Фальсіфікацыі выбараў пачынаюцца на ніжэйшым узроўні, а большасць сябраў участковых камісій складаюць менавіта настаўнікі. Вельмі часта іх кіраўнікамі з’яўляюцца альбо дырэктары, альбо завучы школаў. За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі адбылося маральнае знішчэнне і руйнаванне беларускага настаўніцтва. Людзі, якія павінныя вучыць дзяцей праўдзе і справядлівасці, самі вымушаныя ўдзельнічаць у найвялікшым падмане – фальсіфікацыі выбараў.
Зварот да настаўнікаў сведчыць пра тое, што ўлада ведае пра нізкі ўзровень падтрымкі. З’яўленне новых палітвязняў, руйнаванне рэшткаў незалежнай сацыялогіі (атакі на сетку Манаева), а зараз -- заігрыванне з настаўнікамі – усё гэта сведчыць пра разуменне ўладай крытычна нізкага ўзроўню падтрымкі. І як рэакцыя -- істэрычная спроба задзейнічаць старыя механізмы кіравання краінай: запалохванне, рэпрэсіі і подкуп.
Выказванні Лукашэнкі пра настаўнікаў можна трактаваць як спробу падкупіць і залагодзіць асноўны склад участковых камісій.