ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Незалежнасьць


“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.

Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.

Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.

Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.

Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза. Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.

Беларусы зь іх генэтычна закладзенай вострай недастатковасьцю незалежнасьці, рабіліся галоўнымі героямі паняволеных народаў. Тадэвуш Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць ЗША ад Ангельшчыны, а Рэчы Паспалітай ад Расеі; Юзаф Пілсудзкі вёў да свабоды Польшчу; Зыгмунт Мінейка біўся супраць турэцкае акупацыі Грэцыі.

Каліноўскі, Купала, Пазьняк – ідэолягі беларускай незалежнасьці.

Прынцып адасобленасьці, аддзяленьня сябе ад іншых, усьведамленьня сваёй адметнасьці ёсьць асновай паняцьця “нацыя”. Богаабраны Ізраіль – найстражытнейшая нацыя, прыналежнасьць да якой патрабавала выкананьня 10 запаветаў – ахоўваў сваю асобнасьць нават у дробных дэталях быту. Гэта дазволіла габрэям захавацца ў двухтысячагадовым расьсеяньні й застацца найбольш упловым народам у сьвеце. Для нацыяў духовага гатунку – а да такіх, безумоўна, належаць беларусы – паняцьце незалежнасьць набывае зьмест, параўнальны зь біблейскай сьвятасьцю.

Адасабленьне, чысьціня дзеля выкананьня свайго пасьвячэньня!

У 90-х гг XX ст. незалежнасьць Беларусі дасталася літаральна цудам. Сучасьнікі так і казалі: “звалілася зь неба”. Але ў гэтым і ёсьць сэнс беларускай незалежнасьці – яна нам дадзеная звыш.

“Незалежнасьць!” – гэтага беларускага слова панічна баяцца ў Крамлі й расейскім Генштабе. Незалежнасьць – гэта пляцдарм. Каб зьмяніць Эўропу і збавіць Расею, Беларусь мусіць быць незалежнай.

Сучасны выклік, кінуты нацыянальнай ідэі глябалізацыяй, робіць незалежнасьць толькі яшчэ больш каштоўнай, больш надзённай, больш жаданай. Імпэрыі й гіганцкія карпарацыі кідаюць гэты выклік проста нам у твар. Таму наш адказ – усе разам, і яшчэ раз:

— НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЦЬ!        


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

14.03.18 15:28

Павел Севярынец