АДЗІНСТВА

АДЗІНСТВА


Беларусам, як паветра, патрэбнае адзінства.

Менавіта цяпер, у 2020 годзе, на парозе вырашальных пераменаў, пачынаецца яднанне апазіцыі і кампанія народнага абрання адзінага лідэра.

Адзіны – гэта не адзін. Адзін, нават герой ці самы разумны, тут не дасць рады. Адзіны – гэта дух адзінства.

Давайце адкажам на пытанне: “Хто, калі не Лукашэнка?” Мы, беларускі народ!

У беларусаў адзінства заўжды было на вагу золата. Нашы найвялікшыя здабыткі ў гісторыі звязаныя з момантамі яднання – такімі, як у Вялікім княстве Літоўскім залатога шаснаццатага стагоддзя, на Усебеларускім з’ездзе ці ў Беларускім народным фронце канца 1980-ых- пачатку 1990-ых.

Наша беларуская падзеленасць на геапалітычным скрыжаванні – нацыянальнае пракляцце. Кожны беларус – геній, які лепш за ўсіх ведае, што і як трэба рабіць. І як усякі геній, кожны беларус глыбокі, захоплены, ранімы і падазроны да іншай думкі.

Але зараз нават нашы ўлюбёныя фэйсбукавыя халівары “усе супраць усіх з усякай нагоды” працуюць на рэжым ды Крэмль. Нельга траціць энэргію на супрацьстаянне ўнутры. Час яднаць высілкі.

Асаблівага спадзявання на Захад няма: іх партнёр, пакуль ён зноў не дамовіўся з Крамлём - Лукашэнка. Гарантамі незалежнасці і дэмакратыі Беларусі застаюцца толькі Госпад Бог і беларускі народ. Таму найперш трэба яднаць уласныя сілы – спыняць сваркі, забываць старыя крыўды і дамаўляцца, як дзейнічаць разам.

Ня трэба сварыцца – удзел ці байкот. Трэба выпрацоўваць супольную стратэгію, якая яднае сілы і выбірае прымальную тактыку дзеля дасягнення агульнай мэты. Стратэгію, што выкарыстоўвае легальныя магчымасці кампаніі, падымае народ, адкрыта пратэстуе, ламае сцэнар фальсіфікацыяў - і адказам на рэпрэсіі мае супольны і дружны няўдзел у злачынстве.

Мы з аднадумцамі вырашылі: працуем на еднасць!

Са свайго боку, я прашу прабачэння за ўсе памылкі і крыўды, вольна ці нявольна нанесеныя сябрам, паплечнікам ды апанентам. Бо разумею, што кампанія 2020 года ў пагрозлівых знешніх умовах можа быць вырашальнай – і можа стаць крыжам.

Мы, хрысціянскія дэмакраты, аб’ядналіся з іншымі партыямі – Беларускім народным фронтам, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй, Рухам за Свабоду, каб правесці народнае галасаванне і вызначыць адзінага лідэра дэмакратычных сілаў у кампаніі 2020 года.

Мы рыхтуем сістэму незалежнага назірання з удзелам тысячаў назіральнікаў у кампаніі “Права выбару” – каб патрабаваць спынення махлярства на “выбарах” і фіксаваць факты ашуканства рэжыму.

Мы становімся поплеч з Мікалаем Статкевічам, “Народнай Грамадой” і Беларускім нацыянальным кангрэсам, якія апошнія гады нястомна арганізоўвалі вулічныя акцыі пратэсту і гартавалі людзей да змагання – і таксама лічаць, што ламаць сцэнар фальсіфікацыяў трэба ўжо пасля абвяшчэння “выбараў”.

Мы захапляемся мужнасцю змагароў з “Еўрапейскай Беларусі”, якія правялі яскравую кампанію агітацыі ўвосені 2019-га – і разам з імі будзем патрабаваць свабоды для Беларусі на плошчах.

Мы падтрымліваем адважных маладафронтаўцаў, абаронцаў Курапатаў, рух супраць Брэсцкага акумулятарнага завода і іншыя экалагічныя ініцыятывы, якія выходзяць на мірныя пратэсты, каб адстойваць права людзьмі звацца.

Мы шануем ролю Зянона Пазьняка і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у здабыцці незалежнасці – і далучаемся да акцыяў супраць “паглыбленай інтэграцыі”.

Мы працягваем руку Уладзіміру Мацкевічу і ініцыятыве “Свежы вецер”, разам з якімі арганізоўвалі снежаньскія акцыі за незалежнасць – і разам з якімі будзем тлумачыць беларусам, якое злачынства робіць рэжым на гэтых “выбарах”.

Мы разумеем, што журналісты незалежных медыяў і блогеры пашыраюць прастору свабоды тут і цяпер, сярод сотняў тысячаў і мільёнаў грамадзянаў Беларусі – і просім выкарыстаць іх уплыў і энэргію дзеля яднання ўсяго народа.

Мы заклікаем незалежныя прафсаюзы, якія ахвярна дзейнічаюць сярод працоўных, далучацца да народнага галасавання і пратэстаў – у сваю чаргу, мы гатовыя ўключыць іх сацыяльныя патрабаванні ў праграму Адзінага.

Мы заклікаем пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, нашу інтэлігенцыю надаць беларускаму народнаму руху за вольныя выбары духу творчасці і свабоды.

Мы заклікаем усе беларускія цэрквы, пакліканыя несці Божае слова пра веру, праўду і справядлівасць, не маўчаць – і узняць свой голас супраць падману, гвалту, хлусні і фальсіфікацыяў на так званых “выбарах”.

Мы просім усіх людзей добрай волі далучацца да народнага галасавання, мірных пратэстаў і злому сістэмы фальсіфікацыяў – каб, нарэшце, жыць у вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краіне.

Разам мы – беларускі народ. Нас – мільёны. Калі мы будзем адзіныя – нас будзе не адолець!


12.02.20 16:02

Павел Севярынец