АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Референдум Белгазпромбанк Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис Эпидемия
Алена Талстая. Катаваньне суткамі

Алена Талстая. Катаваньне суткамі

/з камэнтарамі праваабаронцы й ілюстрацыямі МТІС*/

Алена Талстая - адзіная жанчына-палітык, якая за арганізацыю й удзел у пратэстох супроць "паглыбленай інтэграцыі" у Расею была пакараная ня толькі астранамічнымі штрафамі, але й адміністратыўным арыштам. Яна зьяўляецца сустаршынёй міжнароднага Руху Салідарнасьці "Разам". Сёньня Алена распавяла пра ўмовы ўтрыманьня ў турме "Акрэсьціна".


1. Турэмныя малюнкі Т. Грачанікавай і Ю. Шпак-Рыжкава.

Алена: Я не ведаю, што чакае вас і мяне, таму пішу пра сваё "суткі" з 26 па 31 снежня. Бо акрамя незаконнага зняволення, "суткі" у ЦІПе - гэта яшчэ і катаванне ўмовамі ўтрымання.

2. Турэмныя малюнкі А. Лявы й Т. Грачанікавай.


Мяне размясцілі ў "адстойнік" - самую халодную камеру на 1-м паверсе, тэмпература ў якой не падымаецца вышэй 14-15 °С. Туды адпраўляюць затрыманых да суда ці на тэрмін ад некалькіх гадзінаў да 3-х сутак. Я ж там была ўвесь тэрмін зняволення і атрымала бранхіт.

Умовы антысанітарныя: ніякай дэзынфекцыі ад папярэдніх пастаяльцаў ні памяшкання камеры, ні матрацаў і коўдраў не праводзілася. Коўдры брудныя, чорна-сінія з падазронымі белымі плямамі. Рызыкаваць падхапіць лішай ці каросту я не наважылася і накрывалася паліто. Людзі ж ад холаду ў гэтай камеры спалі ў куртках, паверх укрываючыся ад холаду гэтымі коўдрамі.

Ложкі - металічныя двух'ярусныя. Другі паверх - на вышыні 160 сам, без аніякіх прыступак і магчымасці чалавеку туды забрацца. Людзі спалі на падлозе ля прыбіральні...

/Усе тры пункты пацьвяржаюцца былымі палітарыштантамі, якія адбывалі арышты ў турме на Акрэсьціна раней, сам неаднойчы пісаў пра бруд, антысанітарыю, холад, перанаселенасьць./


3. Сяброўскі шарж ад МТІС і турэмны малюнок Ю. Шпак-Рыжкава.

Камера на 4 чалавекі. "Адстойнік", таму народу перад вачыма прайшло досыць: крымінальніца, якая да таго адседзела 7 год, а цяпер па рэўнасці ледзь мужыка не забіла; п'янчужка за 60, уся ў сіняках, паспела з мянтамі пабіцца; дзьвух з
выцвярозніка адправілі да нас і потым на суд (яны лаяліся страшна матам, і аказаліся кантралёршамі з аўтобуснага дэпо); сталую жанчыну-інваліда забралі за піва ў скверы; маладую і прыгожую дзяўчыну злавілі на крадзяжы; і адна так і не распавяла пра сябе.

Жанчын там хапала, іх вазілі на гарадскі сметнік выбіраць шклатару, яны радаваліся такой магчымасці, - можна пакурыць і знайсці якую трасцу.


Камеру мыць прымусілі цётку бамжацкага выгляду, пры тым аніякіх сродкаў для мыцця прыбіральні няма: смурод стаіць невыносны. Дарэчы, цётак як з нашай, так і з суседніх камер прымушалі мыць падлогу ў калідоры, ў кабінетах і прыбіральнях аховы, што абсалютна незаконна.

/Таксама не ўпершыню чуў і бачыў на ўласныя вочы, як арыштанткі мылі падлогу "на прадоле" і ў прыбіральнях. І сьмецьце насамрэч возяць перабіраць. Усё тут праўдзіва. Адна заўвага: да расповядаў вязьняў, нават быўшы старшым каморы падчас адмінарыштоў, я ставіўся крытычна - занадта кароткі тэрмін, каб баяцца адказнасьці за хлусьню./


4. Турэмныя малюнкі Т. Грачанікавай і Ю. Шпак-Рыжкава.

Я адразу заявіла пра галадоўку і ежу не прымала, Насельнікі ж камеры павінны былі мыць за сабой посуд без аніякіх мыючых сродкаў, і потым гэты посуд не перамываецца, а так і выкарыстоўваецца, таксама з'яўляючыся пераносчыкамі інфекцыйных захворванняў. Так, мае суседкі з рысавай кашы выцягвалі рыбіну луску, пры адсутнасці рыбы ў "меню".

Ператрусы ў камеры рабіліся штораніцы, але пасля прагулкі невядома навошта ізноў рабілі асабісты дагляд.

Асадку аб'явілі "колюще-режущим предметом" і адабралі.

/Гэныя ўмовы ў турме на Акрэсьціна не зьмяніліся. Наконт асадкі: калі не дазваляюць перадаваць паперу й асадку, арыштаваны можа запатрабаваць у "прадольнага" аркуш паперы й асадку для напісаньня скаргаў./

У апошнюю ноч у камеру пасадзілі цётку. Яна маўчала, знаёміцца і ў размову ўступаць не хацела. Што зробіш, у кожнага - свае праблемы. Але калі ўночы яна пачала, зняўшы з-пад швэдэра, рваць на паскі майку, прыкрываючыся падушкай, - давялося-такі сесці насупраць і патлумачыць, што я бачу, што яна робіць, і не дам зрабіць шкоду сабе ці іншым. Спаць у апошнюю ноч не давялося...

31 снежня ў сем з капейкамі за мной прыбыў канвой, хаця да вызвалення заставалася больш за тры гадзіны. Мяне вывезлі з ЦІПа ў адсеку міліцэйскай патрульнай машыны, без вокан. Мне не паведамілі, куды і навошта мяне вязуць, - ці на новы "суд", ці яшчэ куды... Прывезлі ў РАЎС Маскоўскага раёну і пасадзілі ў глухую бетонную камеру з бетоннай лаўкай. Пасля трох гадзінаў знаходжання там аддалі рэчы, - маўляў, тэрмін зняволення скончаны. Уся іх "спецаперацыя" па выкраданні мяне з ЦІПу мела толькі адну мэту, - каб родныя і сябры мяне не сустрэлі, каб не было салідарнасці і падтрымкі, каб не было журналістаў і інфармацыі.

Дробязная і подлая помста подлай і беззаконнай ўлады.

5. Турэмны малюнок Ю. Шпак-Рыжкава, фота Т. Грачанікавай.
--
*МТІС - Музэй Таталітарызму й Салідарнасьці.


08.01.20 12:44

Юрась Навіцкі