АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Запрет полетов TUT.by Политзаключенные Санкции Репрессии Конституционная реформа
ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСАЛІМУ

ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСАЛІМУ

Адно з самых пакутлівых, балючых адчуванняў – гэта адчуванне бяссілля перад грубай дзяржаўнай сілай, якая забівае, катуе, знявольвае, для якой няма ніякіх законаў – і ты нічога не можаш зрабіць, каб зратаваць тых, каго яна знявольвае, катуе, забівае. Тым людзям, якіх яна знішчыла, ты ўжо нічым не дапаможаш, і шукаючы магчымасць дапамагчы жывым, ты крычыш пра насілле, пра жахлівую несправядлівасць, пішаш лісты зняволеным, чым можаш і як можаш падтрымліваеш іх родных, але ў кожным выпадку разумееш, як гэтага мала, і балючае адчуванне бяссілля не пакідае цябе…

З такім адчуваннем у дні закрытага суда над пісьменнікам Паўлам Севярынцам пачаў я чытаць ягоны раман «Беларусалім». Падумаў: ну хоць так, калі не магу інакш, калі нават да залы суда не дапускаюць, падтрымаю яго… Можа, ён гэта адчуе, бо ёсць, і я пра тое ведаю, паміж аўтарам, творам і чытачом таемная сувязь…

Сканчаў я чытанне з іншым адчуваннем. «Беларусалім» дае сілы. Нездарма аўтар выказаўся пра яго як пра кнігу жыцця.

Не буду займацца літаратуразнаўчым аналізам рамана, гэтым ужо займаліся – і водгукаў на яго, самых розных, ад узнёслых да зняважлівых, дастаткова. Адзначу толькі тое, што з майго гледзішча найістотнае.

У беларускай літаратуры, прозе і паэзіі, нямала твораў пра беларусаў як пра народ, які толькі фармуецца, стаіць яшчэ недзе каля сваіх вытокаў, і ў гэтым сэнсе сюжэт рамана (пры ўсёй ягонай вынаходлівасці) не выглядаў бы надта арыгінальным, калі б не погляд аўтара на беларусаў не столькі як на народ, нацыю, то бок на з'явы, якія ва ўсім свеце не такія гістарычна далёкія, а глыбей: як на сям'ю. Няхай не адзінакроўную, але ментальна, духоўна адзіную сям'ю, якая дзе б яна ні жыла, у Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыя ці ў Савецкім Саюзе, заўсёды была ў Беларусаліме. І думаючы пра гэта, я згадваў сям'ю Паўла, ягонага бацьку, паэта Кастуся Севярынца, ягоную маці, верніцу, настаўніцу, апантаную пошукамі справядлівасці і праўды спадарыню Таццяну, ягоных сёстраў, адна з якіх, Ганна, таксама настаўніца і таленавітая пісьменніца, і для мяне было відавочна, што менавіта з адчування бацькоўскай сям'і ўзнікла жаданне аўтара «Беларусаліма» бачыць, мець як адзіную сям'ю ўсіх беларусаў. Жаданне гэтае стала як бы прадбачаннем, у нечым яно спраўдзілася, калі беларусы паўсталі адной сям'ёй супраць тых, хто ў сям'і вырадак, у кім няма ні крыві, ні духу Беларусаліма.

Сама назва рамана – геніяльная. Лепшай, бадай, не знайсці ва ўсёй беларускай літаратуры ад яе пачатку і да сёння. Яна – глыбокая метафара. Такую назву нельга прыдумаць, яе можна ўбачыць хіба толькі напісанай на небе ў момант азарэння. Тут сплеценая ў адным слове ў адзін вузел уся сусветная гісторыя, неад'емнай часткай якой ёсць Беларусь.

«Беларусалім» – гэта не «Людзі на балоце». І глыбінная розніца не адно ў назве. Пра раман Мележа ў энцыклапедыі сказана, што ў ім «апісана жыццё беларускага насельніцтва». У рамане Севярынца апісана жыццё беларусаў.

Падабенства гэтых твораў хіба ў тым, што Севярынец прытрымліваецца формы, стылістыкі класічнага рамана. У яго даволі шмат адступленняў ад сюжэта, аўтарскіх разваг – і яго папікаюць гэтым: маўляў, так даўно не пішуць.

Ну, сапраўды, так, як Мележ, даўно не пішуць. А яшчэ даўней не пішуць так, як Дастаеўскі. У ягоным найзнакамітым рамане толькі тое і адбываецца, што студэнт забівае бабулю, а ўсё астатняе – аўтарскія развагі. Пра мараль, пра сумленне, пра Бога, дабро і зло…

Шмат хто папракае Севярынца ў бескампраміснасці ягоных разваг. У іх, маўляў, толькі чорнае і белае – без ніякіх колераў пераходу. Без паўтаноў. Дык мы апошнія чвэрць стагоддзя крочылі па пераходах, афарбаваныз паўтанамі. І да чаго прыйшлі?..

Да белага і чорнага.

Абсалютнае зло ўвасабляецца ў рамане ў чорным квадраце. У «перамозе над сонцам», як тлумачыў ідэю свайго «Чорнага квадрату» Казімір Малевіч (у якога, дарэчы, як і ў Дастаеўскага, беларускія карані). І сілы абсалютнага зла, увасобленыя ў чорным квадраце (у Севярынца гэта карпарацыя), актыўна спрабуюць ашчаслівіць беларусаў і ўсё чалавецтва – вось яшчэ адна моцная, разгорнутая метафара рамана «Беларусалім».

«Пісьменніцтва – маё пакліканне, палітыка – абавязак», – кажа пра сябе Севярынец. І мяне здзіўляе колькасць ахвочых адмовіць яму ў ягоным пакліканні. А вось у абавязку – не. Змагайся, Павел! Выходзь на Плошчу пад дручкі АМАПа, цягай бярвенні на «хіміі», сядзі ў турме… Пра гэта, між іншым, я размаўляў з ім, калі ён сядзеў на «хіміі» ў Малым Сітна, дзе напісаў кнігу «Лісты з лесу» (прызнаную найлепшай беларускай кнігай 2007 года). «Нічога, – сказаў ён мне. – Ператрываю».

Сілы абсалютнага зла (карпарацыі чорнага квадрату) судзяць сёння пісьменніка Паўла Севярынца. У каторы раз… А што яны рабілі, пакуль Севярынец пісаў свае пранізлівыя «Лісты з лесу», кнігі «Люблю Беларусь», «Беларуская глыбіня», «Беларусалім»? Яны ў гэты час знішчалі ў Беларусі ўсё беларускае, кралі, гулялі, цягалі па лазнях дзевак і казалі нам, што «куюць беларусам шчасце». Толькі шчасце яны кавалі сваё, не наша. Такое, якім яны шчаслівяцца, прымаючы законы, што дазваляюць ім не толькі здзек і гвалт чыніць над людзьмі, якія ідуць з чырвонымі і белымі кветкамі, але і беспакарана страляць у кожнага, хто замінае ім быць шчаслівымі на крыві і болю народа.

У «Беларусаліме» ёсць прадбачанне «шчасця дыктатуры». Прадказанне ўлады чорных сіл, якім праз усё сваё жыццё супрастаіць Павел Севярынец не толькі па пакліканні, як пісьменнік, але і па абавязку, як адданы сын Айчыны. Супрацьстаіць бескампрамісна, самаахвярна, апантаны нацыянальнай ідэяй.

Што гэта за ідэя? Гэта Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Такая ідэя не можа быць ідэяй чорных, д'яблавых сіл – і тут няма месца кампрамісу. Таму і чыняцца над Паўлам суд за судом… Гэтаксама як над Мікалаем Статкевічам, Зьміцерам Дашкевічам, апантанымі Беларуссю. Як над усімі тымі, каго судзяць разам з Паўлам.

Што мог бы сказаць пісьменнік Павел Севярынец на судзе? Ён мог бы сказаць: «Я мару пра Беларусь як вольную краіну, аддадзеную Богу. Для мяне гэта азначае свабоду ў самым высокім яе разуменні». Але хто гэта ў тым чорным судзе пачуе, зразумее?.. З уласнага досведу ведаю, што ніхто. Таму пісьменнік Севярынец на працягу ўсяго суда маўчыць. «Я ўсё сказаў у сваіх творах».

Варта прачытаць тое, што ён сказаў. Зрабіць разам з ім крок да Беларусаліму.

24.05.21 20:36
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Уладзiмiр Някляеў