Роза супраць мафіі - за беларускую школу 02.02.2019


Да ўвагі журналістаў і блогераў!
Роза Стрэльчанка, незалежная дэпутатка Капліцкага сельскага савета, абраная насуперак уладзе, працягвае змагацца за беларускую школу - цяпер зь Мінадукацыі.
Каротка нагадаю: беларускую школу ў аграгарадку Каплічы тры гады таму зачынілі: у адным месцы працякае дах. Замест рамонту даху (які абышоўся б, паводле экспертаў, у 30-40 тыс. рублёў разам з дакументацыяй) мясцовыя мафіёзі з аблвыканкаму ўжо патрацілі ня менш як 110 тыс. бюджэтных рублёў на перавозку больш як сотні дзяцей у іншую школу, за дзясяткі кіламетраў. І возяць далей. А Розу Віктараўну Стрэльчанку, якая махінацыі раскрывае, перасьледуюць.
Нядаўна Стрэльчанка дамаглася прыезду ў Каплічы камісіі Мінадукацыі.
У нас маецца 1.5 гадзінны аўдыёзапіс размовы з камісіяй і дакуманты, якія пацьвярджаюць рацыю Розы Віктараўны і злачынныя дзеянні з боку чыноўнікаў Гомельскага аблвыканкаму.
Пішыце ў прыват, дарагія шукальнікі праўды.

Накіпела! 28.01.2019


Накіпела, сябры.
Зьбіраем форум "Свабоду палітвязьням!" Ідэя - ціск на рэжым перад Еўрапейскімі гульнямі. Калі Лукашэнка хоча праводзіць "Еўрапейскія гульні" і запрашаць сюды еўрапейцаў - хай вызваляе палітвязьняў. Інакш сваякі ды актывісты выйдуць на пратэсты - і пастараюцца, каб на гэтых гульнях было максімальна цікава ўсяму сьвету.
8 чалавек палітычных зараз мінімум. Восем!
Матулі палітвязьняў сыходзяць сьлязьмі - некалькіх хлопцаў там проста павольна забіваюць.
Фіялетава большасці заходніх амбасадараў, дэмакратычных палітыкаў, дзеячаў, па барабане палове журналістаў. Слухайце, сябры - а калі заўтра вы будзеце на месцы Барановіча ці Жамчужнага, хто будзе вас бараніць???
Ёш вашу дваццаць, ды прачніцеся вы нарэшце!!!
Прыходзьце ў сераду 30 студзеня з 12.00 да 15.00 на офіс БСДПГ (Кульман, 9 - 607, код В1331), паслухайце гэтыя гісторыі пра катаваньні тут і цяпер. Хоць паштоўку падпішыце, хоць тузаніце знаёмага дыпламата, адказнага чыноўніка, журналіста!
Памятайце: сёньня вы змаўчыце, а заўтра прыдуць па вашу душу, і не будзе нікога, хто б заступіўся.

Расея разваліцца, калі паспрабуе захапіць Беларусь 25.01.2019

Інтэрвію "Нашай Ніве"


Павел, мінулы год прайшоў для цябе пад знакам Курапатаў? Якія ўрокі ты вынес з гэтага супрацьстаяння?

Урок першы. Беларусы паказалі сябе ў Курапатах народам: абсалютная бальшыня не прыняла рэстарацыі ў Курапатах і зладзіла маўклівы байкот “Бульбашхолу”. Нягледзячы на вал публікацыяў (здавалася б, якая рэклама!), зніжкі, бясплатны плоў і замануху ў выглядзе папсовых “зорак” мы бачым каля кабака па некалькі наведнікаў у дзень. Пераважна гэта людзі, якія едуць сюды наўмысна, з выклікам – “рускі мір”, сталіністы, цынікі, “гаспадары жыцця”.

Урок другі. Невялікая колькасць рашуча настроеных абаронцаў прымусіла грамадства вызначыцца, а ўладу публічна заняць пазіцыю “нейтралітэту”, паставіць у мемарыяле помнік ахвярам рэпрэсіяў 1930-40 гадоў, добраўпарадкаваць дарожкі, правесці чарговыя талокі. Гэтага не было б, калі б не варта. Арганізаваныя ды ідэйныя людзі здольныя стаяць за Беларусь – і мяняюць шмат што ўжо тут і цяпер.

Урок трэці. Разам з тым, рэжым ментальна застаецца савецкім. Начальства атаясамляе сябе не з тымі, каго расстрэльвалі, а з тымі, хто страляў. Адсюль штрафы і “суткі” абаронцам, адсюль перашкоды для ўсталявання крыжоў, адсюль маўчанне пра закрытыя архівы КГБ.

Урок чацвёрты. База звестак наведнікаў, якую мы з ініцыятывы Дзяніса Івашына сталі весці пасля абвяшчэння грамадскага байкоту, дала нам зрэз людзей і установаў, гатовых уключыцца ў гібрыдную вайну супраць Беларусі. Многія не едуць у кабак, бо баяцца, што прыстойныя людзі перастануць з імі вітацца.

Урок пяты. Яднанне прадстаўнікоў з розных партыяў і рухаў, а таксама беспартыйных людзей добрай волі адбудзецца вакол кропак кіпення – такіх, як Курапаты, пратэст супраць Брэсцкага акумулятарнага, дармаедскага дэкрэту ці ўшчыльнення ў Менску.

Курапаты далі краіне новых герояў? А што рабіць з антыгероямі?

Героі Курапатаў – гэта абаронцы, якія восьмы месяц у спёку, дождж і маразы стаяць ва ўрочышчы, раздаюць буклеты, фіксуюць прынцыповых наведнікаў “расейскага міру” – і паказваюць Крамлю: калі сунецеся - тут ёсьць людзі, якія стануць на абарону краіны.

Героі – гэта Ганна Шапуцька і Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Зміцер Казакевіч, Вольга Мікалайчык і Лявон Кулакоў, Аляксей Туровіч і Ніна Багінская, Майя Навумава і Максім Вінярскі, Валер Рабцаў і Вінцук Пятроўскі, Дзяніс Івашын і Алена Талстая, Ігар Шчэмелеў і Васіль Бань, Наталля Саматыя і Наталля Гарачка, Віталь Паўлаў і Арсень Дзядок, Юрась Палейка і Сяржук Анянкоў, Надзея Батура і Анатоль Наўмовіч, Пётр Рабушка і Базыль Гушча, Піліп Шаўроў і Наталля Іллініч, і многія, многія іншыя… Праз курапацкую абарону за сем з паловай месяцаў прайшло больш як пяцьсот чалавек – а па Беларусі колькасць гатовых абараняць незалежнасць, свае гарады і сем’і вымяраецца, упэўнены, у дзясятках тысячаў.

Што рабіць з антыгероямі? Бог ім суддзя. Людзі, якія будуюць кабак, глумяцца з памяці і запускаюць феерверкі ў месцы масавых расстрэлаў, рыюць яму ў пекла проста ў сябе пад нагамі.

Што для цябе ўвогуле такое Курапаты?

Курапаты – гэта месца, дзе кроў дзясяткаў тысячаў нявінных ахвяраў дагэтуль крычыць да неба. Станьце, заплюшчыце вочы, уявіце - і ў шуме курапацкіх хвояў вы пачуеце гул. Сённяшні рэжым не адкрывае архіваў – і мы нават ня ведаем імёнаў расстраляных камуністамі. Сотні тысячаў беларусаў дагэтуль ня ведаюць, як і дзе былі забітыя іх продкі. У духоўным плане гэта аграмадная страшная рана, і яна не загоіцца без праўды і пакаяння. У Беларусі дзясяткі і сотні такіх ранаў, але Курапаты – найбольш жахлівая.

Таму Курапаты з часоў Зянона Пазняка – месца, якое нараджае новыя і новыя хвалі беларускага руху. Так было ў 1988-89-ым са стварэннем Беларускага Народнага Фронту, так было ў 2001-2002-ых, калі маладафронтаўцы разам з “зубрамі” ды “свабодаўцамі” трымалі кругласуткавую варту, так было ўзімку 2017-га: выбухнуў пратэст у Курапатах, і рэхам адгукнуліся шматтысячныя пратэсты “недармаедаў”.

Курапацкі крыж – гэта сістэма каардынатаў беларускай нацыянальнай ідэі.

Чаму ты вырашыў прыняць удзел у праймерыз, а ў будучыні, магчыма, і ў прэзідэнцкіх выбарах?

Ведаеш, шмат ежджу па Беларусі, за апошні год больш ста дваццаці гарадоў, мястэчак і вёсак… Зараз для вялізнай колькасці беларусаў альтэрнатыва Лукашэнку – не лідэры апазіцыі, а Пуцін. Лукашэнка дастаў, вось прыдзе Расея і навядзе парадак – вось што кажуць людзі, наглядзеўшыся тэлевізара. Супярэчлівыя галасы дзясятка лідэраў раздробленай апазіцыі ўспрымаюцца як пабочны шум. Таму зараз нам, дэмакратам, трэба правесці сумленныя, свабодныя, празрыстыя і справядлівыя ўнутраныя выбары – і вызначыць адзінага лідэра, здольнага стаць голасам беларускага народа. На мой погляд, гэта можа быць і лідэр пратэстаў, і лідэр байкоту, і лідэр пераможнай кампаніі ў выпадку форс-мажору, які наспявае. Выбараў няма, фальсіфікацыі татальныя. Але ў выпадку знешняга ці ўнутранага ціску, масавых забурэнняў ці нечаканасцяў са здароўем Лукашэнкі сістэма можа даць збой – і трэба быць гатовымі вярнуць народу ўладу, на якую ўжо разінуў пашчу Крэмль.

Таму і вырашыў. Набліжаецца час вырашаць.

Беларусь гатовая да прэзідэнта-хрысціяніна? Які ўвогуле патэнцыял у палітыцы з хрысціянскім адценнем?

Беларусь большую частку сваёй гісторыі была краінай, якой кіравалі палітыкі-хрысціяне. Ізяслаў, Усяслаў, Альгерд, Вітаўт, Жыгімонт Аўгуст, Сапегі, Радзівілы, Астрожскія… Полацкае Княства – гэта вечавая хрысціянская дэмакратыя. Вялікае Княства Літоўскае ў пару свайго росквіту – шляхецкая хрысціянская дэмакратыя. Наогул, хрысціянская дэмакратыя – гэта палітычны хрыбет беларускай нацыі.

Паглядзі, камуністы кіравалі ў Беларусі 70 гадоў, забілі мільёны беларусаў і пабудавалі сотню свінакомплексаў. Праваслаўны атэіст Лукашэнка кіраваў у Беларусі 25 гадоў, кінуў за краты тысячы найлепшых людзей краіны і пабудаваў паўсотні лядовых палацаў. А хрысціянскія палітыкі кіравалі ў Беларусі шэсьцьсот гадоў, і гэта быў залаты век дзяржавы. Хрысціянскія палітыкі выйгралі ў краі першыя выбары ў расійскую Дзяржаўную думу і прадстаўлялі Беларусь у сейме Другой Рэчы Паспалітай. Калі б не войны ды саветы – у Беларусі б і зараз кіравалі хрысціянскія дэмакраты.

Бяда ў тым, што Лукашэнка ёсць адлюстраваннем настрояў вялікай часткі грамадства, змардаванага бязбожжам і камунізмам, зняверанага, ашуканага, разгубленага. Але я веру, што за два дзесяцігоддзі многія беларусы паглядзелі ў гэтае люстэрка і жахнуліся.

Ці гатовая Беларусь да прэзідэнта-хрысціяніна?... Ты яшчэ пытаешся? Ды мы займаем адно з першых месцаў у свеце – у свеце! - па ўзроўні самагубстваў, абортаў, разводаў, жанчынаў у турмах, ужыванні алкаголю… Краіна проста енчыць у забыцці. Краіна просіць надзеі! Беларусі як паветра патрэбныя людзі, якія вераць у Бога і любяць сваю радзіму. Але ня трэба чакаць героя, які прыдзе і зробіць рай на зямлі. Толькі калі мы пачнем з сябе, са сваіх сэрцаў, калі возьмемся разам – мы не дапусцім тут пекла.

А які патэнцыял у палітыкі з хрысціянскім адценнем у свеце – давайце спытаем у амерыканцаў пра Джорджа Вашынгтона ды Рональда Рэйгана ці ў немцаў пра Конрада Адэнаўэра, Гельмута Коля альбо Ангелу Меркель.

Беларусь будзе акупаваная Расіяй?

Пагроза вялікая. Але дзень, калі Масква вырашыць гвалтам ператварыць Беларусь у частку імперыі, будзе пачаткам канца імперыі. Калі Крэмль будзе ажыццяўляць захоп паводле крымскага ці данецкага сцэнару – Расія разваліцца. З часоў ВКЛ таямніца жыцця і смерці Расійскай імперыі пульсавала тут – першы з’езд РСДРП у Менску, царская стаўка ў першай сусветнай вайне ў Магілёве і Белавежская пушча ёсць паваротамі геапалітычнага ключа, закладзенага ў Беларусь.

Беларусь ахвяравала найлепшых сваіх геніяў, каб ператварыць, перамяніць, прасвяціць Расію. Сімяон Полацкі, Дастаеўскі, Высоцкі, Навадворская, Макарэвіч, Алексіевіч… Ужо пяцьсот гадоў Расія хоча паглынуць партызанскую Беларусь, а яна ўсё ўпоперак горла. Яны нас МіГамі, а мы іх кнігамі.

Мы молімся і робім, што можам, каб яны сюды не палезлі. Але трэба быць гатовымі абараняць незалежнасць - тады імперыя трэсне па швах.

Што рабіць з Лукашэнкам? Які нібыта стаў за незалежнасць, не верыць?

Ці ёсць Лукашэнка гарантам беларускай незалежнасці?

Ён ужо 25 гадоў ёсць гарантам сваёй асабістай улады. Калі б ён стаў за незалежнасць, Дзяніса Урбановіча і Волю Мікалайчык не арыштоўвалі б за акцыю памяці Міхася Жызнеўскага, а гарадзенцаў не штрафавалі б за дзень памяці Кастуся Каліноўскага. Калі б Лукашэнка стаў за незалежнасць, мы б пабачылі скасаванне антыканстытуцыйных “саюзаў”, дурацкіх дэкрэтаў, кантрактнай сістэмы і бязмежжа ў судах, вяртанне пенсійнага стажу і закрыццё шкодных вытворчасцяў: людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.

Хочаш, каб беларусы цябе падтрымалі? Аддай народу нарабаванае, вярні свабоду, пакайся, выпусці палітычных вязняў і несправядліва асуджаных, падымі бел-чырвона-белы сцяг і правядзі вольныя выбары.

Калі Лукашэнка гэтага не зробіць – ён сам падпіша сабе прысуд, і гісторыя будзе да яго няўмольная.

Ты бачыш, як можна выбудоўваць адносіны з Расіяй пасля Лукашэнкі?

Так, як выбудоўвалі адносіны з Расіяй Літва, Латвія і Эстонія пасля камуністаў. Сумленна, спакойна, годна і цвёрда. Без фальшу, ліслівасці, шахер-махераў, “нафты ў абмен на пацалункі” і начных прывідаў тыпу Саюзнай дзяржавы. З пазіцый незалежнасці. З гатовасцю, калі што, даць адпор. З поўнай аплатай за газ, праз цывілізаваную мяжу – нармалёвыя дабрасуседскія стасункі. Акуратна, ветліва, але няўхільна. Думаю, нам дапамогуць у гэтым ЗША, ЕС, асабліва Літва і Вышаградскія краіны, і Україна.

Пазаблокавы статус Беларусі і агрэсія Крамля ва Ўкраіне вымагаюць ад нас пакінуць АДКБ і стаць перамоўнай пляцоўкай для Захаду і Расеі. Прынцыповы нейтралітэт, транзітнае становішча і мадэрнізацыя інфраструктуры разам з разіццём сферы ІТ зробяць нас эканамічным і лагістычным цэнтрам Усходняй Еўропы – такім, якім ёсць Бенілюкс ці Швейцарыя для Еўропы Заходняй, і ў недатыкальнасці якога зацікаўлены як Захад, так і Ўсход.

Неадназначную рэакцыю выклікала твая прапанова: запрасіць кіраваць войскам беларусаў, якія ваявалі за Украіну. Маўляў, проста ваяваць гэта адно, а кіраваць войскам – зусім іншае.

Прыгадай, што было ў 2014-ым у Крыме і на Данбасе. Колькі дыпламаваных палкоўнікаў ды генералаў здавалі захопнікам базы ды гарады, пераходзілі на бок ворага? А хто стаў за радзіму сцяной і спыніў дыверсантаў па дарозе на Кіеў? Дабраахвотніцкія батальёны.

Ці будуць абараняць Беларусь афіцэры, якіх вучылі ў расійскіх акадэміях, якія п’юць гарэлку ў намётах з верагодным супраціўнікам на сумесных вучэннях, якія зайздросцяць расійскім сілавікам і гатовыя прадацца за палучку, як сумнавядомы міліцыянт З Пружанаў?

Думаю, у сённяшнім беларускім войску ёсць прафесіяналы, гатовыя бараніць незалежнасць – але на ключавых пасадах бачу найперш людзей з характарам Касцюшкі, Хадкевіча ці Каліноўскага. Тых, у каго “Пагоня” ў сэрцы. Тых, у каго “так” значыць “так”, а “не” значыць “не”. Афіцэраў, якія прынцыпова не сталі служыць рэжыму, беларускіх дабраахвотнікаў, фігурантаў “Справы патрыётаў”.

Хто ты на сёння больш: палітык, пісьменнік, вернік? Калі б трэба было ахарактарызаваць сябе адным словам?

Вернік. Сарцавіна любой асобы – вера альбо бязвер’е. З адказу на пытанне, ці верыш, вынікаюць і наступствы, і лад жыцця. А палітык ці пісьменнік – вытворнае, пакліканне ў той ці іншы момант. Зрэшты, “Брату”, “Лісты зь лесу”, “Люблю Беларусь”, “Глыбіня”, “Беларусалім”, “Каменнае сэрца” як ні круці - і тое, і другое, і трэцяе.

Вельмі цяжка, часам да фізічнага болю, сумяшчаць веру, палітыку і творчасць. Спрабую. Але ў такіх выбітных беларусаў як Адам Станкевіч, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч - атрымалася.

Вялікія спрэчкі ў фэйсбуку апошні з’езд Маладога фронта. Многія пісалі, што ім балюча ад таго, у што пераўтварыўся МФ. Маўляў, Урбановіч без памылак не можа і слова напісаць? А што за спрэчка была з Іванам Шылам пра мыццё падлога. Павел, ты не мыеш падлогу?

Падлогу, канечне, я мыю, і гаворка зусім не пра гэта, вядома. Гаворка пра былога маладафронтаўца, які прайграў выбары ў Маладым Фронце ў 2013-ым, і дагэтуль крыўдуе на МФ. Івана проста шкада. Цудоўныя бацькі далі хлопцу шмат здольнасцяў, і ён падаваў вялікія надзеі, а потым вырашыў, што лепш траціць жыцьцё на алкаголь, наркату, начныя клубы, лепш сцябацца з былых сябраў і перайсці на расейскую мову. Размоў няма, такі ягоны выбар. Толькі гэта ня мой выбар і не выбар Маладога Фронту. Малады Фронт – значыць, беларуская форма і хрысціянскі змест, аптымальная формула беларускага патрыятызму. Так было і так будзе. Сённяшні кіраўнік Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч нагадвае мне ранняга Дашкевіча (якому, памятаеш, гэтак жа закідалі недахоп адукацыі, а потым прыціхлі) – надзвычай моцны і мэтанакіраваны хлопец.

Летась у цябе з’явіўся сын Францішак. Дзіця неяк змяніла Паўла Севярынца? Што для цябе такое быць бацькам?

Бацькоўства – гэта прарыў у самаадчуванні. Толькі на нейкім месяцы жыцця свайго дзіцяці ты ўрубаешся, колькі выцерпелі і колькі зрабілі для цябе бацькі. Ты разумееш, як ахвяруецца твая жонка. Бацькоўства - гэта служэнне, не лягчэйшае за палітыку і вулічную барацьбу. Шматдзетныя бацькі для мяне – героі Беларусі. І адначасова гэта найвялікшае дабраславенне і ні з чым не параўнальная радасць.

Што сёння робіць цябе шчаслівым?

Мяне робіць шчасьлівым тое, што я нарадзіўся і жыву ў таямнічай і светлай краіне, за якую варта змагацца. Мяне робяць шчаслівымі мае цудоўныя бацькі, сёстры і сваякі. Мяне робяць шчаслівымі сябры, якіх неверагодна шмат. Мяне робіць шчасьлівым тое, што я ажаніўся з найлепшай дзяўчынай у свеце, і цяпер у мяне ідэальная жонка. Мяне робіць шчасьлівым маё пакліканьне, здзейсненыя ідэі і кнігі.

І я ведаю, што такім шчаслівым чалавека робіць толькі Бог, Які ўсё ведае і вельмі нас, беларусаў, любіць.

Вакханалія пачынаецца 15.01.2019


Малітоўны дом "Новага жыцця" збіраюцца зносіць, каб збудаваць басейн.
Ксяндза Сабеслава Тамалу, які служыў у Беларусі 20 гадоў, высылаюць з Беларусі.
Баптыстам забараняюць праводзіць "Фестываль надзеі".
Што ж: нам абяцалі вакханалію, вось яна пачынаецца.
Першае, што трэба зрабіць:
-Прыйсці на грамадскія слуханні адносна "Новага жыцця" 16 студзеня, а 18.00 па адрасе Янкоўскага 23.
-Падтрымаць ксяндза Сабеслава падпісаннем петыцыі і замаўляць малітвы за яго па касцёлах.
-Маліцца разам з братамі-баптыстамі, каб евангелізацыйны фэст усё-такі адбыўся, і патрабаваць ад чыноўнікаў зняць ганебную забарону.
Адначасова братам-вернікам варта ўсвядоміць: гэты незаконны, камуністычны ў сваёй сутнасці рэжым вось ужо 25 гадоў трымаецца на фальсіфікацыях, гвалце і страху. Ён ёсць яўным ворагам хрысціянства. Спробы залагодзіць яго, змаўчаць, дамовіцца - марныя. Мы мусім адважна і разам стаяць у праўдзе, адкрыта сведчыць пра дабро і зло вакол нас, заступацца за свой народ - толькі тады Беларусь адкрыецца Богу. Калі цэрквы будуць маўчаць - не спадзявайцеся на перамены і чакайце горшага.
Не бойцеся і не жахайцеся. Будзьце мужныя і цвёрдыя, кажа Біблія.
Будзем яднацца! Будзем салідарнымі!
Верым, можам, пераможам!

Віфлеем на захадзе Менску 08.01.2019


На захадзе Менску, у евангельскай царкве "Віфлеем" штовечар на свята нараджэння Хрыста ладзіцца грандыёзны праект "Дарога ў Віфлеем".
Спярша вы трапляеце на шыкоўны канцэрт, дзе даведваецеся, што знакамітая музыка з "В мире животных" - гэта іспанскі паломніцкі спеў( і яго тут жа спяваюць пад скрыпку на мове арыгінала), а затым уся заля (дзеці - матулі - таты) стварае тры хоры. Затым вы атрымліваеце асабістыя дакуманты жыхара Юдэі, выходзіце на мароз - і трапляеце на дзьве тысячы гадоў таму.
Не буду апісваць "Дарогу", бо гэта трэба бачыць.
Ты рэальна акунаесься ў дух таго часу - на холадзе, у паўзмроку, сярод вагнёў і рымскіх цэнтурыёнаў, на вуліцах Ерусаліма і Віфлеема дзве тысячы гадоў таму... Праз увесь шлях ваша сэрца пастаянна будзе задаваць пытанне: няўжо тады сапраўды было вось так?...
Прысутнасць Божая тут адчуваецца часам мацней, чым на набажэнстве.
Рай для дзяцей. Цудоўныя валанцёры. Гарачая гарбата. Файны кірмаш.
І - неверагодная ласка Божая.
РАЮ ЎСІМ! На выходных пасля 17.00 - усе ў Віфлеем!

З годам сьвіньні, таварышы 31.12.2018


Вечар 31 сьнежня 2018 года. Наведнікаў у кабаку "Бульбашхола" няма. На варце ў Курапатах - шэсьць чалавек. Як сумна сустракаць такі новы год Івану Ермакову, сталіністу з Расеі, які пераехаў жыць у Беларусь!
Іван Ермакоў садзіцца за стырно машыны, прыяжджае ў пусты рэстаран, разганяецца - і спрабуе тараніць варту на хуткасьці каля 60 кіламетраў у гадзіну. За Родіну, за Сталіна!
Варта расступаецца (бо інакш будуць трупы), але выехаць назад у Івана Ермакова не атрымліваецца. Сталінскага сокала ўсё-такі спыняе варта. Сокал у адказ звоніць у ворганы - і вось дужыя малойцы з бараўлянскай міліцыі прылятаюць на варанку, цягнуць па сьнезе ў машыну, па дарозе душаць Натальлю Ладуцьку, абяцаюць заўтра па гражданцы зьбіць Дзяніса Урбановіча - і  заадно бяруць у палон інваліда 2-й групы Валянціну Дзядок.
Усім афармляюць пратаколы за супраціў міліцыі. Іван Ермакоў выходзіць зь міліцыі з усьмешкай.
Абаронцы разам едуць назад на варту.
Беларускі народ перажыў Сталіна. І год сьвіньні перажыве.



Гаранты незалежнасці 28.12.2018


За апошнія пяць гадоў мне давялося дзясяткі разоў чуць ад сваіх сяброў, паплечнікаў, палітыкаў, дыпламатаў: акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкодаў для крамлёўскага аншлюса.
Зараз гэтая хваля дасягнула піку.
Тое, што гэты рэжым сам
з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пастку для незалежнасці, забіваў і кідаў у турмы лепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру і парасткі грамадзянскай супольнасці, разбураў эканоміку, рабаваў народ, праядаў і раскрадаў нафтагазавую халяву - цяпер не бярэцца ў разлік.
Маўляў, Лукашэнка нарэшце "празрэў" і стаў незалежнікам. Дзяржысь, значыць, Рыгорыч, не здавай нас.
Добра. Гатовы прыняць такі паварот. Толькі пры ўмове, што "гарант" прынясе плод, варты пакаяньня:
-Выступіць са зваротам, дзе шчыра скажа: прабачце, людзі, 25 гадоў вёў вас не туды - каб усе, нарэшце, зразумелі, куды мы ідзем.
-Скасуе ўсе кабальныя дамовы з Расіяй - бо нават ягоны ўрад уголас кажа, што гэта кабала.
-Адменіць дурацкі "падатак на дармаедства", кантрактную сістэму, скарачэнні пенсійнага стажу - каб вярнуць давер беларусаў да дзяржавы. Людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.
-Выпусьціць палітвязняў.
-Падыме бел-чырвона-белы сцяг.
-Адчыніць Беларускі нацыянальны універсітэт
-Перакрые каналы расійскай прапаганды і легалізуе "Белсат", "Хартыю", "Рацыю".
-Падрыхтуецца аплаціць поўны кошт за газ, альбо купляць і везьці энэрганосьбіты з іншых рынкаў.
-Запросіць беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне ўзначаліць войска, гатовае абараняць краіну ад крымскага і данбасскага сцэнару.
-Адменіць абмежаванні для дробнага і сярэдняга бізнэсу
-І нарэшце абвесціць вольныя выбары, у якіх ня будзе прымаць удзел сам.
Вы верыце ў такія дзеянні "гаранта незалежнасці"? Нават калі Масква паставіць ультыматум і запусціць таймер?
Калі не - пара прызнаць: няма ніякіх гарантаў беларускай незалежнасці, акрамя Бога і беларускага народа. Як паказала Ўкраіна, нават "Будапешцкі мемарандум" нічога не гарантуе.
Лукашэнка можа выканаць ролю часовай заглушкі. Але вырашаць, ці быць Беларусі вольнай і незалежнай - нам. Не з яго спытаюцца потым. З нас.
Таму: трэба рыхтавацца браць адказнасць за краіну самім.

20 снежня, 18.00 - практыкум на лідэрскіх курсах 18.12.2018


У чацьвер 20 снежня а 18.00 - першы практычны занятак на лідэрскіх курсах:

- Практыка лідэрства
- Віктарыны, тэсты, гульні
- Шоў беларушчыны
- Камандная акцыя з розгаласам у нацыянальных СМІ
- "Высадка з парашутам"

Магілёўская 2/2, прастора "Тартак". Далучайцеся!

Крамлёўскі наезд 15.12.2018


Крамлёўскі "наезд" - справа сур'ёзная.
І з Пуціным, і з Лукашэнкам нам ужо даўно ўсё зразумела.
Таму зараз беларусам трэба рыхтавацца абараняць незалежнасьць краіны.
Хто ўмее - у медыя і сацсетках.
Хто можа - у культуры.
Хто верыць - у малітве.
Хто гатовы - са зброяй у руках.

13 снежня, 18.00 - "Нацыянальная ідэя" на лідэрскіх курсах 10.12.2018


У чацьвер 13 снежня на лідэрскіх курсах Паўла Севярынца - тэма "Беларуская нацыянальная ідэя":

-Псіхалогія, індывідуальная
-Псіхалогія масавая
-Псіхалогія нацыянальная
-Што такое народ
-Што такое нацыянальная ідэя
-Беларуская нацыянальная ідэя
-Тэсты і выпрабаванні

13 снежня, 18.00, Магілёўская, 2/2, прастора "Тартак". Далучайцеся - уваход вольны!


Страницы: Пред. 1 2 3 4 5 ... 23 След.
Читать другие новости