АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Выборы-2019 Изменение Конституции Европейские игры в Минске Куропаты Беларусь-Россия Убийство Павла Шеремета
Дзень Волі. Што рабіць?

Дзень Волі. Што рабіць?


Наконт сёлетняга дня Волі. Піша і пытаецца шмат сябраў. Людзі разгубленыя і расчараваныя. Што рабіць, куды ісьці? Выкажу, што думаю на гэты конт.
Адзіная праблема вакол 23-25 сакавіка сёлета - фатальны вынік нашай разьяднанасьці. Калі Масква заяўляе пра "глыбокую інтэграцыю" і рыхтуе паглынаньне - самы час выйсьці на Дзень Волі магутнай дэманстрацыяй. Разам. Адзіным фронтам. І паказаць пуціным, бабічам і лукашэнкам - МЫ, БЕЛАРУСЫ - ЗА ВОЛЮ!
У рэальнасьці пры такім раскладзе ўсім знойдзецца месца, усе выканаюць тое, што ўмеюць, як найлепей, і ўсім хопіць працы. Блогерам, партыйцам, рашучым, творчым, менчукам, гарадзенцам - усім. Калі ёсьць еднасьць і каардынацыя - усё астатняе вырашальныя пытаньні: кожны выконвае свае функцыі. Але калі Менгарвыканкаму ці Адміністрацыі Лукашэнкі давяраць больш, чым сваім калегам па дэмакратычным і беларускім руху, падаваць заяўкі навыперадкі і ўразнабой без апавяшчэньня паплечнікаў, і жадаць "пажаць лаўры паасобку" - тады, канечне, гамон. Разьвядуць ды сутыкнуць ілбамі спецыяльна абучаныя людзі. І ніякіх, паверце, лаўраў.
Посьпех БНР-100 летась быў прадвызначаны тым, што на некалькі тыдняў у Аргкамітэце зьядналіся ўсе. Каб нас раскалоць, улада пачала гандлявацца і прапанавала канцэрт. Грамадства, дзясяткі тысячаў, напоўніцу скарысталася, сотні пайшлі на затрыманьні і суткі.
Сёлета бачым тое, што бачым. Далей без еднасьці будзе толькі горш.
Што ж рабіць?
Зараз застаецца паўдзельнічаць паўсюль, дзе магчыма. 23-га на ўрачыстай імпрэзе ў "Вікторыі" (Менск) альбо на канцэрце ў Гародні ля Каложы. 24-га- у Кіеўскім скверы ці на імпрэзе КХП. 25-га - на народных гуляньнях, са сьцягамі ды фаерверкамі.
Але на наступны год катэгарычна ПАТРЭБНА АДЗІНСТВА, сябры. Без гэтага - згубім ня толькі дзень Волі, але і незалежнасьць. Сьціснуць зубы, сесьці за адзіны стол, дамовіцца, падаць адзіную заяўку - і выйсьці шчыльнымі радамі.
Жыве Беларусь!

21.03.19 19:07