Пакуль яны за кратамі, мы ўсе несвабодныя 02.02.2013 58

Большай любові ні ў кога няма, як тая, калі хто душу сваю паложыць за сяброў сваіх. Ін 15:13





Ганна Шапуцька не выпускае з рук партрэта палітзьняволеных.



1 лютага 2013-га аб’яднаньне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў «Асамблея НДА» уручыла прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012». Імпрэза адбылася ў перапоўненай людзьмі Галерэі «Ў». У намінацыі найлепшая «Новая ініцыятыва году» перамог Маратон Салідарнасьці "Свабоду палітвязьням". Кампанія была зладжаная каардынацыйнай групай "За Волю"*.



Пераможцаў вызначылі па вынікох супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 25 спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэроў НДА ды леташніх пераможцаў прэміі(Радыё Свабода).





Прыз Маратона.



Арганізатары Маратону лічаць гэтую перамогу ўзнагародай усім палітвязьням, усім творцам - музыкам, паэтам, мастакам, кінарэжысэрам, якія не збаяліся адкрыта выказаць сваю падтрымку, сваю салідарнасць, палітвязьням, нягледзечы на магчымыя рэпрэсыі, ахвяруючы сваім часам, сваім дабрабытам, сваей працай, а таксама усім неабыякавым  людзям, якія лічылі ўдзел у кампаніі справай гонару, справай сумленьня. Трэба адзначыць, што за час правядзеньня Маратону Салідарнасьці людзі ахвяравалі больш за тысячу даляраў, якія пайшлі на дапамогу сям’і Аўтуховіча, на падтрымку Малчанаву, Васьковічу, дапамаглі матэрыяльна сям’і Крутога Алеся і г.д.







Ледзь прымусіў усьміхнуцца - пераможцы-ж усё-ткі)



Усяго за пэрыяд зь 10 верасня 2012 года, калі Маратон Салідарнасьці распачалі сваймі выступамі знакаміты бард Зьміцер Бартосік і былы палітвязень і палітэмігрант, паэта Алесь Адамовіч, да Юбілейнай, 25-ай вечарыны 26 студзеня 2013-га, зь ня менш ужо вядомым музыкам Алесям Дзянісавым, у кампаніі прынялі ўдзел таленавітыя музыкі й паэты Ўладзімер Някляеў, Андрэй Мельнікаў, Лявон Вольскі, Роман Абрамчук, Тацяна Беланогая, Марыя Новікава, Наталя Бордак, Ігар Сімбіроў, Аляксандар Памідораў, Юля Фралова, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Галіч, Роман Яраш, Сяргей Касцень, Андрэй Хадановіч, Марыя Баравік, Алесь Наркевіч, цэлы шэраг вядомых беларускіх кінарэжысэроў - Віктар Дашук, Валер Мазынскі, Вольга Мікалайчык, Сяргей Ісакаў, гісторыкоў, былых савецкіх і цяперашніх палітвязьняў, і "іншых славутасьцяў"(Эўрорадыё). Маратон Салідарнасьці быў актыўна падтрыманы і за межамі Беларусі. У ягоных рамках у Беларусі было таксама рэалізавана колькі паасобных праектоў "Намалюй (дапішэ, зрабе, падпішэ, дашле) паштоўку для палітвязьня" і тры мастацкія выставы: Алеся Пушкіна, былога палітвязьня Алеся Квяткевіча і блёгера navicki.





Дыплём.



*ГЗВ, даведка аўтора: група "За Волю" нарадзілася 19 сьнежня 2010 года зь вернікоў рожных канфэсыяў, пазьней да яе далучыліся сямейнікі палітвязьняў, праваабаронцы, прадстаўнікі ад рожных грамацкіх арганізацыяў і палітычных партыяў.



Адкрытая суполка Каардынацыйная група "За Волю", была створаная неабыякавымі людзьмі дзеля аб'яднаньня й каардынацыі высілкоў па вызваленьню палітвязьняў. Стварэньне ГЗВ ухваліў і легендарны сёнешні палітвязень Павал Севярынец. Удзельнікі групы прапануюць грамадзянам нашай краіны не заставацца ў баку, бо кожны можа ўнесьці сваю долю ў агульную справу вызваленьня палітвязьняў.



Першы круглы стол па пытаньнях вызваленьня палітвязьняў і іх колькасьці на Беларусі адбыўся 25 студзеня 2012 года. Быў прыняты зварот да палітыкоў і праваабаронцоў - аб’яднаць свае высілкі ў справе вызваленьня палітвязьняў.




Каардынацыйнай групой "За волю" быў выпрацаваны й прыняты дакумант "Аб'ектыўныя крытэры палітычна матываваных перасьледаў у Беларусі". Гэта было неабходна, бо ў Рэспубліцы Беларусь да таго часу не існавала крытэроў вызначэньня палітычных зьняволеных і ўлады Беларусі заяўлялі пра адсутнасьць палітвязьняў, фабрыкуючы супроць іх крымінальныя справы.



ГЗВ таксама былі распачатыя сэсыі “Грамадскага Трыбунала”, дзе, напрыклад, было выстаўленае абвінавачваньне ўладам у катаваньні палітвязьняў - лідэра “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча й кандыдата ў Прэзыдэнты Андрэя Саннікава, катаваньня іншых грамадзянаў падчас адміністрацыйнага арышту і адбываньня імі пакараньня ў ЦІПе “Акрэсьціна”.



Таксама былі сабраны сведчаньні людзей аб катаваньнях у ЦІПе, а кінарэжысерам Вольгай Мікалайчык быў зроблены фільм-хроніка “Катавальня Акрэсьціна”, адбыўся прагляд і абмеркаваньне гэтага фільма. У межах Трыбунала адбылася вялікая міжнародная выстава турэмных малюнкаў блёгера navicki. ГЗВ накіравала ўладам зварот з патрабаваньнем зачыніць гэтую турму-катавальню, да зварота былі прыкладзеныя дыскі з фільмам і, дзякуючы агульным намаганьням, акрэсьцінская турма была зачыненая на капітальны рамонт.



Маратон Салідарнасьці - толькі адна з апошніх ініцыятыў групы. Дзякуючы МС выказаць сваю падтрымку можа кожны неабыякавы да лесу палітвязьняў творца, будзь то музыка, паэта, мастак, рэжысер. Удзельнікамі Марафону зьяўляюцца ўсе наведнікі, якія не толькі могуць выказаць падтрымку палітвязьням сваей прысутнасьцяй, але-ж і ахвяраваць сродкі на дапамогу сем’ям апошніх, ім самім.



Далучайцеся дзеля хутчэйшага вызваленьня беларускіх палітвязьняў і дапамогі ім сёньня!


30-га красавіка – апошні дзень выставы турэмных малюнкаў у сядзібе БНФ 30.04.2012

"Код Акрэсьціна/турэмныя малюнкі" - мая першая і, спадзяюся, апошняя пэрсанальная выстава падобнага кшталту. На ёй прадстаўленыя дзевяноста два малюнкі (частка зь іх каляровыя), выкананыя ў якасьці ілюстрацыяў да дзёньнікаў і зробленыя аўтарам гэных радкоў непасрэдна ў турэмнае каморы. Згаданыя малюнкі невялічкімі часткамі ўжо прэзэнтаваліся на выставах у Менску*, Варшаве*, Празе*, Кіеве** і Тбілісі**, публікаваліся газэтамі, сайтамі й нават трансляваліся трыма тэлеканаламі, віселі на Бэсттудэй. Ру, удзельнічалі ў конкурсох (у двох - кампаніяў "Сыходзь!" і "Ня бойся!" - перамаглі), перапошчваліся і нават набылі даволі папулярнасьці ў дэмакратычным асяродку, але такой колькасьцю (амаль што ўсе) і самастойна - прэзэнтаваныя былі толькі зараз. Можна сьмела сказаць, што падобная вялікая экспазыцыя турэмнай тэматыкі выстаўляецца ўпершыню на ўсёй пастсавецкай прасторы.
*у рамках выставы "Салідарнасьць"
**у рамках фэстывалю "Беларуская Вясна-2011"



Выбітнасьць Выставы яшчэ й у тым, што малюнкі да яе рабіў журналіст, блёгер, фатограф-хранікёр, якому давялося ўзяць у рукі асадку замест адабранай бруднымі эмвэдамі фотакамэры. Таму дэвізам Выставы зьяўляецца фраза: “Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна нарысаваць".



Справа ў тым, што цягам усяго аднаго году  (з 19.12.10. – 19.12.11.) мне давялося на сабе адчуць “бесстароннасьць” менскіх судзьдзяў ажно чатыры разы – выкананьне журналісцкіх абавязкаў (я здымаў на камэру менскія падзеі) яны кваліфікавалі як парушэньне закону аб сходах, правілаў дарожнага руху (акцыя пляскаючых) і нецэнзурныя лаянкі, за што я й атрымаў штраф і 37 сутак арышту.  У турме я пісаў дзёньнікі, аздабляючы іх малюнкамі, а паколькі  падзеяў ў цёмнай, халоднай і смуроднай каморы адбывалася замала, то малюнкоў атрымалася нашмат болей за сотню. Зараз яны ў Фэйсбуку, у альбоме, прыступным для прагляду.



Выстава праводзілася з падтрымкаю Каардынацыйна-праваабарончай групы “За Волю”, Руху За Свабоду і Беларускага Народнага Фронту.

Рэкамэндаваныя спасылкі па тэме:

-    - аўторскі промаролік - http://www.youtube.com/watch?v=eRAOJVzSAW4
-    - рэпортаж з Выставы  (“Новы Час”) - http://www.youtube.com/watch?v=dD0npgKYZRE
-    - фільм “Катавальня-Акрэсьціна” (рэжысэр Вольга Мікалайчык) - http://video.arche.by/by/channel/movie/9640
-    -  колькі фота з Выставы - https://www.facebook.com/media/set/?set=a.267482183334724.64204.100002188321747&type=3
-    - саме малюнкі -  https://www.facebook.com/media/set/?set=a.267481473334795.64202.100002188321747&type=3

Лепей паглядзець, ды ўспомніць, чым успомніць, ды паглядзець:)

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 6-я, заключная. 30.01.2012

Некалькі парадаў небываламу)
Ня вер, ня бойся, не прыніжайся.
Усё, што-б вы не сказалі міліцыянтом ці сукаморніком, можа быць выкарыстана супроць вас.
Читать дальше...

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 5-я. 26.01.2012

НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!
Сьвяты й краты.

Калі што й згадваць цікавае, добрае пра турму, то гэна – маладафронтаўцы, салідарнасьць палітычных, перадачы й сустрэчу пасьля турмы. Турэмных "пацукоў" і "стукачоў" я ставіць ў сваю кніжку ня буду. Ня вартыя яны таго. А яшчэ добрым словам у турме неаднойчы ўспаміналі Валера Шчукіна - маўляў, без яго й тых умоваў тут не было-б, нават перагародак ў санвузлох без ягонага ўмяшальніцтва тут-бы не было-б...
Читать дальше...

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 4-я. 25.01.2012

/НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!/
Сон у Міколаву ноч (рукапісы не гараць)
Читать дальше...

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 3-я. 23.01.2012

НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!
Пра стан турмы і "малодшых братоў"
Надзея ўпершыню ўсьвядомела, што яе бацька НЕ КАСМАНАЎТ, калі з чарговага палёту на Месяц той прывёз любай дачушцы падарунок – шахматы з хлебу.
Читать дальше...

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 2-я. 22.01.2012

/НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!/
15 суток, альбо Крыху шыбельнага гумару


Читать дальше...

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ 21.01.2012

/НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!/
Гвалт, хлусьня, зьбіцьцё, фальсыфікацыі, нецэнзурная лаянка, ілжэсьведчаньні, хамства, незаконныя дзеяньні – такі-ж твар мясцовай міліцыі сёньня, як і бруд, недастатковае асьвятленьне й ацяпленьне, паразыты, адсутнасьць добрае вэнтыляцыі й рэгулярных прагулак на сьвежым паветры, жабрацкі рацыён – твар постсавецкае турмы для сучасных беларускіх арыштантоў.

Читать дальше...

Сьвяты Мікола й вязьні /гісторыя зь геаграфіяй/ 15.12.2011

Надыходзіць Раство й Новы год, якія за кратамі сустрэнуць нашыя палітвязьні, а магчыма, і палітарыштанты. Хацелася-б, каб яны ведалі, што мы памятаем пра іхні няўдзячны й незайздросны лёс. Таму я й намаляваў колькі паштовак на тэму сьвята пад патранатам сьвятога Міколы. Спытаеце, якая сувязь паміж ім і людзьмі, якія зараз церпяць катаваньні й прыніжэньні ў беларускіх вязьніцах? Справа у тым, што некалі Мікола, які тады яшчэ ня быў сьвятым, сам неаднойчы сядзеў за кратамі, таму на сабе адчуў, што такое несправядлівасьць, няволя й турэмны "камфорт", пра які зараз заліхвацкі распавядае рэжымнае тэлебачаньне. Пра гэны "камфорт" ведае праўду толькі той, хто сам адбываў пакараньне ў нашых турмах. Нядаўна 12 сутак адбыў там і я. Але-ж вернемся да галоўнага гэроя сёнешняга расповяду.

Читать дальше...

На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка апошняя/ 08.12.2011




Палітычныя...

Салідарнасьць – яна ці ўсебаковая, альбо яе няма. З адповеду расейскаму злачынцу 08.11.11.
Читать дальше...

На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка апошняя/ 07.12.2011





Палітычныя...

Салідарнасьць – яна ці ўсебаковая, альбо яе няма. З адповеду расейскаму злачынцу 08.11.11.

***

Лепей за ўсё сядзелася мне, натуральна, з палітычнымі (ды й ня толькі мне), бо ў спачатку ў 21-ай, а потым у 23-яй, мне давялося сядзець з Пашам (МФ), далей у 1-ай – з Романом (МФ). Абодвух сябры не пакідалі без увагі, амаль штодня прыносілі перадачы, якіх хапала на ўсюю камору. Можна пахваліцца, што "хаты", дзе адбываюць пакаранне палітычныя, ня менш забяспечаныя, як "рабочыя". ("Рабочымі" называюць каморы, дзе ўтрымліваюцца тыя, што пагаджаюцца працаваць на адміністрацыю.)




Палітычныя (Маладафронтаўцы) усе хлопцы маладыя, вясёлыя, дзяліліся ў каморы газэтамі й часапісямі, сокамі й цыгарэтамі, ня робячы звычайна розніцы паміж сідзельцамі. Яны звыклыя да салідарнасці. Я, калі сыходзіў, таксама падзяліўся з астатнімі неабходным. Ня тое, што "крутыя ўсмятку пацаны", якія ў ГАМе, проста лянуючыся набраць у бутэлькі, выдулі маю каністру вады, што мне толькі што сябры перадалі на судзе менавіта дзеля галадавання. Што з іх возьмеш, жывуць адно інстынктамі. Ды яшчэ адзін расеец з пагрозамі навучаў мяне, што я мушу з ім дзяліцца усім, што ёсць;)


Малюнкі на "сцэне".

Штопраўда, злачынцы, як і дзяжурныя, бываюць розныя. Напрыклад, Саша й Ігар па выхадзе (мне заставалася шчэ колькі сутак, а курыва зусім скончылася) закінулі мне невялічкую перадачку – пару пачакаў танных цыгарэт, якімі я зноў-жа падзяліўся з новымі "сядзельцамі". Быў і адзін нармалёвы дзяжурны (па выхадзе я з гонаром паціснуў яму руку), які наладзіў нам у каморы святло, чаму мы вельмі былі радыя, бо ад нашай літаратуры й у 23-яй было мала карысці. Нарэшце я здолеў пісаць, а моладзь – чытаць.




... й інш.

-За что задержанных избил?

-За дело! З "брацкага" фільма.


***

Як я ўжо казаў, сукаморнікі былі розныя. Некаторыя відавочна зайздросцілі палітычным у тым, што ў апошніх ёсць і родныя, і сябры, якія не забываюцца на сваех, клапоцяцца. Аднойчы, ужо пасля сыходу Міхала, Романа, Уладзімера й Пашы (у турме яшчэ заставаліся Саша з няўдалага Народнага Сходу й Алесь Макаеў з малення), адзін з алькашоў-напаўбамжоў з тых, каго нашыя палітычныя "грэлі" сваймі перадачамі, пачаў гнюсіць пра тое, што Маладафронтаўцы "працуюць за падачкі", што ім "даюць па пляшцы гарэлкі, мне расказвалі" і іншую бэтэшную брудную хлусьню. Рызыкоўна было гэна рабіць зь ягонага боку, але біць я яго ня стаў, хоць і вельмі хацелася даць хаця-б пару ляшчоў. Задаволіўся, як і ў выпадку з расейскім злачынчом, маральнаю перамогай.




Пераслед і надалейшыя катаванні

9.61. Не допускается преследование в любой форме административно арестованных и административно задержанных за обращение с предложениями, заявлениями или жалобами. Вытрымка з Правілаў.



Па начах і ранках тут заўважаюцца струмяні пары ад арыштантоў і "хукалкі"... З паўторнай скаргі ад 15.11.11.

***

Натуральна, што патрабаванні, нават законныя, часам выклікалі ў нязвыклых да падобнага турэмшчыкоў супрацьдзеяньне. Як я ўжо згадваў, за ваду, паперу й асадку, за прагулянкі, штодзённыя пісьмовыя выклікі лекароў (у турме ўмяне рэзка ўзьняўся ціск, часам даходзячы нават да 200, колькі разоў выклікалі хуткую) даводзілася плаціць амаль штодзённымі ператрусамі й сямісутачным карцэром. Калі-ж я пачынаў (13-га й 15.11.11.) патрабаваць пераводу мяне ў камору з дастатковым ацяпленнем і асвятленнем, да мяне перакідалі іншых няшчасных, якім даводзілася цярпець разом са мною, магчыма, з мэтаю ўзбурыць іх супроць мяне. Звычайная сталінская турма лукашэнкаўскай дыктатуры, умовы й мэтоды тыя-ж, калі не хужэйшыя. І тыя-ж калябарацыя, карупцыя, дэградацыя...


Няма гарачае вады? А яна павінная быць, хоць бы вы рабілі яе вось так)))

Сёння мне давялося мне перажыць чарговы асабісты ператрус, агляд рэчаў і "шмон" каморы, калі міліцыянты, што яго праводзілі, прынеслі ў памяшканне ў кішанях смецце й гульнявыя карты, якія раскідалі па каморы й закідалі цалком прыбіральню й "ачко". Я выклікаў дзяжурнага з тым, каб ён забачыў, што нарабілі ягоныя калегі. За гэна мяне кінулі ў карцар, дзе я, сталы чалавек з букетам хранічных хваробаў, узнятым ціскам, радыкулітам й хворымі лёккімі папросту ня выжыву. Са скаргі начальніку ЦІПу.



Пасьля таго, як усіх "задзяўбалі" штодзённыя ператрусы (міліцыянты ўсё шукалі чортаву флэшку ці хацелі людзей на мяне абазліць), Ігар зляпіў з "чарнушкі" загавораную дулю. І што вы думаеце – ператрусы спыніліся!))) Дарэчы, шчаслівую дулю я захаваў, каму трэба – забірайце)




Як заснеш)))

А за вакном то дождж, то сьнег

І спаці час, але як тут засьнеш)

Усё той-жа додждж, і той-жа сьнег

І толькі крыху не хапае цябе...))) Мая Крышталінская.


***




Спаць было складана, але ня столькі з прычыны, што спачатку моцна мулялі "набітыя" на голых дошках бакі, сколькі з-за начнога й ранішняга холаду. Таму меліся, аколькі то было магчыма, дрымануць удзень, пакуль цяплей, лепей за ўсё пасля абеду. Ноччы я амаль ня спаў. А каб заснуць галоднаму днём, ужываў мэтоды аўтотрэнінгу ці проста чытаў якую малітву, прыкладом:


Застаецца глядзець у парэпаную столь і маліцца)

Ойча наш, які ёсць у нябёсах,

Свяцеся ймя Тваё,

Прыйдзе валадарства Тваё...


...і да канца не дачытаў аніводнага разу, бо адразу выключаўся))) Сны былі кароткія, нейкіх прыгажунь сасніў толькі аднаго разу, астатнія сны былі чорна-белыя, звычайна сніліся (а-ж затрымлівалі мяне якраз на Дзяды) энкавэдысцкія каты, якія ўчынялі масавыя бойні. Ды й ня ведаю, што можна было насніць у цемры, холадзе, без інфармацыі...




Сцісла. /З нататак./

06.11.11. Незаконныя напад, затрыманне, збіццё, РАЎС, дзень не кармілі, канвойныя без бэджаў пагражалі, абражалі, не аддалі цыгарэты й не хацелі аддаваць акуляры, паскардзіўся на іх Есмантовічу й Яўсееву, санапрацоўка ня зробленая, прывезьлі ледзь не пад ранак, ноч ня спаў, заразіўся пэдыкулёзам. Ноччы сусед з часоткай пачаў "ламіцца на кармушку", баючыся, што суседзі саб'юць. Другі, ведаючы, што заўтрага суд, "саскочыў на бальнічку з апендыцытом".

07.11.11. 19 (3). Пададзеная скарга ў пракуратуру Ленінскага раёну Менска на напад і збіццё супрацоўнікамі міліцыі, у тым ліку Караваевым Ягорам Васільевічам і Івановым Алексеем Мікалаевічам, на пагрозы й абразы канвойнымі. Выклікаў хуткую на асведчанне на прадмет збіцця, хуткая засведчыла даведкаю N37322 (БСМП). Маюся з вошамі.


Святочныя жартоўныя паштоўкі палітз/к:)




08.11.11. Суд. ГАМ. Выхаваўчая размова. Злодзеі й алькаголікі выпіваюць мой 5-літровік вады для галадоўкі. Сутычка з расейскім злодзеем.

09.11.11. Суткі ўсіх трымалі ў ГАМе бяз ежы.

10.11.11 21 (3). Нарэшце добрая кампанія. Ператрус, вывад на пагулянку.

11.11.11. 23 (3). Ацкі ператрус.

12.11.11. 7-ы дзень галадоўкі. Адстойнік. Адзін. Укінулі Пашу, Сашу й Ігара. Чытаць немагчыма: цёмна. Вельмі зімна, баляць спіна, калені, ныркі.

13.11.11. Есмантовіч выдаў адзіны аркуш паперы. Ізноў была "хуткая". Нас сямёра, адзін спіць на падлозе. Сярод нас Роман.

14.11.11. Нас сем. Камора па-добраму пасміхваецца з Сашы, што на падлозе.

-Саша. Жонка ў цябе ці маладая?

-Да-а-а)))

-Харошая?

-Да-а-а))) Не. Харошая, толька п'ёт многа)))

15.11.11. Кіпень (пісаў заяўку, чакаў гадзіны з чатыры). Вывад.

16.11.11. Скандал з нявывадом. Прагулянка, кіпень (пісаў заяўку, чакаў паўдня), ператрус, хлопцы закінулі цыгарэтаў дый Саша падзяліўся запалкамі.

17.11.11. Засталіся адзіныя суткі. Можна падводзіць рахункі. Напісаў больш за дзясятак заяў і скаргаў, перажыў восем ператрусоў, памяняў чатыры "хаты".

18.11.11. Памыўка, прасмажка, падшыўка гузікоў, выхад у 13:25. Сустракае хворая жонка й адзіны журналіст (з Рацыі). Галоўная справа, што жывы)))





Пасля 12-сутачнае адсідкі сівыя валасы заўважна пацямнелі. Трэба, відаць, паўтарыць такую карысную тэрапію)))

/Працяг, пэўна, будзе))) /

На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка 4/ 03.12.2011





У нас всё согласно нормам... /З пісьмовага адказу на скаргу./

А папера із Эўропы – радасць кожнай бруднай попы))) Акрэсцінская рэкляма)

Сёння блізу 8-ай раніцы я звярнуўся да дзяжурнага супрацоўніка турмы, дзе я ўтрымліваюся, з просьбаю аб прадстаўленні мне магчымасці напісання заўвагі ў турэмнае кнізе скаргаў і прапановаў. Міліцыянт, які зноў-жа ня меў бэджа й адмовіўся прадстаўляцца, мне безпадстаўна адмовіў. Са скаргі начальніку ЦІП м-ру м-і Сакалоўскаму Юрыю Йванавічу.


09.11.11. Нарэшце пасля "прасмажвання" і "памыўкі" я трапляю ў "хату" N21 на 3-ім паверсе. Яна выглядае прыблізна так.

Згодна Правілаў унутранага раскладу для спецустановаў ВУС, дзе ўтрымліваюцца "адміністратыўнікі", апошнія павінныя забяспечвацца ў тым ліку, цытую, "спальнымі месцамі з пасцельнымі прыналежнасцямі, месцамі для захавання сродкаў асабістай гігіены... мылам гаспадарчым, паперай туалетнай... настольнымі гульнямі (шашкі, шахматы, даміно)... каморы мусяць быць абсталяваныя сталамі й лавамі з адпаведнай колькасцяй месцаў, тумбачкай, сецевым радыёпрыймачом, тэлевізарам (пры магчымасці)... " і рознымі іншымі рэчамі. Калі вы іх тут заўважылі, значыць, вы міліцыянты)))


Камора, калі не памыляюся, N23.

Што тычыцца туалетнай паперы ці мыла, яны сапраўды выдаюцца... палітычным, прычым пазней мне гэнага дабра прапанавалі ў неабмежаванай колькасці... за кошт астатніх арыштантоў, якія нават не імкнуліся іх атрымаць (ці яны проста ня ведалі пра існаванне падобных рэчаў?)))


Я адмовіўся, бо мне далі колькі перадач, дзе было і вадкае мыла, і вільготныя сурвэткі, да таго-ж, навошта перадаваць галадаючаму столькі туалетнай паперы? Хапіла-б на дзясяток негаладаючых)))

Арыштанты ў гэнай вашыва-часотачнай, бруднай, халоднай, цёмнай і г.д. (я пералічваў яеныя якасці вышэй) акрэсцінскае турме пазбаўленыя ня толькі волі. Але й шэрагу правоў: права на лiставанне з роднымі й сваякамі, сябрамі, на сустрэчы з імі; права на інфармацыю (бо ў каморы няма нават радыёкропкі, ня кажучы ўжо пра хаця-б дзяржаўную прэсу ці тэлебачанне); права на асабістую прастору (бо часта каморы папросту перапоўненыя і людзям давозіцца спаць наўпрост на бэтоннай падлозе); асабісты ложак, пасцелю, мэблю; права на тэлефанаванне (хаця таксафоны ПАВІННЫЯ быць усталяваныя ў турме). Маёй цяжкахворай жонцы не было патэлефанавана ў шпіталь аб тым, што я не магу наведваць яе з прычыны знаходжання ў турме, толькі на тых падставах, што я ўказаў яе мабільны тэлефон... Нават паўлітра пітноe вады ці аркуша з асадкаю штораз даводзілася чакаць па поўдня. Што тут ужо казаць пра нейкія осты, сніпы ці санпіны, пра якія турэмшчыкі й вогуле ніколі ня чулі... як-жа яны мoгуць сцвяржаць пра "нормы"?




"Абмяжаваны кантынгент"

-Паглядзеце вось на чалавека, устаньце, Навіцкі. Яго можна паважаць хаця-б за тое, што ў яго ёсць ідэя, мае ён рацыю аці 1000 разоў не. А ў вас што за душою? "Скраў-напіўся-у турму"??? Увесь генафонд Беларусі панішчаны. СУЦЭЛЬНАЯ ДЭГРАДАЦЫЯ, адно можна сказаць... З начной выхаваўчай эмвэдоўскае размовы ў перапоўненым арыштантамі ГАМе.






У перапоўненых РАЎСе, ГАМе, судзе й ЦІПе мне давялося сустракацца з рознымі затрыманымі й арыштантамі. Большасць іх складалі звычайна дробныя злодзеі, потым ішлі п'яныя хуліганы, дэпартанты, алькаголікі, бамжы. Злодзеі (часта нападпітку) затрымліваліся звычайна падчас крадзяжу выпіўкі й заедкаў, зрэдку калі "паддатая"моладзь здымала колы, уганяла ці "чысціла" аўто. Хуліганяць таксама большай часткай нападпітку. П'яныя-ж дэбашыраць і дома, і ў гасцёх. За дзень у ленінскім судзе (апроч мяне) такіх судзілі ажна 48 чалавек. Дарэчы, п'яныя хуліганы й злодзеі выглядаюць, ды й апранутыя, лепей за астатніх, алькаголікоў ці бамжоў, часта пабітых, aбассаных і смярдзючых. Натуральна, што цёмныя й неацепленыя, перагружаныя каморы РАЎСа ці ГАМа часта таксама-ж абассаныя й смуродныя. І ў першым, і ў другім выпадку ў каморах быці калюжыны мачы ці, што ня шмат лепей, вільготныя куты. У ГАМе, у такой калюжыне, напрыклад, спаў чалавек. Выявілася, што некаторыя з асуджаных пабывалі тут колькі разоў за тыдзень і нават за дзень, былі адпушчаныя й вярнуліся зноў. Той, што на падлозе, увогуле знойдзены быў на прыпынку грамацкага транспарту, таму не замёрз. Шалёны народ, беларускі народ!!!)))

Яшчэ колькі партрэтоў з "акрэсцінскае галерэі".
















/Працяг будзе./

Невысокая якасць турэмных малюнкоў тлумачыцца складанымі ўмовамі іхняга выраблення ў цемры, на каленьках ці нават стоючы ў дрэнна асветленай зоне, часта па начах. Зробленае Навіцкім турэмнаю асадкай у школьным сшытку.

Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.

На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка 3/ 02.12.2011



Брудны судздзя.

Смешны суд і нясмешны прысуд

06.11.2011 года в 13.25 часов на ул. Чижевских, 1, выражался нецензурной бранью в общественном месте, вёл себя вызывающе, на неоднократные замечания не реагировал, чем нарушал общественный порядок, выражая явное неуважение к обществу.

Протокол N0262542.

08.11.11. Мяне, стомленага ад бяссоннай халоднай ночы, вашывага, бруднага й няголенага, прывезлі ў "бохане" (УАЗіку) у суд Ленінскага раёну Менска. Там маю справу аддалі Хоме. Судздзя Міхаіл Іванавіч Хома – "правільны" судздзя. Ён вядомы сваімі бруднымі судамі па ўсім свеце. Ён асудзіў прафэсара Казуліна за "лаянку", а паэту Някляева – за "выступ". Ён асудзіў пэнсыянэрак Аліеву й Напорку за "распаўсюд незалежнай газэты "Вольная Серабранка"". Ён нават змудрыўся асудзіць за "крадзеж" даўно памерлага пасля допыту ленінскімі міліцыянтамі Аксяневіча. Ён асудзіў усіх "ворагоў прызыдэнта" – "декабристов", "маўклівых", "салідарных з палітвязнямі", журналістых. Ён сёння – твар рэжыму. Гэна ён асудзіў мяне на 12 сутак бруднага, халоднага й цёмнага бамжатніка, дзе я атрымаў вошы, за "нецэнзурную лаянку", якой і быці не магло на могілках ахвяраў НКВД.




Да суду даўмецца, у чым я абвінавачваюся, было немагчыма. Затрымліваўся я невядомымі, у цывільнай апратцы, без бэджаў, без тлумачэння правоў і прычынаў затрымання. Абвінавачанне базавалася адно на двух ілжэсведчаннях, як выявілася, эмвэдаў, якія мяне й збівалі, прычым перапісаных слова ў слова. Доказы маёй віны адсутнічалі, нягледзечы на сотню сведкаў і дзясятак відэёкамэр! Я адразу заявіў хадайніцтва на дзяжурнага адваката, выклік у суд абодвух ілжэсведкаў абвінавачання й незалежных сведкаў. З боку абвінавачання выступіў толькі Іваноў, які нават ня здолеў прыпомніць акалічнасцяў, нават знешняга выгляду й колькасці людзей, якіх я нібыта аблаяў. На пытанні, чаму нібыта аблаяныя мною людзі саме не даюць на мяне паказанняў і ня пішуць заяў, чаму ягоныя словы не пацвяржаюцца ані водным фактычным доказам, эмвэд адказу не знайшоў.




Хадайніцтвы наконт дзяжурнага адваката й выкліку другога ілжэсведкі, якога можна было-б злавіць на рознасцях хлусні, судздзя Хома-ж не задаволіў і, як выявілася, нават у пратакол паседжання ня ўнёс. Не ўлічыў Хома й маю заяву пра абсурднасць абвінавачання ў лаянцы на могілках, якія грамада, у тым ліку й я, штогодна прыходзіць шанаваць, і каторыя я асабіста штогодна прыбіраю, доказамі чаго могуць з'яўляцца шматлікія фота ў СМІ. Хома таксама ня стаў улічваць, што я ўпершыню прыцягваюся да адказнасці па дадзеным артыкуле, а тым болей за "брудную лаянку". Дый ці можна было-б караць мяне за тое, чым штодня карыстаецца ў жыцці пэўная частка расейскамоўнага насельніцтва, у тым ліку, саме эмвэды? У РАЎС*е, ГАМ*е й ЦІП*е, дзе мяне ўтрымлівалі, я апытаў ледзь ня сотню арыштантоў, і ніхто пра пакаранні за лаянку нават ня чуў. За п'яны тэрор жонкі й дзяцей, за разбіцце вітрыны ў краме ў п'яным стане, за крадзеж – давалі 3-7 сутак! Мне-ж смелы судздзя Хома за нібыта лаянку адважыў ледзь не "на ўсю катушку" – 12 сутак! І гэна пры тым, што сведка Ўладзімер Юхо цалком пацьвердзіў маю невінаватасць)))




Грукайце, і адчыніцца вам

-Калі ў вас тут быў рэмонт апошнім разом?

-Плянавалі яшчэ летась, але-ж, разумееце, эканамічны крызыс...

-Дык-жа-ж у вас тут адныя парушэнні! Ня можэце ўтрымліваць людзей у гарантаваных законам умовах – зачыняйце сваю халабуду!

З перагавораў з заступнікам начальніка ЦІПу.



Парэпаная столь турэмнае каморы.

Прагулянкі для арыштантоў тут мусілі быць штодзённа, але адпачатку мае турэмшчыкі пачалі тлумачыцца адсутнасцяй прагулачнага дворыка. Пасля шматразовых зварачэнняў, праз тыдзень няволі-такі пачалі нарэшце выводзіць. Але ўсё-ж вывялі разом толькі чатыры разы з дванаццаці. Разом са мною выводзілі толькі сукаморнікоў, яшчэ пару палітычных ды замежнікоў з Усходу. Давялося дзяліцца з імі цыгарэтамі, якімі мяне са сваех перадачак шчодра надзялялі зноў-жа палітычныя, бо ў "адміністрацыйнікоў" нічога не было. Часам мяне, як ізаляванага, зачынялі ў дворыку аднаго.




-Ну што, цуцыкі, змерзлі? Пойдзем у "цёплую" камору?

З другога дворыка: -Да! Да!

-А што нам скажа таварышч Навіцкі?

-Гуляць, гуляць, і яшчэ раз гуляць!!! Тыдзень у смуродзе трымалі!

З размовы з канвойным.

Дамагчыся прагулянак на свежым паветры нікому не ўдавалася, нават палітычным, дый, відаць, ніхто да гэнага надта й ня мкнуўся. У любым выпадку, я пакуль пра падобнае ня чуў, хоць і апытваў акрэсцінскіх заўсёднікоў. Насамрэч, дворыка ў "сутачнікоў" няма (!), таму й вадзілі мяне гуляць на тэрыторыю ІЧУ*. Нуй "на халяву" дыхалі марозным паветрам яшчэ колькі чалавек) Так, давялося за скаргі адбыць сем сутак у карцэры, але-ж пачалі выводзіць людзей! А каб гэнага дамагаліся іншыя арыштанты – зрабілі-б і дворык! Можна-ж заўсёды дамовіцца – дамовіліся-ж мы з Юхом аб супольнай галадоўцы і ўтрымалі яе да канца! Не, мы саме сабе ствараем нейкія штучныя бар'еры. Памятаю, глядзеў такі фільм "Добэрман" з Монікай Бэлючы й Вінсаном Касэлем. Там ёсць такі эпізод. Тры чалавекі нібы здымаюць хату, дзе на столі праглядаюць нейкія крывавыя плямы. Адзін тлумачыць, што тут раней жыў бізнэсовец, якога абнішчылі, дык вось ён узяў стрэльбу й забіў жону й дзяцей дый сам застрэліўся. Другі адмаўляецца разумець сэнс зробленага. Чаму, маўляў, чалавек помсціцца сваёй сям'і? Калі й трэба было некага караць, дык таго, хто яго абнішчыў!!! Хіба-ж ён не вар'ят? Гэнтак і мы. Пакуль ляжым ці тонем ва ўласных слязах, скардзімся на лёс ці дыктатуру, ніхто нам НІЧОГА на талерцы не прынясе. Штурхнеце дзверы й увайдзеце! Усе думаюць, што дзверы зачыненыя на 100 замкоў, а-ж яны даўно струхлі ў чаканні на тых, хто хаця-б туды пагрукае.




Дарэчы, каб ня здацца несправядлівым, згадаю-такі два выпадкі каморнай "бучы". Першы раз гэнае адбылася, калі я некалькі гадзін безвынікова патрабаваў сваёй санапрацоўкі, а потым прадэманстраваў сукаморнікам колькі здаравеных вошай з ліку тых, якімі мяне "узнагародзілі" на 3-ім паверсе, і сказаў, што я ўжо не маю моцы стаяць і зараз уціснуся сярод іх.

Другі, калі мяне трымалі ў адстойніку аднаго, на што ня мелі права, я запатрабаваў, каб мяне перавялі ў "хату". Замест таго мне самому падкінулі парачку хуліганаў і на карцэр забыліся даці ежу – я-ж галадаваў. Бачылі-б вы, як трэсліся дзверы, калі мае суседзі па каморы засталіся без абеду!!!

У абодвух выпадкох, натуральна, мае суседзі разумелі, што я, як палітычны, замяць скандал не дазволю, таму былі празмерна смелымі)))


Пра "кантынгент" Акрэсціна – у наступнае частцы.

РАЎС* -раённы адздзел унутраных справаў.

ГАМ* – гарацкі адздзел міліцыі.

ЦІП* – цэнтр ізаляцыі правапарушальнікоў.

]ІЧУ* – ізалятар часовага ўтрымання.


Юрась Навіцкі, хранікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на протэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.

На дне: без рамантыкі /з штодзёньніка палітарыштанта, працяг/ 24.11.2011



-Перапішэце, каліласка, заяву.

-Дык вы-ж саме мне паперы не давалі! Ды й навошта?

-Дзеля эстэтыкі...

-Якая тут у вас, да чорта, эстэтыка??? Гарачае вады няма, ложкаў няма, пасьцеляў няма, цяпла й святла няма, прагулянак няма, ёсць хіба бруд, вошы й часотка)))


Где флэшка, пі-і-п!!!

Пачалося гэта 6-га лістапада, блізу дванаццатай, калі я прыйшоў з суседняй Серабранкі да ДК камвольнага камбіната, каб асвятляць зладжаныя КХП-БНФ "лошыцкія Дзяды", гэткае сабе традыцыйнае народна-рэлігійнае мерапрыемства, якое пачынаецца штогод (яшчэ з 1980-х) з шэсця з крыжамі ды сцягамі Хрыста, а сканчаецца ўскладаннем кветак, запальваннем знічак і свечак, мітынгам і супольнай малітвай. Мерапрыемства гэтае бязкрыўднае, непалітычнае, нешматлюднае, таму штогод дазваляецца Менгарвыканкамам. Так было й сёлета. За дзень да гэтага мы з сябрамі, як звычайна, прыбралі на комплексе смецце й лісце, развесілі плякаты з фатаграфіямі мінулых падобных акцыяў (якія назаўтра амаль усе ў таямнічы спосаб зніклі).

Ужо на пачатку фотаздымкі я пачуў скаргі ад удзельнікаў маючага адбыцца мерапрыемства, нібыта, пакуль не прыйшлі журналісты, нейкія "кіношнікі" меліся разагнаць сборку. Я пачаў здымаць тых (1) , але "людзі ў штацкім", якіх было нешта зашмат, пачалі пагражаць мне турмою, паказваючы мне знакамі краты. Адзін зь іх (2) нат сказаў адкрытым тэкстам, што я сёньня пайду ў турму, на што я запрапанаваў ня лезці самім ува ўсе лепшыя кадры й не йсці неперадзе калёны, як тры багатыры (3) . Прычыны затрымліваць мяне на дазволеным уладамі мерапрыемстве я не бачыў, таму й уцякаць ня стаў. Я памыляўся, бо не чакаў, што двое міліцыянтаў абылгуць мяне. Потым выявіцца, што тыя двое, што мяне затрымаюць і зб'юць, пазьней заявяць, што я падчас "Дзядоў" "брудна лаяўся, чапляўся да невядомых, перапранутыя міліцыянты нібы рабілі мне заўвагі, на якія я не рэагаваў".



А пакуль я спакойна раскладаў кветкі й запальваў знічы. Выпрастаўшыся, хацеў зрабіць яшчэ пару здымкоў, і тут пачуў ззаду громкую размову, замінаючую прамове, нейкага "штацкага" (4) па тэлефоне. Я аўтаматычна павярнуўся й адчуў моцны ўдар па камэры, якую трымаў у руках. Камера выляцела й моцна ўдарыла ў патыліцу сівога чалавека, набіўшы таму вялікі гуз. На судзе Ўладзімеру Юхо (5) , так яго зваў судзьдзя, далі сем сутак арышту. Ён таксама потым галадаваў на пратэст супраць несправядлівага прысуду.



Як скончылася супольная малітва, я, аддаўшы адзнятыя матэрыялы ў друк, сеў у машыну да аднаго з калегаў, і мы ад'ехалі. Недалёка, бо на першым-жа скрыжаванні машыну спыніў таўсьценны гаёвы (6) , а "штацкія" Іваноў (7) і Ягор Караваеў (8) выцягнулі й запхнулі ў службовага "казла". У машыне яны збівалі мяне, патрабуючы даўно перададзеную флэшку, і, калі Іваноў ударыў мяне толькі раз, то ягоны напарнік, да таго часу, як я згубіў прытомнасць, пасьпеў нанесьці мне шэсць удароў па галаве, два – у корпус, і адзін па нагах. Пакуль пацукі збівалі мяне, я жваў паперкі з паролямі ад сацыяльных сетак, блёгаў і поштаў. Такім чынам, скончыліся мае сёлетнія Дзяды.

(1-8) Усе фоты выстаўляліся – частка ў фотарэпартажы Нашай Нівы, іншыя – калегамі на знак салідарнасці на розных сайтах і ў сацыяльных сетках, за што мая ім асабістая ўдзячнасць. Невысокая якасць турэмных малюнкоў тлумачыцца складанымі ўмовамі іхняга выраблення ў цемры, на каленьках ці нават стоючы ў дрэнна асветленай зоне, часта па начах.





"Каклета"

Есці тут даюць тройчы на дзень. Сняданак і вячэра абсалютна аднолькавыя – чарпак несалоныя кашы й кубак чаю, кавалак хлебу.

Хлеб звычайна з'ядаўся адразу, кавалак шэрага, што давалі на абед, некаторыя старажылы адкладалі на вячэру, на дэсэрт да чаю. Толькі палітычныя арыштанты, што мне сустракаліся ў турме, маладафронтаўцы Паша й Роман, мелі звычку дзяліць яго лыжкаю на дробныя кавалкі й сушыць на газэце на батарэі сярод вільготнага абутку й мокрых шкарпэтак – батарэяў у каморы звычайна не хапае. Такія сухарыкі можна есці асобна ці дадаваць у зупу. Хлеба тут, у адрозненне ад жодзінскае турмы ў снежні, ніколі не застаецца, таму для лепкі матэрыялу няма. Сам я зноў галадаваў, а просьбы заставіць мне кавалак хлебу для лепкі турэмшчыка разумення ў злодзеяў, алкаголікаў і бамжоў не знайшлі) Гэны "абмяжаваны кантынгент" заўжды галодны, што на волі, што ў турме. Адзіны выпадак лепкі, вядомы мне – падчас частых ператрусоў дробны злодзей Ігар зляпіў з хлеба загавораную дулю.



У абед даюць зноў хлеб, першае й другое, штопраўда, чаю не даюць зусім. Дарэчы, ні разу за 12 сутак я ня бачыў, каб на Акрэсцінах давалі кісялю ці якога кампоту. На першае – даволі рэдкая зупа ці капуста, на другое – звыклая каша з катлетаю, звычайна, рыбнаю. Гадзіннікаў ніўкога ў каморы няма (а пэрсанал турмы на пытанні пра час не адказвае – сыстэма працуе!), таму менавіта "каклета" з'яўляецца тут адзінкаю вымярэння тэрміну зняволення адміністратыўна арыштаваных. Так і кажуць – "засталося сем каклет" альбо "я ўжо з'еў тут без перарыву 34 каклеты".



Вось так, на кукішках, арыштанты й сілкуюцца, бо ніякай мэблі ў каморы больш няма.

Салятаў ці хаця-б якога вінегрэту я тут таксама ні разу ня бачыў. Незразумела, як такім убогім рацыёнам турэмшчыкі маюцца забяспечыць арыштантаў неабходнымі дзеля падтрымання здароўя й жыцьця рэчывамі, як то – мікраэлементамі ці вітамінамі? І гэта ўвосень, пару, багатую на ўраджай! А што тады арыштанты будуць есці ўзімку? Гузікі ад нагавіц?

Таму прапаную колькі рэцэптоў для турэмных кухароў і лекароў:

Танная па кошце й багатая на карысныя рэчывы салята

Цыбуля, кіслая капуста (гуркі альбо нат антонаўскі яблык, можна так сама кіслы). Вараныя: бульба, буракі, морква. Алей, соль па гусьце.

Салятка па-акрэсцінску

Дзве лыжкі пакрышанай стужкамі й мятай капусты з кропляю марынаду й алею, паўяйка (варонага), палова антанаўскага яблыка. Яблык і яйка не крышыць.

Усе пэрсанажы НЕвыдуманыя, а супадзеньні імёнаў, прозвішчаў і адзінак вымярэння НЕвыпадковыя)))



Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.

На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта/ 21.11.2011

Тым, каго выхоўвалі савецкія фільмы, скажу адразу: няма тут ані шашлыкоў, ані кампоту)

Дзяржава для народа! – "крычалка" ўраду.

Міліцыя з народам! – "крычалка" апазыцыі.





У адстойніку

Сёння, 14 лістапада, 8-ы дзень галадоўкі й майго зняволення, трое сутак, як я ў пакаранне за шматлікія скаргі й патрабаванні, сяджу ў "адстойніку" (камора N1). Адстойнік – гэна невялічкая, 4Х4м, самая брудная й смуродная, вільготная, цёмная й халодная камора ў турме. Адстойнік настолькі змрочны, што ня толькі чытаць, але-й нават напісаць скаргу тут немагчыма, не спаліўшы зроку. Звычайна п'яніцы й дэбашыры цверазеюць тут, чакаючы на канвой у суд. Камора кутняя, на 1-ым паверсе турмы, проста над падвалам і насупраць уваходных дзвярэй й часта адчыненага міліцыянтамі вакна. Батарэі-ж ацяплення тут адмыслова зашытыя дошкамі й ДГ-плітамі, якія на дотык ХАЛОДНЫЯ! Калі яны нешта й грэюць, то хіба толькі cцены. Калі мяне аднаго прывялі сюды ўпершыню, у пустую камору, ногі закалелі за дзясятак хвілін. Думаў, да ранку не дацярплю) Нічога, выжыў і працягваю радавацца жыццю.




Тое, што "хата" нежылая, пацвяржаюць і наступныя факты: тут немагчыма жыць – нельга пасушыць памытыя шкарпэткі ці бялізну, зрабіць з "чарнушкі" "сухарыкі" да чаю, няма палічкі, каморнага агульнага кубка, аніразу тут не далі ня тое, што швабры, але й нават мяцёлкі з саўком, няма чым мыць посуд.

Зараз глыбокая ноч. Мае сукаморнікі, а іх шэсць, спяць. Яны проста перада мною, ляжаць упокат на адным, агульным, халодным драўляным насціле, без пасцеляў, на голых дошках. Спяць, шчыльна датыкаючыся адзін да днаго, беларусы-браты: Саша-напаўбамж-напаўалкаш, Роман-маладафронтавец і тры злодзея, якіх тут яшчэ называюць "мелкие хищники"), Саша, Ігар і Саша. Чацверты злодзей, таксама Саша, з-за недахопу месца на драўляных подмасцях спіць сярод смецця, вільготнага абутку й "кешароў" на бруднай, згнілай і праламанай ля "ачка", падлозе. Мы літасціва насцялілі яму "гняздо" – пасцелю з газэтаў (перададзеным сваякамі й сябрамі палітвязняў), ад якіх тут няма іншае карысці.




Насамрэч, у каморы каштоўнае ўсё, тым больш для непалітычных арыштантаў, якім (за вельмі рэдкім выключэннем) ніхто анякіх перадачаў ніколі не прыносіць. Саша-IV чакае на суд за тое, што выпіўшы "з гарла" две бутэлькі яблычнага пуншу (0,7), пайшоў у найбліжэйшую краму й скраў там двохлітровую бутэльку піваса. Роман закідаў яйкамі статуй расейскага камуністычнага правадыра-ката Леніна ў дзяржаўнае свята дыктатарскае Беларусі – "День Великой Российской Октябрьской Социалистической Революции", які нідзе ў свеце болей не святкуецца. Я прысвячаю гэнаму "святу" верш-пародыю на песьню Каслукі "Красный день календаря – это Родина моя".

"Нужная" вещь

День Седьмого Ноября -

Это Родина моя.

Двадцать Третье Февраля -

Вместо папы у меня.

А Восьмое Мартабря -

Это матушка моя.

Знает пусть любая тварь -

Я – СОВЕТСКИЙ КАЛЕНДАРЬ!

Я в сортире вишу на стене.

Моя миссия нравится мне.

Я собою безмерно горжусь.

ЗАХОДИ- И ТЕБЕ ПРИГОЖУСЬ!




З нас сямі – трох санітарна не апрацаваныя. Асабліва смуродзіць моцна збіты Саша-алкаш. Ды й што весці пра яго, калі ўспомніць, што прывялі мяне ў адстойнік, ня толькі санітарна не апрацаваны, але нат засмеччаны, з заваленым гарой лайна "ачком". Ды й шчэ ў дадатак укінулі бамжа, якога ня проста ня мылі – яму нат, прабачце, дамы, нават лайно з калашын ня вытрэслі! Той борзенька ўскочыў і ўлёгся на падмосці (якое тутэйшыя называюць яшчэ "сцэнаю") і праз колькі хвілінаў па й без таго смярдзючай маленькай каморы распаўсюдзіўся такі моцны салодка-прытарна-ванітаўтваральны смурод, што дых ужо цалкам адняло. Я, памятуючы, як мяне ўжо ў першы дзень заразілі вошамі памерамі ледзь не з каня), што называецца, "ламануўся на кармушку". Праз некалькі гадзін грукання й скандалаў, бамжа некуды звялі (здаецца, яго папросту выкінулі), а я запаліў у каморы газэту, каб хоць крыху перабіць смурод. Дарэчы, аб тым, што тут і раней старажытныя сідзельцы грэліся, сведчыла й цёмная пляма пасярод "сцэны", на якой і спалі ў апратцы й абутку, і якая служыла адначасова й сталом для прыйма ежы. Карацей, сумаваць мне тут не даюць)))

Лермантаву й ня снілася

Сяджу за сцянамі

Цямніцы вільготнай

Халоднай і цеснай

І брудна-смуроднай...

(Працяг будзе.)




Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.
Страницы: 1
Читать другие новости

Юрась Навіцкі