АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Референдум Белгазпромбанк Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис
Што рабіць – і хто будзе вінаваты?

Што рабіць – і хто будзе вінаваты?

Пасланне Лукашэнкі парламенту і народу – гэта выступ не кіраўніка краіны, а спсіхаванага са страху дыктатара. Нездарма апошнімі днямі ён забінтаваны катэтар на руцэ насіў. На кропельніцах жыве.

Каб нармальна жыць, яму трэба супакоіцца. А каб супакоіцца, трэба сыйсці з працы. Яна вельмі нервовая, яму ўжо не па здароўі.

Зрэшты, не ён адзін хворы. Калі ён у каторы раз заявіў: “Страну (што значыць уладу) я вам не отдам, патаму что любимых не отдают”, – і рэзка сышоў са сцэны, а дзве з паловай тысячы чалавек дзве з паловай хвіліны пляскалі пустой трыбуне, я падумаў, што ўзровень нашай псіхіятрычнай медыцыны не на належным узроўні. І што трэба пашыраць стацыянарную базу. Ва ўсякім разе ў сталіцы, у Мінску аднаго псіхіятрычнага дыспансера не дастаткова.

Калі ж больш сур’ёзна (што і трэба зрабіць) аднесціся да гэтага выступу, дык самы эмацыйны і самы агрэсіўны ва ўсім ім пасыл: “Не путайтесь под ногамі, дайте спасти страну!” – азначае, што з гэтым чалавекам мы маем праблему значна большую за ягоны страх: ён усур’ёз падсеў на сваё месіянства. На ролю выратавальніка краіны. Гэткія “месіянеры” вельмі небяспечныя, таму трэба думаць, як ад яго ратавацца.

Відавочна, што ён саманакручаны, і гатовы на ўсё. Нават на кроў, якой яму, каб адчуць сябе сапраўдным “месіянерам” кшталту гітлера-сталіна, якраз, можа быць, і не хапае. Гэта ўжо не Лукашэнка часоў, калі стралялі па машыне Віктара Ганчара, і ён тэлефанаваў ягонай жонцы: “Зіна, гэта не я”. Цяпер ён нікому не патэлефануе, нікога не пашкадуе, нікому не даруе. Ні жанчынам, якія ўзнялі ў краіне пратэстную хвалю, ні тым, хто прыходзіў на мітынгі, ні тым, хто на іх выступаў, граў і спяваў, хто пра іх пісаў, хто заклікаў правесці сумленныя выбары, – не даруе нікому. Бо змагаецца не проста за ўладу – за жыццё. Таму любога і кожнага “закатает под асфальт”, як сказала адна з “трох грацый”, па-мойму, Марыя Калеснікава, даволі дакладна вызначыўшы магчымы фінал сёлетняй выбарчай кампаніі.

Пасля правалу выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл усё гэта не цяжка было прадбачыць. Таму я і заклікаў кандыдатаў у прэзідэнты зняцца, пакінуць дыктатара на ягоных “выбарах” аднаго. Ізаляваць яго, як каранавіруснага, небяспечнага для 9 з паловай мільёнаў беларусаў. Гэта мог быць моцны крок, такіх удараў, як сведчыць сусветны досвед, персанілізаваныя аўтарытарныя рэжымы ці адразу не вытрымліваюць, ці трымаюцца пасля іх нядоўга. Перагаварыў пра гэта з Дзмітрыевым (з якім не размаўляў з 2015 года, але тут настолькі важная рэч, што нельга было не паспрабаваць), з прадстаўніком штаба Чэрачня, яшчэ з некім… І з усімі без толку, бо ў кожнага свой інтарэс.

Нічога не даў і публічны зварот. Дык што цяпер рабіць?

Вызваліцца ад рэжыму, супрацьстаяць гвалту, які можа ўчыніць ён у дзень галасавання і пасля яго, што прывядзе да найцяжкіх наступстваў, да трагедыі Беларусі, можна толькі ў адзін спосаб: выйсці на мірны пратэст усім, колькі нас ёсць. І калі нас будзе мора – ні АМАП, ні спецназ блізка не падыйдуць, каб іх не змыла хваляй. 200-300 тысяч народу, не кажучы ўжо пра мільён, ніхто не асмеліцца нават пальцам крануць. І рэжым скончыцца.

Але гэты пратэстны мільён трэба арганізаваць. Рэжым дэманстратыўна рыхтуецца да сілавога падаўлення пратэсту, і ў такой сітуацыі нельга спадявацца на самарганізацыю народа – неабходны заклік ад тых, каго народ падтрымлівае. А як я магу, ці нехта яшчэ можа патрабаваць такога закліку ад жанчыны, у якой закладнікам не толькі муж у турме, але і сама яна праз тое закладніца?

Ніяк.

Тупік. Зайсці зайшлі, а выхад, падумалі, як-небудзь сам знойдзецца.

У лабірынтных варунках выхад не знаходзіцца сам.

Гэта не азначае, што выхаду няма. Часу ў абрэз, але яшчэ яго дастаткова, каб сёння-заўтра дамовіцца і, растлумачыўшы народу ўсё, як ёсць, што “выбары” ператварыліся ў спецаперацыю па ліквідацыі беларускага дэмакратычнага руху, зняцца. Інакш …

Інакш, як даўным-даўно папярэджваў Фрацішак Багушэвіч, кепска можа быць.

Гэта да таго, што рабіць? А што да таго, хто будзе вінаваты, дык для мяне – не “тры грацыі”. Найперш не Ціханоўская, якая прыняла рашэнне стаць на месца мужа, а рэжым, які яе мужа кінуў у турму. І яшчэ тыя здраднікі і сексоты з тытульнай апазіцыі, якія на выбарах адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл завалілі і Паўла Севярынца, і самі выбары. А пасля закруціліся вакол аб’яднанага штаба Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы, каб ператварыць выбарчую кампанію проста ў шоў, у падтанцоўку дыктатуры.

І яшчэ… Нехта ўпарта будзе даводзіць, што дыктатуру можна перамагчы на “выбарах”, скарыстаўшыся найноўшымі айцішнымі тэхналогіямі. Вы што ж, мяркуеце, у рэжыма няма ІТ-тэхнолагаў? Ды Лукашэнкі імі ўвесь час пахваляецца, але рыхтуе ён сілу. А супраць сілы можа паўстаць і выстаяць толькі сіла. І няма сілы большай за народную.

Сюжэт гэтых выбараў – для бестсэлера. І я ўжо пачаў паціху гэты сюжэт пісаць. Але літарутура – адно, жыццё – іншае. І калі тое, куды павярнуць сюжэт, я ведаю, дык тое, куды паверне жыццё, не. Відавочна хіба адно: фінал выбараў 2015 года фіналам выбараў года 2020-га не стане. Надта перагрэўся рэжым, перагрэлася грамадства, каб самім па сабе астыць.

Усё будзе, як будзе. Але ў любым выпадку я непарушна веру ў тое, што будзе жыць Беларусь. Калі мы будзем жыць не толькі дзеля сябе, але і дзеля яе.

07.08.20 8:38
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Уладзiмiр Някляеў