Да галасавання Беларусі ў ААН па Крыме

Асабіста я вельмі абураюся, калі чытаю - Беларусь галасавала ў ААН супраць вываду расейскіх войскаў з Крыму. Бо ні я, ні мільёны іншых грамадзян Беларусі, не маем да гэтага “галасавання” ані якага дачынення.

Абураецца гэтаму Денис Івашин, бо такое галасаванне ад нашага імя “непасрэдным чынам спрыяе далейшаму правядзеньню ваеннай агрэсіі РФ супроць Украіны й значнай эскаляцыі ваеннага канфлікту”. А Уладзь Рымша звяртае ўвагу на тое, што “ужо неаднаразова Радыё Свабода і Новы Час падманваюць чытачоў загалоўкамі "Беларусь прагаласавала супраць Украіны"”.

Што рабіць, калі твой голас скрадзены не ў Беларусі , пад час ягонага чарговага “пераабрання”, а на міжнароднай пляцоўцы, якой з’яўляецца Генасамблея ААН? Што рабіць, калі такое “галасаванне" на карысць краіны-агрэсара падае як пазыцыю краіны Радыё Свабода, якое фінансуецца падаткаплацельшчыкамі ЗША, - гарантамі бяспекі Украіны і Беларусі па Будапешцкім мемарандуме? Правільна, апяляваць да гэтага дакумента, растаўляючы ўсе кропкі над “і”!

17 снежня, у той жа дзень перад галасаваннем па “Крымскай рэзалюцыі” у Генасамблее ААН, у Кіеве прайшла 2-я прэсавая канферэнцыя на тему: “Будапештський меморандум: ефективний шлях примусу до імплементації та стратегії деокупації”. Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – яе старшыня Ігар Барысаў, старшыня Менскай абласной арганізацыі Аляксандр Абрамовіч і я - адказны сакратар Міжнароднага камітэта "За Будапешцкі мемарандум!" (Будапешцкі камітэт). Рашэнне пра ягонае стварэнне прынята пасля 1-й прэсавай канферэнцыі 8 жніўня г.г. з маім і суддзёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі ў адстаўцы Міхаілам Пастуховым удзелам.

Сённяшні ўдзел сябраў БСДП (Г) у прэс-канферэнцыі тлумачыцца тым, што партыя выказваецца за безумоўнае выкананне палажэнняў Будапешцкага мемарандуму аб гарантыях бяспекі для Украіны і Беларусі, якія 5 снежня 1994 года былі прадастаўленыя Расеяй, ЗША і Вялікабрытаніяй у адказ на далучэнне нашых краінаў да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года. Гэта зацверджана ў Праграмме дзеянняў БСДП.

Намагаючыся анэксаваць Крым, у тым ліку, праз размяшчэнне на украінскай суверэннай тэрыторыі ядзернай зброі, Расея парушыла рэжым бяспекі, які дзейнічаў на прынцыпах Хельсінкскага заключнага акта АБСЕ, і рэжым нераспаўсюду ядзернай зброі. Прынцыпы АБСЕ з’яўляюцца гарантыямі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме. Дзеля аднаўлення парушаных Расеяй гэтых абодзьвух рэжымаў мы, сацыял-дэмакраты, заклікалі ўкраінскіх палітыкаў да супрацы па аднаўленні дзеяння прынцыпаў АБСЕ на Украіну і Беларусь .

Каб адмежавацца ад галасавання па ўкраінскім рэзалюцыям у ААН і АБСЕ на карысць краіны-агрэсара РФ заклікаем грамадзян Беларусі ўступаць у шэрагі БСДП (Г). Заклікаем беларускія і ўкраінскія СМІ падаваць артыкулы з дакладнымі з пункту гледжання міжнароднага права загалоўкамі! Звяртаю ўвагу журналістаў на тое, што Крым Расеяй не анэксаваны, пакуль 100 краінаў свету не адмовяцца ад падтрымкі рэзалюцыі ГА ААН ад 27.03.2014 “Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны”. Гэтага не будзе ніколі, а таму мы маем справу не з анэксіяй, а з ейнай спробай.

Палітыкі Беларусі і Украіны ў рамках сумесных захадаў па аднаўленні рэжымаў бяспекі і нераспаўсюду ядзернай зброі бліжэйшым часам накіруюць сумесны зварот ў ААН і АБСЕ, які будзе тычыцца галасавання там прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ад імя Беларусі, ад нашага з вамі імя!

Больш дакладна з інфармацыяй па Будапешцкім мемарандуме можна азнаёміцца на сайце Інстытута даследвання расейскай агрэсіі.

18.12.18 21:35

Игорь Ледник