ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Грунвальд


Грунвальд – галоўная бітва Сярэднявечча.

Грунвальд – генэральная перамога Сэрца Эўропы над крыжацтвам.

Усе грані брані, грозны грукат брані, роў крыкаў і рокат крыві, грымоты збройных армадаў, скрышальны разгром ворага ў адным слове – гэта Грунвальд.

Грунвальд – "Зялёны лес" па-нямецку, "Жальгірыс" па-летувіску, "Дуброўна" па-наску. У палякаў, прыбалтаў, украінцаў, чэхаў, што прымалі ўдзел у бітве, перамога над крыжакамі – жалезны элемэнт нацыянальнага эпасу. Летувісы, забіраючы сабе вялікакняскую гісторыю, раскруцілі з "Жальгірысу" супэрбрэнд, і з тае пары рэгулярна ладзяць "грунвальды" супернікам у баскетболе, футболе й гандболе: хто зь мячом да нас прыйдзе...

Беларусаў доўга пераконвалі, што яны ўвесь час прайгравалі. Але Грунвальд – гэта аргумант.

Сучасьнікі называлі тую вайну Вялікай. І насамрэч – гэта было вялікае супрацьстаяньне. Вырашаўся лёс Усходняй Эўропы. З аднаго боку – крыжакі зь нямецкіх і прускіх земляў, заходняе рыцарства, што захапіла й калянізавала берагі Балтыкі і ўсталявала рэжым тэрору на польскім, беларускім, наўгародзкім узьмежжы. Зь іншага – саюз Польшчы, ВКЛ ды паняволеных тэўтонамі народаў.

Што вяло крыжакоў? Прагавітасьць да чужое зямлі. Бессаромная ўпэўненасьць у сваёй сіле. Гнеў за тое, што Летува й Польшча яшчэ не скарыліся зброі. Галоўныя грахі перад Богам, за якія, кожны рыцар ведаў на памяць з катэхізму, пакараньне – сьмерць.

Што вяло нашых продкаў?

Рука Божая.

Яны сышліся 15 ліпеня 1410 году ля мястэчка Грунвальд – цяпер гэта ў Польшчы. Крыжацкае войска, цяжкае сталёвае рыцарства з артылерыяй, самая страшная разбуральная машына Сярэднявечча – мела, паводле розных зьвестак, ад 24 да 100 тысячаў ваяроў. Лягчэй узброенае, але больш рухомае беларуска-польскае – ад 30 да 150 тысячаў, сярод якіх – каля 40 харугваў з гарадоў ВКЛ.

Пачатак бітвы затрымліваўся: войска саюзьнікаў усю раніцу малілася й сьпявала хрысьціянскія гімны. Нецярплівы магістр Тэўтонскага Ордэну Ульрык фон Юнінген паслаў у стан Ягайлы й Вітаўта мячы: біцца, і хутчэй!

Сьмяротны грэх пыхі, які Беларусь нікому не даруе.

Коньніца Вітаўта атакавала баявыя парадкі крыжакоў, каб зьнішчыць выстаўленыя наперад бамбарды. Рыцары рынуліся насустрач. Беларусы распачалі ўяўнае адступленьне, каб імклівым рухам расстроіць ордэнскія харугвы: перабіць грувасткіх рыцараў было куды прасьцей у беларускай стыхіі, сярод лесу. Тым часам у бой уступілі палякі Ягайлы і выстаўленыя Вітаўтам у самы цэнтар тры беларускія харугвы – аршанская, мсьціслаўская й смаленская. Яны амаль цалкам загінулі ў жорсткай сечы, некалькі гадзінаў стрымліваючы напор крыжакоў – гэта быў адзін з найвялікшых подзьвігаў беларускай мужнасьці й самаахвярнасьці за ўсю нашую гісторыю... Нарэшце, манэўр Вітаўта завершыўся агульным наступам правага крыла й атачэньнем ворага з тылу. Крыжакоў дабівалі ў двух велізарных "катлах", рэшткі нішчылі да глыбокае ночы. Вялікі магістр і большасьць крыжацкіх палявых камандзіраў загінулі.

Саюзьнікам дасталіся амаль усе харугвы й абоз. Перамога была поўнай. Тэўтонскі Ордэн быў разгромлены дазваньня.

Што гэта азначала?

Гранёная фраза гістарыяграфіі: пасьля Грунвальду 500 гадоў нага ўзброенага немца не ступала на беларускую зямлю.

Сярэднявечная гісторыя ведае шмат бліскучых беларускіх перамогаў. Бітва на Сініх Водах 1362 г., дзе Альгерд расьсеяў адразу тры татарскія арды; бітва пад Воршай 1514 г., дзе 35 тысячаў ваяроў Канстаньціна Астрожскага высеклі ў пень 80 тысячаў маскавітаў; вікторыя пад Кірхгольмам 1605 г., дзе чатырохтысячны корпус Яна Караля Хадкевіча разьбіў 14.000 швэдаў, страціўшы толькі блізу 100 чалавек. Беларусы перамагалі ў меншасьці, бо былі духова мацней, мелі чыстае сэрца й цьвёрдую веру – і ў гэтым увесь сакрэт нацыянальнай вайсковае стратэгіі.

Крыжацтва, ганьба хрысьціянскага Сярэднявечча нароўні зь інквізыцыяй і продажам індульгенцыяў, пацярпела гістарычную паразу пад Грунвальдам у поўнай адпаведнасьці са словамі Хрыста: "Усе, што возьмуць меч, ад меча й загінуць". ( Мацьвея 26:52)

Грунвальд – з тых бітваў Старога Запавету, у якіх Госпад даваў перамогу праведным і скрышальным ударам вынішчаў цэлыя царствы грэху. На Грунвальдскім полі Бог быў не з рабаўнікамі й драпежнікамі пад чорнымі крыжовымі знакамі – а з абаронцамі свае зямлі, зь іх малітвай і бел-чывона-белымі сьцягамі Ісуса, хрысьціянскімі Беларусьсю і Польшчай.

І калі сёньня цябе чакае вырашальная бітва, калі ворагі перадаюць мячы – біцца, і хутчэй! – проста памаліся. Зьбяры ў сэрцы ўсю сваю рашучасьць. І ўзгадай пра Грунвальд.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

10.02.18 21:04

Павел Севярынец