АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия

НЯДЗЕЛЯ, 12.00. ЛІСТ ДА ЦЭРКВАЎ 05.06.2020


Браты і сёстры!

Шаноўныя вернікі, святары і епіскапы беларускіх хрысціянскіх цэркваў!

Гэтай вясной Беларусь нарэшце прачнулася ад доўгага сну. Тысячы і тысячы людзей па ўсёй краіне выходзяць па нядзелях на цэнтральныя плошчы гарадоў і выстройваюцца ў кіламетровыя чэргі, каб паставіць свой подпіс за перамены. Па-над імі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі Ісуса Хрыста.

Відавочна, што справа не ў "выбарах", якіх у Беларусі няма, і не ў кандыдатах. Справа ў тым, што прыйшоў час.

Звар'яцелы рэжым арганізаваў масавае заражэнне беларусаў каронавірусам. Замест прыняцця неабходных мераў і спачуванняў сем'ям памерлых правіцель пачаў абвінавачваць іх саміх і медыкаў.

Тых, хто абураўся і патрабаваў ад правіцеля нарэшце сысці – кінулі ў турмы з выкарыстаннем відавочных, нават дэманстратыўных правакацыяў.

У нядзелю 31 мая людзі выйшлі на легальныя пікеты па ўсёй Беларусі, каб выказаць пратэст.

У нядзелю 7 чэрвеня а 12.00 ва ўсіх буйных гарадах зноў пройдуць пікеты свабоды і салідарнасці са зборам подпісаў за перамены. 7 чэрвеня ў праваслаўных і часткі пратэстанцкіх цэркваў – Дзень сашэсця Святога Духа. Свята, якое яшчэ называюць Тройцай, Пяцідзясятніцай ці Сёмухай (па колькасці дзён і тыдняў, якія прайшлі з часу Ўваскрашэння Ісуса Хрыста). У каталікоў 7 чэрвеня сёлета – Дзень Святой Тройцы.

Звяртаюся да прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Паўла і архіепіскапа Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Святаслава Логвіна, да старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і апостальскага візітатара да грэка-каталікоў Беларусі Сергія Гаека, епіскапа Аб'яднанай Царквы Хрысціянаў Веры Евангельскай Сяргея Цвора і епіскапа Саюза Евангельскіх Хрысціянаў-Баптыстаў Леаніда Міховіча, епіскапа Аб'яднання Абшчынаў Хрысціянаў Поўнага Евангелля Леаніда Вараненкі і епіскапа Цэркваў Хрысціянаў Адвентыстаў Сёмага Дня Вячаслава Бучнева, кіраўнікоў Лютаранскай, Рэфармацкай і іншых хрысціянскіх цэркваў у Беларусі - з заклікам падтрымаць праўду, свабоду і справядлівасць у нядзелю а 12.00.

Часта вернікі і святары сыходзяць ад відавочнай патрэбы выступіць у абарону невінаватых, кажучы: "Гэта палітыка."

Нядзеля, 12.00 – гэта не пра палітыку. Гэта пра асновы хрысціянскай веры.

Праўду. Свабоду. Справядлівасць. Салідарнасць.

Калі фальсіфікуюць выбары – гэта ніякая не палітыка. Гэта махлярства, злачынства і беззаконне. Калі кідаюць у турму, збіваюць і катуюць тых, хто кажа праўду – гэта ніякая не палітыка. Гэта грубы гвалт. Калі правіцель абражае, абкрадае і падманвае цэлы народ – гэта не палітыка. Гэта тыранія і прыніжэнне чалавечай годнасці. Калі ў Курапатах ламаюць крыжы – гэта зусім не палітыка. Гэта сатанізм, які мае свае карані ў нераскаяным камунізме.

Крах камунізму ў Польшчы пачаўся тады, калі Папа Рымскі прамовіў перад мільёнамі палякаў: "Няхай сыдзе Дух Святы і абновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі."

Крах камунізму ва Ўсходняй Нямеччыне пачаўся тады, калі звычайны евангельскі пастар з Лейпцыгу арганізаваў малітву за свабоду і запрасіў збірацца на яе ўсіх. Штотыднёвыя сустрэчы ператварыліся ў масавыя маніфестацыі, і праз некалькі тыдняў рэжым рухнуў разам з Берлінскай сцяной.

Крах камунізму ў Румыніі пачаўся з таго, што сям'ю вугорскага святара ў Трансільваніі выселілі са свайго дома – а ён сабраў вернікаў і маліўся за перамены.

Таму, дарагія мітрапаліты, епіскапы, бацюшкі, ксяндзы і пастары.

Хопіць маўчаць. Беларускі народ, які падымаецца, хоча пачуць ваша слова. Божае слова. Калі вы зараз змаўчыце – камяні загалосяць.

Запрашайце вернікаў пасля ранішніх нядзельных набажэнстваў – у масках, з сацыяльнай дыстанцыяй – на дазволеныя пікеты свабоды і салідарнасці.

І няхай у Дзень Святога Духа Бог прыдзе ў Беларусь. З летнім веяннем ціхага ветру. І адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі.

Жыве Беларусь – з Богам!

З павагай і надзеяй – Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

БЕЛАРУСЬ, 7 ЧЭРВЕНЯ, 12.00! 02.06.2020


Сябры!

У нядзелю 7 чэрвеня а 12.00 па ўсёй Беларусі адбудуцца ЛЕГАЛЬНЫЯ ПІКЕТЫ ў Менску, абласных цэнтрах, гарадах з насельніцтвам больш 100 тысячаў жыхароў і некаторых райцэнтрах. Каманды зборшчыкаў подпісаў становяцца ў цэнтры горада. У вас ёсць абсалютна законная магчымасць прыйсці туды, каб сваёй прысутнасцю выказацца пра "сёмы тэрмін" Лукашэнкі, а таксама выявіць салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі незаконна затрыманымі.

Дыктатар баіцца і нервуецца. Тысячы людзей, якія 31 мая выйшлі ў цэнтры беларускіх гарадоў і сталі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, натхнілі беларусаў па ўсёй краіне і выклікалі перапалох ды браджэнне ў шэрагах чыноўнікаў. Вынікам гэтага страху стала затрыманне некаторых лідараў і актывістаў, а таксама чарговыя знявагі на адрас народа.

Нават за апошнія некалькі дзён Лукашэнка груба парушыў Канстытуцыю і выбарчы кодэкс. Ён не мае ніякага права зноў вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах!

Цяпер наша галоўная задача – каб людзей на легальных пікетах 7 чэрвеня было яшчэ больш, чым 31 траўня. Запрашэнне падпісацца за перамены - праз сацсеткі, тэлефанаванні, мясцовыя чаты і паблікі, мясцовыя медыя, блогераў - дазволенае дзеючым заканадаўствам. Зразумела, мы просім вас быць у масках і з сацыяльнай дыстанцыяй з увагі на пандэмію.

Мы – грамадзяне Беларусі і хочам бачыць вольную краіну для жыцця. Таму падчас збору подпісаў будзе дарэчная беларуская нацыянальная сімволіка. Сцягі Расіі, Савецкага саюза альбо іншых краінаў будуць успрымацца як правакацыя.

Таксама заклікаем не паддавацца на правакацыі асобных прастытутак альбо сімулянтаў, нават у форме. Наша задача - набіраць масавасць і сілу за кошт нарастальнай спакойнай, мірнай, але рашучай хвалі за перамены.

Асаблівую ўвагу варта надаваць падтрымцы затрыманых, салідарнасці, дасягнення адзінства.

Адначасова трэба разумець: проста подпіс і нават голас не даюць перамогі. Вырашае воля ўсяго народа, які выходзіць сказаць "НЕ!" Лукашэнку і "ТАК!" вольнай Беларусі.

Верым, можам, пераможам!

Сустракаемся ў нядзелю а 12.00.

Жыве Беларусь!



НАРОД ПРАЧНУЎСЯ 29.05.2020


Сябры!
Шмат размоваў наконт "рукі Масквы" у пратэстах і камандзе Сяргея Ціханоўскага.
Паслухайце, калі ласка.
Большасць людзей, якая прыходзіць на пратэсты - беларусы. Наш народ. Іншага ў нас няма. Больш таго, гэта тыя, хто пераадолеў свой страх, а значыць, ня горшая частка народа.
Калі мы ня станем побач і не падымем там бел-чырвона-белы сцяг - знойдуцца тыя, хто падыме свой. Святое месца пуста не бывае.
Народ, які не жадае падтрымліваць нацыянальны пратэст - будзе падтрымліваць чужы.
Дагэтуль сацыяльныя пратэсты (як у 2017-ым) і нават інспіраваныя Масквой пратэсты (як у 2011-ым "сеткавую рэвалюцыю" таварыша Дыянава) нам удавалася пераводзіць у рэчышча пратэсту нацыянальнага.
Падкрэслю, гаворка не пра "збор подпісаў" за падстаўных "кандыдатаў" - пра пратэст, які адгукаецца ў сэрцах людзей.
Нават калі Расея ўчэпіцца сваімі бясконцымі шчупалкамі ў Лукашэнку, каб яго зваліць (а пакуль яны разам дамаўляюцца супраць беларусаў) - наш рух мусіць быць гатовы ўдарыць у вырашальны момант, каб перамога не дасталася ані Лукашэнку, ані Крамлю.
Але для гэтага трэба быць побач з людзьмі. Размаўляць з імі па-беларуску. Накіроўваць іх. Падымаць беларускія сцягі і агучваць беларускія лозунгі. Інакш і рэжым, і апазіцыя ў нас за некалькі тыдняў стануць прарасейскімі.
Так, у масках, з сацыяльнай дыстанцыяй, бо пандэмія. Але трэба быць побач. Таму ў нядзелю 31 мая адмыслова еду ў Віцебск на легальны пікет (12.00, "Піраміда"), каб распавядаць людзям праўду.
Ніякіх "выбараў" няма. Лукашэнка мусіць сысьці. Крамля нам тут ня трэба, самі разбярэмся. Рыхтуемся да пратэстаў і забастоўкі, каб рэжым сышоў разам з заразай.
Жыве Беларусь!

ЛУКАШЭНКА, СЫХОДЗЬ – РАЗАМ З ЗАРАЗАЙ! 24.05.2020


Тысячы беларусаў задыхаюцца і паміраюць у перапоўненых шпіталях. Браму для заражэння адчыніў Лукашэнка. І ён жа абвясціў "выбары сябе" на сёмы тэрмін – без рэальных супернікаў, без правілаў, нават без назіральнікаў.

Пераключыў увагу – са смерцяў людзей на "выбары сябе", любімага.

Маскі сарваныя. ЦВК Ярмошынай адмовіла ў рэгістрацыі практычна ўсім кандыдатам пратэсту, хто спадзяваўся выкарыстаць спектакль Лукашэнкі для палітычнай барацьбы з ім.

Тым, хто ўяўляў небяспеку для рэжыма - адмоўлена. Сяргей Ціханоўскі, каманда Мікалая Статкевіча, Павел Спірын. Кідаюць на "суткі" і даюць штрафы нават тым, хто абскарджвае беззаконне ў судзе.

Але дзясяткі тысячаў беларусаў ужо зараз пазбаўляюцца страху. Бадзёры Сяргей Ціханоўскі выходзіць з турмы і ў жывым эфіры абвяшчае новы аўтапрабег па Беларусі. 35 тысячаў чалавек глядзіць стрым Ціханоўскага, за пару гадзінаў збіраюць тысячы долараў. Стоп таракан! Сотні тысячаў людзей штодня глядзяць тэлеграм-канал "Баста" і чытаюць забароненую "Хартыю-97". Нават ашуканыя і прыніжаныя медыкі ў Бабруйску выходзяць на мітынг, каб сарваць эфір БТ.

Асобна хачу звярнуцца да тых, хто захапіўся вылучэннямі на "выбары" Бабарыкі, Цапкалы, Канапацкай, Дзмітрыева, Чэрачня, і іжэ с німі. Людзі, вы хоць чуеце, што яны гавораць?... "Ідём на выборы!"."Голосуем!" "ЦІК абсолютно компетентна"."Массовые фальсіфікаціі невозможны". "Массовые репрессіі – это міф". "Я не прізываю к протестам"…

Гэтыя персанажы проста падыгрываюць старому банкроту і ягонай хеўры. Адно слова – цырк.

26 гадоў таму народ таксама гатовы быў падтрымаць хоць чорта лысага, абы не зненавіднага Кебіча. Падтрымалі чорта лысага. Тыя, хто здольны вучыцца на сваіх памылках – калі ласка, ацаніце крах надзеі падчас ярмошынскіх "выбараў", а таксама пагрозу стварэння прарасейскай сілы з дапамогай "Газпраму" і сацсеткавага маркетынгу.

"Я за вас прагаласую, а вы за мяне змагайцеся". "Дзе паставіць за вас подпіс?" "Чаму вы ня ўдзельнічаеце ў выбарах, я ж гатовы аддаць вам свой голас!"

Ня трэба займацца самападманам, сябры. Ваш голас у РБ ужо больш дваццаці гадоў нічога не вырашае, на "выбарах" поўныя фальсіфікацыі – як са статыстыкай ковід-19. Можа вырашыць іншае – грамадзянскае непадпарадкаванне, негвалтоўны супраціў, працяглы масавы пратэст, як у Берасці. Змаганне, цвёрдасць, салідарнасць.

Вазьміце сябе ў рукі. Калі ня вы – то ніхто.

Дзьве палітычныя сілы, якія зараз разрываюць Беларусь – камунізм Лукашэнкі і імперыялізм Крамля – ўзаемазвязаныя і аднолькава варожыя Беларусі. Яны разбураюць краіну і нішчаць народ: рэжым фізічна, Крэмль ментальна.

Таму, яшчэ і яшчэ раз: асновай новай Беларусі можа быць толькі нацыянальная ідэя. Ядро яе – хрысціянскія маральныя каштоўнасці, беларуская мова і еўрапейская перспектыва. Новае беларускае Адраджэнне.

Беларусь прабуджаецца. Супрацьпаставіць грубаму гвалту, ціску, затрыманням і арыштам мы павінныя няўдзел у справах зла. У гэтым сіла бяссілых, як пісаў Вацлаў Гавел. У гэтым салідарнасць, як казаў Ян Павел ІІ і паўтараў польскі народ.

Бацькі не аддаюць дзяцей у школы. Службоўцы не ідуць на парады ды спартакіяды. Дактары ратуюць жыцці і не хаваюць праўду. Настаўнікі не фальсіфікуюць. Цэрквы і Касцёл не дабраслаўляюць падман. Сацыяльныя сеткі дыхаюць салідарнасцю на поўныя грудзі, як лёгкія здаровага чалавека.

Нарэшце, людзі ня ўдзельнічаюць у спектаклі Ярмошынай.

Гэта ня проста байкот. Задача – каб большасць беларусаў асэнсавала сябе большасцю, якая не выконвае загады дыктатара. Менавіта гэты псіхалагічны эфект у жніўні здольны даць вырашальны штуршок масавым мірным пратэстам і нацыянальнай забастоўцы. Сіла нараджаецца ад усведамлення еднасці і перамогі. І тады сэрца пачынае біцца ў рытме барабаннага бою.

Пустыя "выбарчыя ўчасткі" азначаюць поўныя вуліцы і плошчы.

Цяпер – беражэм адзін аднаго, не падпарадкоўваемся злу, гуртуемся і рыхтуемся выйсці. Хай Лукашэнка сыходзіць разам з пандэміяй.

Верым, можам, пераможам!

ДВАЦЦАЦЬ ПЯЦЬ 14.05.2020


Да беларускага руху я далучыўся 25 гадоў таму. На першым курсе БДУ, пасля "рэферэндуму" 14 траўня 1995 года, дзе Лукашэнка з дапамогай фальшавання і махінацыяў замяніў дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг на чырвона-зялёны.
На сваёй першай геалагічнай практыцы пад Валожынам мы разам з Базылём Сіманавым і выхаванцам ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага Мар'янам Бурачэўскім узялі ўжо забаронены бел-чырвона-белы сцяг і зладзілі дэманстрацыю пратэсту - пайшлі па навакольных вёсках.
Былі гатовыя біцца з камуністамі, якія прагаласавалі за "сталінскую анучу".
Агаломшыла нас вось што. Вясковыя людзі, якія нас сустракалі, віталі і падтрымлівалі. Моладзь прапаноўвала нам ахову, бо ў суседняй вёсцы, "мусі, дурныя дачэпяцца".
Вярнуліся мы ноччу, натхнёныя.
-Народ з намі, Паша! - шаптаў мне Базыль. - Ты разумееш?!
Дваццаць пяць гадоў.
Веру, што наш сцяг вернецца. Ужо хутка.

НЕПРЫНЯЦЦЁ ЗЛА 08.05.2020


Лукашэнка абвяшчае свае "выбары" 9 жніўня.
У віры пандэміі, якой ён сам шырока адчыніў брамы. Каб задушыць пратэсты яшчэ летам. Каб на парадзе смерці агучыць сваю праграму на сёмы тэрмін.
Дэманічная карціна.
Як мы можам супрацьстаяць яму?
Зараз галоўнае - захаваць жыцці людзей і з'яднаць беларусаў вакол непрыняцця зла.
Масавае грамадскае непадпарадкаванне!
Не аддаваць дзяцей у школы. Ня ўдзельнічаць у парадах, канцэртах і іншых ягоных д'ябальскіх спектаклях.
Ніякіх "выбараў" у чумным бараку ня будзе.
Пасля здзейсненых злачынстваў Лукашэнка ня мае ніякага права заставацца кіраўніком Беларусі.
Лукашэнка, сыходзь!
Эканамічны байкот рэжыму. Няўдзел у фарсе Ярмошынай. Нацыянальная забастоўка і раскол наменклатуры.
Злачынцаў - пад суд.
Толькі разам мы зможам адолець пандэмію, дыктатуру і імперыю.
Верым, можам, пераможам!

НЕ - ЧОРНАМУ СУБОТНІКУ! 24.04.2020


25 красавіка, напярэдадні гадавіны Чарнобыля, Лукашэнка гоніць людзей на ЧОРНЫ СУБОТНІК.
Пандэмія каронавіруса. Але ён патрабуе, каб людзі збіраліся разам, і "здзелалі ему красіва". Каб ён мог палюбавацца з вакна браняванага "Мерсэдэса" альбо з ілюмінатара верталёта, пералятаючы з адной рэзідэнцыі ў іншую.
Яму мала знясіленых, зняважаных і памерлых дактароў, яму мала прыніжаных і пастаўленых перад смяротнай небяспекай настаўніцаў, яму мала пенсіянераў, якія прапалі бяз вестак з "неустановленной пневмоніей", запакаваных у пластыкавыя мяхі для трупаў і вывезеных у крэматорый.
Яму трэба, каб ягоную кругавую паруку смерці прынялі ўсе.
Яму трэба ЧОРНЫ СУБОТНІК.
Па прадпрыемствах і ўстановах разасланыя разнарадкі, колькі людзей выставіць і колькі рублёў здаць.
Час сказаць яму: ПАЙШОЎ ПРЭЧ!
Не падпарадкоўваемся злу, людзі.
Байкот ЧОРНАМУ СУБОТНІКУ!

БЕЛАРУСЬ СУПРАЦЬ Д'ЯБЛА 21.04.2020


Пандэмія каронавіруса адкрыла перад намі, беларусамі, бездань.

Лукашэнка абвясціў, што ад віруса не паміраюць, адмовіўся ад карантыну і штурхнуў цэлы народ у пашчу катастрофы.

Ёсць свая логіка ў ягоных дзеяннях. Кінуць выклік усім. Выявіць сябе як як бога. Паказаць, што на гэтай зямлі ён уладны над жыццём і смерцю – і як ён скажа, так і будзе. Хай дзеля гэтага памруць тысячы. Хай ніхто ня будзе ведаць праўды. Ён пераможа.

Гэта логіка выключна д’ябальская. Зло ў чыстым выглядзе.

Мала таго. Такое ўражанне, што ён спецыяльна вылічвае найбольшую прастору паражэння. Каб ужо бахнула дык бахнула.

19 красавіка. Пандэмія. Праваслаўны атэіст заклікае ў храмы – і сам ідзе ў царкву. Але не маліцца, а выступаць.
20 красавіка. Пандэмія. Загадвае адчыніць школы і забараняе маскі для дзяцей.
25 красавіка. Пандэмія. Абвяшчае прымусовы суботнік.
Інкубацыйны перыяд каронавіруса - да 14 дзён.

У выніку 9 мая “Парад перамогі” пройдзе па шпіталях, дзе людзі будуць задыхацца ад крокаў смяротнай хваробы па ўласных целах.

Лукашэнка робіць усё, каб беларусы нарэшце зразумелі: у эканамічнага крызісу, у чынавенскага бязмежжа, у катастрофы з вірусам ёсць імя і прозвішча.

Паводле аднаго з апытанняў у сацсетках, 8 красавіка толькі 47% апытаных лічылі, што ў сітуацыі з каронавірусам вінаваты Лукашэнка. 20 красавіка такіх было ўжо 78%.

Чаму ён гэта робіць?

Ён разумее, што пасля 26 гадоў здзеку яго не падтрымліваюць. Ён збрыдзеў. Выйсце толькі адно: каб мацней баяліся. Баяліся больш, чым смерці. Быццам буравеснік, ён лунае па-над ахопленай пандэміяй краінай, і злосна рагоча нам у твар – проста як дэман у фільмах пра Апакаліпсіс.

А што рабіць нам?

Пакуль па Беларусі фугасіць вірус, адказ магчымы толькі адзін. Грамадзянскае непадпарадкаванне злу.

Бацькоў – калі яны не аддаюць дзяцей у школы.

Студэнтаў, якія патрабуюць дыстанцыйнага навучання.

Службоўцаў, якія не выконваюць злачынныя загады і знаходзяць спосаб абараніць людзей ад пандэміі.

Непадпарадкаванне злу – гэта калі Лукашэнка патрабуе “суботніка” ў разгар каронавіруса, а людзі байкатуюць суботнік і пакідаюць там паказушных чыноўнікаў ды нешматлікіх камсамольскіх актывістаў. Гэта калі вайскоўцаў і гледачоў заганяюць на парад у смертаносны натоўп – а людзі знаходзяць прычыны і спосабы не ісці. Непадпарадкаванне злу – гэта трымаць народны карантын і тым ратаваць знясіленых медыкаў.

І ўся краіна, як на далоні, бачыць: нас большасць! А кароль-та голы… Ды яшчэ з хвастом… А вунь і рогі!..А вунь і капыты!..

Мы з вамі гэта разумеем даўно. А глыбокі народ, якому 26 гадоў дурылі галаву па тэлевізары, у вялікай сваёй масе асэнсоўвае ўвесь жах і бездань рэжыму толькі цяпер.

Лукашэнка настолькі баіцца краху сваёй луканомікі, што дзеля гэтага гатовы ахвяраваць тысячамі жыццяў і нават рэйтынгамі (бо на “выбарах” не рэйтынгі вырашаюць, а Ярмошына з фальсіфікатарамі).

Таму што луканоміка – гэта не ваш дробны і сярэдні бізнэс, не хатнія гаспадаркі, і нават не ІТ. Гэта алігархічныя “кашалькі”, паўкрымінальныя схемы міждзяржаўнай кантрабанды тыпу разбавіцеляў ды “санкцыёнкі”, гандлёвыя цэнтры, якімі запраўляе сям’я ды бліжэйшае атачэнне.

“Жраць што будзем?!” – вырачае ён вочы на сваёй нарадзе.

Дык давайце хорам скажам гэтаму вярхоўнаму жрацу: свой народ ты жэрці больш ня будзеш. Досыць!

Байкот апірышчам дыктатуры. “Беларусбанку”: забіраем адтуль уклады. “Белнафтахіму”: не запраўляемся там. “Кароне” Тапузідзіса: не купляем у “Кароне”! “Табакеркам” Алексіна. Алкагольным крамам, якія даюць львіную долю ў кішэню дыктатуры.

Хопіць карміць рэжым!

Калі пандэмія сціхне – назапашанае абурэнне непазбежна выбухне масавымі маніфестацыямі пратэсту. Іншых спосабаў змяніць гэты рэжым дэманічнага страху ўжо не засталося.

Наколькі моцны патэнцыял пратэсту – паказвае Берасце. Нават ва ўмовах пандэміі, пад пагрозай заражэння, у масках, ва ўмовах арышту лідэраў людзі гатовыя пратэставаць.

Задача Лукашэнкі – зліць аграмадны народны пратэст у свой спектакль пад назвай “выбары”. Вы пратэстуеце? Ладна, пратэстуйце. Галасуйце за “апазіцыянераў” (іх будзе некалькі, свежанькіх, на выбар). Палямантуйце, ды яшчэ паскубіцеся паміж сабой. Усё роўна “падлічаць” так, як трэба. Фініта.

Калі не ламаць сістэму фальсіфікацыяў праз масавыя акцыі пратэсту – нават у зборы подпісаў і пікетах ва ўмовах выхаду з віруса толку няшмат. Усё адно нікога з рэальных супраціўнікаў не зарэгіструюць.

Таму ўжо ў ліпені большасць пратэстных сілаў (народны пратэст, прынцыповыя байкотчыкі, незарэгістраваныя апазіцыянеры) з’яднаюцца вакол непрыняцця спектаклю.

А далей – толькі нацыянальная забастоўка з палітычнымі патрабаваннямі. Лукашэнка, сыходзь! Далоў Ярмошыну і ўсіх фальсіфікатараў! Патрабуем вызвалення палітвязняў і свабодных выбараў! Пераменаў!

Людзям хочацца проста “прагаласаваць” і тым зрабіць сваю частку працы. Не атрымалася – апазіцыя вінаватая. Я ж “галасаваў”. Не, сябры. Выбараў няма. Давядзецца зрабіць крок пратэсту.

Скажаце, забастоўка, а чым сям’ю карміць?.. А што, лепш каб вас яшчэ пяць гадоў кідалі на з’ядзенне смерці, як цяпер?

Шырокая нацыянальная забастоўка ператвараецца ў масавыя маніфестацыі, прычым па ўсёй краіне. Найбольш эфектыўныя рэгулярныя акцыі (напрыклад, штонядзелі, як у Берасці) – на піку яны могуць перарасці і ў штодзённыя. Арышты лідэраў будуць спробай патушыць пажар бензінам.

Калі маніфестацыі набяруць размах, непазбежны раскол наменклатуры. Магчымае ўмяшанне Масквы і спроба скарыстацца пратэстам. Адзінае, што ўратуе Беларусь у такой сітуацыі – яднанне ўсіх пратэстных сілаў у адзіны магутны фронт. Прычым яднанне на нацыянальнай платформе і ясным маральным падмурку.

Паслядоўная пазіцыя няўдзелу, грамадзянскага непадпарадкавання, нацыянальнай забастоўкі і, як вынік, масавых маніфестацыяў з незалежніцкім стрыжнем вызначыць лідэраў народнага пратэсту. Палітыкаў. Блогераў. Прафсаюзных дзеячаў. Вулічных трыбунаў. Тых, хто страціў у пандэміі блізкіх.

Вы скажаце, патрэбны цуд, каб усё гэта склалася? Патрэбны.

Д’ябла можа перамагчы толькі Бог.

Як вернік, сведчу: цуды бываюць. Бог можа зрабіць для Беларусі цуд. Але толькі тады, калі мы самі паверым і будзем гатовыя зрабіць свой крок.

Ісус у Евангеллі – не фокуснік, які робіць цуды без чалавечай волі, напаказ для агаломшанага натоўпу. Ён кажа тым, хто хоча ацалення, вызвалення, збавення: працягні руку тваю. Расплюшчы вочы твае. Ідзі і больш не грашы.

Як працягнуць высахлую руку, на якой і мышцаў няма? Як расплюшчыць вочы, заплюшчаныя ад нараджэння? Як не грашыць, калі прырода чалавека грэшная?

Толькі высілкам волі – насуперак д’яблу, насустрач Богу. Тады Бог дапаможа.

Не падпарадкоўвацца злу. Трымаць народны карантын. Выказваць пратэст. Аказваць валанцёрскую дапамогу нямоглым і дактарам. Быць салідарнымі. Гартаваць сілы. І ў момант ісціны, калі спадзе зараза – выходзіць.

Тысячу гадоў хрысціянская краіна Беларусь жыла, змагалася і перамагала менавіта так.

Верым. Можам. Пераможам!

Змова па змаўчанні 19.03.2020


Сябры. Шмат пытанняў наконт праймерыз.
Адказваю.
Праймерыз задумваліся як свабодныя і справядлівыя народныя выбары, дзе людзі выбіраюць альтэрнатыву рэжыму.
Выбары без маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў.
Калі ў Драгічыне, Пінску, Століне дзясяткі арганізаваных райвыканкамамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і службоўцаў па ўказцы пачалі рэгістравацца на праймерыз і ўкідваць бюлетэні за аднаго з кандыдатаў (няважна, якога) - адбылася менавіта фальсіфікацыя і арганізаванае махлярства.
Адбылося тое самае, чым яны займаюцца на "выбарах" Ярмошынай. Укідваюць столькі, каб забяспечыць перамогу аднаго з прэтэндэнтаў.
Няўжо гэта не зразумела?
У папярэдніх гарадах на Віцебшчыне 1-2 чыноўнікі прыходзілі "на разведку". Пасля Берасця, дзе поўная заля крычала "Лукашэнка, сыходзь!" так, што сцены трэсліся, яны ўключылі машыну фальсіфікацыяў на поўную.
Мы маем прозвішчы і доказы, блогеры і незалежныя медыі публікуюць цэлыя гісторыі.
Гэта не свабоднае галасаванне. Дзяржаўным службоўцам загадваюць галасаваць так, а не інакш. Нават не таемнае галасаванне. У Століне начальства не таілася, пры людзях паказвалі падначаленым, за якога кандыдата галачку ставіць.
Гэта не волевыяўленне. Гэта - масавая фальсіфікацыя.
"Яны ж таксама народ". "Яны маюць права". "А якая розніца, за каго яны галасуюць"...
Людзі, вы што?!
Па форме правільна, па сутнасці - здзек, як казаў адзін класік.
На штабе кампаніі мяне агаломшыла адна рэч. Прадстаўнікі большасці апазіцыйных партыяў хорам даказвалі мне: "Няхай галасуюць! Мы ж дамовіліся, што падтрымаем любога з пяці. Выберуць жа яны з нас!"
Прыплылі.
Калі мы згаджаемся, каб Лукашэнка, а не народ, выбіраў з нашых шэрагаў зручнага для сябе спарынг-партнёра - гэта не народнае галасаванне. Гэта атрымліваецца конкурс прыгажосці апазіцыянераў, дзе журы ўзначальвае Лукашэнка.
Хачу верыць, што прамой змовы не было. Хачу верыць, што райвыканкамы не каардынавалі сваю яўку ні з кім з прэтэндэнтаў. Проста прыкідвалі патэнцыял апазіцыі ў тым ці іншым раёне і мабілізавалі 10, 20 ці 30 "сваіх".
Але тое, як дапамогу Лукашэнкі прынялі - мяне ўразіла.
Такая сабе змова па змаўчанні. Разам з уладай адбракаваць суперніка, канкурэнта, "нязручнага", "занадта радыкальнага". Народ "занадта радыкальнага" падтрымлівае, і ён набірае больш, чым астатнія, разам узятыя? Тым горш для народа.
Што можна было зрабіць у адказ?
Можна было абвесціць усеагульную мабілізацыю прыхільнікаў: Людзі! Нас жа больш, чым райвыканкамаўскіх ці БРСМа! Прыходзім і галасуем! Праймерыз ператвараюцца ў масавыя мірныя сходы і нават акцыі пратэсту.
Але на той момант, калі гэта стала ясна, пандэмія каранавіруса закрыла такі шлях. Сустрэчы адмяняюцца. Масавыя пратэсты пад пытаннем. Пандэміі мы не маглі прадугледзець.
Можна было б на штабе кампаніі распрацаваць фільтры для недапушчэння фальсіфікацыяў.
Якое там. "Хай галасуюць далей!"
У такіх варунках удзельнічаць у кампаніі далей ня мела сэнсу. Чакаць, пакуль райвыканкамы, БРСМ ды ідэолагі ўсыплюць патрэбную колькасць галасоў у скрыні ці праз інтэрнэт, а калегі папляскаюць у ладкі?
Пра БХД. Пакуль дзейнічае папярэдняе, студзеньскае рашэнне Нацыянальнай рады БХД пра ўдзел партыі - сябры партыі могуць самастойна вырашаць, удзельнічаць ім ці ня ўдзельнічаць. Зразумела, што мая каманда (а гэта пераважная большасць хрысціянскіх дэмакратаў) удзельнічаць далей у праймерыз не будзе. Адначасова я не лічу патрэбным абавязваць усіх партыйцаў выходзіць з усіх працэдураў (не хапала сварыцца яшчэ і на гэты конт).
Што далей?
Змаганне працягваецца. Каронавірус блытае планы не толькі нам, але і Лукашэнку, і Расеі.

Пра тое, што далей – у наступным допісе.
Верым, можам, пераможам!

ЛУКАШЭНКА І СМЕРЦЬ З КАСОЙ 17.03.2020


Галоўнае, што зараз хвалюе беларусаў - гэта пытанне: чаму ўлада не ўводзіць карантын з-за каранавіруса.
ЧАМУ?
Усе суседзі ўжо прынялі меры. Межы зачыненыя, адмененыя мерапрыемствы.
А ў нас парад.
Нам, беларусам, прапаноўваецца піць гарэлку і ездзіць на трактары.
Сёння ягоны ўрад сабраўся ў поўным складзе і слухаў павучанні правадыра. Ані слова пра каранавірус.
У гэты самы час на плошчы перад Домам Ураду, проста перад ідалам Леніна, памёр стары чалавек.
Знак.
Тымчасам карантын уведзены ў большасці развітых краінаў свету і дае магчымасць запаволіць удар пандэміі.
Калі дзяржава ўводзіць карантын - яна мае час падрыхтаваць інфекцыйныя шпіталі, закупіць і ўсталяваць па рэанімацыях дадатковыя апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, правесці інструктаж медычнага персаналу, разгарнуць сістэмную прафілактыку.
Інакш - тысячы захварэўшых за некалькі дзён перапаўняюць шпіталі, і адбываецца раптоўны паралюш сістэмы аховы здароўя. І людзі пакутліва паміраюць, бо на ўсіх проста не хапае рук дактароў і абсталявання.
Такім чынам, ЧАМУ?
Лукашэнка хоча паказаць, што ў нас найлепшая дзяржаўная сістэма?
Лукашэнка рыхтуе "ізьбірательную кампанію" на сёмы тэрмін, і не хоча змрочных карцінаў і пустых вуліцаў?
Людзі будуць паміраць, а дзяржаўная статыстыка будзе спісваць смерці на іншыя хваробы.
А можа, ён проста спадзяецца разгрузіць пенсійны фонд? Паміраюць найперш людзі сталага веку. Грошай на пенсіі ў бюджэце няма. А тут - вірус.
Навошта стрымліваць кашчавую з касой. Хай косіць, га?
Тады гэта проста ГЕНАЦЫД.
За 26 гадоў беларусаў і так стала менш на 850 тысячаў. Працяг будзе?
А самому не страшна на 66-ым годзе жыцця, Аляксандр? Не? Дактароў вакол хапае, тысячы целаахоўнікаў, а карона, таго і глядзі, прырасце да галавы.
Але Бог усё бачыць.
Лукашэнку трэба гнаць з пасады паганай мятлой.
Гэты чалавек гробіць беларускі народ.
ЛУКАШЭНКА, СЫХОДЗЬ!

Каронавірус. Лукашэнку чхаць на народ! 11.03.2020



Каронавірус з высокай смяротнасцю ахоплівае свет. Пытанне часу, калі эпідэмія пачнецца у нас. Пакуль афіцыйна выпадкаў заражэння ў Беларусі адзінкі, але хто ведае, колькі такіх людзей насамрэч? Хто верыць БТ?
Межы з Расеяй адкрытыя. З Кітаем ды Іранам, дзе эпідэмія ў разгары, абдымаемся і цалуемся, не зважаючы на гігіену.
Ангела Меркель папярэдзіла, што перахварэюць 60-70% немцаў. І гэта з іх сістэмай аховы здароўя ды нямецкім парадачкам. А смяротнасць – 3,5%.
Але Лукашэнка і Мінздароўя супакойваюць: падумаеш, вірус!
Няма ніякай арганізаванай падрыхтоўкі і мабілізацыі на выпадак выбуху.
Меры перасцярогі трэба прымаць ужо цяпер!
Вядома, што хворых ратуе штучная вентыляцыя лёгкіх. Патрэбная тэрміновая інвентарызацыя, закупка і ўсталяванне апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх ва ўсіх шпіталях. Дорага? Прадай самалёты, майбахі ды рэзідэнцыі! Гаворка ідзе пра жыцці людзей!
Неабходна ў бліжэйшыя дні разгортванне часовых інфекцыйных шпіталяў каля Менску і абласных цэнтраў - шпіталяў, гатовых прыняць тысячы людзей.
Патрэбны літаральна вайсковы інструктаж медыкаў - пачытайце пра Італію!
Патрэбныя адмысловыя заняткі ў школах і ўніверсітэтах, інструктаж на прадпрыемствах, ясныя і поўныя відэа - як засцерагчыся і што рабіць, калі праяўляюцца сімптомы хваробы.
Патрэбнае ўсталяванне рукамыйнікаў з вадкім мылам і антысэптыкам у месцах агульнага карыстання, і шыльдачкі з указаннем, дзе можна памыць рукі - паўсюль, дзе іх няма.
Чаму гэта ня робіцца?
Таму што яму чхаць на народ.
Думаю, для свёй сям'і і чыноўнікаў дыктатар ужо прыняў меры. А народ - хай сабе бегае па абменніках і чакае, пакуль хвароба прыдзе па іх.
Такую ўладу трэба мяняць - чым хутчэй, тым лепш.
Гэтаму рэжыму ні з каронавірусам, ні з эканамічным крызісам ня справіцца.
Лукашэнка, сыходзь!

АДЗІНСТВА 12.02.2020


Беларусам, як паветра, патрэбнае адзінства.

Менавіта цяпер, у 2020 годзе, на парозе вырашальных пераменаў, пачынаецца яднанне апазіцыі і кампанія народнага абрання адзінага лідэра.

Адзіны – гэта не адзін. Адзін, нават герой ці самы разумны, тут не дасць рады. Адзіны – гэта дух адзінства.

Давайце адкажам на пытанне: “Хто, калі не Лукашэнка?” Мы, беларускі народ!

У беларусаў адзінства заўжды было на вагу золата. Нашы найвялікшыя здабыткі ў гісторыі звязаныя з момантамі яднання – такімі, як у Вялікім княстве Літоўскім залатога шаснаццатага стагоддзя, на Усебеларускім з’ездзе ці ў Беларускім народным фронце канца 1980-ых- пачатку 1990-ых.

Наша беларуская падзеленасць на геапалітычным скрыжаванні – нацыянальнае пракляцце. Кожны беларус – геній, які лепш за ўсіх ведае, што і як трэба рабіць. І як усякі геній, кожны беларус глыбокі, захоплены, ранімы і падазроны да іншай думкі.

Але зараз нават нашы ўлюбёныя фэйсбукавыя халівары “усе супраць усіх з усякай нагоды” працуюць на рэжым ды Крэмль. Нельга траціць энэргію на супрацьстаянне ўнутры. Час яднаць высілкі.

Асаблівага спадзявання на Захад няма: іх партнёр, пакуль ён зноў не дамовіўся з Крамлём - Лукашэнка. Гарантамі незалежнасці і дэмакратыі Беларусі застаюцца толькі Госпад Бог і беларускі народ. Таму найперш трэба яднаць уласныя сілы – спыняць сваркі, забываць старыя крыўды і дамаўляцца, як дзейнічаць разам.

Ня трэба сварыцца – удзел ці байкот. Трэба выпрацоўваць супольную стратэгію, якая яднае сілы і выбірае прымальную тактыку дзеля дасягнення агульнай мэты. Стратэгію, што выкарыстоўвае легальныя магчымасці кампаніі, падымае народ, адкрыта пратэстуе, ламае сцэнар фальсіфікацыяў - і адказам на рэпрэсіі мае супольны і дружны няўдзел у злачынстве.

Мы з аднадумцамі вырашылі: працуем на еднасць!

Са свайго боку, я прашу прабачэння за ўсе памылкі і крыўды, вольна ці нявольна нанесеныя сябрам, паплечнікам ды апанентам. Бо разумею, што кампанія 2020 года ў пагрозлівых знешніх умовах можа быць вырашальнай – і можа стаць крыжам.

Мы, хрысціянскія дэмакраты, аб’ядналіся з іншымі партыямі – Беларускім народным фронтам, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй, Рухам за Свабоду, каб правесці народнае галасаванне і вызначыць адзінага лідэра дэмакратычных сілаў у кампаніі 2020 года.

Мы рыхтуем сістэму незалежнага назірання з удзелам тысячаў назіральнікаў у кампаніі “Права выбару” – каб патрабаваць спынення махлярства на “выбарах” і фіксаваць факты ашуканства рэжыму.

Мы становімся поплеч з Мікалаем Статкевічам, “Народнай Грамадой” і Беларускім нацыянальным кангрэсам, якія апошнія гады нястомна арганізоўвалі вулічныя акцыі пратэсту і гартавалі людзей да змагання – і таксама лічаць, што ламаць сцэнар фальсіфікацыяў трэба ўжо пасля абвяшчэння “выбараў”.

Мы захапляемся мужнасцю змагароў з “Еўрапейскай Беларусі”, якія правялі яскравую кампанію агітацыі ўвосені 2019-га – і разам з імі будзем патрабаваць свабоды для Беларусі на плошчах.

Мы падтрымліваем адважных маладафронтаўцаў, абаронцаў Курапатаў, рух супраць Брэсцкага акумулятарнага завода і іншыя экалагічныя ініцыятывы, якія выходзяць на мірныя пратэсты, каб адстойваць права людзьмі звацца.

Мы шануем ролю Зянона Пазьняка і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у здабыцці незалежнасці – і далучаемся да акцыяў супраць “паглыбленай інтэграцыі”.

Мы працягваем руку Уладзіміру Мацкевічу і ініцыятыве “Свежы вецер”, разам з якімі арганізоўвалі снежаньскія акцыі за незалежнасць – і разам з якімі будзем тлумачыць беларусам, якое злачынства робіць рэжым на гэтых “выбарах”.

Мы разумеем, што журналісты незалежных медыяў і блогеры пашыраюць прастору свабоды тут і цяпер, сярод сотняў тысячаў і мільёнаў грамадзянаў Беларусі – і просім выкарыстаць іх уплыў і энэргію дзеля яднання ўсяго народа.

Мы заклікаем незалежныя прафсаюзы, якія ахвярна дзейнічаюць сярод працоўных, далучацца да народнага галасавання і пратэстаў – у сваю чаргу, мы гатовыя ўключыць іх сацыяльныя патрабаванні ў праграму Адзінага.

Мы заклікаем пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, нашу інтэлігенцыю надаць беларускаму народнаму руху за вольныя выбары духу творчасці і свабоды.

Мы заклікаем усе беларускія цэрквы, пакліканыя несці Божае слова пра веру, праўду і справядлівасць, не маўчаць – і узняць свой голас супраць падману, гвалту, хлусні і фальсіфікацыяў на так званых “выбарах”.

Мы просім усіх людзей добрай волі далучацца да народнага галасавання, мірных пратэстаў і злому сістэмы фальсіфікацыяў – каб, нарэшце, жыць у вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краіне.

Разам мы – беларускі народ. Нас – мільёны. Калі мы будзем адзіныя – нас будзе не адолець!


ЗЛАМАЦЬ СЦЭНАР ФАЛЬСІФІКАЦЫЯЎ 06.02.2020


Нарэшце ў медыях і сацсетках пачалося гарачае абмеркаванне палітычнай кампаніі 2020 года. Па сутнасці.

Хтосьці піша, што патрэбны удзел да канца. Хтосьці – што толькі Плошча. Хтосьці – што ігнор, і труп твайго ворага праплыве па рацэ. Хтосьці - што байкот з самага пачатку, і тады рэжым рухне.

Ды ня рухне ён сам па сабе.

Што зараз трэба рэжыму?

Давайце будзем шчырымі: рэжыму трэба падзяліць грамадства на прыхільнікаў удзелу і прыхільнікаў байкоту, і хай валтузяць адно аднаго, каб аж пыл курэў. Каб беларусы займаліся зацятым знішчэннем міжсобку, пакуль рэжым ціхенька абавязвае чыноўнікаў настаўнікаў, дырэктараў чарговы раз зрабіць злачынства, прадугледжанае Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, артыкул 192, санкцыя ад двух да пяці гадоў турмы.

Але ўсе мы хочам вольных, справядлівых і сапраўдных выбараў – і тыя, хто за ўдзел, і тыя, хто за байкот. Праўда? Ці нехта ня хоча? ХОЧУЦЬ УСЕ.

Дык вось.

Давайце разбярэмся.

Ключавы момант кампаніі 2020 года – гэта не пачатак датэрміновых фальсіфікацыяў і нават не асноўны дзень галасавання. Ключавы момант – гэта абвяшчэнне кампаніі і прызначэнне “камісіяў”, якія займаюцца арганізаваным махлярствам.

Менавіта ў гэты момант патрэбны масавы пратэст.

Калі мы моўчкі, ціха і незаўважна ўваходзім у “выбарчы працэс”, пастка захлопваецца. Усё. Можаце трапятацца далей колькі заўгодна, скардзіцца ў прэсе, што “нашых, як заўсёды, не ўключылі”, звяртацца да міжнароднай грамадскасці і нават байкатаваць. Машына злачынстваў запушчаная і зламаць яе, калі яна набрала хаду, на парадак складаней.

Таму: выхад на Плошчу трэба рабіць не тады, калі зладзейства ўжо адбылося. Трэба выходзіць на пратэст і патрабаваць адстаўкі Ярмошынай ды іншых фальсіфікатараў ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН пасля абвяшчэння “выбараў”. Гэта абавязаныя рабіць і прыхільнікі ўдзелу, і прыхільнікі байкоту – РАЗАМ. Калі мы хочам вярнуць выбары – РАЗАМ!

Трэба масава падаваць заявы на ўключэньне ў камісіі апазіцыі і незалежных прадстаўнікоў, і рабіць новую хвалю пратэстаў, калі ім адмовяць.

Далоў Ярмо! Ніякага ўдзелу Лукашэнкі! Патрабуем свабодных выбараў – альбо поўны і безагаворачны байкот!

Скажуць, Паша, дык народ у гэты час не гатовы пратэставаць – маўляў, ачомаюцца, расчухаюцца і палітызуюцца толькі падчас агітацыі пад дату “выбараў”.

Вось для чаго народнае галасаванне ўвесну за Адзінага па ўсёй Беларусі, кампанія ў інтэрнэце і яднанне, даражэнькія мае! Для таго, каб народ ачомаўся і быў гатовы абараняць свой выбар!

Што, кажаш, пратэсты ўвесну? Дык могуць жа даць штрафы і суткі…

Могуць. А што вы хацелі? 26 гадоў жыць пры рэжыме і выйсьці з яго ў светлую будучыню проста з зоны камфорту? Проста удзелам? Проста байкотам?..

У беларускага народа больш не засталося іншых законных і мірных спосабаў зламаць сцэнар фальсіфікацыяў, акрамя масавых і настойлівых вулічных пратэстаў напачатку кампаніі, ды зразумейце ж вы нарэшце!

Лепш атрымаць штраф ці пятнаццаць сутак за пратэсты, чым потым наступныя пяць гадоў енчыць у інтэрнэце, што ўсе казлы, усё ня так, ўсё кепска і зноў не атрымалася.

Нашыя продкі пяцьсот гадоў выбіралі на вольных выбарах усіх – ад старастаў і войтаў, паслоў на соймы, бурмістраў – да вялікіх князяў і каралёў.

І з Масковіяй ваявалі, і паміралі за тое, каб выбіраць сваё начальства, а не цару-бацюшку ці ягоным халуям па-халопску боты лізаць.

І пачынаць трэба цяпер. Зараз. Трэба сустракацца з тымі, хто арганізоўвае фальсіфікацыі ў вас у раёне, мястэчку, вёсцы. Яны жывуць сярод нас. Яны такія ж беларусы і грамадзяне. Для іх таксама дзейнічае 192 артыкул Крымінальнага кодэксу. Трэба глядзець проста ў вочы гэтым чыноўнікам, настаўнікам, дырэктарам. Трэба казаць па-людску. Не рабі злачынства. Не крадзі ў народа права выбару. Не забівай будучыню. Не падыгрывай д’яблу. Бог усё бачыць. Ты ж чалавек. 26 гадоў ужо, хопіць! Ты ж можаш адмовіцца.

Што, народ ня выйдзе?

Мне ў снежні таксама хорам казалі, што ня выйдзе.

Так гэта наша з вамі галоўная задача – за некалькі месяцаў патлумачыць людзям, што трэба выйсці – і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў. Ня трэба гаварыць, што ня выйдуць. Трэба сціснуць зубы і ісці ужо зараз, чалавек за чалавекам, пераконваць, каб выйшлі. Трэба прыходзіць на народнае галасаванне і там дамаўляцца, як выходзіць РАЗАМ.

І выйдуць тыя, каму гэта сапраўды трэба.

І нас будзе шмат.

Сабраў асноўныя пытанні, якія за два дні найчасцей задавалі на сустрэчах ды ў сацыяльных сетках.

Адказваю.

Пішуць: ды ніхто ня будзе ўдзельнічаць у вашым народным галасаванні.

Мілыя мае, я кожны год праяжджаю больш як сто гарадоў і мястэчак з сустрэчамі і прэзентацыямі кнігаў. Дзясяткі людзей у райцэнтрах, поўныя хаты ў мястэчках. За апошні год людзей больш у сярэднім у паўтара разы. Людзі хочуць надзеі. Людзі ня хочуць яшчэ пяць гадоў ныць у сацсетках пра абрыдлае. Людзі хочуць пераменаў.

Пішуць, ты радыкальны.

Дарагія! Ды беларусы цяпер у разы больш радыкальныя, чым вы. Яны плююцца ад бяззубасці і імітацыі, а не ад рашучасці. Памятаю выступ на адным з недармаедскіх мітынгаў, калі прадстаўнік апазіцыі прапанаваў “дыялог” з райвыканкамам. Яго засвісталі.

Пішуць: “Даеш удзел да канца!” Пішуць: “Даеш байкот!”

І рвуць адно аднаго ў сеціве. Беларусы так умеюць. Насмерць.

Сябры! Не стамлюся паўтараць зноў і зноў. Рэжым сутыкае нас ілбамі, і ўпотай рыхтуе фальсіфікацыі. Наша яднанне магчыма толькі тады, калі мы РАЗАМ, і удзельшчыкі, і байкотчыкі, выйдзем на масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў НАПАЧАТКУ КАМПАНІІ.

Безагаворачны ўдзел – гэта вельмі проста: моўчкі выконваеш працэдуру Ярмошынай, сапеш у дзьве дзіркі і атрымліваеш намаляваны 1%.

Безагаворачны байкот – гэта яшчэ прасьцей: нічога ня трэба рабіць, і нічога ня будзе.

А вось змаганне за вольныя выбары – гэта ох як няпроста. Абранне адзінага лідэра падчас шматлюднага народнага галасавання. Масавыя кампаніі “Далоў Ярмо! Далоў Луку!”. Паўсюднае вылучэнне ў камісіі. Стрымы на тысячы гледачоў па ўсёй Беларусі. Могуць затрымаць і даць штраф? Пасадзіць на суткі? А ведаеце, свабоду так проста не даюць. Яе здабываюць. Чыталі Купалу? “Кроўю, потам – ня быць скотам!”

Будуць масавыя рэпрэсіі? Тады - масавы байкот.

Пішуць: “Масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў пасля абвяшчэння “выбараў” – гэта фантазіі. Нічога ня будзе.”

Па веры вашай будзе вам. Напісаў Паша пост, што трэба выйсьці на вуліцы і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў – сто сабраліся выйсьці. Напісаў Саша, што ўсё гэта лухта, фантазіі і ніхто ня выйдзе – дваццаць са ста падумалі і засталіся дома глядзець стрым. Так гэта працуе. Таму, калі можаш – дапамагай і станавіся побач. Ня можаш – не перашкаджай.

Паўтаруся, у снежні таксама ніхто ня верыў, што людзі выйдуць за незалежнасць. Выйшлі.

Пішуць: “Ну здымуць Ярмошыну, і што? Ну, будзе ўдзельнічаць Лука, і што?”

Сябры, а вы спрабавалі некалькі месяцаў будзіць народ пад гэтымі лозунгамі – па ўсёй Беларусі? Хадзіць ад дзьверы да дзьверы? Пераконваць, запальваць? Спрабавалі ў маштабах Беларусі размаўляць вочы ў вочы з тысячамі фальсіфікатараў, якія жывуць сярод вас? Прапаноўвалі ім адмовіцца, ды хаця б “захварэць”? Падчас народнага галасавання мы гэта пачнем.

Калі народу гэта сапраўды ня трэба – усё будзе марным. Але калі НАРОД падымецца – ніхто яго не пераможа.

Пішуць, трэба спакойна весці ціхую стваральную працу і чакаць, пакуль рэжым сам дасць дуба.

Ага. Дасць дуба гэты, прыдзе іншы. Альбо Масква. А народ праплыве міма. Стваральную працу трэба весці, я сам кнігі пішу, выдаю і тысячамі па краіне развожу. Але прыходзіць час, калі трэба на вуліцу выйсці, каб зразумець, наколькі змяніліся людзі за гады тваёй стваральнай працы. Можа быць, ужо пара.

Пішуць: “Ну-ну, на плошчы крычаць – гэта не перамовы пра нафту весці. А вось ці зможаш сесці за стол з Пуціным і не спасаваць?”

За дваццаць пяць гадоў у мяне бывалі і васьмігадзінныя допыты ў КГБ, і начныя маўчанні перад следчымі, і вывазы ў лес з пагрозамі закапаць. Так што ў вочы бандытам я глядзець умею. І сказаць кагэбэшніку Пуціну “Не” альбо паставіць яму умовы, паверце, змагу.

Калі мы будзем разам, адзіным народам, у адным духу – нас будзе не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

ПЛАН "А" - АДЗІНЫ, ПЛАН "Б" – БАЙКОТ 31.01.2020


Партыйная дэмакратычная апазіцыя нарэшце аб'ядналася - каб правесці народнае галасаванне і вылучыць адзінага лідэра. АГП, ПБНФ, БСДП, Рух за Свабоду, БХД ды іншыя - разам.

Аб'яднанне - гэта вельмі добра.
Упершыню за 25 гадоў у Беларусі пройдуць народныя свабодныя выбары, дзе лічыць галасы будзе не мадам Ярмо, а вы самі.
Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь зможа прагаласаваць.
Сіла дэмакратыі - у вольных выбарах. Каб набраць гэтую сілу, мы два з паловай месяцы будзем езьдзіць па Беларусі (пад 80 гарадоў), зладзім народнае галасаванне ў інтэрнэце і правядзем супольны Кангрэс.
Выбраны лідэр можа стаць лідэрам удзелу, пратэстаў ці байкоту - гэта вырашыцца бліжэй да кампаніі.
Мы ідзем не на спектакль, які рыхтуе сістэма. Мы ідзем ламаць сцэнар рэжыму.
І чым больш шматлюднымі будуць нашыя праймерыз - тым больш людзей выйдзе на пратэсты.
Калі Адзінага не рэгіструюць, калі будуць рэпрэсіі - прадугледжаны актыўны байкот аж да нацыянальнай забастоўкі.
Такім чынам, план "А" - Адзіны, план "Б" - Байкот.
Надзея не на Еўропу, не на Расею, і не на "гранты". Захад зараз - партнёр Лукашэнкі. Ніякага знешняга фінансавання гэтай кампаніі няма. Беларуская палітыка павінна рабіцца за беларускія грошы.
Працэдура няпростая, але мы пайшлі на яе, каб падраўняць шанцы прэтэндэнтаў - каб усе, хто мог, падпісаліся.

Пастараюся больш выразна патлумачыць, чаму мы ідзем такім шляхам.
Першае.
Выбраць народным галасаваннем у сакавіку-траўні адзінага лідэра апазіцыі - на 26 годзе дыктатуры, у крытычны момант, пад пагрозай расейскага штурму - неабходная ўмова далейшых дзеянняў.
Лукашэнка, Расея, Захад маюць рычагі і інстытуты, каб уплываць на лёс Беларусі. Беларускі народ ня мае. Апазіцыя раздробленая, у жалю вартым стане.
Народнае галасаванне здольнае даць адзінства і сілу. Адчуванне еднасці. Натхненне.

У гэтым сіла дэмакратыі: той, хто удзельнічае ў рашэнні, бярэ на сябе адказнасць і пачынае рабіць. Таму аб'езд 80 гарадоў з галасаваннем і інтэрнэт на працягу двух з паловай месяцаў - гэта нарошчванне сілы. Сёння Слонім прагаласаваў так. Заўтра Маладзечна гэтак. А ты чуў, што апазіцыя сказала ў Гомелі?
Вось чаму гэта не кулуарная дамова (якая правалілася ў 2010 і 2015). Трэба, каб вырашаў народ - бо менавіта ён можа скінуць ярмо і абараніць незалежнасць.
Другое.
Уявіце, што ў траўні, пасьля маніпуляцыяў Пуціна, пачынаецца форс-мажор. Расея, нафта, газ, сацыяльныя пратэсты, у Лукашэнкі здае здароўе альбо Масква ўжывае свае спецслужбы ды салсберэцкія шпілі. Першы, хто скарыстаецца – канечне, Крэмль. Пакуль апазіцыя - дзясятак гаварашчых галоваў, кожная са сваёй адзінай праўдай, дае проста узаемавыключны інфармацыйны шум.
Патрэбны адзіны, альбо прынамсі больш гучны голас. Кампанія дае такую магчымасьць.
Трэцяе.
Кампанія Адзінага ў 2020 - гэта не паўтор папярэдніх. ТРЭБА ЛАМАЦЬ СІСТЭМУ ФАЛЬСІФІКАЦЫЯЎ - і не 30 жніўня, не на Плошчы. Гэта ўжо будзе позна. Ламаць яе трэба загадзя, пачынаць на народным галасаванні увесну. Першае патрабаванне - адстаўка Ярмошынай. Масавы ціск. Атрымліваць пасведчанне кандыдата з рук чалавека, які сфальшаваў усё, што магчыма? Мой адказ - не.
Наступнае патрабаванне народа - няўдзел Лукашэнкі.

Ня мае права. 26 гадоў - і хопіць. Сам казаў: калі людзі запатрабуюць - не пайду. Людзі, давайце патрабаваць! І не толькі ў фэйсбуку! Паўсюль! Лозунг "Няўдзел!" - гэта пра няўдзел Лукашэнкі!
Патэнцыял кампаніі - мільёны беларусаў.
Скажаце, дык хто ж вам дасць... А свабоду не даюць. Яе бяруць. За яе змагаюцца. І не грызней міжсобку, ныццём ці паклёпамі. Разам і дружна.
Таму не задавайце пытанняў - што будзе на "прэзідэнцкіх выбарах". Выбараў няма. Каб яны былі, і каб 30-га лічылі галасы, нам з вамі трэба будзе падняць людзей, пачынаючы з народнага галасавання ўвесну. Ня ўдасца - ня будзе ніякага плану "А".
Рэпрэсіі? Нерэгістрацыя Адзінага?
Тады толькі план "Б".
І вось што, сябры мае, найперш прыхільнікі байкоту ды нацыянальнай забастоўкі. Для таго, каб такія сцэнары мелі хоць нейкія шанцы, трэба з'яднацца і набраць сілу ў народным галасаванні па Беларусі.
Не пытайся, што зробяць "гэтыя". Спытай сябе - што зробіш ты.
У мяне розныя ўзаемаадносіны з лідэрамі дэмпартыяў. Там розныя людзі. Але яны змаглі дамовіцца, у адрозьненні ад кандыдатаў 2010 і 2015. Нам, беларусам, пара вучыцца са слабасці атрымліваць моц, пераступаючы праз сябе. Гэта хрысціянская навука.
І гэта навука перамогі.
Далучайся - і будзем разам.
Верым, можам, пераможам!

Страницы: 1 2 3 4 5 ... 25 След.
Читать другие новости

Павел Севярынец

Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.