Выключэньне з ПЭНу


Выйшаў з "сутак" і выпадкова даведаўся: мяне выключылі са складу Беларускага ПЭН-цэнтру.
За "нясплату ўнёскаў".
Пакуль бараўлянскія міліцыянты, значыць, за нявыплату штрафаў па Курапатах забіраюць у мяне тэлефон і гадзіньнік, а вертухаі на Акрэсьціна падчас "шмонаў" выграбаюць асадкі і белую паперу, некалькі сьветлых розумаў у Радзе ПЭНу пад шумок вырашылі сканфіскаваць сяброўскі білет.
А прымалі мяне ў 2006-ым зусім іншыя людзі. Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч прыехалі ў глухі лес, у Малое Сітна, па раздзяўбанай лесавозамі дарозе - і ня толькі прынялі ў ПЭН, але і прэмію Адамовіча за "Лісты зь лесу" прывезьлі.
Канечне ж, на цырымонію выключэньня (то бок на Раду з некалькіх чалавек) сёньняшнія адміністратары мяне не запрасілі. Можа, падумалі - ды сядзіць там недзе за нешта, няма сэнсу. Ды і аб выключэньні не паінфармавалі, пакуль сам ім не напісаў.
Насамрэч я здагадваюся, у чым справа. Паўгады таму ў адказ на патрабаваньне сплаціць унёскі я адказаў сакратарцы ПЭНу наступным лістом.
"Сябры, вітаю. Наконт сяброўскіх унёскаў: пасьля выставы камінг-аутаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі я прынцыпова некалькі гадоў не плачу ўнёскі. Я хрысьціянін і ня бачу для сябе магчымасьці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, такія рэчы - я адкрыта казаў пра гэта на мінулагоднім зьезьдзе. Калі зараз сітуацыя зьмянілася і падобнай рэкламы вычварэньняў Управа ПЭН ў далейшым дапускаць ня будзе - паведамце, тады можна гаварыць пра ўнёскі. Жыву я за кніжкі, паверце, вельмі сьціпла, ніякіх грантаў ня маю - і хачу быць упэўненым, што немалыя для мяне грошы, адарваныя ад бюджэту маладой сям'і, ня пойдуць на кепскую справу.
З павагай, Павел".
Прычакалі Курапатаў, Вялікадню - і, значыць, усмажылі. Што ж. Там Лукашэнка з крыжаломам ці на "Лініі Сталіна", тут ненавісьнікі хрысьціянства.
А Хрыстос усё-такі ўваскрос, сябры!
22.04.19 21:15

Павел Севярынец