Успаміны пра Чалавека. Памяці Алеся Чаркашына.



Сёння ў Брэсце – развітваюцца з загінулым у Данбасе добраахвотнікам з Беларусі Алесем Чаркашыным.   Алесь  - памёр  ад раненняў, атрыманых у баі пад Старагнатовкой на ўсходзе Украіны.  


 Зараз  і пасля пахавання пра Алеся Чаркашына будуць казаць шмат добрых словаў усе, хто яго ведаў.

Напэўна, не праміне закляйміць «радыкалам і баевіком» афіцыйная прапаганда…

Пры жыцці ж за Алеся больш яскрава за словы сяброў сведчылі яго справы. Лічу вартым ўзгадаць зараз адзін з момантаў жыцця і змагання Алеся - Плошчу 2010 году.

Алесь быў адным з некалькіх сябраў дружыны, што заставаліся да апошняга на Плошчы, ахоўваючы гукаўзмацняльную апаратуру. Дзякуючы яму, нават калі войскі і спецслужбы пачалі зачыстку, мікрафон яшчэ працаваў, і да апошняга магчыма было звяртацца да мітынгуючых. З трыбуны было добра відаць, што адбываецца ўнізе. І тыя некалькі чалавек, што сталі на вузкіх прыступках да трыбуны на шляху АМАПУ, рыхтаваліся да смерці, але стаялі... Сярод іх быў Алесь.

Падчас правакацый з біццём шкла ў Доме ўраду мы з Алесям таксама былі поруч. Пачаўся «штурм» (насамрэч, некалікі дзесяткаў чалавек білі шкло і металічныя дзьвярныя рамы). Дзеля тых, хто адважваўся падысці да самых дзьвярэй было відаць, што за барыкадамі з шафаў стаяць шыхты экіпіраваных спецвойскаў. Складана было прыняць рашэнне, якім чынам гэта спыняць, бо было не ясна, як адрэагуе натоўп, у тым ліку і звычайныя дэманстраны, уцягнутыя ў правакацыю.

Побач са мною, разам з некалькімі сябрамі каманды, ў той момант быў Алесь Чаркашын... Пазней мы часта ўзгадвалі гэты эпізод, бо атрымаўся амаль біблейскі сюжэт: з аднаго боку ад мяне чуўся настойлівы апантаны лямант былога сябра БХД, «пастыра-штурмавіка» з Навагрудку: «Віталь, ну давай, камандуй! На штурм! Ты же кандідат! Народ ждет команды!». З другога боку, поруч са мной стаяў Алесь Чаркашын, каторы спакойна казаў: «Трэба гэта спыняць, мы ж хрысціяне…» Як быццам бы два анёлы – цёмны і Божы, - раілі супрацьлеглыя рэчы…

І мы з Алесям пайшлі ў натоўп, прабіліся да дзьвярэй, сталі спыняць «штурм». Надзіва, людзі рэагавалі спакойна. Біцце шкла спынілася, ад дзьвярэй сталі адыходзіць. Толькі пасля гэтага на Плошчы з’явіліся спецвойскі. Відаць, іх кіраўніцтва пабычыла, што «штурм» не ўдаўся і аддало загад на брутальны разгон і збіццё людзей…

Пасля гэтага «герой-штурмавік» на судах сведчыў супраць маладафронтаўцаў, прызнаўшыся, што прыцягнуў на Плошчу кувалду і іншыя рэчы. Пазней, выключаны з БХД, ён далучыўся да іншай апазіцыйнай структуры…

Алесь Чаркашын без залішняга пафасу і псеўда-гераізму ціха паехаў ваяваць. На чужой зямлі, але за свае перакананні, за нашу і вашу свабоду .

Алесь Чаркашын не быў радыкалам – ён быў веруючым хрысціянінам. Алесь ніколі не быў і не імкнуўся быць папулярным псэўда-героям, - ён быў шчырым, мужным Чалавекам. Стаў сапраўдным Героям для дзьвух народаў.

Вечная памяць Алесю!


Пачатак жалобнай цырымоніі - у 12:00 у двары дома №37 па вуліцы 28 ліпеня. У 14:00 пройдзе пахаванне Алеся Чаркашына на могілках вёскі Камяніца-Жыровіцкая (населены пункт размешчаны ў 3 кіламетрах у паўднёвым напрамку ад горада.

03.09.15 10:19

Віталь Рымашэўскі