Унікальная кніга па гісторыі Другой сусветнай. Прэзентацыя ўжо заўтра!

Унікальная кніга па гісторыі Другой сусветнай. Прэзентацыя ўжо заўтра!

На вялікі жаль, доўгі час у савецкай і беларускай гістарыяграфіях, а таксама грамадскай свядомасці існавала стэрэатыпнае меркаванне пра тое, што Другая сусветная вайна пачалася для Беларусі ў чэрвені 1941 года. Маўляў, да гэтага моманту жыхары БССР жылі мірным жыццём, не ведалі, што такое бамбёжкі, голад і разбурэнні, а ўсё іншае адбывалася па-за межамі Беларусі. Аднак, гэта - скажэнне рэчаіснасці. Вайна на беларускія землі прыйшла 1 верасня 1939 года, калі нацыстская Германія напала на Польшчу, у складзе якой на той момант знаходзіліся Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае ваяводствы, на тэрыторыі якіх пражывала вялікая колькасць беларусаў. З першых дзён Другой сусветнай тысячы беларусаў уступілі ў шэрагі Войска Польскага, Пінскай рачной флатыліі, Корпуса аховы памежжа і мужна біліся супраць немцаў на розных франтах Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Аднак і ўсходняя, савецкая Беларусь, не заставалася ў баку ад падзей, якія разгортваліся ў суседняй дзяржаве. Падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія размяшчаліся на тэрыторыі савецкай Беларусі, былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць, адбывалася мабілізацыя прыпіснога складу, у крамах зніклі соль і запалкі, а савецкія беларусы пацягнуліся ў ашчадныя касы і банкі і пачалі здымаць грашовыя ўклады. Акрамя гэтага, варта ўзгадаць, што ў тыя вераснёўскія дні радыё ў Мінску, сярод іншага, перадавала ў эфіры таямнічае словазлучэнне: “Я – Мінск”. Рабілася гэта дзеля таго, каб аблегчыць жудасную працу пілотаў люфтвафэ, якія бамбілі заходнебеларускія гарады. Тады, па сутнасці, з тэрыторыі БССР дапамагалі забіваць беларусаў, якія жылі за “рыжскім кардонам”. Варта разумець, што нямецкія бомбы на Берасце, Горадню, Пінск, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі пасыпаліся ўжо ў першыя дні вайны. Гітлер і Сталін пачалі перадзел Еўропы і першымі ахвярамі гэтай “гульні тронаў”, сярод іншых народаў, якія засялялі міжваенную Польшчу, былі нашыя суайчыннікі. 17 верасня 1939 года, увёўшы свае войскі на тэрыторыю ўсходніх раёнаў Польшчы, СССР фактычна ўступіў у Другую сусветную вайну. Не гледзячы на пераможныя рэляцыі савецкіх штабістаў і журналістаў, тая “міратворчая аперацыя” стала цяжкім выпрабаваннем для Чырвонай Арміі. На лініі савецка-польскай мяжы адбыліся жорсткія баі паміж польскімі вартавымі мяжы з Корпуса аховы памежжа і савецкімі войскамі. Нехта сустракаў “гасцей з Усходу” яблыкамі і кветкамі, але ў шматлікіх населеных пунктах Заходняй Беларусі ў савецкія танкі ляцелі “кактэйлі Молатава”, а чырвонаармейцаў “вітаў” “свінцовы гарох”. Так было, прынамсі, пад Маларытай, у Навагрудку, Горадні і Вільні. Але сілы былі няроўнымі і хутка ўся заходнебеларуская тэрыторыя была занятая савецкімі войскамі і ўключана ў склад СССР. Перыяд з восені 1939-га па чэрвень 1941 года не быў спакойным для заходніх абласцей савецкай Беларусі. У гэты час тут адбываліся арышты так званага “польскага кантынгента”, дэпартацыі “кулакоў”, саветызацыя і русіфікацыя мясцовага насельніцтва. Але праз два гады вайна ізноў прыйшла на беларускія землі. Былы хаўруснік Іосіфа Сталіна Адольф Гітлер вырашыў стаць адзінаўладным гаспадаром Еўропы і ліквідаваць крамлёўскага канкурэнта. У выніку, беларусам ізноў прыйшлося расплачвацца сваімі жыццямі за геапалітычныя гульні дыктатараў. Лета 1941 года стала адным з самых жудасных у навейшай гісторыі Беларусі. Мільёны палонных і забітых савецкіх жаўнераў, знішчаныя гарады і вёскі і нацысцкая акупацыя. Але беларусы змагаліся супраць ворага. Нехта ў шэрагах савецкага войска і партызанскіх атрадах, іншыя на заходнім фронце, у войсках хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Нашыя суайчыннікі прайшлі ўсе выпрабаванні і зрабілівялікі ўнёсак у справу Перамогі над “карычневай чумой”. Альбом “Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава” складаецца з фотаздымкаў, большасць з якіх паходзяць з прыватнай калекцыі аўтара і ніколі раней не публікаваліся. Акрамя гэтага на старонках кнігі публікуюцца выявы дакументаў і артэфактаў з маёй калекцыі. Выданне падзелена на раздзелы, складаецца са 168 старонак, на якіх апублікавана больш за 600 здымкаў. Матэрыялы, змешчаныя ў альбоме “Другая сусветная вайна на фотаздымках з архіва Ігара Мельнікава” дазваляюць пашырыць кругагляд ведаў па вайсковай гісторыі Беларусі ў прыватнасці і падзеям Другой сусветнай вайны ўвогуле. Больш таго, выданне двухмоўнае (на беларускай і ангельскай мовах), што дасць магчымасць данесці праўду пра падзеі Другой сусветнай на беларускай зямлі жыхарам іншых краін. Прэзентацыя адбудзецца 10 снежня 2018 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY (Мінск, Пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх). Уваход вольны! Ігар Мельнікаў, Кандыдат гістарычных навук
09.12.18 16:13