ВЫБАР

ВЫБАР

Уладзімір Някляеў: “Зяленскі сёння прыблізны ў той ролі, у якой некалі быў Лукашэнка…»


"Народная Воля", 29.03.2019

31 красавіка – празідэнцкія выбары ва Украіне. Прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта дзесяткі, але асноўныя – дзейны кіраўнік краіны Петр Парашэнка, старшыня партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка і папулярны акцёр Уладзімір Зяленскі. Паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў, лідарам прэзідэнцкай гонкі з'яўляецца не палітык, а чалавек мастацтва. Чаму ён? У каго ўсё ж найбольшыя шансы заняць прэзідэнцкае крэсла? Што адбываецца ва ўкраінскім доме?

На гэтыя пытанні адказвае дзеяч беларускага мастацтва паэт Уладзімір Някляеў, які ў свой час нечакана для ўсіх стаў палітыкам, і які цесна звязаны з Украінай.

– Украіна выбірае шостага ў сваёй найноўшай гісторыі прэзідэнта. Вось што найперш там адбываецца. Былі Краўчук, Кучма, Юшчанка, Януковіч. Ёсць Парашэнка. Вядома, важна: хто будзе? Ды важней тое, што няхай з усімі недахопамі станаўлення, але там працуе дэмакратычная сістэма выбараў. Ёсць дынаміка, рух, развіццё. Украіна ў сваім развіцці дасягнула таго стану, пры якім кіраўнік дзяржавы (хто б ім ні стаў) не зможа выйсці за рамкі чаканняў грамадства.

Украіна яшчэ да гэтых прэзідэнцкіх выбараў зрабіла гістарычны ВЫБАР, пасля якога ніхто не здолее, калі нават моцна захоча, звярнуць яе са шляху да незалежнасці, свабоды, дэмакратыі. Нікому ўжо не змяніць нацыянальныя прыярытэты на іншыя. Крок убок – і вынесуць з кабінета, ёсць для гэтага нацыянальныя сілы. Таму мне здаюцца перабольшанымі страхі маіх украінскіх сябраў перад магчымым прыходам на вяршыню ўлады Цімашэнкі ці Зяленскага, якія падазраюцца ў прарасійскасці. І ёй, і яму трэба будзе ад падазрэнняў гэтых ачышчацца, і калі хтосьці з іх раптам выйграе, дык будзе ўсё рабіць, каб давесці, што яна ці ён большыя ўкраінцы, чым Тарас Шаўчэнка разам з Лесяй Украінкай.

– Вы зусім нядаўна былі ў Кіеве, дзе варыцца ўкраінская палітыка. Як вам здалося: хто можа перамагчы? Ці прадказвае лідарства Ўладзіміра Зяленскага ягоную перамогу?

– Украінская палітыка, у адрозненне ад палітыкі беларускай, варыцца не толькі ў сталіцы. Ва Украіне як мінімум пяць моцных кропак палітычнага ўплыву. Падабенства з Беларуссю хіба ў тым, што адна з гэтых кропак – і далёка не самая слабая – у Маскве.

А перамагчы можа хто заўгодна. У тым ліку Зяленскі. І не толькі таму, што ён папулярны, што каманда ягоная скарыстоўвае эфектыўныя паліттэхналогіі. Зяленскі зараз прыблізны ў той ролі (не як акцёр, а як палітык), у якой быў у свой час Лукашэнка. Тыя, хто Зяленскага падтрымлівае, будуць галасаваць не столькі за яго, колькі супраць улады, супраць нізкага ўзроўню жыцця, супраць карупцыі – і гэта можа стаць вырашальным фактарам. Але не ў першым туры, бо падтрымка Зяленскага пераважна віртуальная: гэта падтрымка моладзі ў інтэрнэце. А я на ўласным досведзе ведаю, што гэта такое. Гэта ў інтэрнэце, седячы за кампутарамі на канапах, яны гатовыя дружна цябе падтрымаць. А на Плошчы (у дадзеным выпадку на выбарчых участках) іх няма і паловы.

– Аляксандр Лукашэнка, у колішняй ролі якога бачыцца вам сёння Уладзімір Зяленскі, выказаў меркаванне, што перамога ў выбарах ўсё ж будзе на баку дзейнага прэзідэнта. А за каго на гэтых выбарах прагаласуюць вашы сябры? Каго падтрымлівае ўкраінская творчая інтэлігенцыя?

– Ну, Аляксандру Рыгоравічу, пэўна, хацелася б, каб ва ўсіх краінах выбіралі толькі дзейных прэзідэнтаў. Але так бывае не паўсюль і не заўсёды.

У краінах са сталай дэмакратыяй, з развітым грамадствам выбарцы галасуюць не за КАГО (хоць асоба кандыдата, зразумела, таксама ўплывае на іх рашэнне), а за ШТО? Напрыклад, Трамп у Злучаных Штатах выйграў не таму, што быў на выбарах найлепшым акцёрам, а таму што прапанаваў амерыканцам найлепшую праграму развіцця, паставіўшы нацыянальную, унутраную палітыку паперадзе знешняй.

Паперадзе ўсялякага дзеяння мусіць быць думка пра тое, да чаго яно прывядзе? «Мяркуй, калі кладзеш стралу на лук. А не тады, як выпускаеш з рук»,– сфармуляваў некалі гэты прынцып Саадзі. Выпусціў – думаць позна.

На жаль, ва Украіне (як і ў Беларусі) пытанне «за ШТО?» – на другім плане. Бо «за ШТО?» – гэта будучыня, а большасць жыве сённяшнім днём.

Але не ўсе. Паставіўшы пытанне «За ШТО?» – Саюз пісьменнікаў Украіны прыняў адозву ў падтрымку Пятра Парашэнкі. Амаль палова найвыбітных украінскіх літаратараў, празаікаў і паэтаў, якія падпісалі адозву, мае сябры. Людзі, выбару якіх я не магу не давяраць. Так што пажаданні Аляксандра Лукашэнкі супадаюць з іх пажаданнямі, а значыць, у дадзеным выпадку і з маімі.

Мы ўвогуле, можна сказаць, хочам як бы аднаго і таго ж, толькі па-рознаму. І ў гэтай рознасці, а не ў тым, чаго хочам, праблема.

Між іншым, нават падпісанне згаданай пісьменніцкай адозвы не прайшло гладка, што дадаткова сведчыць пра складанасць, напружанасць перадвыбарная сітуацыя ва Украіне. Вядомы ўкраінскі літаратар, колішні старшыня Саюза пісьменнікаў Юрый Мушкецік вечарам падпісаў адозву, а ранкам адазваў подпіс.

Процьма такіх нечаканак чакае яшчэ Украіну, але вяртання яе ў прастору імперскага мыслення, у сённяшні «рускі свет», які не прызнае ніякіх іншых светаў, не дачакаецца ўжо ніхто. І зусім не праз гістарычна-прыкры, як даводзяць расійскія прапагандысты, выпадак – развал СССР, а праз ВЫБАР Украіны. Праз волю ўкраінскага народа.

31.03.19 14:31