На што здольная культура? (відэа) 03.02.2015 1

ЧОРНЫМ ПА БЕЛЫМ. Тэма выдання - "На што здольная культура?"

На што здольная культура? На гэтае пытанне спрабуюць адказаць госці новага выдання "Чорным па белым". Актор і сцэнограф тэатру "Крылы халопа" Сяргей Гайко распавядае пра ўзаемадзеянне гледача і актораў на сцэне, дакументалістка Вольга Мікалайчык разважае, з якой прычыны яе фільмы адносяць да ліку палітычнымі, што з'яўляецца - паводле аўтаркі - памылковым. Не на ўсе пытанні мы знайшлі адказы, далучайцеся да пошукаў! Эксперты выдання - журналіст Алег Ражкоў і Кацярына Гузоўская-Гора, "Дом сонца". Глядзіце ў ІX выпуску III cезона "Чорным па белым" на Belsat TV з Валярынай Куставай і Юляй Рымашэўскай. ВІДЭАВЕРСІЯ ВЫДАННЯ:

«Дзяды»: спектакль, які чакалі чвэрць стагоддзя 04.06.2013


"Дзяды" - новая легенда беларускага тэатру. Літоўскі рэжысёр паставіла спектакль па польскім творы беларускага паэта пра ліцьвінаў. Па ўзрушэнні ды імпульсе актуальнай беларускасці «Дзяды» Рамунэ Кудзманайтэ можна параўнаць хіба што з «Тутэйшымі» Мікалая Пінігіна.


У літоўскай пастановачнай групы з удзелам беларускіх актораў атрымалася стварыць існа нацыянальны беларускі спектакль. У якім, з аднаго боку, прасочваецца моцны бэкграунд, пранікненне аўтара ў эпоху і матэрыял (з дапамогай экспертаў-кансультантаў у этнаграфіі, гісторыі і фалькларыстыцы), са спасылкамі да канкрэтных культурніцкіх традыцый  — святкаванне «Дзядоў» (дзень памяці продкаў у беларусаў і аднайменнае шэсце на Курапаты) і гістарычных фактаў (Адам Міцкевіч уводзіць у твор сваіх сучаснікаў, удзельнікаў падзей тых гадоў).

А з іншага — гэта абсалютна сучасная трактоўка паэмы Міцкевіча з акцэнтаваннем на відавочных хваравітасцях беларускага грамадства: палітвязні, забарона нацыянальных сімвалаў, занядбанне традыцый і нацыянальнай памяці, змаганне за свабоду слова, душы ды самаідэнтычнасць. Уздымаецца таксама пытанне грамадзянскага і чалавечага выбару — здрады, помсты, несправядлівага пакарання, салідарнасці.

Вялікая імправізацыя «Дзядоў» — удалы эксперымент з класічным творам, зразумелы і так чаканы на беларускай сцэне. Урэшце тэатр спрабуе не забаўляць пустымі камедыямі і не заціскаць замежнай грувасткай класікай (перадусім — расійскай). А расказваць пра сваё, пра складаныя рэчы мовай генетычна зразумелых беларускіх культурніцкіх кодаў, мовай сімвалаў, але сімвалаў чытэльных і ясных, мовай напраўду прыгожых балючых універсальных метафараў.

Выглядае на тое, што ўсё ж не ў добрым свежым беларускім рэжысёры была праблема і патрэба беларускага тэатра і не ў адсутнасці якаснай айчыннай драматургіі, а папросту ў маштабе асобы, якая б узялася за працу. Незалежна ад яе пашпартнага грамадзянства.

Тэкст цалкам чытаць тут: http://novychas.info/kultura/dziady_spiektaklj_jaki_cakali/


Страницы: 1
Читать другие новости

Валярына Кустава