АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Выборы-2019 Изменение Конституции Европейские игры в Минске Куропаты Беларусь-Россия Убийство Павла Шеремета

Ня бойся! альбо Памяць пад канвоем 24.08.2014 18

Рабочы назоў: Аповяд пра зялёных, чорных, шэрых, блакітных, плямістых і іншых калярацкіх чалавечкоў ці Прыгоды беларусоў у Расеі

Традыцыйнае наведваньне мэмарыяла "Катынь" на Смаленшчыне ў Эўропейскі дзень памяці ахвяр сталінізму й нацызму (23 жніўня) адпачатку абяцала быць вельмі цікавай.

пастухі
Яшчэ аўтобус не пад'ехаў, як вакол месца збору паломнікоў у Менску пачала віцца, як восы вакол мёду, пара дзясяткоў прадстаўнікоў мясцовай сігуранцы, пераапранутых у цывільную вопратку. Некаторыя нават падыходзілі паслухаць, пра што мы гаворым, і паздымаць пра нас кіно. Давялося праверыць у іх дакуманты, каб упэўніцца, што яны тыя, пра каго мы й думалі, бо некаторыя зь іх мелі ужо занадта брава-гопніцкі выгляд. Падобную ўвагу ўлады мы адчулі ўпершыню. Такое адчуваньне, што ў "товарищей" няма іншага клопату, як толькі праваджаць нас ды сустракаць. Прычым сігуранцы, без дазволу здымаючы нас, здымаць іх самех чамусьці забаранялі, а фота прымушалі выдаляць. Але зараз у нас ужо фатаграфаваць умеюць усе. Гэныя фота - толькі невялічкая частка фотамасыву, назьбіранага за паўгадзіны збораў паломнікоў. Ды плюс яшчэ тыя, што былі адноўленыя пасьля выдаленьня.

каардынаторы
Экскурсыю вялі вядомая грамацкая лідэрка Ганна Шапуцька й Алесь Макаеў, заступнік старшыні Руху Салідарнасьці "Разом", які гэную мэмарыяльную паездку й заарганізаваў й матэрыялізаваў.

кіно
Арганізатары запрапанавалі для прагляду цэлую нізку дакумэнтальных і мастацкіх стужак на тэматыку, датычную даты й мэты паездкі, колькасьцяй болей за паўтузіна. Час шляху да расейскай мяжы праляцеў незаўважна. Мяжу прайшлі без затрымкі, хоць гэным разом аўтобус пераглядалі расейскія памежнікі, правяралі дакуманты.

чалавечкі
Аднак на першым-жа прыпынку пасьля мяжы нас акружылі й заблякавалі расейскія сілавікі. Проста пералічу экіпажы, каб вы маглі ўявіць, які вэрхал узьняўся вакол звычайнай, традыцыйнай ужо, беларускай экскурсыі ў Катынь, дзе пахаваныя многія беларускія-ж грамадзяне ці проста этнічныя беларусы: ДПС (2 аўто), паліцыя (2 ці 3 аўто), ФСБ і невядомыя спэцы (па адной аўто). Пазьней да іх далучацца яшчэ аўто ППС і аўтоматчыкі на казьле. З такім эскортом, як вазілі нас, у Беларусі езьдзіў, напэўно, толькі Лукашэнка. Але пратрымалі нас без тлумачэньняў тры з паловай гадзіны пад арыштом, амаль да самага закрыцьця мэмарыялу. Кіравалі ўсім не палкоўнікі-падпаўкоўнікі, а  "товарищи в штатском", якія прадстаўляцца адмаўляліся. Двох удзельнікоў экскурсыі, у тым ліку Вольгу Завацкую, маці выкрадзенага апэратора ОРТ Зьмітра Завацкага (яна на ніжнім фота зь левага боку), арыштавалі й да вечара трымалі ў турэмных каморах. Прычынай арышту пані Вольгі, напрыклад, стала тое, што пашпарт іхні быў на афармленьні візы за мяжу, а з сабой была ксэракопія й пэнсыйнае пасьведчане. І майкі-шмайкі, пра якія пасьпеў ужо паведаміць цэлы шэраг СьМІ, да затрыманьняў і арыштоў дачыненьня ніякага ня мелі.

Цікавая рэч: нашыя суседзі-чалавечкі пра нас і Ўкрайну ведаюць зусім мала (ня кажучы ўжо пра гісторыю), а мову нашую чамусьці ўвогуле не разумеюць, бо патрабавалі "не глумить головы" і "разговаривать на нормальном езыке". В-опшчым, чучмэкі какія-то, прабачце невялічкую непаліткарэктнасьць. Гэна ім за "бульбашэй") І яшчэ: у фээсбэшнікоў на дворнікох навязаныя былі тэрарыстычна-калярацкія стужкі, а шапкі ў некаторых насунутыя на вочы якраз як у энкэдыстых-кáтоў, якія растрэльвалі польскіх афіцэроў у фільме "Катынь" Анджэя Вайды, мы яго якраз і глядзелі ў аўтобусе. Увогуле эфэкт дэжа вю не пакідаў нас усю паездку. Канечне, нам загадалі прыбраць усе фота-відэё гаджэты. Канечне, зноў некаму нешта выдалілі.


Камэнтары наконт затрыманьня.


Камэнты стаўлю самыя мяккія, бо іншыя паломнікі, проста кажучы, вельмі былі незадаволеныя й, магчыма, будуць скардзіцца альбо выказваць свае пратэсты іншым чыном.

паломнікі
Праз тры з паловай гадзіны тэлефанаваньня журналістом і амбасадаром невядомае начальства невядомых расейскіх спэцоў загадала везьці нас пад канвоем па нашым заплянаваным маршруце, але сьцягі нават на могілках выкарыстоўваць забараніла. У Катыні нас зранку чакала чарговая рота пачэснага караула. Нават па цьвінтару за намі соўгалася цэлае адзьдзяленьне рожнаітых вежлівых чалавечкоў у рожнакаляровых формах і без формаў. Гэныя таксама фатаграфавацца не залюбілі, у адрозьненьне ад нас. Напэўна, як і ў нашых сігуранцоў, таксама сумленьне нячыстае. А вось ва Ўкрайне, якая ім так не падабаецца, мы з праваахоўнікамі фатаграфаваліся, магу выкласьці фоткі)

цвінтар
Ну, ва ўшанаваньні памяці ахвяр палітычных рэпрэсыяў якраз нічога новага не было. Выступілі зь невялічкімі прамовамі ўжо вядомыя вам Алесь Макаеў, Ганна Шапуцька, шыракавядомы мастак Алесь Пушкін, былы палітвязень Сяргей Ханжанкоў. Вянкі, карзінкі, кветкі, зьнічкі, звон, малітвы, сьпевы, экскурсыя па мэмарыяле, потым па месцы авіякатастрофы - там тая-ж працэдура. Я-ж кажу - традыцыя. Адначу, што некуды паўсюдна пазьнікалі многія штучныя кветкі, нацыянальныя сьцяжкі, фота, усе крыжы-распяцьці на месцы катастрофы - голая лава, нават аськялепак самалёта, які тырчэў зь бярозы, нехта выдраў. Неяк нязвычна пуста й чыста выгладалі мэмарыялы ў гэны раз.

пара фотак для ілюстрацыі
Місыю памяці мы выканалі, але зьяжджаць з Расеі без нашых арыштаваных паломнікоў адмовіліся. Пасьля чарговага этапу перамоў і двохгадзіннага чаканьня іх-такі выпусьцілі зь вязьніцы ў Рудні Смаленскай вобласьці, але ўжо дабірацца да мяжы ім давялося за свой кошт. Апроч таго, ім выпісалі штрафы па тры тысячы правільных рублей. Ну, свабода заўжды дорага каштуе. Карацей, дабраўся я дахаты толькі а пятай ранку.
***

У пілігрымцы, якую зладзіў Рух Салідарнасьці "Разом", апроч прадстаўнікоў вышэйзгаданай арганізацыі прынялі ўдзел "мэмарыялоўцы", ініцыятыва "За ўратаваньне Курапатаў", праваабаронцы, культурніцкія й грамацкія дзеячы, валянтэры Талакі й іншыя неабыякавыя грамадзяне. Ну і пара журналістых, у тым ліку, і ваш знаёмец, блёгер Юрась Навіцкі.




Тыдзень салідарнасьці 16.09.2012 2

Прайшоў першы тыдзень Маратона салідарнасьці з палітвязьнямі. Ці ня стане ён і апошнім?
Аб гэным мы й пагутарылі з адной з арганізатароў Маратону, Ганнай Шапуцькай.

Юрась Навіцкі: Ці плянуеце Вы працягваць свае акцыі надалей?

Ганна Шапуцька: Канешне будзем, бо патэнцыял Марафону вельмі высокі і трэба яго абавязкова выкарыстоўваць.

ЮН: Відавочна, што кульмінацыя акцыі прайшла - гэна быў, адназначна, выступ акустычнай групы "Крамбамбуля". Дык аці мае сэнс працягваць Маратон, які болей не зьбярэ ані людзей, ані грошай? Цікаўнасьць да акцыі згасла ды й рэсурсы андэграўнда ня надта вялікія.

ГШ: Я катэгарычна з Вамі ня згодная. Усё цалком наадварот. У нас яшчэ шмат плянаў, задумак. У аўторак адбудзецца выступ вядомага музыкі, шоў-мэна легендарнага Аляксандра Памідорава. Крыху пазьней мы хочам зрабіць вечар салідарнасьці былых палітвязьняў зь сёнешнімі, вечар салідарнасьці маладых паэтаў з палітвязьнямі, хацелі-б, каб да нас далучыліся й беларусы замежжа і мы разам зарганізавалі-б канцэрты Салідарнасьці ў Варшаве, Вільне, Кіеве, Чэхіі й г.д. Але-ж для гэтага нам трэба больш моцная падтрымка ўсіх неабыякавых людзей, усіх беларусаў, як тут, на Радзіме, так і па-за яе межамі. Трэба, каб тэма палітвязьняў сталася самай галоўнай тэмай сучаснасьці.

ЮН: Чаму вашыя акцыі так ані разу не наведала ані адна знакавая фігура беларускай палітычнай апазыцыі, апроч Міколы Дземідзенкі з "Маладога Фронту"? Ці зварачаліся да некага зь лідэроў асабіста?

ГШ: Чаму не прыходзяць нашыя палітыкі, грамадскія дзеячы? Мы запрашаем усіх, а асабіста толькі выступоўцаў. Палітыкі – частка грамадства, такія ж людзі, як і мы з вамі, і я ўпэўненая, што яны павінныя прыходзіць самі, сядзець побач з людзьмі, адчуваць іх энергетыку, тады і людзі будуць іх па-іншаму ўспрымаць, людзі заўважаць і зробяць для сябе вывады. Нядаўна Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ, прыходзіў на канцэрт Андрэя Мельнікава і інш., спадзяюся, што й астатнія самі далучацца без асабістага запрашэньня.

ЮН: Вы здолелі працягнуць даволі доўга, цэлы тыдзень, зараз перапынак - час падвесьці рахунак, абмяркаваць памылкі. Падзялецеся ўражаньнямі, што было добра, што кепска, зь якім вынікам вы падыйшлі да выходных?

ГШ: Уражаньні самыя станоўчыя. І назва нашаму Марафону пасьля канцэрта Зьмітра Вайцюшкевіча знайшлася вельмі трапная: "Разбуры Турмы Муры". Сваёй акцыяй мы мацуем хвалю салідарнасьці ў нашым грамадстве. Канешне, не ўсе адбываецца так, як хацелася-б. Я маю на ўвазе, што большасьць людзей прыходзіць паслухаць сваіх улюбёных артыстоў -  і падтрымаць палітвязьняў. А павіна быць наадварот - выказаць падтрымку палітвязьням і паслухаць улюбёных артыстоў. Трэба разглядаць гэты Марафон, як падтрымку ня толькі з боку музыкаў, творцаў, але-ж у першую чаргу гэта - акцыя салідарнасьці нашага грамадства з палітвязьнямі.

Не хапае інфармацыйнай падтрымкі з боку СьМІ. Хацелася-б, каб пра Марафон Салідарнасьці людзі маглі чуць штодня, каб газеты, сайты больш актыўна друкавалі інфармацыю пра гэтую падзею. Крыху здзіўляе сёнешняя пазыцыя рэдактароў СьМІ. Лічу, што ім таксама трэба вучыцца быць салідарнымі!

Зразумела, што нехта баіцца, нехта ня мае часу, нехта думае, што нічога не дапаможа і г.д. Але-ж галоўнае зараз – вызваліць нашых палітвязьняў. І тут трэба ахвяраваць - і часам, і адкласьці справы, і перамагчы свой страх. Нас павіннае быць шмат.

ЮН: Посьпеху вам у любым выпадку.


У акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі ўжо прынялі ўдзел навукоўцы, паэты, музыкі, сьпевакі, мастакі, палітыкі й фільм Вольгі Мікалайчык "Палітвязьні". Гэна Леанід Лыч, Лявон Вольскі, Славамір Адамовіч, Аляксей Галіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Гарус, Мікола Дземідзенка, Павал Аракелян, Алесь Пушкін, Алесь Наркевіч, Зьміцер Бартосік, Андрэй Мельнікоў. У офісе, дзе адбыўся тыдзень Салідарнасьці, адначасова праходзіць і выстава гераічнай тэматыкі вядомых беларускіх мастакоў.
Фота Навіцкі.
Страницы: 1
Читать другие новости