Воля 22.05.2015 7


"Воля Божая ёсьць асьвячэньне ваша" (I да Фэсалонікійцаў 4:3).

Воля, паняцьце рашучасьці ў дзеяньні, у беларускай мове азначае таксама й свабоду. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным!

Наша нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад Бога й пазбаўляюцца волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: разбэшчаная Рэч Паспалітая канца XVII-пачатку ХVIII стагодзьдзяў, застойная БССР або краіна, якая павальна галасуе за крыклівага дырэктара саўгаса.

І наадварот: беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны. Подзьвігі Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Льва Сапегі або Пазьняка – вось сапраўднае нацыянальнае волевыяўленьне. Вялікая беларуская воля, здольная да пакутніцтва, самаадданасьці, самаахвярнасьці – падабенства тае Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу.

Беларуская воля заўжды была воляй слабейшага целам, але мацнейшага духам. Вайскаводцы ВКЛ амаль заўжды перамагалі меншымі сіламі, і галоўнай прычынай іх перамогаў была воля. Нашыя эмігранты адкрывалі й дасьледвалі самыя цяжкадаступныя й суворыя рэгіёны плянэты – Сібір, Далёкі Усход, Анды, Арктыку, Цэнтральную Азію – і гэта стала магчымым толькі дзякуючы беларускай волі. Духовыя лідэры Сэрца Эўропы аддавалі сябе на адкупленьне за ўсе бліжнія народы – бо мелі волю.

Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпеньні, пакуты, які ж цяжар давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае амаль усё, але калі дойдзе да краю... Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца зь сілаю сьцятае спружыны.

А пакуль што галоўны від беларускае волі – воля да жыцьця. Каб пераканацца, пачытайце Быкава, пагутарце зь беларускімі інвалідамі або проста азірніцеся навокал. І паспрабуйце адчуць сапраўдную волю. Не такую, калі напятыя мышцы й набычаны голаў, ды грудзі расьпірае ад пыхі – а калі сэрца, адкрытае Богу, робіць цябе волатам.

Вольная воля, выбар чалавечы, найвялікшае дабраславеньне Божае й найбольшае пракляцьце, дала Беларусі і веліч духовае місіі Сярэднявечча, і анархію liberum veto ў XVII-XVIII стст.

Вольная – адно з тлумачэньняў імя Белай Русі. Прыгонныя сяляне й стараверы сотнямі тысячаў беглі сюды з Расеі. Перасьледаваныя на радзіме ардынскія татары й эўрапейскія пратэстанты асядалі тут назаўжды, гнаныя адусюль габрэі хаваліся ў нас ад уціску й пагромаў. Бо тут была воля.

Рэлігійная талеранцыя, дэмакратычны лад, улада закону – вытворныя волі сталі родавай прыкметай беларускае гісторыі. Гэта ў ВКЛ нарадзілася знакамітая Запароская вольніца, а месьцічам звычаёвым ды магдэбурскім правам была дадзеная поўная воля ў самакіраваньні. Са старадаўняга Полацкага веча, праз Паны-раду, Соймы й соймікі Вялікага Княства, да Усебеларускага Зьезду й шматтысячных мітынгаў канца XX ст. – так сьцьвярджала сябе беларуская воля.

Таму й беларускі нацыянальны рух – вызвольны. Таму так любяць беларусы называць дачок Волямі. Таму й Дзень Волі – беларускае нацыянальнае сьвята №1. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Беларусь адзначае і каталіцкае Зьвеставаньне, адкрыцьцё волі Божае аб нараджэньні Хрыста. Дзень Волі з маніфэстацыяй пад бел-чырвона-беламі сьцягамі – яскравая ілюстрацыя сугучча волі-рашучасьці й волі-свабоды.

Толькі міжволі ўзгадваюцца словы ідэоляга Залатога веку (апагей беларускае волі!), вядучага публіцыста Рэфармацыі Андрэя Воляна (амаль што Воліна): “Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала Ды сваволя над ёю ўжо не панавала...” ("Да палякаў і ліцьвінаў")

Беларусы часьцяком забываюцца, што воля – гэта катэгорыя дзеяньня. Пакаяньне, вера, любоў ёсьць актамі выбару, зробленага асабістай воляй, і вымагаюць прыняцьця волі Божай. Беларуская воля не працуе бяз Бога.

“А хто ня любіць волі – ня нашага роду,” – казаў Янка Купала.

                                                               З кнігі "Люблю Беларусь"

Вера 15.05.2015 21


Ты верыш напісанаму ў Бібліі?

"Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая". (І Яна 5:4)

Тым, для каго вера ёсьць адно "самавызначэньнем адносна інфармацыі", ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца. Бо Беларусь жыве верай. Бывае, тут пытаюцца: "Ты якой веры?" Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур'ёзна й недатыкальна.

Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: "Ня веру!" Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць. І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.

"Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "Праведны вераю жыць будзе." (Да Рымлянаў, 1:17) Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо "па веры вашай будзе вам!" (Мацьвея 9:29)

Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. "Sola fides" – толькі вера!

Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера. Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. "Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам." (Мацьвея 17:20)

У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець. Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.

Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.

Бо Ісус казаў: "Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце"! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры.

"Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.

Беларусь... Гэта вялікая таямніца веры.

                                                                                   З кнігі "Люблю Беларусь"

Брацтвы 10.05.2015 23


Беларус заўжды зьвяртаўся да бліжняга: "братка".

Таму і брацтва ў Беларусі зрабілася зьявай усенароднай. Брацтвы – гарадзкія хрысьціянскія грамады, што гуртаваліся пры цэрквах і касьцёлах і мелі на мэце "працаваньне супольнае брацкае дзеля душы збавеньня". Найбольш інтэграваныя ў грамадзтва, брацтвы выконвалі ролю рук і ног вялізнага арганізму сярэднявечнае царквы. Фэномэн яднаньня верай, характэрны для Беларусі й Украіны XVI-XVII стст.!

Ахапляючы пабожных рамесьнікаў, купецтва й сьвятароў, брацтвы займаліся рэлігійным асьветніцтвам, адукацыяй, дабрачыннасьцю. Будавалі школы, друкарні, багадзельні й шпіталі, "калечыя куты" (прытулкі). Праводзілі супольныя адзначэньні сьвятаў – братчыны. Дапамагалі маламаёмасным братам, ладзілі талокі, пачосткі й пілігрымкі. Мелі вялізны ўплыў на магістраты й ажыцяўлялі мясцовае самакіраваньне.

Брацтвы сталіся самай эфэктыўнай формай нацыянальнае еднасьці за ўсю гісторыю Беларусі. Прынцып духовага задзіночаньня, чуцьцё роднасьці, такое цёплае й моцнае – вось што фармавала беларускую нацыю ў часы Залатога веку. Ва ўмовах імклівай урбанізацыі менавіта брацтвы закладалі аснову гарадзкое культуры й стваралі кшталт "новага чалавека": зычлівага, выхаванага й адказнага патрыёта-месьціча. Такога, пра якога напісана ў ІІ Пасланьні Пятра 1:7: "У пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любоў".

Каталіцкія брацтвы пачалі ўзьнікаць яшчэ ў XV ст., вуніяцкія – напрыканцы XVI ст. Але найбольшае магутнасьці ў XVI-XVII стст. дасягнулі праваслаўныя брацтвы. Яны сталі адказам на экспансію каталіцызму й паланізацыю XVII ст., прычынай глыбокае народнасьці беларускага праваслаўя й ключавым адрозьненьнем ад маскоўскае артадоксіі. Лідэры праваслаўнага брацкага руху – апосталы эпохі: Лаўрэн і Сьцяпан Зізаніі, Мялет Сматрыцкі, Пятро Магіла. Невыпадкова галоўны герой знакавага караткевіцкага бэстсэлера "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" – Юрась Братчык.

Такое братэрства мела велізарнае нацыятворчае значэньне для хрысьціянскае Беларусі. Але з аслабленьнем духу й узмацненьнем міжканфэсійнае барацьбы брацтвы рабіліся цяжкімі рэлігійнымі таранамі. Унутраны падзел паводле формы веры развальваў ВКЛ і дзяліў братоў-беларусаў на "палякаў" ды "рускіх". Як нам не хапіла тады па-эвангельску супольнага хрысьціянскага брацтва!

Брацтвы, галоўны генатып беларускае салідарнасьці, ўзор для ордэну вернікаў і адраджэнцаў – цудоўны шлях грамадзкага ды нацыянальнага разгортваньня сучасных хрысьціянскіх цэркваў. Мацнейшыя за італійскія прафсаюзы ды японскія карпарацыі, беларускія брацтвы зноў павінныя браць на сябе цэлыя гарады. Бо рэальная еднасьць і сумесная дабрачыннасьць, утульны парадак і пачуцьцё локця, сяброўская любоў і ўсеагульная справядлівасьць па-беларуску называюцца брацтвам.

"Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!..." (Максім Багдановіч, "Краю мой родны...")

                                                                                                       З кнігі "Люблю Беларусь"


Бог 01.05.2015 17

Бог Сьвяты, Бог Усемагутны, Бог Прадвечны, Творца, Наш Госпад, Пан і Спадар – Тая найвышэйшая, трансцэндэнтальная Асоба, з багавейнага й сьвятарнага заміраньня перад Якой пачынаецца і сапраўднае адкрыцьцё Беларусі. "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і будзе!" – напісана ў Бібліі (Адкрыцьцё 4 глава, 8 верш). "Над Богам няма нікога", спрадвеку кажуць у нас. Беларуская нацыянальная ідэя ўсёй сваёй сутнасьцю зьвернутая да Бога як звышмэты. Да Таго Госпада Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які ўдыхнуў у нас жыцьцё, Які палюбіў сьвет настолькі, што аддаў Сына Свайго адзінароднага Ісуса Хрыста, у ахвяру за нашыя грахі. Сама Беларусь – вечнае імкненьне да Царства Божага. Тыя, хто жыў на гэтай зямлі, тысячагодзьдзямі пакланяліся нейкім прыдуманым боствам. Але толькі пасьля таго, як тутэйшыя вызналі Бога Адзінага, на белым сьвеце зьявілася Беларусь – і беларусы. Беларускі народ ня столькі рэлігійны, колькі Божы. Беларуская ідэя – гэта ня "З намі Бог!" і не "Беларусь па-над усім". Беларуская ідэя – гэта "Бог па-над усім", а "Беларусь – з Богам.” Вера ў Бога й любоў да Бога, зь якімі беларус здольны палюбіць і бліжняга свайго, як самога сябе. "Бяз Бога людзі не памога", "Бог ведае, хто як абедае", "Як трывога, то да Бога", "Едзеш у дарогу – памаліся Богу", "Ня думаў, не гадаў – а так Бог даў"...Усе гэтыя прымаўкі толькі паўтор напісанага: "За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце, голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служыце, і да Яго прыхінайцеся". (Другазаконьне 13:4) Беларусам мацней, чым многім іншым народам, дадзена адчуць, што яны ёсьць вобразам і падабенствам Божым. Таму ў парадыгме нацыянальнае ідэі богаадступніцтва азначае і вырачэньне Беларусі, а найцяжэйшая праблема нацыянальнай самасьвядомасьці вынікае з таго, што мы чакаем Бога – але не шукаем Яго. "На Беларусі Бог жыве..." Так, Бог часта зьяўляўся ў Беларусі – адсюль і наша нацыянальная пакорлівасьць, і ахвярнасьць, і натхнёная духовасьць. Напрыканцы Х ст., у абуджэньні ХІІ ст., у Залатым веку, у найноўшых адраджэньнях душы Беларусі трапяталі, дыханьні заміралі й сэрцы здрыгаліся перад расхінутымі нябёсамі. Асабістая прысутнасьць Божая стварала Беларусь як краіну, як дзяржаву, як нацыю. Бо гімн Беларусі – "Магутны Божа", што праслаўляе Бога-Айца. Бо сьцяг Беларусі – бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, Бога-Сына. Бо герб Беларусі – "Пагоня", увасабленьне Духа Божага. Таму толькі той, хто напоўніцу ўсьвядоміў сябе беларусам, хто сапраўды спазнаў гэтую краіну, у бязьмежнай удзячнасьці, у захапленьні адкрыцьця, скрозь сьлёзы шчасьця зьвяртаецца да Яго: Ойча Наш, існы ў нябёсах! Сьвяціся імя Тваё. Прыдзі Валадарства Тваё, Будзь воля Твая, Як на небе, так і на зямлі; Хлеб наш надзённы дай нам сёньня, І даруй нам грахі нашыя, Так, як даруем мы вінаватым прад намі, І не дапусьці да спакусы, Але збаў нас ад злога Бо твае і Валадарства, і сіла, і слава На векі вякоў. Амін. (Мацьвея 6:9-13) Бог нездарма стварыў Беларусь тут, у сэрцы Эўропы. Бог грозны й строгі, Бог зорных галяктыкаў і палаючых сонцаў, Бог волі і ісьціны, такі ласкавы й міласэрны, поўны невымернае магутнасьці й непамыснае літасьці, менавіта тут уражвае Сваёй нясьцерпнай сьвятасьцю й пранізьлівым сьвятлом. Настолькі, што ўсёй істотай адчуваецца роднасьць Боскага й беларускага. Тут Бог наймацней змагаецца з д'яблам. І табе выбіраць, на чыім ты баку – бо наша сэрца ёсьць галоўнай арэнай бітвы. Бо натхненьне звыш, асабістае перажываньне Бога, размова з Богам сам-насам і выпаўненьне волі Божае – гэта тое, дзеля чаго жыве Беларусь.

 
                                                                                                       З кнігі "Люблю Беларусь"

Біблія 26.04.2015 24

Быцьцё, Лікі, Кнігі Царстваў і Судзьдзяў, Прарокі, Эвангельлі, Дзеі, Пасланьні апосталаў і, нарэшце, Адкрыцьцё – для Беларусі гэта ня проста разьдзелы Бібліі. Гэта эпохі гісторыі. Прадбачаньні нацыянальнага лёсу. Главы беларускай ідэі. “У сей кнізе ўсяе прырожанае мудрасьці зачала і канець, Бог Уседзяржыцель пазнаван бываець. У сей кнізе ўсі законы і права, імі людзі на зямлі справаваціся маюць, папісаны суць. У сей кнізе ўсі лякарства душэўныя й цялесныя зуполне знойдзеце. Ту навучэньне філязофіі дабранраўнае, як любіці Бога для самога сябе і бліжняга дзеля Бога” – напісаў у прадмове да “Бібліі” Скарына. "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам". (Яна 1:1-2) Біблія – Божае адкрыцьцё для чалавецтва, Кніга Кнігаў і Асноўны Закон усіх часоў і народаў. Біблія – духовая плятформа, што нясе на сабе Беларусь, і адначасова поўная энцыкляпедыя нацыянальнай ідэі. Слова Бібліі ўгрунтоўвала падмурак беларускай старажытнасьці, Сярэднявечча, адраджэньняў, захоўвала падваліны беларускага духу пад акупацыяй. Біблія спрадвеку была галоўным падручнікам у беларускіх школах, калегіюмах, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай Акадэміі. На Бібліі стаіць Статут ВКЛ. 1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі. Ключавыя фэномэны беларускасьці – мэнтальныя, грамадзкія, культуровыя – зыходзяць менавіта са Сьвятога Пісьма. Духовасьць. Ахвярнасьць. Вера й любоў. Талеранцыя й цярплівасьць. Кнігацэнтрызм. Паэтычнасьць. Культ Слова. Закон. Храм. Крыж... Найвышэйшыя нацыянальныя героі Беларусі былі людзьмі Бібліі. "Слова Божае жывое й дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двусечны, яно пранікае да разьдзяленьня душы й духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы й намеры сардэчныя" (Да Габрэяў 4:12) Зь перакладам, перапісам або друкам Бібліі распачыналіся ўсе абуджэньні Беларусі. На манускрыптах Сьвятога Пісьма, зробленых за Ізяславам, Усяславам Чарадзеем ды Эўфрасіньяй, як на агульнахрысьціянскай Канстытуцыі, грунтавалася грамадзтва Полацкага княства. Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, "Дзесятаглаў" і “Смаленскі Псалтыр” фармавалі адзіную духовую прастору Вялікага Княства Літоўскага. Друк “Бібліі” Скарыны паклаў пачатак Залатому веку, які, у сваю чаргу, набіраўся моцы ў "Катэхізісе" Буднага, Астроскай ды Берасьцейскай Бібліях, "Эвангельлі Вучыцельным" з заблудаўскай друкарні й "Эвангельлі Напрастольным" друкарні Мамонічаў. З канца XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у Беларусі не было надрукавана ніводнае кнігі Бібліі – і паглядзіце, гэта былі самыя страшныя часы нашае гісторыі. Але затым пераклады й выданьні Дзёкуць-Малея, Луцкевіча й ксяндза Гадлеўскага далі штуршок да беларусізацыі ўсіх канфэсіяў напачатку ХХ ст., Татарыновіча, Пятроўскага й Станкевіча – паваеннае ды эмігранцкае Беларусі, Чарняўскага й Сёмухі – найноўшага Адраджэньня. Бо напісана: "Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім Словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых". (Мацьвея 4:4) Менавіта Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Эўропу. Выданьне Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Фёдарава й Мсьціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й Астроскія выданьні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія й "Новы Запавет" Буднага фармавалі Польшчу. Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады й друкі праваслаўнага й каталіцкага канонаў, пратэстанцкае й юдэйскае традыцыі – каб даць сьвету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацьвёртую ў сьвеце (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасьцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасьцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астроскую” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў. “Уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада й шануюць імя Яго.” (Малахіі 3:16) Беларусь, якая глядзіць у Біблію, пазнае сябе. Беларуская гісторыя зь яе Старым і Новым Запаветамі насьледуе Бібліі як напісанаму сцэнару. Беларуская літаратура карэніцца ў мацерыку біблійнага тэксту, і дагэтуль, да Купалы й Барадуліна, скразіць матывамі, цытатамі й паралелямі ад Быцьця да Адкрыцьця. Беларусь сама – жывая ілюстрацыя да Бібліі. Біблія выпаўнялася ў Сэрцы Эўропы, бо Беларусь здаўна была каўчэгам для Слова Божага. Біблійнасьць беларусаў часам дасягае вяршыняў богаабранасьці. Ды й ці можа быць інакш – калі Беларусь пакутвала й ахвяравалася за ўсіх суседзяў, калі апошнія стагодзьдзі тут жыў Ізраіль!… У Эўропе знойдзецца няшмат такіх народаў, для якіх прыярытэт Сьвятога Пісьма як галоўнага Слова быў бы настолькі відавочным. Таму сучасны супэрпраект для Беларусі – гэта нават не пабудова Нацыянальнай Бібліятэкі за 10 мільёнаў даляраў, а выданьне 10-мільённым накладам Нацыянальнае Бібліі. Бібліі, якая зьбярэ, як Расейскі Сінадальны, ці Жэнеўская Біблія ўвадно, зь беларускіх выданьняў Сьвятога Пісьма боганатхнёнае Слова, да апошняе літаркі. … Бо ўсё, што вы чытаеце ў гэтай кнізе – толькі камэнтары да Бібліі.

                                                                                                                                                                         З кнігі "Люблю Беларусь"

Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста 18.04.2015 4


Калі бачыш бел-чырвона-белае, вочы міжволі прымружваюцца, як ад сьвятла. Сэрца пачынае біцца буйней, а ўсхваляваная душа ўскалыхвае ўсё цела.
Бел-чырвона-бела сьцяг – найвялікшы беларускі сымбаль, наймацнейшая канцэнтрацыя сэнсу нацыянальнае ідэі, зашыфраванае імя Беларусі.
Бо вось ужо дзьве тысячы гадоў гэта – сьцяг Ісуса Хрыста.
Усё проста: белая палатніна, у якую, згодна з габрэйскім звычаем, на пахаваньні загарнулі скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса, засталася людзям як знак перамогі над злом, нянавісьцю й сьмерцю, калі Хрыстос уваскрос.
Бел-чырвона-белая Турынская плашчаніца прызнаецца навукова пацьверджаным цудам і адной з галоўных рэліквіяў хрысьціянства. Гэты знак, белую палатніну з чырвоным крыжам, пачалі шырока выкарыстоўваць як сымбаль усяго хрысьціянства ў сярэднявечнай Эўропе. Сьцяг Хрыста зьяўляўся на абразах, вайсковых харугвах, мачтах караблёў – і зь цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у велізарную колькасьць гербаў, вымпелаў і нацыянальных сьцягоў на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы ў Старым і Новым Сьвеце. Дастаткова згадаць, што Ангельшчына дагэтуль мае сьцяг белы з чырвоным крыжам (і гэта яго спалучэньне зь сінім, таксама крыжовым, шатляндзкім штандарам, стварае знакаміты брытанскі "Юніён Джэк"), а сьцягі Швэдзіі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Грузіі, Даніі, Швайцарыі й Ісляндыі ўтвораныя паводле розных колеравых камбінацыяў асноўнага Сьцягу Хрыста. Калі ёсьць штосьці, што лучыць на элемэнтарным, кодавым узроўні ня толькі Эўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю – дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых старажытных і ключавых хрысьціянскіх знакаў.
Многія беларускія геральдысты, што вывучалі крыніцы зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцягу, пісалі пра "Крыж сьвятога Юр'я", індаэўрапейскія архетыпы, сялянскія рушнікі, польскія прапары й яшчэ немаведама што – але чамусьці не заўважалі тае жывое сілы, тае імклівасьці й настойлівасьці, зь якімі ўсе 10 вякоў беларускае гісторыі скрозь працінае Сьцяг Хрыста. Прыняцьцё хрысьціянства і самой назвы Белая Русь; Сафія зь бел-чырвона-белае муроўкі; бел-чырвона-белая "Пагоня" у ВКЛ; Грунвальд – белыя харугвы з чырвоным крыжам; бітва пад Воршай – бел-чырвона-белыя сьцягі Хрыста на піках у вершнікаў... На каталіцкіх ды вуніяцкіх сьвятынях – паўсюдна Сьцяг Уваскрасеньня. Праваслаўныя патрыярхі (прыгледзьцеся, нават сёньня) – з абавязковай бел-чырвона-белаю паласою ў рызах. У беларускага гусарскага палка, створанага за Аляксандрам I – бел-чырвона-белыя сьцягі й какарды; і ў тых, хто ваяваў на баку Напалеона – таксама. І Касьцюшка, і Каліноўскі – пад сьцягамі зь белі й чырвані... І вось, у 1918-м (як пішуць некаторыя дасьледчыкі, "абсалютна нечакана") зьяўляецца той самы бел-чырвона-белы сьцяг БНР. Праз расстрэлы й пахаваньні ў Курапатах канца 30-х, праз вайну й партызанку, разруху й застой – да Курапатаў 1988-га, дзе ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў цемры ўспыхвае зноў.
Вось ён, сымбаль Беларусі. Ня "сала з праслоем мяса" й не скрываўлены бінт міфічнага князя-ваяра, пра які так любяць пісаць змагары-рамантыкі. Сьцяг Уладара й Пераможцы. Госпада, Збаўцы чалавецтва! Бліскучая бел-чырвона-белая ўсьмешка й захапляючы сьвітанак на Раство. Візуальнае ўражаньне яркага сьвятла.
Ён лунае ў паветры, нібы анёлавы крылы. "Зямля пад белымі крыламі" – ці не пра гэты сьцяг пісаў Караткевіч! У самыя трагічныя, моцныя моманты беларускае гісторыі скразіць, нечакана выблісквае, асьвятляе далягляды, як азарэньне, бел-чырвона-белы сьцяг – і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму.
Пагадзіцеся: дзе-дзе, а ў сымбалях выпадковасьцяў не бывае. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – наш найгалоўнейшы сымбаль, які ў адзінай трыядзе – герб, сьцяг, гімн – займае цэнтральнае месца. Сьвяты вобраз нашай гісторыі й нашага Адраджэньня. Няма нічога, што можа яшчэ мацней выразіць зьмест мінуўшчыны, унікальнасьць сёньняшняга часу й веру ў будучыню Беларусі.
Бел-чырвона-белы сьцяг, гарачая чырвань на белым у гарманічнай прапорцыі 2:1, кадыфікуе формулу беларускае духовасьці. Чысьціню й ісьціну. Сьвятасьць і сілу. Боль і любоў. Ахвяру – і ўваскрасеньне дзеля збавеньня іншых. Бель і кроў, зь якімі дасталася нам незалежнасьць. Бель, якую так лёгка запляміць, і кроў, якую так цяжка аддаваць.
Для тых, хто носіць бел-чырвона-белы сьцяг на грудзях, гэта – асабістая рана, што баліць увесь час.
Гэта трэба бачыць. Чырвонае, пунсовае, барвовае, пурпуровае на белым проста сьвеціцца. Сыходзіць унутраным сьвятлом і праменіць сэнсам.
Учытайцеся – бо гэта імя. Беларусь.

                                                                                                                                                              З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларусь 11.04.2015 15


Біблія сьведчыць пра сьветласьць на самым пачатку. Сьведчыць так:
"І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры". (Быцьце.1:3-4)
Беларусь – найсьвятлейшае й сапраўднае імя гэтае краіны. Самае частае слова ў нашае кнізе, самая чыстая любоў для чытача й самы чуйны элемэнт нацыянальнае ідэі.
Беларусь – гучыць, як праменіць. Белая – значыць, чыстая, найвышняя, нават сьвятая. Белград, Белы дом, Беларусь – з аднаго сэнсавага шэрагу.
Узьнікненьне Беларусі – найбялейшая пляма беларускае гісторыі.
Назва БЕЛАРУСЬ – няўлоўная, эфэмэрная. Беларусь калышацца ў сэрцы Эўропы, зьяўляецца й прападае, быццам аграмадны водсьвет, факусуецца то ля Ўладзімера й Суздаля ў XII ст., то вакол Полацка ў XIII ст., то ў Падняпроўі ў XIV ст., а то займае сабой паў-ВКЛ улучна са Смаленшчынай і Браншчынай у XVI ст. Такое ўражаньне, што ў гэтым змроку Сярэднявечча яна разьвідняла зь нябеснага сьвятла: дзе ясна, сонечна й чыста – там была Беларусь; як толькі пахмурна й цень – яна зьнікала. Самае цікавае, што такім жа чынам паводзіў сябе і сымбаль беларускасьці – бел-чырвона-белы сьцяг, і срэбны з барваю герб "Пагоня", і нават сама беларуская дзяржаўнасьць. Быццам з паветра, быццам звыш – матар'ялізуецца з туманнае смугі з эфэктам цуду.
Беларусь заўжды была ідэалам, імкненьнем, імгненьнем больш, чым зьдзейсьненым фактам. Беларусь успыхвала толькі ў моманты выключнае гістарычнае значнасьці – дзеля таго, каб потым цэлыя пакаленьні жылі ў азарэньнях адраджэньня яе незалежнасьці.
Беларусь мае духовую прыроду – вось у чым сэнс.
Корань – "Русь".
Найменьне "русь" усходнім славянам тысячагодзьдзе таму надалі варагі ці нарманы. Тыя самыя, што ў VIII – IX стст. абаснаваліся ў Ангельшчыне, Францыі й Ірляндыі, раней за Калюмба, ужо ў X ст. адкрылі Амэрыку, і зьядналі калянізацыяй і гандлем усю Паўночную Эўропу. Такім чынам, на стратэгічным стыку Захаду й Вялікага стэпу Русь зьявілася з тае рашучае, прадпрымальнае нарманскае пратаплязмы, якая надала свае абрысы ўсёй сёньняшняй эўраатлянтычнай цывілізацыі.
Русьсю назавуць першае аб'яднаньне ўсходне-славянскіх плямёнаў вакол Кіева; "русьсю" яшчэ доўга будуць іменаваць насельнікаў міжморскіх княстваў; з Русі ў пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця вылучыцца вольная Беларусь – і ў рэшце рэшт, легендарную "Русь" як Расею прыўласьціць дэспатычная Масква – каб затым насьмерць змагацца зь Русьсю Белай. Лёсы Ўсходняе Эўропы, а потым і паловы сьвету, будуць вырашацца тут, у Белай Русі. Беларусь, Боле-русь, будзе нязьменна адыгрываць ключавую ролю скрыжаваньня, храма й пагоста.
Русь – міфічная тысячагадовая спадчына, грандыёзнае поле гісторыі й генэтыкі. Вось за што змагаюцца Расейская імпэрыя – зброяй, гвалтам і тыраніяй; і Беларусь – словам, ахвярай і любоўю.
У Белай Русі вэер вэрсіяў: белыя валасы й вопратка, сьветлыя вочы жыхароў, свабода ад ардынскага іга; цэнтар усходнеславянскіх земляў; "усход" у старажытнае колералёгіі; абшар духовасьці, хрысьціянства – у супрацьлегласьць "чорнай" тэрыторыі паганства... Але паўсюль у значэньнях скразіць сьвятло і дыхае Дух.
Напэўна, Беларусь так назвалі таму, што было відавочна: іншай яна быць проста ня можа.
Беларусь, сэрца Эўропы, спрадвеку была вобласьцю невытлумачальнага адбельваньня. Так, як яна асьвятляла вочы ды валасы вугра-фінаў, балтаў, славянаў – гэтак жа ачышчала й асьвячала душы цэлых краінаў.
Беларусь – вобраз ціхага сьвятла й Божае сьвятасьці, глыбокі, празрысты й узьнёслы, у якім зіхаціць хрысьціянская яснасьць.
Беларусь сьвеціцца, быццам Ісус у момант сваёй славы на гары Ператварэньня:
"І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая..." (Лукі 9:29)
Чым бліжэй да Новага Запавету, тым больш сьвятла, тым больш белі ў Бібліі. І, нарэшце, быццам адна суцэльная ўспышка – апошняя кніга, Адкрыцьцё Яна Багаслова:
"Галава ў яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег, і вочы ў Яго – як полымя вогненнае." (Адкрыцьцё 20:14)
"І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба й зямля..." (Адкрыцьцё 20: 11)
"Пераможца апранецца ў белае адзеньне, і ня выкрасьлю імя Ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя Ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі." (Адкрыцьцё 3:5)
Беларусь – белая краіна Адкрыцьця Божага.
Ранейшыя ўвасабленьні Беларусі – Полацк, Смаленск, Тураў, Вялікая Літва, Рэч Паспалітая – ужо валодалі той сьветлай духовай сутнасьцю, ужо зьмяшчалі ў сабе пачаткі празрыстай крыніцы й фокусу сьвятасьці, чыстага й ахвярнага сэрца. Але поўная сіла, цэласнасьць і яснасьць беларускага фэномэну ўспыхнулі толькі з гэтым імем.
Зьявай масавай сьвядомасьці Беларусь стала напачатку XVII ст. – адразу з нараджэньнем нацыі ў гарніле Залатога Веку.
Так новае імя даецца нам пры хрышчэньні.
Той, хто прымае Хрыста, набывае новую сутнасьць. Пасьля Старога Запавету Полацку, Наваградку, Вільні мы бачым Новы Запавет у Беларусі.
Беларусь, белая – белая й русая, рудая, чырвоная – элемэнтарная формула бел-чырвона-белага сьцягу. Белая краіна з крывавай паласой наскрозь – што можа быць больш красамоўным!
Зрэшты, Беларусь для беларуса ня мае патрэбы ў тлумачэньні. Гэта адчуваеш адразу, інтуітыўна, на ўзроўні веры й адкрыцьця. Мая Беларусь. Люблю Беларусь! Беларусь – гэта сьвятое...
Калі сумняесься, ці існуе яна насамрэч, гэтая сьветлая краіна-мара, агукні на мітынгу:
— Жыве Беларусь!
І табе адкажуць моцна й гучна, аж скаланецца душа:
— Жыве!!!

                                                                                                                                                             З кнігі "Люблю Беларусь"

Слоўнік Севярынца. Ахвярнасьць. 05.04.2015 3


Беларусь – гэта ня толькі бель, але і боль.
Беларусы – нацыя-ахвяра, укрыжаваная на галоўным геапалітычным скрыжаваньні Эўразійскага мацерыка.
Беларусь як ахвяра – кардынальнае паняцьце беларускае гісторыі: гэтак Ахвяра Ісуса Хрыста стаіць у цэнтры гісторыі чалавецтва.
Увесь Новы Запавет нашае гісторыі, усе апошнія чатыры стагодзьдзі пакуты кшталтавалі ў беларусах характар цярплівага, пакорлівага духу. Унутранае беларускае пачуцьцё ахвярнасьці, роўнага якому мы ня знойдзем сярод іншых народаў, стала адным зь безумоўных нацыянальных рэфлексаў.
Дзе б ні кранулі Беларусь, паўсюль у адказ чуйна кальне боль. Усё, што пра нас ведаюць у сьвеце – рэзаныя, рваныя, разможжаныя раны: Хатынь, Трасьцянец, Курапаты, Берасьцейская крэпасьць, Няміга, Чарнобыль. Кожны эўрапеец інстынктыўна, амаль фізычна адчувае гэтую вобласьць ныючае памяці, для яго гэта "дзесьці там" – і ён трапна пацэліць пальцам на мапе, дзе гістарычна баліць.
Вечная мэта вайсковых ды культуровых гвалтаў, усходніх прарываў "Go west!" і заходніх "Drang nacht Osten!", Беларусь нароўні з палякамі ды габрэйствам належыць да найвялікшых ахвяраў чалавецтва. Сусьветныя войны й катастрофы, імпэрыі й таталітарныя рэжымы, акупацыі й генацыд канцэнтравалі на 1/1000 сушы зьдзек, кроў і сьлёзы ўсяго тысячагодзьдзя.
Беларусь, ахвярная Беларусь – прытулішча гнанага адусюль габрэйства. А там, дзе атаборваецца абраны Богам народ, там, дзе адвечны жыд знаходзіць абжытую абяцаную зямлю – чакай вялікае таямніцы. І болю.
Ува ўсёй Эўропе няма Адраджэньня больш трагічнага, чым беларускае. У прыбалтаў, палякаў, чэхаў увесь нацыянальны арганізм, будзь здароў, працаваў на Resistance ды Renaissanse, і крызіс хваробы вырашаўся напружаньнем у лічаныя дні. Для беларусаў гэтая насалода болю цягнецца дзесяцігодзьдзямі. Нашае Адраджэньне ажыцьцяўляецца такім выключным мізэрам сілаў, на такім фальцэце, такімі непадымнымі й адчайнымі вымогамі, на такой нясьцерпна тонкай і высокай ноце, што хочацца плакаць.
Паглядзіце ў вочы любому беларусу. Такое ўражаньне, што ён пастаянна трывае пакуту.
Беларусі, укрыжаванай між Эўропай і Расеяй, ня суджана стаць дамашняй, добрапрыстойнай сярэднеэўрапейскай краінай. Нельга паверыць у тое, што ўсё надрыўнае беларускае змаганьне йшло за сытае пахлопваньне па бруху й падстрыжаны газон пад вокнамі. Падобна, што гісторыя толькі пільнуе часу, каб ізноў разрадзіцца ў нашай няшчаснай Беларусі.
Беларусь ные й сёньня. Чаму? Паглядзіце на сьвет вакол: што творыцца! Беларусь баліць, і ня можа інакш, бо гэта сэрца.
Вось ужо тысячу гадоў Беларусь пакутуе, церпіць і ахвяруецца за ўсіх.
Несправядліва?
Але ёсьць і найвышэйшая справядлівасьць – Боская.
Ісус Хрыстос узяў на сябе грахі сьвету й стаўся ахвярай за ўсё чалавецтва. "Бо няма любові большае, чым калі хто душу сваю аддасьць за блізкіх сваіх." (Яна 15:13)
Беларусь насьледуе Хрысту, аддаючы сябе. Наш бел-чырвона-белы сьцяг з крывёю Ісуса – знак таго вялікага Адкупленьня. Бо з пачатку Новае эры ахвяра й пакута – заклад будучага ўваскрасеньня й перамогі.
Беларуская ахвярнасьць – гэта ня прыкрая гістарычная заканамернасьць, што выклікае шкадобу. Гэта – лёс і сэнс Беларусі як вялікага алтара.
Беларуская ахвярнасьць – тая вострая, як расьсячэньне, рыса мэнтальнасьці: яна раніць нашых суседзяў і ўвесь сьвет да самага сэрца.
Беларуская ахвярнасьць – гэта вечная беларуская самаадданасьць, аж да самазабыўнасьці: мы гатовыя аддаваць так, што не застаецца самім нічога. Нават памяці.
Скажаце, гэта кепска?
Гэта проста ў нас у крыві.
Тае самае крыві, што пралілася чырваньню на белае 2000 гадоў таму. "Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу Жывому й Сапраўднаму." (Да Габрэяў, 9:14)
Таму:
"Ахвяруем табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь!"
                                                                                                                                                                            З кнігі "Люблю Беларусь"


Слоўнік Севярынца. Апазіцыя сумлення. 29.03.2015 12



— Хто не са Мною,
той супраць Мяне,
І хто не збірае са Мною,
той раскідае.
Лукі 11:23

Хто не супраць вас,
той за вас.
Марка 9:40

Беларусы ўжо даўно ў маўклівай апазіцыі.
Хтосьці  згубіў дабрабыт, кагосьці нарэшце дастаў паўсюдны ўціск, а камусьці крыўдна за дзяржаву ўжо дваццаць гадоў, на працягу якіх рэжым з нахабствам бандзюкаватага бэйбуса дасягаў свайго паўналецця.
Маўчым, бо ўсё адно нічога не зменіш, бо як разявіш рот, будзе горш, бо няма каму заступіцца. Зрэшты, ёсць і больш глыбокая прычына: сённяшні беларус разумее, што насамрэч страх, гвалт, хлусня ды крадзеж сённяшняга начальства жыве ў ім самім.
Таму той, хто ўсё-такі спрабуе змагацца з Лукашэнкам у спадзяванні, што людзі супраць, завісае па-над безданню.
А ўнутраная нязгода — лічы што ў кожнага.
Насамрэч усе прыкметы яўнай апазіцыйнасці — адкрыты пратэст, сімвалы, мова, еўрапейскі выбар ды дэмакратыя — апошнія гады здрабняюцца і блякнуць на тле ўзрослага прыгнечанага ўсенароднага маўчання, з якім беларус трывае зло.
Часам здаецца, што гэта нема стогне сама Беларусь.
І менавіта гэтай сілы рэжым баіцца найбольш.
Бо сэрцам жывога і дзейснага супраціву злу ў маштабах цэлага народа і цэлай краіны можа быць толькі закладзенае ў кожнага чалавека звыш непрыняцце грэху: гвалту, хлусні, падману. Інстынктыўны адпор няпраўдзе ў самім сабе ды іншых. Калі апазіцыя абапіраецца не на раздражнёныя пачуцці, а на хай сабе смутны боль сумлення — яна рана ці позна прымусіць здацца любую тыранію.
Але беларускі крыж, крыжавіна правалу свабоды з катастрофай свядомасці адчыняецца толькі крыжовым жа ключом: пакутлівай самаахвярнасцю і ўваскрасеннем.
Таму праўда і свабода, вера і любоў мусяць стаць не адно выглядам, а самой сутнасцю апазіцыі. Несумленнасць, бруд і сваркі ўнутры такой апазіцыі робяцца проста невыноснымі.
Усім разам, нават рэзка рвануўшы, выцягнуць сябе за валасы з балота не атрымаецца. Значыць, трэба шукаць тых самых носьбітаў сумленнасці, пакліканых стаць нацыянальнымі кропкамі апірышча, — тых самых, якія пакуль «не лезуць у палітыку». Дзе? Сярод вернікаў-хрысціянаў найперш; сярод удумлівай, у тым ліку тэхнічнай, інтэлігенцыі, сярод несапсаванай моладзі.
Менавіта цяпер вызначаецца, чым будзе Беларусь. Менавіта з сённяшняй дзесяцімільённай жывой раны, з сённяшняй цяжарнасці сумлення нараджаецца заўтрашняя нацыянальная тоеснасць. Хтосьці бачыць Беларусь гэткай утульна ліберальнай Чэхіяй, хтосьці — правінцыйнай расейскай адпачывальняй з белымі росамі і малачком, хтосьці — туманнай ускраінай Еўропы…
Але Беларусь будзе Беларуссю.
Гэта ж двойчы два: нацыю крышталізуе нацыянальная ідэя.
А формула нашай нацыянальнай ідэі простая: «Беларуская форма — хрысціянскі змест». Беларуская мова, гісторыя, культура, адметнасці — дзеля найвышэйшага, хрысціянскага зместу, які іх напаўняе і асвячае. Ува ўсёй светлай, празрыстай, бел-чырвона-белай ахвярнай глыбіні беларускасці прасвечвае Хрыстос.
І гэта не толькі і не столькі для саміх беларусаў. Сваіх найлепшых творцаў ды найвыбітнейшых геніяў Беларусь аддала Расеі ды Польшчы, гісторыю — Літве, унію — Украіне, габрэйства — Ізраілю, адрывала ад сябе жывыя кавалкі, наталяючы і дабраслаўляючы ворагаў, і, укрыжаваная, сталася Хрыстовым вобразам і падабенствам у сэрцы Еўропы.
Скажаш, народу фіялетава?..
Але беларускі народ — гэта не адно дзевяць з паловай мільёнаў сённяшніх насельнікаў Беларусі. Гэта і мільёны жыхароў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай, і паўстанцы Каліноўскага, і закатаваныя ў ГУЛАГу вернікі… І адначасна пакаленні тых, хто будзе пасля нас.
Тыя нямногія, хто здольны гэта ўмясціць, — адказныя за ўсіх астатніх.
Урок беларускіх Адраджэнняў пачатку і канца ХХ ст. заключаецца ў тым, што акцэнт на форму (беларускасць) аказаўся мацнейшы, чым на змест (на Хрыста) — а любая форма, якая імкнецца паглынуць змест, рана ці позна правальваецца. Беларуская праўда, свабода і справядлівасць, ды ў рэшце рэшт і адметнасць, насамрэч заключаюцца не ў аканні, яканні або форме ўзораў на арнаменце, а хочаце верце, хочаце не — у Ісусе Хрысце.
Часам раяць: чуеш, прапаведнік, а ідзі-ка ты… у царкву.
Наадварот, гэта царква мусіць ісці ў грамадства, ацаляць, прасвятляць і перавязваць параненых ды паміраючых беларусаў, якіх мільёны.
Апазіцыя, патрэбная Беларусі, — гэта актыўная супольнасць сумлення. Жывыя цэрквы (не іерархіі — цэрквы!). Прыстойныя сем’і, дбайныя гаспадары. Моладзевыя рухі, якія ідуць ад сэрца.
Верыш у Бога? Любіш Беларусь? Дзейнічай!
Крыжовая сістэма каардынатаў будучага Адраджэння і будучай перамогі — трохканфесійная хрысціянская беларускасць.
І прычына не толькі ў тым, што гісторыя Беларусі наскрозь евангельская, што маральнасць сама па сабе ёсць падмуркам любой дзяржавы, і нават не ў тым, што праз здабыткі ды знакі тысячагадовай хрысціянскай Беларусі мы ўсведамляем сваю прыналежнасць да заходняй цывілізацыі.
Галоўная прычына — Бог рэальна існуе. І Ён дабраслаўляе тых, хто выракаецца сябе, бярэ свой крыж і ідзе за Ім — пад сцягам Ягонага ўваскрасення і перамогі.

                                                                                                                                                                         З кнігі "Беларуская глыбіня"


Слоўнік Севярынца. Адраджэньне. 23.03.2015 12

Адраджэньне – вечны вобраз гісторыі Беларусі. Адраджэньне – самая яркая ўспышка беларускага нацыянальнага руху. Адраджэньне – імкненьне народа да аднаўленьня ідэалу, да першастворанага, закладзенага ў нацыю Богам: мэнтальнасьці, культуры, духовасьці. Гэты вобраз заўжды перад унутраным зрокам сьвядомага беларуса, вядзе яго наперад й ўваскрашае – праз усю гісторыю прыніжэньняў, акупацыяў і ахвяраў. У Адраджэньні блішча й грае гранямі мэта, дзеля якой нацыя зьявілася на сьвет. Дзеячаў нацыянальнага руху, пачынаючы з ХХ ст., у нас завуць адраджэнцамі; Беларускі Народны Фронт дадаў да сваёй назвы "Адраджэньне" як абавязковы брэнд, а маладафронтаўцы на парозе новага тысячагодзьдзя ўвогуле зрабілі стаўку на "Ды-джэяў Адраджэньня". Адраджэньне – не абстрактае паняцьце й не рамантычная мара. Адраджэньне – настолькі моцнае імкненьне да неба, пабуджанае воляй Божай, такі ўздым ад самае зямлі, які віруе, бурліць ва ўсім грамадзтве, культуры, эканоміцы, палітыцы, кіпіць у захапленьні – жыць! жыць!! – што падымае са сну, з балота, ды нават з труны цэлую краіну. Беларускае Адраджэньне заўжды перамагала бяз зброі й гвалту: яго рухавымі сіламі былі выключна дух і слова, мэтадамі – мараль і культура, сутнасьцю – вера і любоў. Адраджэньне ёсьць заканамернасьцю Уваскрасеньня. Беларусь столькі разоў памірала й была пахаваная, што Адраджэньне стала абавязковай нацыянальнай традыцыяй. Звышнатуральны знак – бел-чырвона-белы сьцяг, палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста – родніць беларускае Адраджэньне з Уваскрасеньнем Божым. Адраджэньне – гэта калі тутэйшыя, прыніжаныя й зьнясіленыя, узгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесь час корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае. Беларускае Адраджэньне – гэта кроніка нараджэньня звыш. Як і сюжэт Бібліі, гісторыя Беларусі – гэта гісторыя адраджэньняў. Х стагодзьдзе. У Сэрцы Эўропы, у змроку славянскага паганства раптоўна ўзыходзіць зорка Полацку: пропаведзь Эвангельля і з Усходу, і з Захаду адраджае даўняе чалавечае імкненьне да адзінага Бога, Творцы і Збаўцы. Мы бачым першае Адраджэньне – Полацкае княства. Мы пазнаем Рагнеду, Ізяслава, Барыса – першых хрысьціянаў і першых беларусаў. ХІІ стагодзьдзе. У правале фэадальных міжсобіцаў Полацк, Тураў і Смаленск, разьяднаныя па цьмяных кутках, азарае адначасовае хрысьціянскае Адраджэньне – эпоха Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча й Аўрамія Смаленскага. Абшары, ахопленыя духовым зіхаценьнем, уваччу робяцца Белай Русьсю, і ў сполахах сьвятла ясна відаць абрысы новае зямлі – Вялікага княства. XVI стагодзьдзе. Сярод унутраных смутаў і зьнешніх пагрозаў у сярэднявечным ВКЛ, на ўскраіне цывілізацыі, ад мора да мора выбухае Адраджэньне Залатога веку. Разгортваецца Рэфармацыя, прачынаецца праваслаўе, каталізуецца каталіцызм. Прапаведуюць апосталы нацыі – Скарына, Гусоўскі, Волян, Цяпінскі, Мікалай Радзівіл, Леў Сапега. Фантануе культура: беларуская рэзь, кафля, шкло, музыка, жывапіс, іканапіс, архітэктура, літаратура… Эпоха гэтага Адраджэньня моцна адрозьнівае Беларусь і ад Расеі (дзе нічога падобнага не было), і ад Рэнэсансу Паўднёвай Эўропы зь яго сьвецкасьцю й імкненьнем да бязбожнага гуманізму: беларускае Адраджэньне, нароўні з ангельскім, нямецкім ці галяндзкім мае выразны хрысьціянскі зьмест і проста дыхае адухоўленасьцю. Масква і Польшча, Украіна й Прыбалтыка адчуваюць біцьцё вялікага Беларускага Сэрца. ХІХ стагодзьдзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русыфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва, эліта бяжыць на Захад або на Усход, а ў паўстаньнях вынішчаюцца тыя нямногія, хто застаўся… Але ж – адкуль толькі сілы бяруцца! – з фальклёру, зь вёскі, з самых каранёў падымаецца новае Адраджэньне… Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, "Наша Ніва", Грамада – і вось успыхвае БНР, і 10 гадоў інэрцыя беларусізацыі захлынае нават падсавецкую Беларусь. Нарэшце, напрыканцы ХХ ст. Беларусь, пахаваная ў сусьветнай вайне й Імпэрыі зла, з калектывізацыяй, індустрыялізацыяй, генацыдам Хатыні, Трасьцянца, Курапатаў, зноў уваскрасае. Зянон Пазьняк заклікае: "Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!" – і паўстае Беларускі Народны Фронт, абвяшчаецца незалежнасьць, і па-над краінай зноў уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг. Сёньня нам зноў моцна баліць. Дзяржава на мяжы зьнікненьня. Але мільёны тутэйшых ужо ўзгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесьчас корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае. Таму словы з кнігі прарока Ісайі, 58 разьдзел, 12 верш – гэта няспынны зварот да сучасьніка: "Ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і назавуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву." Бо, уласна кажучы, ідэя Адраджэньня і ёсьць нацыянальнай ідэяй.
                                                                                                                                                                        З кнігі "Люблю Беларусь"
Страницы: Пред. 1 ... 19 20 21 22 23
Читать другие новости