце! Толькі сьпявайце!  
3200 даляраў, патрэбных для выданьня дыскаў, флэшак і плакатаў, каб хапіла на ЎСЕ цэрквы Беларусі, мы ня маем. Таму і зьбіраем.
Прадаваць дыскі і флэшкі, плакаты не будзем. Толькі раздаваць. Будзем езьдзіць за свае грошы па ўсёй Беларусі і раздаваць. Таму што трэба. Богу і краіне.
Ад вас просім зусім крыху. Падтрымаць. Хто можа - капейкай. Хто можа - перапостам. Хто можа - малітвай.
Нас падтрымалі Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў, Павел Белавус і Глеб Лабадзенка, Андрэй Кім і Зьміцер Дашкевіч, Алесь Марачкін Эдуард Пальчыс...
Далучайцеся!
Народ мае сьпяваць да Бога на роднай мове!




Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна. 04.07.2019


У сваім выступе на прыдуманы ім "Дзень незалежнасці" Лукашэнка заявіў, што маладыя Беларусы павінныя ісці ў войска, каб абараніць Беларусь ад Расеі.
Хітра зачасаны тролінг - калі ўлічваць, што мноства айцішнікаў, хіпстэраў і юных інтэлектуалаў сапраўды разумеюць расейскую пагрозу.
Але ёсць праблема. Кажучы "абараніць Беларусь", Лукашэнка насамрэч мае на ўвазе сябе і свой "скоростной режим". І ўсе гэта ведаюць. Пойдзеце ў войска, апранеце форму, вам у спіну будзе глядзець аўтамат - нікуды ня дзенецеся, маўляў, абароніце. А яшчэ і ў сталіцу перакінем, калі яна раптам бунтаваць будзе.
Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч. Людзі будуць абараняць Беларусь і нават стаяць за яе насмерць тады, калі яны сапраўды будуць ведаць, што абараняюць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну - а не пятлю на ўласнай шыі.
Чым больш хлусьні па тэлевізары, фальсіфікацыяў на "выбарах", крыжаломаў у Курапатах, дэкрэтаў, кантрактаў, пабораў, штрафаў, здзекаў, чым больш праўладных алігархаў у бізнэсе, камуністаў у сістэме адукацыі і расейскіх танкаў на парадах у гонар незалежнасці - тым менш у людзей жадання за ўсё гэта паміраць.
Хочаш абараніць беларускую незалежнасць?
Пакайся перад беларускім народам за ўсё тое, што нарабіў за 25 гадоў. Выпраў шкоду. Вызвалі палітвязняў. Адмяні кантракты, дэкрэты і паборы. Выйдзі з Еўразійскага таёжнага саюза і АДКБ, мы ж нейтральная дзяржава паводле канстытуцыі. Спыні вырубку і вываз лесу, будоўлю шкодных вытворчасцяў і ўшчыльненне вялікіх гарадоў. Вярні людзям пенсіі, перастань душыць прадпрымальнікаў і дай магчымасць зарабляць. Дай, нарэшце дазвол на Беларускі нацыянальны універсітэт. Вярні крыжы ў Курапаты і зачыні Лінію Сталіна. Перастань пакрываць забойцаў маладых жаўнераў. Выкінь з войска партрэты акупантаў, суворавых, дзяржынскіх ды тухачэўскіх - хай байцы бяруць прыклад са сваіх Астрожскага, Хадкевіча, Касцюшкі ды Каліноўскага. Падымі бел-чырвона-белы сцяг. Абвясці свабодныя выбары без Ярмошынай і фальсіфікацыяў.
І сыходзь.
Вось тады ў Беларусі ёсць шанец. Таму што тады беларускі народ будзе абараняць сваю краіну, а не чужую тыранію.
Зможаш гэта зрабіць - застанешся ў гісторыі.
Але дужа я сумняюся, што зможаш.
Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.
Бог даў гэтую краіну беларускаму народу, а не Крамлю, клану ці мафіі.
І рана ці позна народ, здольны абараніць Беларусь, прачнецца.


Хто скраў 90 мільёнаў еўра на беларускія школы? 19.06.2019


Незалежны дэпутат Капліцкага сельсавета Роза Віктараўна Стрэльчанка, якая вось ужо тры гады змагаецца за аднаўленне "прыпыненай" (а ў рэальнасці зачыненай) у вялікім аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны, накіравала зварот на адрас Сусветнага банка, які паўтара месяцы таму абвясціў пра выдзяленне 90 мільёнаў еўра(!) на мадэрнізацыю і рамонт школаў у вёсках і мястэчках Беларусі.
Аказалася, шматпакутнай Капліцкай школы ў спісе на дапамогу няма. Чаму?
Гісторыя паказальная для Беларусі. Тры гады таму, замест таго каб адрамантаваць працёк даху ў беларускамоўнай школе ў Каплічах (да 900 жыхароў), дзе вучылася больш сямідзесяці дзяцей, мясцовая ўлада зачыніла школу і адправіла дзетак аўтобусамі з бліжэйшых вёсак у няблізкія Шыічы, за дзясяткі кіламетраў. Паводле прызнання раённых чыноўнікаў, на падвоз-адвоз дзяцей ужо патрачана да 80 тыс. даляраў бюджэтных грошай (рамонт, паводле падлікаў, абышоўся б у 10-20 тыс.) - а дадайце яшчэ пару гадзінаў штодня, якія забіраюцца ў дзяцей і бацькоў, пакуль школьнікі ў дарозе!
Паводле сённяшніх нарматываў, зацверджаных Лукашэнкам, у кожным аграгарадку ПАВІННА БЫЦЬ ШКОЛА.
Школы з больш як 50 вучнямі маюць атрымаць дапамогу.
Каплічы - аграгарадок, вучняў - 73. 111 подпісаў бацькоў і жыхароў адпраўлена ў Сусветны банк і адміністрацыю Лукашэнкі разам са зваротам.

Хочаш, каб у царкве спявалі па-беларуску? Падтрымай! 13.06.2019


Сябры!
Прымаем замовы на выраб і дастаўку кампакт-дыскаў у фармаце мр3, usb-флэшак і плакатаў з qr-кодамі 150-ці НАЙЛЕПШЫХ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ ХРЫСЦІЯНСКІХ ХІТОЎ канкрэтна ў вашу царкву, прыход, парафію, грамаду, супольнасць.
Калі вы падтрымліваеце дабрачынны праект "Беларусізуем 3000 цэркваў!" - можаце замаўляць выраб і дастаўку як мінімум адпаведныя вашаму ахвяраванню. Альбо можаце забраць у нас і самі завезьці ў царкву.
Колькі каштуе выраб?
Каля 2 рублёў - выраб дыску.
5 рублёў - флэшка.
1 рубель - вялікі плакат і камплект флаераў з кодамі.
Але зьвярніце ўвагу, платформа "Моламола" забірае сабе 6%, але ня менш за 1 руб 10 кап. То бок, калі вы кладзеце 1 рубель - ён цалкам ідзе платформе. Калі 20 рублёў - платформа забірае ўсяго 1 руб. 20 кап. (свае 6%).
Найбольш эфектыўна - браць флэшку, некалькі дыскаў і камплект друку з кодамі, тады раздасцё і святару(пастару), і зацікаўленым вернікам. Тады і царква запяе па-беларуску.

Падтрымаць дабрачынны праект "Беларусізуем 3000 цэркваў!" можна тут: https://molamola.by/campaigns/615?fbclid=IwAR09k9Z6oVj7Yo5GxCY1YayC-s2QTTWPjOI3a1k0gQdWBrxyjrkUjybEOKg

Беларусізуем 3000 цэркваў! 27.05.2019


Сябры! Пачынаем вялікую кампанію і просім вашай дапамогі.

У большасці праваслаўных і пратэстанцкіх цэркваў Беларусі, а таксама ў некаторых касцёлах амаль не гучыць беларуская мова. Гэта робіць хрысціянскую супольнасць уразлівай перад расійскай прапагандай і аслабляе незалежнасць Беларусі.

Мы выдадзім і бясплатна раздадзім 3.000 mp-3 дыскаў плюс QR-коды для спампоўвання ў сеціве і 300 USB-флэшак са 150 найлепшымі беларускамоўнымі хрысціянскімі спевамі розных канфесіяў у кожны прыход, парафію і грамаду Беларусі. Зборнік таксама будзе размешчаны ў інтэрнэце для вольнага выкарыстання, праслухоўвання і спампоўкі для далейшага распаўсюду.

У Беларусі – каля 3000 царкоўных прыходаў, парафіяў, грамадаў. Ідэя ў тым, каб кожная праваслаўная, каталіцкая, пратэстанцкая грамада бясплатна атрымала калекцыю 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў – зборнік “Беларускі хрысціянскі хіт” у фармаце mp-3 з QR-кодам для спампоўвання альбо USB-флэшку. Будуць надрукаваныя інфармацыйныя паштоўкі і плакаты з QR-кодам для спампоўвання зборніка - ды перададзеныя ў хрысціянскія грамады для распаўсюду і размяшчэння на інфармацыйных стэндах.

З аднаго боку, гэта паспрыяе беларусізацыі цэркваў і больш высокай свядомасці ўсіх канфесіяў у служэнні народу Беларусі. З другога боку, цэрквы атрымаюць цэлы скарб спеваў праслаўлення, хрысціянскіх гімнаў, баладаў, спеваў на Раство, Вялікдзень ды іншыя святы. Па-трэцяе, зборнік, які мае міжканфесійны характар, паспрыяе супрацы і ладу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі Беларусі.

“Беларускі хрысціянскі хіт” — музычная серыя, якая была заснаваная ў 2008 годзе. На працягу дзесяці гадоў праваслаўны Павел Севярынец, пратэстантка Валянціна Шычко і каталічка Вольга Севярынец сабралі і выдалі больш за 150 найлепшых беларускіх хрысціянскіх спеваў. Спярша былі «Хрысціянскія гімны» (2008), «Хіты праслаўлення» (2009), зборнік калядных хітоў «Хрыстос нарадзіўся!» (2009), велікодных «Хрыстос уваскрос!» (2010), складанкі «Бардаўскі хрысціянскі хіт» (2010) і «Беларускі пілігрымскі хіт» (2014), затым – альбом патрыятычных хітоў “Люблю Беларусь” (2016) і «Беларускі хрысціянскі рок” (2018).

Канцэпцыя серыі была простая: найлепшыя хрысціянскія спевы розных канфесіяў па-беларуску. Кожны дыск пачынаўся беларускім духоўным гімнам «Магутны Божа» ў розных выкананнях, большасць заканчвалася спеўнай малітвай «Ойча наш». Для кожнага зборніка папярэдне набіралася 30—40 кампазіцыяў, з якіх фокус-групы (супольнасці вернікаў па 7-10 чалавек з розных рэгіёнаў) адбіралі 20 найбольш моцных.

У «Беларускім хрысціянскім хіце» ўдзельнічаюць Зміцер Вайцюшкевіч і Вінсэнт, Алеся Ўнукоўская і “Тэзаўрус”, “Небасхіл” і “Laudans”, Інэса Леаданская і Андрусь Мельнікаў, “Псальмяры” і “DVA”, Ганна і Ядвіга Багдановічы, Вадзім Яткоўскі і “Рыбы”, а таксама шмат іншых вядомых выканаўцаў.

Сярод аўтараў тэкстаў “Беларускага хрысціянскага хіта” – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Лявон Вольскі.

Падтрымайце кампанію беларусізацыі цэркваў!
https://molamola.by/campaigns/615?fbclid=IwAR3ezxcfjhVrLdudwwYfaXfDozDnJPLUiLlyhM2zfaCGffVwuYQvyZYvFug

Расейская ядзерная бомба 18.05.2019


Днямі выступаў разам з Мікалаем Статкевічам на слуханьнях па Беларусі ў літоўскім Сейме. Запрашалі, акрамя нас, яшчэ Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Някляева - яны ня здолелі прыехаць.
Арганізавалі нашы добрыя сябры, найперш Жыгіс Павілёніс. Былі МЗС і МУС ЛІтвы, парламентары, прадстаўнікі вядучых партыяў, былы прэм'ер Андрус Кубілюс, грамадскія арганізацыі і прэса.
Казаў пра пагаршэньне сітуацыі ў Беларусі, палітвязьняў, перасьлед журналістаў і блогераў, Курапаты і новую хвалю сталінізму.
Лукашэнка ня ёсьць гарантам незалежнасьці: стасункі з Захадам ён выкарыстоўвае для шантажу Масквы і прадае незалежнасьць па кавалках дзеля ўмацаваньня свайго рэжыму.
А Астравецкая АЭС, галоўнае балючае пытаньне для Літвы - гэта расейская ядзерная бомба, падсунутая пад плот суседзяў.
Размаўлялі і пра перазахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага: быў прадстаўнік грамадскай камісіі Анатоль Міхнавец.
Сустрэча была важная: зараз у Літве мяняецца ўлада: сыходзіць прэм'ер і мяняецца прэзідэнт. Слуханьні вырашылі рабіць рэгулярна.

Хто кажа Богу пра Беларусь уначы? 04.05.2019


Пакуль я любаваўся сьценамі прагулачнага дворыка ў ІВС Мінскага раёна за Курапаты, мая Волечка правяла ў адным з менскіх касьцёлаў сустрэчу на 4-годдзе Няспыннай малітвы за Беларусь. Калі хто ня ў курсе, вось ужо чатыры гады ідзе бесперапынная кругласуткавая міжканфесійная малітоўная эстафета за Беларусь. 168 гадзінаў на тыдзень, каля 200 чалавек. Молімся там, дзе мы ёсьць, так, як умеем, па 1 гадзіне на тыдзень, да Бога - за Беларусь.
І вось падчас абтэлефаноўваньня высьветлілася, што мы маем 5 начных прабоінаў - хтосьці стаміўся, хтосьці сышоў, хтосьці памяняўся на дзень ці вечар.
Некалькі начных гадзінаў закрываюць у нас амерыканскія беларусы - ім лягчэй, бо калі ў нас ноч, у іх дзень.
Просім беларусаў па абодва бакі Атлантыкі далучыцца і стаць у праломе за Беларусь. Паверце, гэта велізарны духоўны досьвед!
Такім чынам, вольныя:
Аўторак 02.00 - 03.00
Аўторак 03.00 - 04.00
Чацьвер 02.00 - 03.00
Пятніца 02.00 - 03.00
Субота 04.00 - 05.00
Асаблівая просьба - да амерыканскіх, канадскіх, бразільскіх беларусаў!
Пішыце ў прыват ці ў каментары. Далучайцеся!

БХД: подпісы ў абарону цэркваў 01.05.2019


Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пачала збор подпісаў супраць абавязковых выплатаў за царкоўныя і касцёльныя мерапрыемствы, уведзеных сумнавядомай пастановай Саўміну нумар 49.
"Мы лічым, што ўвядзенне такой нормы заканадаўства як паборы з цэркваў за масавыя мерапрыемствы, прывядуць толькі да напружанасці, адмены многіх святаў і ўрачыстых працэсіяў. Некаторыя мерапрыемствы ўжо адмененыя, што выклікала негатыўны рэзананс у СМІ і мясцовых хрысціянскіх грамадах. Віна за гэта кладзецца на адпаведныя дзяржаўныя ворганы." - сцвярджаецца ў Звароце.
"Распаўсюджванне дзеянні Пастановы і артыкула 10 Закона на грамадзян Беларусі, якія арганізоўваюць некамерцыйныя масавыя мерапрыемствы, такія як хросныя хады, пілігрымкі, паломніцтвы, масавыя хрышчэнні на адкрытым паветры ды інш., мяркуем, з'яўляецца парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 35 якой гарантуе нам права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь."
Падпісанты Звароту патрабуюць адмяніць дзеянне Пастановы нумар 49 - у дачыненні не толькі да цэркваў, але і да ўсіх некамерцыйных арганізацыяў.
Сябры!
Хто жадае далучыцца - пішыце ў каментах ці сацсетках, скіну бланк для вернікаў на аснове агульнай петыцыі. Хопіць маўчаць - пара дзейнічаць!
Страницы: 1 2 3 4 5 ... 19 След.
Читать другие новости