АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Референдум Белгазпромбанк Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис Эпидемия
Як я далучаў ”вертыкаль” Лукашэнкі да праймерыз

Як я далучаў ”вертыкаль” Лукашэнкі да праймерыз

Гэтымі днямі палітыкі і аналітыкі актыўна абмяркоўваюць пытанне: ці магчымы сёння ў Беларусі дыялог паміж ўладай і апазіцыяй? Хачу падзяліцца сваім досведам. У пачатку красавіка я паспрабаваў наладзіць гэты самы дыялог з “вертыкаллю” - мясцовымі ўладамі. Прычым дыялог самы што ні на ёсць шырокі: з болей як сотняй райвыканкамаў. Вось што атрымалася.

Цяпер, у “каранцінныя” дні, на сайце prezident21by.org адбываюцца онлайн-праймерыз па выбары кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Да гэтага мы ладзілі жывыя перадвыбары ў рамках сустрэч з людзьмі па ўсёй Беларусі. Але з-за распаўсюду каронавіруса не ўдалося правесці іх ва ўсіх запланаваных гарадах. Да офлайн-праймерыз выявіла цікавасць “вертыкаль” улады. Яе прадстаўнікі прыходзілі на сустрэчы амаль ва ўсіх гарадах і нават галасавалі.

Я лічыў і лічу станоўчай з’явай факт, калі мясцовыя ўлады (таксама грамадзяне Беларусі) знаёмяцца з альтэрнатывай дзейнаму рэжыму - як персанальнай, так і ідэйнай. Таму вырашыў інтарэс чыноўнікаў да праймерыз пашырыць і праз іх прыцягнуць увагу да ўдзелу ў галасаванні як мага болей выбаршчыкаў.

1 красавіка я разаслаў зварот у больш як сотню райвыканкамаў па ўсёй краіне, а таксама ў аблвыканкамы. У кожным жарце ёсць доля жарту, так!

У маім звароце гаварылася: “Цяпер сітуацыя ў свеце і нашай краіне змяняецца вельмі хутка. Мы бачым, што старыя метады не могуць працаваць эфектыўна. Большасць з нас разумее, што Беларусі патрэбныя свежыя ідэі і новае ініцыятыўнае кіраўніцтва на ўсіх узроўнях, перадусім на самай галоўнай дзяржаўнай пасадзе”.

Я выступіў з прапановай да чынавенства “паспрыяць шырокаму ўдзелу выбаршчыкаў у другім этапе праймерыз - онлайн-галасаванні на сайце prezident21by.org”. У прыватнасці, заклікаў пазнаёміць жыхароў іхніх раёнаў і раённых цэнтраў (ад сябраў БРСМ і “Белай Русі“ да працоўных калектываў) з працэдурай праймерыз і іх удзельнікамі ў межах традыцыйных Дзён інфармавання. Бо “мая каманда не падзяляе грамадзян Беларусі па месцы іх працы - мы вітаем актыўнае палітычнае волевыяўленне кожнага”. Таксама я звярнуў увагу і на тое, што гатовы адказаць на любыя іх пытанні і выслухаць прапановы па самых розных тэмах - “пачынаючы ад эканамічных пераўтварэнняў і сканчаючы люстрацыяй”.

На мой зварот прыйшло дзясяткі два адказаў. І не ўсе яны былі як пад капірку. Беглы аналіз зместу адказаў дазваляе зрабіць выснову, што нейкага інструктажу ад цэнтральных уладаў наконт таго, як дакладна паводзіць сябе датычна праймерыз, мясцовыя “вертыкальшчыкі” не атрымалі.

Першым па папулярнасці адказам была спасылка на Выбарчы кодэкс, у якім, маўляў, аб праймерыз нічога не гаворыцца, а мясцовыя ўлады аказваюць садзейнічанне толькі выбарчым камісіям і кандыдатам у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі. Гэтак адказвала і кіраўніцтва тых раёнаў на Брэстчыне, дзе на офлайн-праймерыз актыўна завітвалі мясцовыя чыноўнікі.

Некаторыя адказы былі дастаткова разгорнутыя і эксклюзіўныя. Так, Віцебскі аблвыканкам паведаміў, што “тэматыка адзінага дня інфармавання на красавік 2020 г. зацверджана і прысвечена 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй будзе праводзіцца ў працоўных калектывах дыстанцыйна”. Мне прапанавалі “скарыстацца іншымі крыніцамі інфармацыі, у тым ліку сродкамі масавай інфармацыі”. Няўжо можна звярнуцца ў дзяржаўныя газеты ў Віцебскай вобласці? Трэба паспрабаваць!

Гарадоцкі райвыканам адзначыў, што “тэматыка адзіных дзён інфармавання вызначаецца Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Таксама ўлады Гарадка нагадалі, што 6 сакавіка там “прайшла сустрэча ў рамках регіянальных паездак удзельнікаў праймерыз”. А “інфармацыя аб правядзенні дадзенага мерапрыемства была шырока асветлена ў сродках масавай інфармацыі”. Выглядае так: даруйце, але ўжо зрабілі, што маглі.

Зразумела, што тысячы чыноўнікаў у Беларусі знаходзяцца паміж народам і кіраўніком краіны як паміж молатам і кавадлам. Асабліва цяпер, у часе імклівага пашырэння каронавіруснай інфекцыі. У выпадку чаго менавіта мясцовыя ўлады Лукашэнка зробіць вінаватымі за масавыя трагічныя ўспышкі. Кажучы проста, зробіць крайнімі. Дастанецца “вертыкальшчыкам” і ад людзей. Але баяцца чыноўнікі павінны якраз грамадзян, а не таго, хто там недзе высока-далёка то смяшыць, то шакуе нас сваімі дзеяннямі і заявамі. І таксама адказваць райвыканамаўцы павінны перад мясцовымі жыхарамі.

Вось так па-новаму і павінна працаваць сістэма ўлады. Каб даводзіць гэта, я і спрабую камунікаваць з мясцовымі ўладамі, заклікаючы “вертыкаль” да працы на карысць усяго грамадства, а не аблугоўвання інтарэсаў адной асобы.

16.04.20 13:42
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Юрий Губаревич