МАЙДАН
Сёння ⎯ гадавіна Майдану.
Што адбылося на Майдане?.. Народ скінуў уладу, каб займець свабоду.
Што з гэтага выйшла ⎯ іншая рэч.
Чаму так выйшла?.. Бо ўлада і свабода могуць суіснаваць толькі ў тым выпадку, калі абмежаваная адна і абмежаваная другая.
Хто толькі і што толькі пра свабоду і ўладу ні пісаў, ні казаў... Мне запомнілася тое, што сказаў Карл Людвіг Бэрнэ.
Пра ўладу: “Тайна ўлады ў тым, каб ведаць: іншыя яшчэ болей баязлівыя, чым мы”.
Пра свабоду: “Быць свабодным ⎯ гэта нішто; стаць свабодным ⎯ гэта ўсё”.
Калі ты нарадзіўся ў гета (а Бэрнэ не толькі нарадзіўся ў гета ў Франкфурце, але і памёр у гета ў Парыжы), дык, кажучы гэтак пра свабоду, ты, мусібыць, ведаеш, што і пра што кажаш.
А большасць проста не ведае... Можна сто, тысячу разоў паўтарыць: “Свабода! Свабода! Свабода!” ⎯ і нават не ўяўляць, што гэта такое.
Свабода ⎯ не паняцце, як бы ўдала ні было яно сфармуляванае. Свабода ⎯ адчуванне. І я назаўсёды буду ўдзячны Майдану за тое, што адчуў яе, свабоду. І цяпер ведаю, што яна сапраўды ёсць.